Андар (тэлесерыял)
«Áндар» (англ.: Andor) — амерыканскі тэлесерыял з франшызы «Зорныя войны», прэм’ера якога адбылася ў верасні 2022 года на Disney+. Серыял з’яўляецца прыквелам да фільма «Ізгой-адзін. Зорныя войны: Гісторыі».
Прэм’ера першых трох эпізодаў першага сезона адбылася 21 верасня 2022 года. Сезон складаўся з 12 эпізодаў і завяршыўся 23 лістапада. Сезон атрымаў захопленыя водгукі і высокія адзнакі, а многія выданні назвалі яго найлепшым ці адным з найлепшых серыялаў 2022 года[3].
Здымкі другога сезона, які завершыць серыял і раскажа пра падзеі «Ізгоя-адзін», пачаліся ў лістападзе 2022 года, былі спынены ў першай палове 2023 года з-за забастовак у Галівудзе ў 2023 годзе, аднавіліся ў студзені 2024 года і завяршыліся ў лютым 2024 года[4].
Сюжэт
[правіць | правіць зыходнік]Галоўным героем серыяла з’яўляецца Касіян Андар (яго, як і ў фільме, іграе Дыега Луна), злодзей, які далучаецца да Альянсу паўстанцаў у барацьбе супраць Галактычнай імперыі. Сюжэт пачынаецца за 5 гадоў да падзей, паказаных у фільме. У дзяцінстве Касіян апынуўся сярод марадзёраў, якія сталі яго сям’ёй. Стаўшы дарослым, ён шукае сваю сястру і выпадкова прыцягвае ўвагу праваахоўнікаў. Разам з тым, яго паслугамі цікавіцца Альянс паўстанцаў.
Акцёрскі склад
[правіць | правіць зыходнік]Галоўныя ролі
[правіць | правіць зыходнік]- Дыега Луна — Касіян Андар
- Кайл Солер — Сірыл Карн
- Адрыя Архона — Бікс Калін
- Стэлан Скарсгард — Лютэн Раэль
- Фіёна Шоу — Маарва Андар
- Жэнеўеў О’Райлі — Мон Мотма
- Дэніз Гоф — Дэдра Міра
- Фэй Марсей — Вэл Сарта
- Варада Сету — Сінта Каз
- Элізабэт Дулаў — Клея Маркі
- Бэн Мендэльсан — Орсан Крэнік
- Бенджамін Брэт — Бэйл Аргана
- Алан Цьюдзік — K-2SO
Ролі другога плана
[правіць | правіць зыходнік]- Джоплін Сібтайн — Браса
- Джэймс Мак-Ардл — Цім Карла
- Руперт Вансітарт — шэф Хайн
- Алекс Фернс — сяржант Лайнус Моск
- Гэры Бідл — Клем Андар
- Кэтрын Хантэр — Ідзі Карн
- Аластэр Макензі — Перын Ферта
- Антон Лесэр — маёр Партагас
- Алекс Лоўтэр — Карыс Немік
- Суле Рымі — лейтэнант Горн
- Эбан Мос-Бакрак — Арвел Скін
- Гершвін Юсташ-малодшы — Тарамін Баркона
- Стэнлі Таўнсэнд — камендант Джэйхалд Біхаз
- Бэн Майлз — Тэй Колма
- Эндзі Сэркіс — Кіна Лой
- Дункан Поу — Рускат Мэлшы
- Форэст Уітакер — Со Герэра
- Рычард Дзілейн — Дава Скалдан
- Муханад Бхаер — Вілман Паак
- Сэм Гілрой — Гердзіс
- Роберт Эмс — Лоні Юнг
- Джэйкаб Джэймс Бесвік — Хірт
- Рыхард Замель — Кара Райланз
- Цьеры Гадар — Лезін
- Алістэр Петры — генерал Дэйвітс Дрэйвэн
- Джонджа О’Ніл — Кайда
Эпізоды
[правіць | правіць зыходнік]Сезон 1 (2022)
[правіць | правіць зыходнік]| № | Назва | Рэжысёр | Аўтар сцэнарыя | Дата прэм’еры |
|---|---|---|---|---|
| 1 | «Каса» «Kassa» | Тобі Хэйнс | Тоні Гілрой | 21 верасня 2022 |
|
За пяць гадоў да бітвы пры Явіне Касіян Андар адпраўляецца на планету Марлана-1 з мэтай адшукаць сваю зніклую сястру. Калі Касіян заходзіць у бардэль, на яго звяртаюць увагу двое ахоўнікаў карпарацыі Pre-Mor Authority. На вуліцы між Касіянам і ахоўнікамі завязваецца бойка, падчас якой ён выпадкова забівае аднаго афіцэра і наўмысна застрэльвае другога, як сведку. Касіян ляціць на планету Фэрыкс, дзе імкнецца схаваць гэтыя падзеі, пераконваючы дроіда сваёй прыёмнай маці B2EMO і свайго сябра Браса яго