Амоцкія мовы
| Амоцкія мовы | |
|---|---|
| Таксон | сям’я |
| Арэал | уздоўж ракі Ома (мяжа Эфіопіі і Судана)[1][2] |
| Колькасць носьбітаў | 5,9 млн. (2007) |
| Класіфікацыя | |
| Катэгорыя | Мовы Афрыкі |
| Афразійская макрасям’я | |
| Склад | |
| 4 галіны | |
| Час падзелу | каля 6000 г. да н. э.[3] |
| Коды моўнай групы | |
| ISO 639-2 | omv |
| ISO 639-5 | omv |
Амоцкія мовы — роднасная група моў, на якіх размаўляюць у паўночна-ўсходняй Афрыцы, амаль выключна на паўднёвым захадзе Эфіопіі. Большасць навукоўцаў вылучаюць амоцкія мовы ў асобную галіну афразійскай моўнай сям’і. У гэту групу ўваходзіць каля 30 моў з агульнай колькасцю носьбітаў прыкладна 4 мільёны чалавек. Назва паходзіць ад ракі Ома, якая працякае па частцы зямель, дзе распаўсюджаны гэтыя мовы.
Сацыялінгвістычнае становішча
[правіць | правіць зыходнік]Большасць амоцкіх моў выкарыстоўваюцца на абмежаваных тэрыторыях, а іхнія носьбіты, як паводле ўласнага самавызначэння, так і паводле этналагічных крытэрыяў, утвараюць адзіную этнічную групу. У моў, як правіла, ёсць некалькі рэгіянальных дыялектаў, якія з’яўляюцца ўзаемна зразумелымі. У некаторых выпадках адзін з дыялектаў успрымаецца носьбітамі як асабліва «правільны» і «чысты». Сацыялектны падзел мовы емса уяўляе сабой унікальны выпадак сярод амоцкіх моў[4]. У некаторых рэгіёнах амоцкія мовы служаць мовай міжнацыянальных зносін (лінгва-франка) на мясцовым узроўні. На рынках часта выкарыстоўваецца некалькі моў адначасова, таму большасць жыхароў такіх рэгіёнаў валодаюць дзвюма-трыма мясцовымі мовамі[5]. Як мова навучання, місіянерскай дзейнасці[6] і адміністрацыйнага кіравання выкарыстоўваецца амхарская, аднак яе прымяненне як лінгва-франка абмежавана. Ніводная з амоцкіх моў не выкарыстоўваецца шырока для публікацыі друкаваных выданняў, хоць з 1990-х гадоў з боку насельніцтва назіраецца рост запыту на гэта. Пры гэтым на мове емса ёсць уласная радыёпраграма. Стаўленне да роднай мовы ў носьбітаў часцяком станоўчае, і яны імкнуцца яе захаваць. Тым не менш, некалькі амоцкіх моў знаходзяцца пад пагрозай знікнення, бо праз міжплемянныя шлюбы менш распаўсюджаныя мовы трацяць сваіх носьбітаў.
Гісторыя і сучасны стан даследаванняў
[правіць | правіць зыходнік]Пісьмовая дакументацыя і навуковае вывучэнне амоцкіх моў пачаліся толькі ў XIX стагоддзі ў эпоху каланіялізму і еўрапейскіх даследчых экспедыцый. Так, у 1868 годзе Арно д’Абадзі ўстанавіў сваяцтва дзвюх моў групы гонга[7][8]. У 1888 годзе Леа Райніш апублікаваў працу пра мову кафа[9], якая стала першым лінгвістычным апісаннем амоцкай мовы. У першай палове XX стагоддзя зборам даных пра іншыя мовы займаліся пераважна італьянскія навукоўцы, такія як Марыа Марціна Марэна і Карла Конці Расіні. У наступныя дзесяцігоддзі гэту працу працягнулі іншыя еўрапейскія, а з часам і эфіопскія даследчыкі. Хоць за апошнія дзесяцігоддзі стан даследаванняў значна палепшыўся, па многіх мовах даступны толькі вельмі кароткія і няпоўныя апісанні. Акрамя таго, многія (калі не ўсе) амоцкія мовы маюць вельмі складаную марфалогію, прынцыпы функцыянавання якой часта становяцца зразумелымі толькі пры наяўнасці вялікага аб’ёму даных. З прычыны гэтага многія пытанні, асабліва ў галіне іменнага словазмянення і дзеяслоўнай сістэмы, дагэтуль застаюцца нявысветленымі.
Класіфікацыя
[правіць | правіць зыходнік]Унутраная класіфікацыя
[правіць | правіць зыходнік]Згодна з агульнапрынятай класіфікацыяй, амоцкія мовы дзеляцца на тры галіны: паўночна-амоцкую, значна меншую па памеры паўднёва-амоцкую і мааанскія. Паўднёва-амоцкая галіна (ароідная) складаецца ўсяго з трох моў: хамер-бана, аары і дымэ. Яны ўтвараюць сумежную тэрыторыю на паўночны ўсход ад возера Туркана і на ўсход ад нізоўяў ракі Ома, а агульная колькасць іхніх носьбітаў складае каля 210 000 чалавек. Найбуйнейшай галінай паўночна-амоцкіх моў з’яўляецца гонга-гімаджанская (група та-нэ), якая ўключае каля 15 моў, распаўсюджаных у розных раёнах заходняй Эфіопіі. Таксама да паўночна-амоцкіх адносіцца група дызі-шэка (дызоідная), якая складаецца з трох моў на захад ад ракі Ома. Слаба вывучаная група маа, што ўключае чатыры мовы на мяжы Эфіопіі і Судана, згодна з больш познімі класіфікацыямі, уяўляе сабой трэцюю галіну амоцкіх моў. Такім чынам, паводле Хэйварда (2003) (супадае з класіфікацыямі ў Флемінга, 1976, і Бендэра, 2000{{}}), унутраная структура амоцкай сям’і выглядае наступным чынам:
| Галіны | Мовы | Носьбіты | ||||
|---|---|---|---|---|---|---|
| Паўночная галіна |
гонга-гімаджанскія мовы (та-нэ) | гонга-кефойскія мовы | паўночныя | бора/шынаса | 20000 | |
| цэнтральныя | анфіла | 500 | ||||
| паўднёвыя | кафа, моча | 620000 | ||||
| гімаджанскія мовы |
джанджэрыйскія мовы | емса/джанджэра | 85000 | |||
| гімірыйскія мовы | бэнч, шэ | 175000 | ||||
| амета-чара/ макра-амета |
чара | чара | 7000 | |||
| заходнія | баскета | 60000 | ||||
| цэнтральныя | уалайта, гамо, гофа, даўро, мэло, дорзе, ойда | 2,4 мільёна | ||||
| паўднёвыя | малэ | 55000 | ||||
| усходнія | каарэтэ, зайсэ-зэргула, качама-ганджуле/хара | 124000 | ||||
| дызоідныя мовы (дызі-шэка) | дызі, шэка, наі | 49000 | ||||
| Мааанскія мовы | бамбасі, хоза, сэзе, ганза | 11000 | ||||
| Паўднёвая галіна |
хамер-банайскія мовы | хамэр-бана (кара)[10] | 45000 | |||
| аарыйскія мовы | аары | 160000 | ||||
| дымейскія мовы | дымэ | 7000 | ||||
Знешняя класіфікацыя
[правіць | правіць зыходнік]Амоцкія мовы як галіна кушыцкіх
[правіць | правіць зыходнік]Першую спробу знешняй класіфікацыі зрабіў Леа Райніш. Ён яшчэ не разглядаў вядомыя яму амоцкія мовы як генетычную еднасць, а класіфікаваў іх разам з іншымі мовамі Паўночна-Усходняй Афрыкі як кушыцкія (і, адпаведна, афразійскія) пад назвай «высокакушыцкія». У 1940 годзе Марыа Марціна Марэна вылучыў амоцкія мовы ў асобную галіну кушыцкіх пад назвай «заходнекушыцкія», супрацьпаставіўшы іх астатнім кушыцкім мовам, якія ён назваў «мовамі ані-аці». Гэта грунтавалася на выснове Марэны пра тое, што «заходнекушыцкія» мовы карэнным чынам адрозніваюцца ад астатніх кушыцкіх. Класіфікацыйныя працы іншых даследчыкаў, такіх як Джозеф Грынберг, які дадаў да кушыцкіх паўднёвакушыцкую галіну, пакінулі структуру Марэны без змен.
