Амундсен-Скот (антарктычная станцыя)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Новы будынак станцыі, 2009

А́мундсен-Скот (англ.: Amundsen–Scott South Pole Station) — антарктычная станцыя, што належыць ЗША і размяшчаецца раўнютка на Паўднёвым геаграфічным полюсе Зямлі, такім чынам з'яўляючыся самым паўднёвым пасяленнем чалавека. Адна з першых палярных станцый у Антарктыдзе, першая станцыя ў глыбіні мацерыка. Названа ў гонар выбітных палярных даследчыкаў — нарвежца Руаля Амундсена і англічаніна Роберта Скота, якія першымі дасягнулі полюса ў 1911—1912 гадах. Станцыя знаходзіцца ў падпарадкаванні Падраздзялення палярных праграм Нацыянальнага навуковага фонду ЗША.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Да сярэдзіны 1950-х на Паўднёвым полюсе і ў яго ваколіцах не мелася сталых навуковых базаў. Можна казаць і шырэй: не было іх ва ўсёй унутранай Антарктыдзе. Станцыя Амундсен-Скот была ўзведзена ў лістападзе 1956 года будаўнічым батальёнам ВМС ЗША (the Seabees). Згодна з праграмай Міжнароднага геафізічнага года  (англ.) са студзеня 1957 па ліпень 1958 на станцыі праводзіліся міжнародныя даследаванні геафізікі атмасферы палярных рэгіёнаў Зямлі. З таго часу станцыя не спыняе сваёй працы. За мінулыя больш чым 60 гадоў яна не раз рамантавалася, пашыралася, пераабсталёўвалася, перабудоўвалася.

Прыродныя ўмовы[правіць | правіць зыходнік]

Станцыя знаходзіцца на высокім Антарктычным плато на вышыні 2835 м над узроўнем мора. На паўднёвым полюсе палярны дзень і палярная ноч доўжацца па 6 месяцаў. Такім чынам, сонца заходзіць і ўзыходзіць тут двойчы — у сакавіку і ў верасні. За шасцімесячны "дзень" становішча сонца над гарызонтам мяняецца ад 1° у дні раўнадзенства да 23° у дзень снежаньскага сонцастаяння. У плане пораў году палярны дзень тут супадае з "летам", калі тэмпература можа дасягаць -30 — -25°С (абсалютны максімум — -12,3°С). Цягам 6 месяцаў палярнай ночы-зімы сярэднія тэмпературы складаюць -57 — -59°С, (абсалютны мінімум — -82,8°С)[1]. У гэты час на станцыю абрынваюцца завеі, часта з ураганным ветрам. Нягледзячы на суровыя ўмовы, палярная ноч + выключна сухое паветра даюць выдатную магчымасць для астранамічных назіранняў.

Чалавек на станцыі[правіць | правіць зыходнік]

Офіс сувязі, снежань 2016

Насельніцтва станцыі складае ад 200 чалавек летам да 50 зімой. Палярнікі жывуць па новазеландскім часе, паколькі Вялікай зямлёй для іх служыць горад Крайстчэрч, сувязь з якім падтрымліваецца праз ўзбярэжную станцыю Мак-Мёрда — антарктычны хаб.

Зноскі