Анастасія Віктараўна Міронцава

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Анастасія Віктараўна Міронцава
Дата нараджэння 15 студзеня 1996(1996-01-15) (28 гадоў)
Грамадзянства
Род дзейнасці мастачка, палітычны вязень
Вучоба

Анастасія Віктараўна Міронцава (нар. 15 студзеня 1996) — мастачка, студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, палітычная зняволеная, абвінавачаная падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе. Праходзіла па адной крымінальнай справе з дзвюма сваімі сёстрамі, Вікторыяй і Аляксандрай.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Анастасія Міронцава — выпускніца-выдатніца гімназіі-каледжу мастацтваў імя. І. В. Ахрэмчыка. Пасля студэнтка-мастачка, да свайго затрымання навучалася на шостым курсе Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у Мінску. Мае пяць сясцёр, з дзвюма сваімі сёстрамі, Вікторыяй і Аляксандрай, праходзіла па адной справе[1][2].

Палітычны пераслед[правіць | правіць зыходнік]

Першы раз сёстры Міронцавы былі затрыманы 10 жніўня 2020 у Мінску, адкуль яны былі дастаўлены ў Ленінскі РАУС, дзе доўгі час іх трымалі каленямі на асфальце, суткі не кармілі. Па ўспамінах Аляксандры Міронцавай, найбольш жорстка супрацоўнікі сілавых структур паводзілі сябе пры перавозках людзей у аўтазаках, дзе білі і прыніжалі затрыманых хлопцаў. У выніку ўвечары 12 жніўня сёстры былі адпушчаны з ізалятара ў Жодзіна[3][4].

16 кастрычніка 2020 Анастасія Міронцава была затрымана пасля допыту ў РАУСе Мінска, куды яе запрасілі нібыта ў статусе сведкі, раней была затрымана яе сястра Вікторыя. Сёстрам прад’явілі абвінавачванні па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за падзеі 10 жніўня 2020 (дзяўчыны трапіла на відэа з пратэставых акцый, дзе былі затрамыны). Утрымліваліся сёстры Міронцавы ў СІЗА-1 у Менску[5].

11 студзеня 2021 шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, была прызнана палітычнай зняволеннай[6][7].

На судзе, які пачаўся ў сакавіку, высветлілася, што сёстрам ставяць у віну таксама артыкул 364 КК (гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі)[5]. У справе Анастасіі быў пазначаны «гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да 5 супрацоўнікаў АМАП з помсты да іх». У судзе чатыры з пяці АМАПаўцаў засведчылі, што дзяўчына не ўжывала гвалт у іх дачыненні. Пяты сведка, Васільеў (звесткі пра сведак з уліку АМАПу зменены на час паседжання), засведчыў, што Міронцава хапала яго за руку толькі адзін раз, а па якой менавіта прычыне ён упаў — растлумачыць не можа. Частка сведак у судзе папрасілі не пазбаўляць сясцёр волі[8][9]. Вытрымка з характарыстыкі Анастасіі з месца навучання, БДАМ, агучаная на судзе: «Анастасія Міронцава — дысцыплінаваная, творчая, актыўная студэнтка, сярэдні бал — 9,7. Удзельнічала ў шматлікіх выставах, мае ўрадавую ўзнагароду Рэспублікі Эквадор»[8].

1 красавіка 2021 ў судзе Савецкага раёна Мінска суддзя Воўк Аляксандр Аляксандравіч агучыў прысуд па крымінальнай справе Вікторыі і Анастасіі Міронцавых. Анастасія Міронцава атрымала 2 гады пазбаўлення волі, яе сястра Вікторыя — 2,5 гады[9].

4 сакавіка 2021 сімвалічным «хроснай» Анастасіі Міронцавай стала дэпутатка Нацыянальнай рады Швейцарыі і сустаршыня Сацыял-дэмакратычнай партыі Швейцарыі Матэя Маер. Па справе Анастасіі Матэя Маер заявіла наступнае: «Якое яе „злачынства“? Яна ўдзельнічала ў мірных дэманстрацыях супраць рэжыму Лукашэнкі і выступала за дэмакратыю і вяршэнства закона. Разам з кампаніяй салідарнасці Libereco #WeStandBYyou мы патрабуем яе неадкладнага вызвалення, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі!»[10][11].

Вырак адбывае ў папраўчай калоніі № 4 у Гомелі. Адміністрацыя калоніі паставіла Анастасію (таксама як і яе сястру Вікторыю) на ўлік як «схільную да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю» і «схільную да экстрэмісцкай дзейнасці», што прадугледжвае нашэнне жоўтай біркі на вопратцы і больш жорсткі ўзровень кантролю за зняволенымі[12].

16 чэрвеня 2022 Анастасія Міронцава выйшла на волю, бо цалкам адбыла прызначаны ёй тэрмін зняволення.

Выставы і праекты[правіць | правіць зыходнік]

Удзельніца плэнера «Пачаткі-II» у Друі, працы Анастасіі захоўваюцца ў галерэі кляштара[13].

З-за кратаў Анастасія дасылала сябрам свае малюнкі, частка з іх выстаўлялася ў Гамбургу ў мастацкім цэнтры Kunstverein Harburger Bahnhof ў верасні-кастрычніку 2021. Выстава ладзілася ў межах праекта, прысвечанага беларускай пратэснай творчасці[14][15].

Малюнкі і паштоўкі з-за кратаў Анастасіі Міронцавай выстаўляюцца у межах праекта «Штучная кома», стваральнікі Студэнцкае Аб’яднанне Мастацтва (СОІ)[16].

Зноскі

  1. https://euroradio.fm/rezhym-chakannya-lukerya-mironcava-pra-dachok-anastasiyu-i-viktoryyu-mironcavyh
  2. https://gazetaby.com/post/aleksandra-mironceva-nastya-i-vika-pishut-rady-cht/181907/
  3. Гісторыя адной сям’і: дзве сястры сядзяць у СІЗА за «палітыку», трэцяя з’ехала з краіны (бел.)
  4. Александра Миронцева: «Настя и Вика пишут — рады, что я смогла избежать всего этого» (руск.)
  5. а б https://prisoners.spring96.org/be/person/anastasija-mironcava
  6. http://belhelcom.org/be/news/zayava-pravaabaronchyh-arganizacyy-belarusi-ab-pryznanni-9-novyh-palitvyaznyau
  7. https://spring96.org/be/news/101237
  8. а б https://spring96.org/be/news/102597
  9. а б https://spring96.org/be/news/102711
  10. https://spring96.org/be/news/102268
  11. https://www.lphr.org/en/valerie-piller-carrard-national-council-sp-mattea-meyer-national-council-sp-and-cedric-wermuth-national-council-sp-have-taken-over-a-godparenthood-for-political-prisoners-in-belarus/
  12. https://spring96.org/be/news/105087
  13. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 12 лістапада 2021. Праверана 23 сакавіка 2022.
  14. https://budzma.org/news/raboty-palitznyavolenay-mastachki.html(недаступная спасылка)
  15. https://hamburgarts.de/antikoerper-junge-kunst-aus-belarus-im-westwerk/
  16. http://wystawa.tilda.ws/

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]