Амоцкія мовы як самастойная галіна афразійскай сям’і
[правіць | правіць зыходнік]
Грунтуючыся на фундаментальных адрозненнях паміж амоцкімі і (іншымі) кушыцкімі мовамі, Гаральд Флемінг у 1969 годзе вылучыў «заходнекушыцкія» мовы са складу кушыцкіх, класіфікаваўшы іх як самастойную галіну афразійскай сям’і. У сваёй працы 1976 года ён развіў гэту гіпотэзу і ўвёў для іх назву «амоцкія» — па назве ракі Ома. Як доказ статусу амоцкіх моў па-за кушыцкай галінай ён прыводзіў, сярод іншага, наступныя асаблівасці:
- Вынікі лексіскастатыстычных даследаванняў амоцкіх і кушыцкіх моў, згодна з якімі кушыцкія мовы маюць паміж сабой каля 10 % агульнай лексікі, у той час як супадзенні паміж кушыцкімі і амоцкімі мовамі складаюць менш за 10 %.
- Адсутнасць у амоцкіх мовах тыповых для кушыцкіх паказчыкаў роду: k (мужчынскі род) і t (жаночы род).
- Малалікія супадзенні ў сістэме асабовых займеннікаў.
- Адсутнасць у амоцкіх мовах фарынгальных гукаў.
Адначасова Флемінг прывёў ізаглосы, якія павінны былі даказаць прыналежнасць амоцкіх моў да афразійскай макрасям’і. Сярод іх былі марфалагічныя супадзенні (напрыклад, каўзатыўны суфікс -s і займеннік *n «мы»), а таксама 21 лексічнае супадзенне з базавага слоўнікавага запасу. Пераважная большасць афрыканістаў прыняла гіпотэзу Флемінга, і пасля іншыя навукоўцы падмацавалі яе дадатковымі ізаглосамі з галіны лексікі і марфалогіі; у наступнай табліцы прыведзены некаторыя прыклады:
| Асноўнае значэнне | Амоцкія | Егіпецкая | Берберскія | Кушыцкія | Семіцкія | Чадскія |
|---|---|---|---|---|---|---|
| «ён/яна» | Дызі iži | -s, sj | Туарэгская -s | Беджа -h/-s | Акадская -ša | Хаўса shi |
| Каўзатыўны афікс | -s | s- | Туарэгская s- | Беджа -s/s- | Акадская š- | Хаўса -r/-s |
| Афікс для непераходных дзеясловаў | -t | Туарэгская t- | Самалійская -t | Арабская t- | Бадэ -d | |
| «мы» | Дызі inu | -n, n | Туарэгская n- | Беджа -n, n- | Арабская n-, -nā, -na | |
| «костка» | Дымэ ḳus | qs (*qĕ́s) | Кабільская iɣəs | Хаўса ƙàshii | ||
| «імя» | Бенч sum | Кабільская isəm | Арабская ism | Боле sun | ||
| «язык, лізаць» | Дымэ lits'- «лізаць» | ns (*lĕ́s) «язык» | Кабільская iləs «язык» | Акадская lišānu «язык» | Боле lisìm «язык» |
Становішча амоцкай галіны ўнутры афразійскай сям’і дагэтуль канчаткова не высветлена. Не ў апошнюю чаргу праз вялікія адрозненні паміж амоцкімі і астатнімі афразійскімі мовамі некаторыя навукоўцы выказалі меркаванне, што амоцкая галіна аддзялілася ад праафразійскай мовы першай. Іншыя ж трымаюцца думкі пра блізкую роднасць паміж амоцкімі і кушыцкімі мовамі.
Іншыя гіпотэзы
[правіць | правіць зыходнік]Некаторыя даследчыкі па-ранейшаму класіфікуюць амоцкія мовы як галіну кушыцкіх; так, Марчэла Ламберці ў шэрагу сваіх прац прыводзіць магчымыя дадатковыя ізаглосы. Іншыя выказвалі сумнеў у прыналежнасці паўднёва-амоцкіх моў да амоцкай сям’і, адносячы іх да ніла-сахарскіх[11][12][13]. Гэты пункт гледжання падмацоўваецца, напрыклад, асабовымі займеннікамі паўднёва-амоцкіх моў, якія, імаверна, роднасна звязаны з ніла-сахарскімі займеннікамі (гл. раздзел пра асабовыя займеннікі). У 1982 годзе Дэрэк Элдэркін выказаў меркаванне, што амоцкія мовы разам з мовай хадза ўтвараюць сям’ю, якая, у сваю чаргу, уваходзіць у склад афразійскай макрасям’і[14]. Нарэшце, выказваецца і думка, што падабенствы паміж амоцкімі і астатнімі афразійскімі мовамі не з’яўляюцца дастатковай падставай для меркавання пра моўную роднасць, таму амоцкія мовы варта разглядаць як самастойную моўную сям’ю[15].
Лінгвістычная характарыстыка
[правіць | правіць зыходнік]Агульны агляд
[правіць | правіць зыходнік]Марфалогія амоцкіх моў з’яўляецца пераважна суфіксальнай і спалучае ў сабе рысы як аглютынацыі, так і фузіі (флексіі). Граматычныя паказчыкі, як правіла, далучаюцца да канца кораня ці асновы.
У словаўтварэнні і словазмяненні амоцкіх моў прадстаўлены два асноўныя марфалагічныя тыпы:
- Аглютынацыя, пры якой кожны афікс нясе адно граматычнае значэнне і механічна далучаецца да асновы, ствараючы празрыстую структуру слова.
- Прыклад з мовы емса: amsefà — «яны (жанчыны) ідуць».
- am- (корань «ісці») + -se- (паказчык множнага ліку) + -f- (паказчык цяперашняга часу) + -∅-à (паказчык 3-й асобы жаночага роду).
- Прыклад з мовы емса: amsefà — «яны (жанчыны) ідуць».