прыкрыць. Касіян таксама просіць сваю сяброўку Бікс звесці яго з пакупніком на чорным рынку, якому можна прадаць модуль Starpath, каштоўны элемент імперскіх навігацыйных тэхналогій. Бікс згаджаецца і звязваецца з пакупніком, але яе спробы схаваць сувязь з Касіянам здаюцца падазронымі яе хлопцу Ціму. Тым часам на Марлане-адзін галоўны інспектар аховы вырашае схаваць інфармацыю аб забойстве, каб палепшыць свой рапарт для прадстаўнікоў Імперыі, але яго намеснік Сірыл Карн хоча ўсё зрабіць сумленна і задаецца мэтай раскрыць справу. Карн адсочвае, што карабель Касіяна ляцеў да Фэрыкса, а таксама даведваецца ад відавочца ў бардэлі, што Касіян згадваў сваё паходжанне з планеты Кенары. Флэшбэк: Юны Касіян, чыё племя жыло ў лесе на Кенары, становіцца сведкам падзення касмічнага карабля. Разам з сястрой (яна называе брата Каса) ён адпраўляецца агледзець месца падзення і бачыць велізарны кар’ер. | ||||
| 2 | «Гэта мог быць я» «That Would Be Me» | Тобі Хэйнс | Тоні Гілрой | 21 верасня 2022 |
|
Цім, якому па-ранейшаму здаецца падазронай сувязь Касіяна і Бікс, паведамляе аб Касіяне супрацоўнікам карпарацыі Pre-Mor, і тыя выдаюць ордэр на яго арышт. Карн аб’ядноўваецца з Лайнусам Москам, такім жа верным сваёй справе афіцэрам, каб арыштаваць Касіяна. B2EMO паведамляе Касіяну і Маарве аб ордэры, што палохае Маарву. Касіян рыхтуецца пакідаць планету. Тым часам пакупнік Бікс, Лютэн Раэль, адпраўляецца на Фэрыкс за навігацыйным модулем Starpath. Флэшбэк: Каса і яго атрад знаходзяць і даследуюць разбіты касмічны карабель, але аднаго з іх забівае выжылы член экіпажа. Племя забівае нападаючага і пакідае месца здарэння, але Каса вырашае застацца і агледзець карабель. | ||||
| 3 | «Расплата» «Reckoning» | Тобі Хэйнс | Тоні Гілрой | 21 верасня 2022 |
|
Лютэн прыбывае на Фэрыкс і сустракаецца з Касіянам на закінутым заводзе. Карн і Моск таксама прыбываюць туды разам з групай афіцэраў. Яны прыходзяць да Маарвы, але яна адмаўляецца супрацоўнічаць. Карн перахоплівае паведамленне Касіяна і такім чынам даведваецца пра яго месцазнаходжанне. Касіян збіраецца прадаць Starpath і пакінуць Фэрыкс, але Лютэн спрабуе пераканаць яго далучыцца да Паўстанцкага альянсу, згадваючы яго шматразовыя паспяховыя рабаванні і дыверсіі імперскіх караблёў. Калі афіцэры Карна штурмуюць завод, Касіян і Лютэн бягуць да дома Маарвы, дзе бяруць у закладнікі Карна. Калі Бікс даведваецца, што Касіяна выдаў Цім, яна кідае яго і неўзабаве трапляе ў рукі афіцэраў. Цім спрабуе заступіцца за яе і гіне. Афіцэра, які яго застрэліў, адпраўляюць на шатл чакаць пакарання, але шатл выбухае праз дыверсію Браса. Дзякуючы абманнаму манёўру, Лютэн і Касіян збягаюць з планеты, пакідаючы Карна і Моска ні з чым. Флэшбэк: Маарва і яе муж Клем даследуюць карабель, які разбіўся на Кенары, і знаходзяць Касу. Яны забіраюць яго з сабой, баючыся таго, што можа здарыцца з ім, калі яго знойдзе Рэспубліка. | ||||
| 4 | «Алдані» «Aldhani» | Сюзана Уайт | Дэн Гілрой | 28 верасня 2022 |
|
