Алішэр Бурханавіч Усманаў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Алішэр Усманаў
узб.: Alisher Usmonov
Партрэт
30 чэрвеня 2015 г. (Маскоўскі Крэмль)
Імя пры нараджэнні Алішэр Бурханавіч Усманаў
Род дзейнасці прадпрымальніцтва
Дата нараджэння 9 верасня 1953(1953-09-09) (67 гадоў)
Месца нараджэння
Бацька Бурхан Усманаў
Маці Дзільбара Усманава
Жонка Ірына Вінер-Усманава (нар. 1948; з 1992 г.)
Дзеці пасынак (Натан) Антон Вінер (нар. 1973)
Месца працы
Альма-матар
Партыя
Узнагароды і прэміі
Сайт usm-group.com
Commons-logo.svg Алішэр Усманаў на Вікісховішчы

Алішэр Бурханавіч Усма́наў (нарадзіўся 9 верасня 1953 года, Чуст, Наманганская вобласць, цяпер Узбекістан) — буйны прадпрымальнік Расіі ўзбекскага паходжання. У 2012—2015 гадах быў найбагацейшым жыхаром Расіі.

Раннія гады[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям’і пракурора Ташкента (Узбекская ССР). Быў старэйшым з 4 дзяцей. У дзяцінстве 2 гады займаўся ў секцыі фехтавання, пасля чаго ўвайшоў у юнацкую зборную Узбекскай ССР па фехтаванні. У 1966 годзе ўступіў у камсамол. Затым стаў майстрам спорту СССР і ўвайшоў у зборную СССР па фехтаванні. Падчас заняткаў у Палацы спорту Ташкента пазнаёміўся з гімнасткай Ірынай Вінер, якая больш як 2 дзесяцігоддзямі пазней выйшла за яго замуж. У 1971—1976 гадах навучаўся ў Маскоўскім дзяржаўным інстытуце міжнародных зносін, які скончыў па спецыяльнасці «міжнароднае права».

У 1976 годзе вярнуўся ў Ташкент, дзе працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам Цэнтра навуковай інфармацыі пры прэзідыуме Акадэміі навук Узбекскай ССР. Таксама заняў пасады кіраўніка Знешнеэканамічнай асацыяцыі Савецкага камітэта абароны міру і старэйшага рэферэнта Цэнтральнага камітэта Камсамолу Узбекістана. У жніўні 1980 года атрымаў судовы вырак на 8 гадоў пазбаўлення волі за вымагальніцтва і па 2 іншых артыкулах Крымінальнага кодэксу разам з оперупаўнаважаным адмысловага аддзела КДБ Насымавым, які быў сынам намесніка старшыні КДБ Узбекскай ССР. Вырак за вымагальніцтва 30 000 савецкіх рублёў у вайскоўца Савецкай арміі Маёрава вынес ваенны трыбунал Туркестанскай ваеннай акругі. У выніку бацькоў Усманава і Насымава знялі з пасадаў. Падчас зняволення даслаў хустку ў знак прапановы выйсці замуж гімнастцы Ірыне Вінер, якая на той час ужо развялася. У сакавіку 1986 г. атрымаў умоўна-датэрміновае вызваленне «з прычыны шчырага раскаяння» і «за ўзорныя паводзіны». Па вызваленні стаў намеснікам кіраўніка ўзбекска-бельгійскага сумеснага прадпрыемства «Віта» (Ташкент).

Расія[правіць | правіць зыходнік]

Пры канцы 1980-х гадоў на запрашэнне аднакурснікаў пераехаў у Маскоўскую вобласць (РСФСР), дзе заснаваў кааператыў «Аграпласт» для вырабу поліэтыленавых пакетаў у цэху Раменскага завода пластмасы. Пазней заняўся пастаўкай тытуню. У 1990—1994 гадах — 1-ы намеснік кіраўніка ЗАТ «Інтэркрос». У 1992 г. ажаніўся з трэнеркай зборнай Узбекістану па мастацкай гімнастыцы Ірыне Вінер. У 1994—1998 гадах — кіраўнік сумеснага ЗАТ «Міжбанкаўская інвестыцыйна-фінансавая кампанія „Інтэрфін“» Адначасна ў 1994—1995 гадах — дарадца кіраўніка Маскоўскага авіяцыйнага вытворчага аб’яднання. У 1995—1997 гадах — 1-ы намеснік старшыні кіраўніцтва МАВА-банку. У 1997 г. скончыў Фінансавую акадэмію пры Урадзе Расійскай Федэрацыі па спецыяльнасці «банкаўская справа». З лістапада 1998 г. па люты 2000 года — 1-ы намеснік кіраўніка ТАА «Газпрам інвестхолдынг», якое вяртае «Газпраму» запазычанасць даўжнікоў. З лютага 2000 г. па кастрычнік 2014 года — кіраўнік ТАА «Газпрам інвестхолдынг». На гэтай пасадзе вярнуў кантрольныя пакеты (больш за 50%) акцый: ААТ «Захаднафтагазпрам» (Краснаселькуп, Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга, Уральская федэральная акруга), якому належала Паўднёва-Расійскае нафтагазавае радовішча (Краснаселькупскі раён; 1 трлн м³ прыроднага газу); газіфікацыйнага ААТ «Захсібгазпрам» (Цюмень, Уральская федэральная акруга); у 2002 годзе ААТ «СібУр» («Сібірска-Уральская нафтагазахімічная кампанія»).