- Фузія (флексія), пры якой адзін афікс (флексія) можа выяўляць адначасова некалькі граматычных значэнняў, і мяжа паміж марфемамі часта бывае невыразнай.
У шэрагу амоцкіх моў, такіх як дызі і бенч, тон выконвае сэнсаадрозную і граматычную функцыі, з’яўляючыся супрасегментнай марфемай. Вышыня вымаўлення склада можа змяняць лексічнае значэнне слова або ягоную граматычную катэгорыю. Гістарычна тонавыя адрозненні ў некаторых выпадках з’яўляюцца рэфлексамі згубленых сегментных афіксаў.
- Прыклад з мовы бенч:
- sum˩ (вымаўленае нізкім тонам) — «імя» (назоўнік).
- sums˦ (вымаўленае з высокім тонам) — «называць» (дзеяслоў).
Іменная марфалогія вылучаецца сістэмамі склонавага кадавання, якія спалучаюць рысы намінатыўна-акузатыўнай і абсалютнай мадэлей.
Для дзеяслоўнай марфалогіі ўласцівая развітая сістэма флексій, якія выказваюць катэгорыі часу/трывання, ладу, а таксама палярнасці (сцвярджэнне-адмаўленне). Прэдыкатыўныя формы дапасоўваюцца з дзейнікам па асобе, ліку і, у некаторых мовах, па родзе.
Базавы парадак слоў у амоцкіх мовах — SOV (дзейнік — дапаўненне — выказнік), пры якім дзеяслоў (выказнік) займае канчатковае становішча ў сказе. Такая структура з’яўляецца дамінантнай у мовах дадзенага рэгіёна.
У сінтаксісе для выражэння прасторавых і іншых адносін выкарыстоўваюцца паслялогі, а не прыназоўнікі. Гэта азначае, што службовае слова ставіцца пасля кіруемага ім назоўніка (напрыклад, канструкцыя тыпу «доме ў» замест «у доме»). Гэтая рыса з’яўляецца тыповай для моў з парадкам слоў SOV і для моў, якія ўваходзяць у эфіопскі моўны саюз.
Фаналогія
[правіць | правіць зыходнік]Фаналагічныя сістэмы амоцкіх моў характарызуюцца багатым кансанантызмам, наяўнасцю глоталізаваных зычных і фаналагічна рэлевантнага тону.
Кансанантызм
[правіць | правіць зыходнік]Фанемны набор зычных гукаў у амоцкіх мовах даволі шырокі і ў сярэднім налічвае каля 30 адзінак, што супастаўна з іншымі галінамі афразійскай макрасям’і. Да агульнараспаўсюджаных ставяцца выбухныя зычныя губна-губнога (/p/, /b/), дзясеннага (/t/, /d/), заднеязычнага (/k/, /g/) і гартаннага (/ʔ/) радоў, а таксама фрыкатывы (шчылінныя), афрыкаты і санорныя (/m/, /n/, /l/, /r/, /w/, /j/).
Ключавой асаблівасцю з’яўляецца трохчасткае супрацьпастаўленне змычных і афрыкат па спосабе фанацыі:
- Звонкія (напрыклад, /t/, /d/)
- Глухія прыдыхальныя (напрыклад, /tʰ/, /dʰ/)
- Глухія эектыўныя (абруптыўныя) (напрыклад, /tʼ/, /dʼ/). Эектывы — гэта зычныя, якія вымаўляюцца з рэзкім выкідам паветра пры дапамозе руху зачыненай гартані ўверх.
У асобных мовах і групах прадстаўлены больш рэдкія зычныя:
- Імплазіўныя (/ɓ/, /ɗ/, /ɠ/) — звонкія смычныя, якія вымаўляюцца з уцягваннем паветра. Яны сістэмна прадстаўлены ў паўднёва-амоцкіх мовах.
- Рэтрафлексныя (як /ʈ/, /ɖ/) — зычныя, артыкуляваныя з загнутым назад кончыкам языка. З’яўляюцца адметнай рысай фаналогіі мовы бенч.
- Гемінацыя (падваенне) зычных у шэрагу моў, што з’яўляецца фаналагічна значным для адрознівання слоў і граматычных форм.
Вакалізм
[правіць | правіць зыходнік]У паўночна-амоцкіх мовах і мовах мао сістэма галосных гукаў даволі простая: звычайна 5-6 галосных (напрыклад, a, e, i, o, u). Важную ролю можа іграць даўгата: доўгае вымаўленне галоснага гуку здольна змяніць значэнне слова. У паўднёва-амоцкіх мовах, наадварот, сістэмы галосных значна складаней і могуць уключаць большую колькасць фанем з дадатковымі прыкметамі.
Прасодыя
[правіць | правіць зыходнік]Усе амоцкія мовы, для якіх маюцца надзейныя даныя, з’яўляюцца тонавымі. Тон выконвае як лексічную, так і граматычную функцыю. Пераважае сістэма з двума тонавымі ўзроўнямі (высокі і нізкі). Аднак сустракаюцца і больш складаныя сістэмы: у мове дызі адрозніваюцца тры тоны, а ў мове бенч — шэсць.
У амоцкіх мовах прадстаўлены два асноўныя прынцыпы размеркавання тонаў:
- Сістэма вольных тонаў, дзе кожны склад або марфема мае свой уласны, лексічна замацаваны тон. Гэта найболей распаўсюджаны тып.
- Сістэма тонавага націску, пры якой месца высокага тону ў слове вызначаецца фаналагічнымі правіламі, і кожнае слова мае не больш за адзін высокі тон. Такая сістэма зафіксавана, напрыклад, у мовах аары і ганза (адна з мааанскіх).
Марфалогія
[правіць | правіць зыходнік]Іменная марфалогія
[правіць | правіць зыходнік]У амоцкіх мовах назоўнікі адрозніваюцца па граматычных катэгорыях ліку, склону[16], роду і пэўнасці. Гэтыя катэгорыі маркіруюцца рознымі суфіксамі, якія ў залежнасці ад канкрэтнай мовы могуць быць фузійнымі або аглюцінатыўнымі.
Ва ўсіх амоцкіх мовах, па якіх ёсць дастатковыя даныя, прадстаўлены два граматычныя роды — мужчынскі і жаночы. У асноўным яны адпавядаюць біялагічнаму полу. Склонавая сістэма характарызуе амоцкія мовы як мовы намінатыўна-акузатыўнага ладу; іншыя склоны служаць для выражэння розных акалічнасных значэнняў.
У шэрагу амоцкіх моў існуе абсалютыўны склон (уласцівы для моў эргатыўнага ладу), які выкарыстоўваецца для маркіроўкі слоўнікавай формы назоўніка і прамога дапаўнення (прыклады з мовы валайта)[17]:
- Абсалютыў: keett-a «дом»
- Намінатыў: keett-i «дом» (у ролі дзейніка)
Некаторыя шырока распаўсюджаныя склонавыя суфіксы:
- Акузатыў: -m (паўднёва-амоцкія)
- Намінатыў (назоўны): -i (гонга-гімаджан, дызі-шэка)
- Генітыў (родны): -kV (гонга-гімаджан, дызі-шэка, маа, дымэ)
- Датыў (давальны): -s (гонга-гімаджан, дызі-шэка, маа?[18])
Тыпалагічнай асаблівасцю, ізаляванай нават у рамках самой амоцкай сям’і, з’яўляецца залежнасць паказчыка намінатыва (назоўнага склону) ў мове бенч ад асобы і роду назоўніка (у залежнасці ад актанта выкарыстоўваецца або -i˧, або -a˧):
- a˦tsin˦-a˧ «жанчына» (3-я ас. адз. л. жан. р.)[19]
- nun˧-a˧ «мы» (1-я ас. мн.л. эксклюзіўнае)
- nas˦i˧ «мужчына» (3-я ас. адз. л. муж. р.)