Лютэн бярэ Касіяна на планету Алдані і просіць яго далучыцца да атраду дыверсантаў у абмен на вялікую суму грошай. Касіян неахвотна згаджаецца. Лютэн просіць яго выкарыстоўваць псеўданім сярод паўстанцаў, і Касіян вырашае называць сябе «Клем». Вэл, лідар групы паўстанцаў, знаёміць Касіяна з астатнімі дыверсантамі, але трымае ўдзел Лютэна ў сакрэце. Паўстанцы расказваюць Касіяну, што плануюць скрасці з імперскага аэрадрома заробкі імперскага гарнізона, выкарыстоўваючы для адыходу рэдкую прыродную з’яву — «Вока Алдані». Тым часам на Корусанце Лютэн, які выдае сябе за антыквара, сустракаецца з сенатарам Мон Мотмай, і яны абмяркоўваюць складанасці ўтойвання ад Імперыі сваіх апазіцыйных намераў. Карна адчытваюць і адпраўляюць у прымусовы адпачынак, пасля чаго ён вяртаецца да сваёй маці Ідзі. Лейтэнант Імперскай службы бяспекі (ІСБ) Дэдра Міра зацыкліваецца на расследаванні інцыдэнту на Фэрыксе, але яе калегі і кіраўніцтва гэта не ўхваляюць. | ||||
| 5 | «Сякера забывае» «The Axe Forgets» | Сюзана Уайт | Дэн Гілрой | 5 кастрычніка 2022 |
|
На Алдані «Клем» хавае сваё мінулае ад астатніх членаў каманды, у выніку чаго большасць з іх пранікаецца недаверам да яго, у асаблівасці Арвел Скін. Тарамін Баркона трэніруе Касіяна і астатніх паўстанцаў перад рабаваннем і інфармуе іх пра падрабязнасці запланаванай справы. Дарогай да імперскага гарнізона Касіян прызнаецца, што далучыўся да групы толькі дзеля грошай. Лідар каманды Вэл вырашае сканцэнтравацца на місіі і адкласці разгляд мінулага «Клема», пакуль яны не дасягнуць сваіх мэтаў. Тым часам імперскі афіцэр і двайны агент паўстанцаў, лейтэнант Горн, таемна дапамагае камандзе Вэл. На Корусанце Ідзі падтрымлівае сына ў яго пошуках новых кар’ерных перспектыў. Мон Мотма стварае дабрачынны фонд, а яе стасункі з мужам і дачкой становяцца ўсё больш напружанымі. Інспектар ІСБ Блевін набывае будынак гатэлю на Фэрыксе, каб размясціць там сваю новую штаб-кватэру. Тым часам яго суперніца Міра і яе памочніца Герт прыходзяць да высновы, што паўстанцы здзяйсняюць серыю скаардынаваных крадзяжоў імперскай зброі і тэхналогій. Лютэн з нецярпеннем чакае вестак ад паўстанцкай каманды Касіяна. | ||||
| 6 | «Вока» «The Eye» | Сюзана Уайт | Дэн Гілрой | 12 кастрычніка 2022 |
|
Пры дапамозе Горна паўстанцы паспяхова пранікаюць у гарнізон, выдаючы сябе за эскортны атрад каменданта Джэйхалда Біхаса, начальніка Горна. Яны бяруць сям’ю Біхаса ў закладнікі і прымушаюць даць доступ у сховішча грошай. Падчас пагрузкі валюты на імперскі грузавы карабель у сховішча прыбываюць імперскія войскі. Тарамін і Горн гінуць у перастрэлцы. Сінта не можа трапіць на карабель, таму ратуюцца толькі Касіян, Скін, Вэл і Немік. Яны пралятаюць «Вока Алдані» — зіхоткае крышталічнае воблака — а іх пераследнікі ўразаюцца ў метэоры і гінуць. Падчас пагоні адбываецца няшчасны выпадак — у момант паскарэння Неміка прыціскае масіўнай цялежкай з крэдытамі, і той атрымлівае цяжкія траўмы. Уцекачы прызямляюцца на іншую планету, каб загаіць раны Неміка, але лекар нічога не можа зрабіць, і неўзабаве Немік памірае. Пакуль Вэл занятая наглядам за Немікам, Скін прапануе Касіяну падзяліць усё скрадзенае папалам і ўцячы. Адчуваючы агіду да Скіна і прапанаванай ім ідэі, Касіян нечакана выхоплівае бластэр і забівае Скіна. Ён расказвае Вэл, чаму гэта зрабіў і ў пацверджанне сваіх сумленных намераў пакідае ёй усе грошы, забіраючы толькі сваю долю, якую паабяцаў яму Лютэн. Тым часам на Корусанце Лютэн даведваецца аб паспяховым завяршэнні справы і цешыцца гэтай навіне. | ||||
