Анандага

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Анандага
(Onöñda’gega’)
Агульная колькасць 1200
Рэгіёны пражывання  ЗША — 457 (2010)[1]

 Канада — 754 (2012)[2]

Мова анандага
Рэлігія анімізм, політэізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы іншыя іракезы, ваяндот, саскуэханцы, эры, нейтраль

Ананда́га (саманазва: Onöñda’gega’, літаральна «людзі ўзвышша») — індзейскі народ, карэнныя жыхары ЗША і Канады. Уваходзяць у лігу іракезаў. Жывуць пераважна ў штаце Нью-Ёрк і правінцыі Антарыа. Агульная колькасць — каля 1200 чал.

Археолагі звычайна атаясняюць анандага з прамымі нашчадкамі носьбітаў культуры Аваска, што склалася на тэрыторыі штата Нью-Ёрк у другой палове 1 тысячагоддзя н. э. Згодна міфалогіі іракезаў, Тададаха, чараўнік і правадыр анандага, доўгі час з’яўляўся праціўнікам міратворчай дзейнасці Дэганавайды і Гаяваты, але ў выніку быў вымушаны прыняць план аб’яднання іракезскіх плямён. У канфедэрацыі іракезаў анандага выконвалі асаблівую ролю, паколькі на іх тэрыторыі знаходзіліся дрэва міру і агмень, каля якога сустракаліся 13 прадстаўнікоў плямён[3].. Прадстаўнікі анандага не мелі права прымаць рашэнні, але склікалі сход прадстаўнікоў і накладвалі вета на яго рашэнні.

Анандага моцна пацярпелі падчас Бабровых войн. У канцы XVII ст. іх вёскі былі разбураны французамі. У XVIII ст. яны падтрымлівалі саюзныя адносіны з Вялікабрытаніяй. У гады вайны за незалежнасць ЗША гэты саюз прывёў да расколу канфедэрацыі іракезаў і вайне з раней саюзнымі анейда. У 1779 г. часткі Кантынентальнай арміі разбурылі цэнтральную сядзібу анандага. Яна была ўзноўлена толькі ў 1794 г. Многія анандага падтрымалі Джозефа Бранта і перасяліліся ў Канаду.

У 1790 г. правадыры падпісалі мір з ЗША, паводле якога яны страцілі частку тэрыторый, але атрымалі права на аўтаномную рэзервацыю. У 1810 г. у ёй жыло 200 чалавек. У 1896 г. — 495 чалавек, меліся дзяржаўная школа і 3 царквы. У 1862 г. у Нью-Ёрку быў створаны індзейскі аркестр, які складаўся пераважна з анандага. У другой палове XIX ст. запісаны і перакладзены на англійскую мову багаты фальклор гэтага народа.

У нашы дні анандага фармальна прызнаюцца федэральнымі ўладамі ЗША як суверэнная нацыя. У Канадзе яны ўваходзяць у склад першаснай нацыі іракезаў.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]