У большасці моў адзіночны лік з’яўляецца немаркіраваным (мае нулявы паказчык), у той час як множны лік маркіруецца асобнымі суфіксамі. Мяркуецца, што ў некаторых мовах суфіксы множнага ліку гістарычна развіліся з партытыўнай (раздзяляльнай) канструкцыі. На карысць гэтай гіпотэзы сведчаць: значная даўжыня некаторых множных суфіксаў, іхняе фармальнае падабенства з паказчыкамі генітыва (роднага склону) адзіночнага ліку, а таксама той факт, што суфікс пэўнасці часам папярэднічае суфіксу множнага ліку, што з’яўляецца тыпалагічна рэдкай з’явай[20][21]:
- мова дызі: kìan-à-k’ankàs («сабака» + паказчык пэўнасці + паказчык мн. л.) — «(гэтыя) сабакі»;
- мова емса: ʔasú-nì-kitó («чалавек» + паказчык генітыва + паказчык мн. л.) — «людзі»[22].
Займеннікі
[правіць | правіць зыходнік]Асабовыя займеннікі ў большасці амоцкіх моў выражаюць тыя ж граматычныя катэгорыі, што і назоўнікі (лік, склон); аднак катэгорыя роду, як правіла, маркіруецца толькі ў 3-й асобе адзіночнага ліку.
У большасці выпадкаў асабовыя займеннікі маюць для кожнай камбінацыі асобы, ліку і роду асобную аснову, да якой затым далучаюцца склонавыя суфіксы, адзіныя для ўсіх асоб. Частка займеннікавых асноў выяўляе падабенства з іншымі афразійскімі мовамі і можа быць узведзена да праафразійскай мовы. У той жа час некаторыя асабовыя займеннікі ў паўднёва-амоцкіх мовах тлумачацца запазычаннямі з суседніх ніла-сахарскіх моў[23].
| Адзіны лік | Множны лік | |||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| 1-я ас. | 2-я ас. | 3-я ас. м. р. | 3-я ас. ж. р. | 1-я ас. | 2-я ас. | 3-я ас. | ||
| Амоцкія | ||||||||
| прота-гонга-гімаджан | *ta | *ne | *isi | ? | *nu~*no | *int- | *ist- | |
| прота-дызі-шэка | *ǹ | *yeta | *iz- | *iži | *ń | *iti | *iš- | |
| прота-маа | *ti- | *hiya | ? | ? | ? | *nam | ? | |
| прота-паўднёваамоцкія | *inta | *yaa/*in | *nuo | *naa | *wo-ta | *ye-ta | *ke-ta | |
| Іншыя | Афразійскія: акадская | ī | k-a/k-ī | š-u | š-a | nī | k-unu/k-ina | š-unu/š-ina |
| Нілоцкія: тэсо[24] | ɛɔŋɔ | ɪjɔ | ŋɛsɪ | ɔnɪ/ɪs(y)ɔ | yɛsɪ | kɛsɪ | ||
Склонавыя канчаткі ў асабовых займеннікаў і назоўнікаў у асноўным ідэнтычныя:
- Прыклад з мовы аары (акузатыў на -m): yé-m «вас», fatir-in-ám «кукурузу».
У той жа час прыналежныя займеннікі могуць мець асаблівыя формы, якія не супадаюць з іменнымі канчаткамі:
- Прыклад з мовы аары (генітыў): yé «ваш», але ʔéed-te «(аднаго) мужчыны».
Дзеяслоўная марфалогія
[правіць | правіць зыходнік]Амоцкія мовы маюць сінтэтычную сістэму спражэння, заснаваную пераважна на афіксацыі. Як правіла, у дзеяслоўнай сістэме адрозніваюцца або часы (прошлы/перфект, цяперашні, будучы), або трыванне (закончанае, незакончанае), а ў некаторых мовах таксама вылучаюцца спосабы дзеяслоўнага дзеяння (акцыянальнасць), напрыклад дуратыў. У далейшым гэтыя граматычныя катэгорыі аб’ядноўваюцца тэрмінам «час — аспект — лад» (ЧАЛ).
У многіх амоцкіх мовах маркіроўка ЧАЛ цесна звязана з супрацьпастаўленнямі па лініі «пытальнасць — апавядальнасць» і «сцвярджэнне — адмаўленне». Акрамя таго, спрагальныя дзеясловы ўключаюць марфемы, якія выражаюць дапасаванне з дзейнікам у асобе, ліку і (у пэўных асобах) родзе.
У шэрагу амоцкіх моў існуюць таксама асаблівыя парадыгмы спражэння для даданых сказаў, якія ўжываюцца выключна ў гэтай функцыі і характарызуюцца значна рэдукаваным наборам форм.
Маркеры ЧАЛ
[правіць | правіць зыходнік]Як ужо згадвалася, катэгорыі ЧАЛ (час-аспект-лад) маркіруюцца пераважна афіксамі, якія ў многіх мовах цесна звязаны з катэгорыямі сцвярджэння і адмаўлення. У некаторых паўднёва- і паўночнаамоцкіх мовах імперфектыўны аспект (незакончанае трыванне) выражаецца з дапамогай рэдуплікацыі (падваення) дзеяслоўнай асновы. У наступнай табліцы прадстаўлены маркеры ЧАЛ у розных амоцкіх мовах:
| Закончанае/Прэтэрыт | Незакончанае/Цяперашні/Будучы | |||
|---|---|---|---|---|
| сцвярджэнне | адмаўленне | сцвярджэнне | адмаўленне | |
| прота-гонга-гімаджан | *i~*e | ? | *n | ? |
| амета | d, z, b…d, k | b(ei)/b(eʔ)(…k(k)) | ∅, d, z, n | k(k) |
| бенч[25][26] | -kʼ˨ | -arg˦ | -Ns˧[27] | |
| емса[28] | i/e | a(w), o(w), u(y) | f, r, n | |
| гонга: кафа[29] | t, ∅ | ac | m, h | ac |
| прота-дызі-шэка | *ki~*ke | ? | *am- | ? |
| маа | *an | ? | *m- | ? |
| паўднёваамоцкія: аары і дымэ | *a, *s | *k | *dV | *y |
Асабовыя паказчыкі
[правіць | правіць зыходнік]Большасць моў маркіруюць асобу, лік і род дзейніка ў кожнай фінітнай (спрагальнай) дзеяслоўнай форме пры дапамозе адзінай фузійнай марфемы. Гэтыя паказчыкі могуць або залежаць ад канкрэтнай ЧАЛ-катэгорыі, або быць аднолькавымі ва ўсіх парадыгмах. У наступнай табліцы прадстаўлены асабовыя паказчыкі ў розных амоцкіх мовах:
У мовах амета дадаткова існуюць два рады асабовых паказчыкаў, якія складаюцца выключна з галосных. Яны выяўляюць фармальнае падабенства з некаторымі з пералічаных вышэй асабовых марфем у мовах гонга і ем:
| Адзіны лік | Множны лік | ||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|
| 1-я ас. | 2-я ас. | 3-я ас. м. р. | 3-я ас. ж. р. | 1-я ас. | 2-я ас. | 3-я ас. | |
| Першы рад | a | a | i | a | i | i | i |
| Другі рад | i | a | e | u | o | e | o |
Як будзе паказана ніжэй, гэтыя тры групы асабовых афіксаў могуць камбінавацца адна з адной у дзеяслоўных формах моў амета.