30 кастрычніка 2000 г. пад яго кіраўніцтвам «Газпрам інвестхолдынг» і «МІФК „Інтэрфін“» зарэгістравалі ЗАТ «Газметал». У студзені 2001 г. статутны капітал ЗАТ «Газметал» налічваў 3,9 млрд расійскіх рублёў, якія ўключалі 81,5% акцый ААТ «Лебядзінскі горнаўзбагачальны камбінат» («ЛГУК», 20 млн тонаў жалезаруднага канцэнтрата за год; Губкін, Белгародская вобласць, Цэнтральная федэральная акруга) і 71% акцый ААТ «Аскольскі электраметалургічны камбінат» («АЭМК»; Стары Аскол, Белгародская вобласць). «МІФК „Інтэрфін“» атрымаў кантрольны пакет (51,79%) акцый ЗАТ «Газметал» за ўнясенне ў статутны капітал 35% акцый «ЛГУК» і 54% акцый «АЭМК». «Газпрам інвестхолдынг» атрымаў 48,21% акцый ЗАТ «Газметал» за перадачу ў статутны капітал 56,5% акцый «ЛГУК» і 17% акцый «АЭМК». У выніку Алішэр Усманаў стаў асноўным уласнікам найбольшага ў Еўропе вытворцы жалезнай руды («ЛГУК») і асноўнага яе перапрацоўніка ў сталь («АЭМК») праз валоданне кантрольным пакетам акцый «МІФК „Інтэрфін“», які належаў яго «Emerging Markets Economic Research» (брытанская калонія Ангілья, г. Велі, палаты Гарлоў), «Viticole» (Бельгія), «Ferrous Investments» (Англія) і «Revenant» (брытанскае ўладанне Джэрсі)[4]. З 2001 г. узначаліў Расійскую федэрацыю фехтавання.

1 кастрычніка 2003 г. ААТ «Уральская сталь», якое належала Усманаву на палову з Алегам Дзерыпаскам, набыло праз аўкцыён Орска-Халілаўскі металургічны камбінат (ОХМК, 3,3 млн тонаў сталі за год; Наватроіцк, Арэнбургская вобласць, Прыволжская федэральная акруга) у ААТ «Наватроіцкая сталь» («НаСта») Андрэя Андрэева[5]. У красавіку 2004 г. выкупіў у Алега Дзерыпаскі яго палову акцый у ААТ «Уральская сталь». 1 снежня 2004 г. разам з Васілём Анісімавым набыў у Бідзіна Іванішвілі 97% акцый ААТ «Міхайлаўскі горнаўзбагачальны камбінат» («МГУК», 16,6 млн тонаў жалезнаруднага канцэнтрату; Жалезнагорск, Курская вобласць, Цэнтральная федэральная акруга) за $1,65 млрд. У выніку стаў уласнікам матчынага ЗАТ «Металаінвест». ТАА «Расійскі камерцыйны банк» (Кіпр), які належыць дзяржаўнаму ААТ «ЗнешгандАлбанк» (Санкт-Пецярбург), пазычыў на куплю $1 млрд[6]. З ліпеня 2005 г. стаў старшынёй Еўрапейскай канфедэрацыі фехтавання.

