Амерыканскія багі (раман)
| Амерыканскія багі | |
|---|---|
| англ.: American Gods | |
| Жанр | фэнтэзі |
| Аўтар | Ніл Гейман |
| Мова арыгінала | англійская |
| Дата напісання | 2001 |
| Дата першай публікацыі | ліпень 2001[1] |
| Цыкл | Амерыканскія багі[d] |
| Колькасць старонак | 465 |
| Наступны | Дзеці Анансі[d] |
«Амерыканскія багі» (англ.: American Gods) — раман брытанскага пісьменніка Ніла Геймана ў стылі фэнтэзі. Кніга пабачыла свет у 2001 у Вялікабрытаніі і ЗША. Атрымала станоўчыя водгукі чытачоў і крытыкаў, была ўзнагароджана прэміямі «Х’юга» і «Неб’юла» ў 2002. Па матывах рамана выйшаў аднайменны серыял з трох сезонаў.
Сюжэт
[правіць | правіць зыходнік]Цень Мун (англ.: Shadow Moon) датэрмінова вызваляецца з турмы, бо ягоная жонка Лора загінула ў аварыі. Па дарозе дахаты ён сустракае таямнічага чалавека па імені Серада (англ.: Wednesday). Разам яны пачынаюць падарожнічаць па Злучаных Штатах, наведваючы розных дзіўных асоб. Першы з іх — лепрыкон, ад якога Цень атрымлівае чароўную манету. Наведваючы месца пахавання жонкі, ён кідае манету ў магілу і выпадкова ажыўляе Лору.
У падарожжы з Серадой Цень сустракае розных міфалагічных істот, а таксама багоў мінулага і сучаснасці. Урэшце ён даведваецца, што Серада — гэта ўвасабленне Одзіна, які хоча аб’яднаць Старых багоў і павесці на бітву супраць Новых. Старыя багі апынуліся ў Амерыцы разам з перасяленцамі, якія прыбывалі ў гэтую краіну з розных частак свету. Але з таго часу людзі забыліся на Старых багоў, таму яны сталі слабымі і непрыкметнымі. Чалавецтва незаўважна для сябе пачало пакланяцца Новым багам — тэхналогіям, медыя, поп-культуры.
Новыя багі ведаюць пра планы Серады-Одзіна і спрабуюць яму перашкодзіць. З-за гэтага Цень пачынае хавацца ў маленькім ідылічным горадзе Лэйксайдзе (англ.: Lakeside), дзе людзі вядуць простае і шчаслівае жыццё, якое часам азмрочваюць знікненні падлеткаў.
Новыя багі прапануюць Старым заключыць мір, Серада прыбывае на перамовы, дзе яго забіваюць. Гэта развейвае сумневы Старых багоў, яны вырашаюць пайсці на бітву супраць Новых.
Цень забірае цела Серады і вымушана паўтарае рытуал Одзіна — дзевяць дзён вісіць на Сусветным дрэве (англ.: World tree). У гэты час Цень перамяшчаецца ў зямлю мёртвых. Там ён даведваецца, што маці нарадзіла яго ад Серады-Одзіна.
Тым часам Старыя багі вырашаюць вярнуць Цень да жыцця, і яму адкрываецца праўда — Серада задумаў сутыкнуць Старых і Новых багоў, каб іхняя бітва стала ахвярай Одзіну, якая адновіць страчаныя ім сілы.
Лора галінай Сусветнага дрэва забівае Локі, галоўнага саюзніка Серады, а Цень з’яўляецца на месца бітвы Старых і Новых багоў і тлумачыць ім бессэнсоўнасць гэтага супрацьстаяння. Багі разыходзяцца, прывід Одзіна знікае, не атрымаўшы падсілкавання ад масавага ахвярапрынашэння. Лора просіць Цень забраць манету, якая яе вярнула да жыцця, і памірае.
Цень вяртаецца ў Лэйксайд, дзе разумее, што горадам кіруе адзін са Старых багоў Хінцэльман (англ.: Hinzelmann), які забяспечвае жыхарам дабрабыт у абмен на перыядычныя чалавечыя ахвяры, пра што ніхто ў горадзе не здагадваецца. Хінцэльман забіты, Цень пакідае Лэйксайд, які цяпер застаецца без апекі Старога бога.
Сваё падарожжа Цень завяршае ў Ісландыі, дзе сустракае першае скандынаўскае ўвасабленне Одзіна, аддае яму шкляное вока Серады, падкідвае ў паветра залатую манету, паварочваецца і сыходзіць. Ці ўпала манета на зямлю, застаецца невядомым.
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Раман быў прыхільна сустрэты чытачамі і крытыкамі. Ён атрымаў узнагароды «Х’юга», «Брэма Стокера» і «Локус» у 2002, а таксама «Гефен» і «Неб’юла» ў 2003[2].
Экранізацыя
[правіць | правіць зыходнік]Па матывах рамана «Амерыканскія багі» быў зняты аднайменны серыял, які складаўся з трох сезонаў. Прэм’ера адбылася 30 красавіка 2017 на амерыканскім прэміум-канале Starz. Галоўныя ролі сыгралі Рыкі Уітл (Цень Мун), Іэн МакШэйн (Серада), а таксама Эмілі Браўнінг (Лора Мун)[3][4].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Internet Speculative Fiction Database — 1995. Праверана 14 мая 2025.
- ↑ Neil Gaiman | About Neil | Awards and Honors. www.neilgaiman.com. Праверана 1 чэрвеня 2025.
- ↑ American Gods (30 красавіка 2017). Праверана 1 чэрвеня 2025.
- ↑ Huffman, Alex. What Went Wrong With the American Gods TV Series? (англ.). CBR (31 студзеня 2024). Праверана 1 чэрвеня 2025.