Супрацьпастаўленні па пытальнасці і сцвярджальнасці
[правіць | правіць зыходнік]Для маркіроўкі гэтых супрацьпастаўленняў (пытальнасць — апавядальнасць і сцвярджэнне — адмаўленне) у амоцкіх мовах выкарыстоўваюцца тры розныя фармальныя сродкі: асаблівыя маркеры ЧАЛ, асаблівыя асабовыя паказчыкі і спецыяльныя афіксы, якія не выражаюць іншых катэгорый:
- Дызі: ā-sɛ̄-kŋ̀ (2-я ас. адз.л. + «бачыць» + цяперашні час пытальн.) — «ты бачыш?»
- Бенч: ham˦-arg˦-u˨-e˧ («ісці» + адмаўленне + фінітны паказчык) — «ён не пайшоў»
- Гамо: ʔutt-a-d-ee («сядзець» + 3-я ас. адз. л. жан. р. + перфект сцвярджэнне + 3-я ас. адз. л. жан. р. пытальны) — «яна сядзела?»
Парадак словазменных марфем
[правіць | правіць зыходнік]Разгледжаныя тут марфемы, за выключэннем асобных моў (маа, пытальныя формы ў дызі, хамер)[30], ідуць пасля дзеяслоўнай асновы. Пры гэтым іхні парадак у асноўным адпавядае схеме: дзеяслоўная аснова — паказчык ЧАЛ — паказчык асобы/ліку/роду.
| Мова | Аснова | Маркер ЧАЛ | Асабовы канчатак | Пераклад |
|---|---|---|---|---|
| Дымэ | déχ | i | n | «ён гатаваў»[31] |
| Аары | baʔá | y | ek | «яны не прыносяць»[32] |
| Дызі | k’wutsʼ | ∅ | initi | «вы разрэзалі»[33] |
| Кафа | dubb | u | «вы спявалі»[29][34] | |
Часта да гэтай асновы могуць дадавацца і іншыя суфіксы; напрыклад, у мове бенч фінітныя формы дзеяслова завяршаюцца паказчыкам -e:
Больш складаны і тыпалагічна адметны парадак афіксаў назіраецца ў дзеяслоўных формах заходніх, цэнтральных і паўднёвых моў амета, дзе ў адной словаформе могуць адначасова сустракацца некалькі паказчыкаў асобы/ліку/роду. У прыватнасці, у словаформе магчымыя наступныя суфіксы:
- Вакалічныя (галосныя) суфіксы (гл. раздзел «Асабовыя паказчыкі»).
- Асабовы канчатак: фузійная марфема, якая выражае асобу, лік, род, а таксама супрацьпастаўленні па пытальнасці і сцвярджальнасці.
- Маркер ЧАЛ, форма якога можа залежаць ад пытальнасці і сцвярджальнасці.
Выбар і парадак гэтых суфіксаў залежаць ад трох катэгорый (ЧАЛ, пытальнасць/апавядальнасць, сцвярджэнне/адмаўленне), у выніку чаго ўжо пры наяўнасці дзвюх катэгорый ЧАЛ узнікае восем магчымых камбінацый афіксаў. Наступныя прыклады ўзяты з мовы гофа (цэнтральная група амета):
| ЧАЛ | Пытальны/Апавядальны | Сцвярджальны/Адмоўны | Асоба, лік, род | Форма | ||||||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| Цяперашні час | апавядальны | сцвярджальны | 1-я ас. адз. л. |
| ||||||||||
| Цяперашні час | пытальны | адмоўны | 2-я ас. мн. л. |
| ||||||||||
| Цяперашні час | апавядальны | адмоўны | 3-я ас. адз. л. жан. р. |
| ||||||||||
| Перфект | апавядальны | сцвярджальны | 2-я ас. адз. л. |
| ||||||||||
| Перфект | пытальны | адмоўны | 3-я ас. мн. л. |
|
Усходнія мовы амета дэманструюць адрозную сістэму спражэння[35][36][37], якая гістарычна ўзыходзіць да перыфрастычных (апісальных) канструкцый (прыклады з мовы зайcэ):
| Аснова | Паслятэматычны галосны | (t)t(e) | Дапасаванне з дзейнікам | i/(e)n | |
| Перфект: «яна ведала» | ʔer | á | tt | isi | n |
| Будучыня: «ты даведаешся» | ʔér | a | tte | n | en |
Варта таксама згадаць слаба вывучаную праз недахоп матэрыялаў па дзеяслоўнай сістэме моў маа, у якой словазменныя марфемы могуць размяшчацца як да (у выглядзе прэфіксаў), так і пасля (у выглядзе суфіксаў) дзеяслоўнай асновы ў розным парадку:
- Ганза: wa-nä-ma-ʔogwä (перфект + 2-я ас. адз. л. + «есці» + пытальны паказчык) — «ты паеў?»
Іншыя фінітныя формы
[правіць | правіць зыходнік]Юсіў (загадны лад для 1-й і 3-й асобы) і імператыў (загадны лад для 2-й асобы) значна адрозніваюцца паводле свайго спражэння ад іншых сінтэтычных дзеяслоўных форм. Формы імператыва ўтвараюцца з дапамогай суфіксаў, якія адрозніваюць толькі адзіночны і множны лік; паказчыкам імператыва адзіночнага ліку звычайна з’яўляецца нулявы суфікс (-∅) або галосны гук. Адмоўныя і сцвярджальныя формы імператыва часта выкарыстоўваюць розныя суфіксы ліку:
- Дымэ: yíz-í «Бяжы!», yíz-kóy «Не бяжы!»[38]
Многія амоцкія мовы таксама маюць складаныя (аналітычныя) дзеяслоўныя формы з дапаможнымі дзеясловамі, якія служаць для выражэння часавых і мадальных адрозненняў. У некаторых мовах асобныя ЧАЛ-формы з’яўляюцца нязменнымі па асобах і ліках. Яшчэ адной уласцівай рысай амоцкіх моў з’яўляецца наяўнасць асаблівых парадыгм спражэння для даданых сказаў, сярод якіх асабліва часта сустракаюцца формы для часавых даданых сказаў (якія Бендэр (2000) абазначае як «канвербы»). Іхнія словазменныя суфіксы таксама маюць свае асаблівасці.