30 жніўня 2006 г. набыў у Бадры Патаркацышвілі за $300 млн акцыянернае таварыства «Камерсант», якое выпускала аднайменную газету, 2 іншыя газеты і 2 часопісы. На той час маёмасць Усманава мела вартасць у $2,6 млрд[7]. 5 снежня 2006 г. перайменаваў ЗАТ «Газметал» у ТАА «Металаінвест», у якое ўключыў ЗАТ «Металаінвест». У выніку ў холдынг ТАА «Металаінвест» увайшлі: ААТ «Лебядзінскі горнаўзбагачальны камбінат», ААТ «Аскольскі электраметалургічны камбінат», ААТ «Уральская сталь» і ААТ «Міхайлаўскі горнаўзбагачальны камбінат». 23 чэрвеня 2007 г. набыў у «Арс-рэкардс» прадзюсара Ігара Крутога за $300 млн 75% акцый тэлеканала «Муз-ТБ». 17 верасня 2007 г. набыў у Нью-Ёрку (ЗША) за $112 млн збор 450 прадметаў мастацтва дырыжора Мсціслава Растраповіча і яго жонкі Галіны Вішнеўскай, які перадаў ураду Расіі. 1 жніўня 2008 г. набыў 35% акцыў укладальніцкага фонду «Тэхналогіі лічбавага неба» (Масква; анг. Digital Sky Technologies), праз які прыдбаў: расійскую сацыяльную сетку «Аднакласікі», улетку 2010 г. найбольшы ў Расіі паштовы партал Mail.ru. З 6 снежня 2008 г. — старшыня Міжнароднай федэрацыі фехтавання (Лазана, кантон Во, Швейцарыя). 24 красавіка 2012 г. яго ТАА «АФ Тэлекам Холдынг» набыло кантрольны пакет акцый прадпрыемства сотавай сувязі «МегаФон». Увесну 2012 года стаў найзаможнейшым жыхаром Расіі з агульнай вартасцю маёмасці ў $18,1 млрд[8].

У снежні 2012 г. заснаваў «Усм-Холдынг» (Брытанскія Віргінскія астравы; анг. USM Holdings) для кіравання ўсёй сваёй маёмасцю ў $20 млрд[9]. У тым холдынгу ён меў 100% галасавальных паёў і 60% маёмасных. Рэштай маёмасных паёў валодалі Уладзімір Скоч (30%), які быў бацькам дэпутата Дзяржаўнай думы Андрэя Скоча, і Ардаван-Фархад Машыры. «Усм-Холдынгу» належалі кантрольныя пакеты акцый ТАА «Металаінвест», прадпрыемства сотавай сувязі «МегаФон» і ТАА «Мейл.Ру»[10]. 18 сакавіка 2014 г. ТАА «Мейл.Ру», асноўным уласнікам якой быў Усманаў, павялічыла сваю долю з 40% да 52% акцый найбольшай у Расіі сацыяльнай сеткі «У Кантакце». 16 верасня 2014 г. «Мейл.Ру» набыў астатнія 48% акцый «У Кантакце», у выніку чаго ўсе 100% акцый абышліся ў амаль $2 млрд[11]

Зноскі

  1. http://www.mining-journal.com/fifth-column/fifth-column-article?SQ_DESIGN_NAME=print_friendly
  2. http://russia-ic.com/people/business_law/u/120
  3. http://fie.org/fie/history/presidents
  4. «Інтэрфакс» «Газпрам» здаў металургію (руск.) . ТАА «Атон» (4 снежня 2001). Праверана 27 сакавіка 2017.
  5. Учора адбыўся гандаль у форме аўкцыёна для продажу часткі маёмасці прадпрыемства-даўжніка — ААТ «НаСта» (ОХМК) (руск.) . «Арэнбургскія навіны» (2 кастрычніка 2003). Праверана 27 сакавіка 2017.
  6. Валерый Ігуменаў. Добрасумленныя набывальнікі (руск.)  // Форбс : часопіс. — Сакавік 2005. — № 3.
  7. Вольга Данішэвіч «Газпрам» купіў адну з апошніх незалежных газет Расіі. Газета «Наша ніва» (1 верасня 2006). Праверана 27 сакавіка 2017.
  8. Названыя найбагацейшыя бізнесмены Расіі // Звязда : газета. — 20 красавіка 2012. — № 78 (27193). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  9. Ян Булыга Бандыцкія мільярды Масквы. Партал «Народная перамога» (2 мая 2013). Архівавана з першакрыніцы 7 мая 2013. Праверана 27 сакавіка 2017.
  10. Алесь Сазонаў, Юлія Фядорынава Расійскі мільярдэр Усманаў звязвае лёс з таварыствам (англ.) . Блумберг ТБ (7 лютага 2013). Праверана 27 сакавіка 2017.
  11. Ягор Канапкін, Generation.by. Сацыяльная сетка «У Кантакце» перайшла пад 100% кантроль адыёзнага алігарха // Дзедзіч : бюлетэнь. — Кастрычнік 2014. — № 1 (87). — С. 2.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Wiki letter w.svg На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпедыі,
калі ласка, карыстайцеся падказкай і пастаўце спасылкі ў адпаведнасці з прынятымі рэкамендацыямі.