Алесь Вініцкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Аляксей Вініцкі)
Алесь Вініцкі
Дата нараджэння 26 снежня 1891(1891-12-26)
Месца нараджэння
Дата смерці 24 лістапада 1972(1972-11-24) (80 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці навуковец
Альма-матар

Алесь (Аляксей) Вініцкі (26 снежня 1891, в. Малева, цяпер Нясвіжскі раён — 24 лістапада 1972, Лос-Анджэлес) — гісторык беларускай эміграцыі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, працаваў настаўнікам. У Першую сусветнай вайны быў мабілізаваны, скончыў Іркуцкае ваеннае вучылішча  (руск.), ваяваў на фронце. Даслужыўся да звання капітана, за баявыя заслугі ўзнагароджаны пяццю знакамі ордэнаў (Георгія, Ганны, Станіслава і інш.). Пасля рэвалюцыі вярнуўся на радзіму, адкрыў у роднай вёсцы пачатковую беларускую школу.

Школа ў Малеве была зачынена польскімі ўладамі. Працаваў настаўнікам у народных школах. Удзельнічаў у беларускім руху. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР працаваў дырэктарам сярэдняй школы. Падчас Другой сусветнай вайны займаўся школьніцтвам на акупаванай тэрыторыі Нясвіжскага раёна, адчыніў беларускую 4-х гадовую настаўніцкую семінарыю ў Нясвіжы. У канцы вайны быў вывезены на прымусовыя працы ў Трэці Рэйх, працаваў на фабрыцы і ў сельскай гаспадарцы. Вызвалены саюзнікамі, застаўся ў амерыканскай зоне акупацыі.

У Германіі актыўна ўдзельнічаў у стварэнні Беларускага камітэта ў Рэгенсбургу. Адзін са стваральнікаў Беларускага цэнтральнага камітэта, дзе займаў пасаду рэферэнта па арганізацыі беларусаў, а затым стаў старшынёю. Быў сябрам Рады БНР, займаў урад міністра асветы і рэлігійных спраў. Удзельнічаў у аднаўленні Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы на чужыне. Працаваў у Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы, у т.л. некаторы час кіраваў ёй. Быў адміністратарам газеты «Бацькаўшчына».

У 1956 г. эмігрыраваў у ЗША. Працаваў на фабрыцы. Па выхадзе на пенсію А. Вініцкі заняўся зборам матэрыялаў для кнігі пра беларусаў у Германіі ў 1939—1951 гадах. Працу над матэрыяламі А. Вініцкі скончыў незадоўга да сваёй смерці, але на выданне не было сродкаў. Матэрыялы былі перадрукаваны на машынцы, памножаны ў колькасці 15 асобнікаў і ў такім выглядзе дасланы ў бібліятэкі Лондана, Мюнхена, Нью-Ёрка, а таксама асабіста некаторым беларускім гісторыкам на эміграцыі. Паўнавартаснае выданне выйшла толькі ў 1994 годзе (Мінск, «Тэхналогія»).

Спадчына[правіць | правіць зыходнік]

Асабісты архіў А. Вініцкага ў 1974 годзе быў перададзены яго сынам Леанідам у Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Частка матэрыялаў пераслана і ў Скарынаўскую бібліятэку ў Лондане. Па словах Леаніда Вінніцкага, у архіве засталіся неапублікаваныя матэрыялы па гісторыі беларускага скаўтынгу, гісторыі асветы на Беларусі, пра рэлігійныя справы.

Адзін з экзем­пляраў матэрыялаў трапіў да гісторыка Юрыя Туронка, у 1991 годзе гэты экземпляр быў перавезены Ганнай Сурмач з Польшчы ў Мінск з мэтай выдання ў Беларусі. Вяліся перамовы з выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыі», за выданне ўзяўся загадчык яе рэдакцыі гісторыі М. Ткачоў. З-за смерці М. Ткачова кніга ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя» не выйшла. Урэшце, дачка Вініцкага — Ірэна, заключыла дагавор з выдавецтвам «Тэхналогія», дзе ў 1994 годзе выйшла кніга «Матэрыялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гадох».

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Сурмач Г. Доўгі шлях да чытача // Матэрыялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гадох / А. Вініцкі. — Лос-Анджэлес, 1968; 2-е выд.: Мінск, 1994.