Дзеяслоўнае словаўтварэнне
[правіць | правіць зыходнік]Ва ўсіх падгрупах амоцкіх моў, па якіх ёсць дастатковыя даныя, прысутнічаюць суфіксы для ўтварэння адных дзеясловаў ад другіх (вербальная дэрывацыя). Праафразійскі суфікс *s (які рэалізуецца як s, š, c, nts і інш.) служыць для ўтварэння пераходных (каўзатыўных і фактытыўных) дзеясловаў; суфікс *t (які рэалізуецца як t, int, de, st, d і інш.), насупраць, утварае непераходныя дзеясловы:
- Емса: am- «ісці» — am-s «прымушаць ісці»[39]
- Гамо: zar- «адказваць» — zar-ett «быць адказаным» (пасіў)[40]
Лічэбнікі
[правіць | правіць зыходнік]У большасці амоцкіх моў у сінхроніі выкарыстоўваецца дзесятковая сістэма злічэння. Напрыклад, у мове валайта базавымі колькаснымі лічэбнікамі ад 1 да 10 з’яўляюцца
- ʔistá/ʔissó
- naaʔʔá
- heezzá
- ʔoiddá
- ʔitʃtʃáʃa
- ʔusúppúna
- laáppúna
- hóspúna
- ʔuddúpuna
- támma
Дзесятковая сістэма выяўляе прыкметы таго, што гістарычна яна развілася з пяцярычнай. Да прыкладу, лічэбнікі мовы валайта для «шасці» (ʔusúppúna), «сямі» (laáppúna), «васьмі» (hóspúna) і «дзевяці» (ʔuddúpuna) ўтрымліваюць сегменты, якія выяўляюцца ў лічэбніках «адзін», «два», «тры» і «чатыры» адпаведна[41].
Грунтуючыся на такіх адпаведнасцях, Заборскі (1983) вылучае тры гістарычныя тыпалагічныя сістэмы ў амоцкіх мовах[42][41]:
- У мовах хамер, кара, аары, чара, зайcэ, дока і емса лічэбнікі «восем» і «дзевяць» паказваюць на сістэму, што ўзыходзіць да мадэлей «дзесяць мінус два» і «дзесяць мінус адзін».
- У мове курэтэ і цэнтральных мовах амета (уключаючы гама, гофа, валайта) выкарыстоўваецца сістэма, заснаваная на складанні з пяцёркай, гэта значыць «шэсць» узыходзіць да «пяць плюс адзін», «сем» — да «пяць плюс два» і г. д.
- У мовах зайcэ, емса і шэка выкарыстоўваюцца абедзве сістэмы: «шэсць» і «сем» утвораны шляхам складання з асновай «пяць», тады як «восем» і «дзевяць» — шляхам аднімання ад дзесяці[43].
Парадкавыя лічэбнікі ўтвараюцца ад адпаведных колькасных шляхам дадавання спецыяльнай марфемы. Напрыклад, у мове валайта дадаецца суфікс -ntá, што суправаджаецца зрухам тонавага націску: naaʔʔantá «другі» ад naaʔʔá «два». Пры ўтварэнні парадкавых лічэбнікаў ад некаторых асноў адбываецца ўсячэнне (дэлецыя) сегментаў, напрыклад: hospuntá «восьмы» ад hóspúna «восем» (а не *hospunantá, як можна было б чакаць). Падобны спосаб утварэння засведчаны ў мовах усіх галін амоцкай сям’і[41].
Сінтаксіс
[правіць | правіць зыходнік]Парадак слоў у іменнай групе
[правіць | правіць зыходнік]Амоцкія мовы адносяцца да дзеяслоўна-фінальных. Гэта азначае, што дзеяслоў (выказнік) заўсёды імкнецца заняць пазіцыю ў самым канцы сказа. Іменныя азначэнні папярэднічаюць азначаемаму назоўніку, а дапаўненні і акалічнасці месца — дзеяслову. Пазіцыя дзеяслова ў цэлым стабільная, і парадак слоў унутры дзеяслоўнай групы не моцна вар’іруецца, таму асноўная тыпалагічная разнастайнасць назіраецца ў будове іменнай групы.
У адрозненне ад дзеяслоўнай групы, парадак слоў у іменнай групе не з’яўляецца строга фіксаваным і праяўляе значную разнастайнасць. У некаторых мовах розныя тыпы азначэнняў падпарадкоўваюцца розным правілам размяшчэння. Так, у мове бенч-нон указальныя займеннікі могуць стаяць толькі пасля назоўніка, а прыналежныя назоўнікі і займеннікі — толькі перад ім. Адносныя даданыя сказы, прыметнікі і лічэбнікі могуць знаходзіцца як да, так і пасля азначаемага слова[44]. У той жа час у мове шэка прыналежныя займеннікі заўсёды стаяць перад назоўнікам, прыметнікі — заўсёды пасля, лічэбнікі і адносныя даданыя сказы могуць размяшчацца з абодвух бакоў, а ўказальныя займеннікі пераважна займаюць пазіцыю пасля назоўніка, але могуць стаяць і перад ім[45].
Мовы аары і дымэ таксама дапускаюць абодва парадкі слоў як прававерхавінныя («верхавіна—азначэнне»), так і леваверхавінныя («азначэнне—верхавіна»), як у прыкладах з аары: edin lak’amta («добрыя людзі») і lak’amta noqa («добрая вада»)[46][47].
У мовах амета (баскета, хара-маале, валайта) найбольш распаўсюджаным з’яўляецца парадак «азначэнне — верхавіна». Аднак, калі парадак мяняецца на «верхавіна — азначэнне», адбываюцца важныя граматычныя змены: азначэнне (напрыклад, прыметнік) само пачынае прымаць на сябе паказчыкі ліку, роду і склону, якія ў першым выпадку былі б на назоўніку.
Прыклад з мовы баскета на сказе «моцныя фермеры»:
- mints gabara-ntsi, літаральна «моцны фермеры-пэўн./мн.л./акузатыў».
- gabara mints-antsi, літаральна «фермер моцныя-пэўн./мн.л./акузатыў».
У абодвух выпадках значэнне аднолькавае, але ў другім прыкладзе граматычны паказчык -(a)ntsi пераходзіць з назоўніка на прыметнік[48].
Парадак слоў можа быць строга фіксаваным і граматычна значным у пасесіўных канструкцыях, дзе базавая паслядоўнасць — «уладальнік — уласнасць». Гэтае правіла дзейнічае як у выпадках, калі прыналежнасць выражана марфалагічна (з дапамогай роднага склону), так і тады, калі яна перадаецца выключна парадкам слоў[49]. Прыклад з мовы дымэ: zób-ko dóóttu (са склонавым паказчыкам) або zób dóót (без яго) для значэння «нага льва»[50].
| ʔeftí | giččó-b-im |
| «птушка» | «вялікі»-мужчынскі род-акузатыў |
| «вялікую птушку» | |
Паводле некаторых даных, у мове шынаша магчымы і адваротны парадак («уласнасць — уладальнік»), аднак у пазнейшых апісаннях гэтай мовы такая магчымасць не згадваецца.
Будова сказа
[правіць | правіць зыходнік]Тыповы парадак кампанентаў у пераходным сказе — SOV (Дзейнік — Дапаўненне — Выказнік)[51]. Мовы адрозніваюцца па ступені гнуткасці гэтага парадку. Напрыклад, у мовах паўночнай групы маа ён захоўваецца больш строга. У нядзеяслоўных сказах (дзе выказнік выражаны не дзеясловам, а, напрыклад, назоўнікам ці прыметнікам), выказнік таксама заўсёды стаіць у канцы. Дзейнік і дапаўненне маркіруюцца намінатыўным і акузатыўным склонамі адпаведна.
| bár | mats’aafà | án | naá-sì-k | imí |
| «ён» | «кніга» | «гэты» | «хлопчык»-артыкль-датыў | «даў» (выказнік) |
| «Ён даў гэтаму хлопчыку кнігу» | ||||
Складаныя сказы
[правіць | правіць зыходнік]Залежныя (даданыя) сказы — такія як умоўныя, уступальныя, процістаўныя і канструкцыі з канвербамі (дзеепрыслоўныя звароты) — марфалагічна адрозніваюцца ад галоўных сказаў дзякуючы спецыяльным канчаткам, якія далучаюцца да дзеяслова ў залежнай частцы. Як правіла, залежная частка сказа папярэднічае дзеяслову ў галоўнай частцы, аднак для ўмоўных сказаў зафіксаваны і выпадкі адваротнага парадку слоў[52].
| ʔiyátá | jink-ó | ʔááɗ-andá-nte | ʔír-á | košš-í | workʼ-é-ne |
| 3-я ас. мн. л.:nom | «Джынка»-acc | «ісці»-жан. р.:ipfv-advst | «дождж»-nom | «рабіць.добра»-cnv | «дождж»-pfv-a:decl |
| «Яны б паехалі ў Джынку, але пайшоў моцны дождж». | |||||
| né | gam-aná-w | kóyy-íkkó | tá | agg-ádá | b-aaná |
| 3-я ас. адз. л.:sbj | «заставацца»-fut-dat | «хацець»-cnd | 1-я ас. адз. л. | «пакідаць»-ss:a:cnv | «ісці»-fut |
| «Калі ты хочаш застацца (тут) даўжэй, я цябе пакіну». | |||||
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Hayward 2000. Памылка шаблона sfn: няма якара: CITEREFHayward2000 (даведка)
- ↑ Bender 2003.
- ↑ Militarev A., Nikolaev S. Proto-Afrasian names of ungulates in light of the Proto-Afrasian homeland issue // Вопросы языкового родства. — 2020. — В. 18. — № 3-4. — С. 200. Архівавана з першакрыніцы 25 мая 2025.
- ↑ Lamberti 1993, p. 25. sfn error: шмат якараў (2×): CITEREFLamberti1993 (даведка)
- ↑ Seyoum 2008, p. 3.
- ↑ Seyoum 2008, p. 5.
- ↑ d’Abbadie 1868, p. 94.
- ↑ Lamberti 1993, p. 18. sfn error: шмат якараў (2×): CITEREFLamberti1993 (даведка)
- ↑ Reinisch 1888.
- ↑ Yigezu 2007, pp. 245–251.
- ↑ Zaborski 2004.
- ↑ Yigezu 2007, p. 249.
- ↑ Fleming 1990, p. 500. Памылка шаблона sfn: няма якара: CITEREFFleming1990 (даведка)
- ↑ Elderkin 1982.
- ↑ Theil 2007. sfn error: шмат якараў (2×): CITEREFTheil2007 (даведка)
- ↑ Hayward & Tsuge 1998.
- ↑ Bender 2000, p. 21.
- ↑ Bender 2000, p. 212.
- ↑ Bender 2000, p. 127.
- ↑ Hayward 2004, p. 246. Памылка шаблона sfn: няма якара: CITEREFHayward2004 (даведка)
- ↑ Lamberti 1993, p. 70, Materialien zum Yemsa. sfn error: шмат якараў (2×): CITEREFLamberti1993 (даведка)
- ↑ Lamberti 1993, p. 71, Materialien zum Yemsa. sfn error: шмат якараў (2×): CITEREFLamberti1993 (даведка)
- ↑ Bender 2000, p. 196.
- ↑ Bender 2000, p. 163.
- ↑ Hayward 1990, pp. 1–67. sfn error: шмат якараў (3×): CITEREFHayward1990 (даведка)
- ↑ а б Bender 2000, p. 116.
- ↑ N абазначае любы насавы гук.
- ↑ Lamberti 1993. sfn error: шмат якараў (2×): CITEREFLamberti1993 (даведка)
- ↑ а б Cerulli 1951.
- ↑ A first glance at the Hamer verbal syste (англ.).
- ↑ Seyoum 2007, p. 124. Памылка шаблона sfn: няма якара: CITEREFSeyoum2007 (даведка)
- ↑ Hayward 1990. sfn error: шмат якараў (3×): CITEREFHayward1990 (даведка)
- ↑ Bender 2000.
- ↑ Bender 2000, p. 122.
- ↑ Hayward 1990, pp. 210–355, Notes on the Zayse language. sfn error: шмат якараў (3×): CITEREFHayward1990 (даведка)
- ↑ Hayward 1999, pp. 301–316.
- ↑ Amha 2004, pp. 197–210.
- ↑ Seyoum 2008, p. 122.
- ↑ Lamberti 1993, p. 167. sfn error: шмат якараў (2×): CITEREFLamberti1993 (даведка)
- ↑ Bender 2000, p. 44.
- ↑ а б в Amha 2017, pp. 831–832.
- ↑ Zaborski 1983.
- ↑ Woldemariam 2005.
- ↑ Rapold 2006, pp. 552–559. Памылка шаблона sfn: няма якара: CITEREFRapold2006 (даведка)
- ↑ Hellenthal 2010, pp. 251–256. Памылка шаблона sfn: няма якара: CITEREFHellenthal2010 (даведка)
- ↑ Bender 1991, pp. 88–90. Памылка шаблона sfn: няма якара: CITEREFBender1991 (даведка)
- ↑ Seyoum 2008, pp. 172–173.
- ↑ Amha 1995, p. 3. Памылка шаблона sfn: няма якара: CITEREFAmha1995 (даведка)
- ↑ Seyoum 2008, p. 109.
- ↑ Seyoum 2008, p. 50.
- ↑ Lamberti 1993, p. 257. sfn error: шмат якараў (2×): CITEREFLamberti1993 (даведка)
- ↑ Amha 2001a. Памылка шаблона sfn: няма якара: CITEREFAmha2001a (даведка)
- ↑ Amha 2001a, p. 188. Памылка шаблона sfn: няма якара: CITEREFAmha2001a (даведка)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Па амоцкіх мовах у цэлым
- Ч. 2. Кушитские языки. Ливийско-гуанчские языки. Египетский язык. Чадские языки // Языки Азии и Африки. Кн. IV. Афразийские языки (руск.) : изд. основано чл.-кор. АПН СССР проф. Г.П. Сердюченко / АН СССР. Ин-т востоковедения ; редкол.: акад. Н. И. Конрад (гл. ред.) и др. — Москва: Наука, 1991. — 399 с., ил.
- Amha, Azeb (2012). Omotic. In Frajzyngier, Zygmunt; Shay, Erin (рэд-ры). The Afroasiatic languages. New York: Cambridge University Press. pp. 687. ISBN 978-0-521-86533-3.
- Amha, Azeb (2017). The Omotic language family. In Aikhenvald, Alexandra Y.; Dixon, R. M. W. (рэд-ры). The Cambridge Handbook of Linguistic Typology. New York: Cambridge University Press. pp. 815–853. doi:10.1017/9781316135716. ISBN 9781316135716.
- Appleyard, David L. (2011). Semitic-Cushitic/Omotic Relations. In Weninger, Stefan (рэд.). The Semitic Languages: An International Handbook. Berlin: De Gruyter. pp. 38–53. ISBN 978-3-11-018613-0.
- Bender, M. Lionel (1975). Omotic: a new Afroasiatic language family. Southern Illinois University Museum Series. Carbondale: Southern Illinois University.
- Bender, M. Lionel (2000). Comparative morphology of the Omotic languages. Lincom Europa Studies in African Linguistics. München: LINCOM.
- Bender, M. Lionel (2003). Omotic lexicon and phonology. Carbondale: Southern Illinois University.
- d’Abbadie, Arnauld (1868). Douze ans dans la Haute-Ethiopie (Abyssinie)(фр.). Paris: L. Hachette. p. 640.
- Fleming, Harold (1976). Omotic overview. In Bender, M. Lionel (рэд.). The non-Semitic languages of Ethiopia. Monograph No. 5, Occasional Papers Series, Committee on Ethiopian Studies 1. East Lansing, Michigan: African Studies Center, Michigan State University. pp. 298–323.
- Hayward, Richard J. (1990). Omotic Language Studies (1st ed.). London: Routledge. p. 666. doi:10.4324/9780203045954. ISBN 9780203045954.
- Hayward, R.; Tsuge, Y. (1998). Concerning case in Omotic. Afrika und Übersee. 81: 21–38.
- Hayward, Richard J. (2003). Lecarme, Jacqueline (рэд.). Omotic. The ‘empty quarter’ of Afroasiatic linguistics. Research in Afroasiatic Grammar II. Selected Papers from Fifth Conference on Afroasiatic Language, Paris, 2000. Amsterdam/Philadelphia: John Benjamins Publishing Company. ISBN 90-272-3709-3.
- Reinisch, Leo (1888). Die Kafa-Sprache in Nordost-Afrika. Abhandlungen der philosophisch-historischen Klasse der kaiserlichen Akademie der Wissenschaft. Vol. 116. Wien.
{{cite book}}: Папярэджанні CS1: месца без выдавецтва (спасылка) - Theil, Rolf (2007). Is Omotic Afroasiatic? A critical discussion. Oslo: Department of Linguistics and Scandinavian Studies, University of Oslo. p. 23.
- Voigt, Rainer (March 2010). Rubin, Aaron D. (рэд.). „From beyond the mediterranean": Akten des 7. Internationalen Semitohamitistenkongresses. Journal of Semitic Studies (reviews). 55 (1). Oxford University Press: 263–265. doi:10.1093/jss/fgp042.
- Zaborski, Andrzej (1983). Segertand, S.; Bodrogligeti, A. J. E. (рэд-ры). Basic numeral in Omotic languages. Ethiopian studies. Wiesbaden: Harrassowitz: 123–142.
- Zaborski, Andrzej (2004). West Cushitic – A Genetic Reality. Lingua Posnaniensis. XLVI: 173–186.
- Па асобных мовах
- Amha, Azeb (September 2004). Voigt, Rainer (рэд.). Questioning Forms in Zargulla. „From beyond the mediterranean“: Akten des 7. Internationalen Semitohamitistenkongresses(англ.). 13 (15). Aachen: Shaker Verlag: 572. ISBN 978-3-8322-6340-9.
- Bender, M. Lionel, рэд. (1976). The Non-Semitic languages of Ethiopia. Committee on Ethiopian Studies, Occasional Papers Series, Monograph No. 5. East Lansing, Michigan: African Studies Center, Michigan State University, in co-operation with Southern Illinois University, Carbondale.
- Cerulli, Enrico (1951). Studi etiopici IV: La lingua caffina(італ.). Roma: Istituto per l’Oriente.
- Elderkin, Derek (1982). On the classification of Hadza. Sprache und Geschichte in Afrika(англ.). 4: 67–82.
- Hayward, Richard J. (1982). Notes of the Koyra language. Afrika und Übersee. 65 (2): 211–268.
- Hayward, Richard J. (1990). Notes on the Zayse language. Omotic Language Studies(англ.). London: School of Oriental and African Studies. pp. 210–355.
- Hayward, Richard J. (1990). Notes on the Aari language. Omotic Language Studies(англ.). London: School of Oriental and African Studies. pp. 425–493.
- Hayward, Richard J. (1999). East Ometo verb paradigms: the grammaticalization of a syntactic pattern. SOAS Working Papers in Linguistics. 9.
- Lamberti, Marcello (1993). Die Shinassha-Sprache. Materialien zum Boro. Studi Linguarum Africae Orientalis(ням.). 4. Heidelberg: Universitätsverlag Winter. ISBN 3-8253-4579-3.
- Lamberti, Marcello (1993). Materialien zum Yemsa. Studi Linguarum Africae Orientalis(ням.). 5. Heidelberg: Universitätsverlag Winter. ISBN 3-8253-0103-6.
- Moreno, Martino Mario (1938). Introduzione alla lingua ometo(італ.). Roma: Mondadori.
- Petrollino, Sara (2016). A Grammar of Hamar: A South Omotic Language of Ethiopia. COS Cushitic and Omotic Studies. Vol. 6. Köln: Rüdiger Köppe Verlag. p. 342. ISBN 978-3-89645-491-1.
- Seyoum, Mulugeta (2008). A Grammar of Dime(англ.). Landelijke: Netherlands Graduate School of Linguistics. ISBN 978-90-78328-52-0.
- Theil, Rolf (2007). Kafa phonology. Journal of African Languages and Linguistics. 28 (2): 193–216.
- Theil, Rolf (2013). Simeone-Senelle, M.-C.; Vanhove, Martine (рэд-ры). Koorete tonology. Proceedings of the Fifth International Conference on Cushitic and Omotic Languages, Paris, April 16–18, 2008. Cologne: Rüdiger Köppe Verlag: 167–174.
- Yigezu, Moges (2007). Voigt, Rainer (рэд.). The vowel system of Kara from a historical-comparative perspective. „From beyond the mediterranean“: Akten des 7. Internationalen Semitohamitistenkongresses(англ.). 13 (15). Aachen: Shaker Verlag: 572. ISBN 978-3-8322-6340-9.
- Wedekind, K. (1990). Hayward, Richard J. (рэд.). Gimo-Jan or Ben-Yem-Om: Beng-Yemsa phonemes, tones and words. Omotic language studies. London: School of Oriental and African Studies: 68–184.
- Woldemariam, Hirut (2005). Historical notes on numerals in Ometo: the obsolete quinary system. Journal of Ethiopian Studies. 38 (1–2). Addis Ababa: Institute of Ethiopian Studies: 131–150.