| 7 | «Аб’ява» «Announcement» | Бенджамін Карон | Стывен Шыф | 19 кастрычніка 2022 |
|
На Корусанце Карн уладкоўваецца на працу ў Бюро стандартызацыі. Пакуль ІСБ узмацняе кантроль і прымае радыкальныя меры, Блевін абвінавачвае Міра ў кар’ерызме з-за зводкі дадзеных аб крадзяжах імперскага абсталявання, якую Міра атрымала парушыўшы пратакол. Яна даказвае свайму начальніку маёру Ліа Партагасу значнасць сваёй працы, і яе пераводзяць на Фэрыкс. Памочніца Лютэна Клея Маркі сустракаецца з Вэл на Корусанце і даручае ёй знайсці і забіць Касіяна, перш чым той раскрые асобу Лютэна. Мон Мотма сустракаецца з Тэем Колмам, сваім старым сябрам і банкірам, і просіць дапамагчы ёй схаваць сляды сумнеўных аперацый на яе сямейных рахунках. Касіян вяртаецца на Фэрыкс, каб аддаць усе даўгі, і даведваецца ад Бікс, што яго абвінавачваюць у нападзе на супрацоўнікаў карпаратыўнай бяспекі. З’яўленне штурмавікоў на Фэрыксе нагадвае Касіяну, як некалькі гадоў таму Клем, яго прыёмны бацька і муж Маарвы, быў забіты штурмавікамі. Касіян спрабуе пераканаць Маарву пакінуць Фэрыкс разам з ім, але яна вырашае застацца і таемна ўдзельнічаць у супраціве імперскім сілам. Касіян пад імем Кіф Гірга ў адзіночку адпраўляецца на курортную планету Ніямас. Па дарозе ў краму ён сутыкаецца з берагавымі штурмавікамі і атрадам дроідаў KX, якія арыштоўваюць яго за дробнае правапарушэнне. Яго прысуджаюць да шасці гадоў турэмнага зняволення. | ||||
| 8 | «Наркіна-5» «Narkina 5» | Тобі Хэйнс | Бо Уіліман | 26 кастрычніка 2022 |
|
Дэдра прыходзіць да высновы, што крадзяжы і скупка імперскага абсталявання носяць арганізаваны характар, і за ўсімі эпізодамі стаіць цэнтральная фігура, якой даюць імя Вось (англ.: axis). ІСБ кідае сілы на пошукі Касіяна, паколькі той сустракаўся з Воссю, калі хацеў прадаць модуль Starpath. Касіяна разам з іншымі асуджанымі прывозяць на планету Наркіна-5 на выпраўленчыя працы. Там яго сустракае начальнік участка зняволены Кіна Лой. Касіян кожны дзень працуе ў брыгадзе на ручной зборцы металічных вузлоў. Вэл і Сінта адпраўляюцца на Фэрыкс на пошукі Касіяна. Сустрэўшы хворую Маарву, Бікс спрабуе звязацца з Лютэнам і даведацца пра месцазнаходжанне Касіяна, але Лютэн адмаўляецца адказваць на выклік, баючыся, што іх размову будуць праслухоўваць. Ён пакідае Корусант і адпраўляецца на сустрэчу з Со Герэрам, каб пераканаць яго далучыцца да атрада Анта Крыгера ў нападзе на імперскую электрастанцыю ў Спэлхаўсе, але Герэра адмаўляецца. Міра распытвае Карна пра яго досвед на Фэрыксе, але адмаўляецца супрацоўнічаць з ім у расследаванні. Разам з атрадам яна адпраўляецца на Фэрыкс, дзе затрымлівае Бікс. | ||||
| 9 | «Ніхто не слухае!» «Nobody’s Listening!» | Тобі Хэйнс | Бо Уіліман | 2 лістапада 2022 |
|
Міра пры дапамозе доктара Горста катуе Бікс і даведваецца, што Касіян можа быць датычны да нападу на Алдані, але не даведваецца нічога пра Вось. ІСБ ловіць пілота паўстанцаў, які распавядае аб падрыхтоўцы нападу на электрастанцыю на Спэлхаўсе. Мон Мотма сустракаецца з Вэл, сваёй стрыечнай сястрой, і заклікае яе працягваць іграць ролю багатай лайдачкі, якая не цікавіцца палітыкай. Мон і Тэй Колма працягваюць працаваць над сакрэтным зборам сродкаў для паўстанцаў. Каб лепш схаваць сваю дзейнасць, Колма вымушана звярнуцца па дапамогу да «банкіра» па імені Дава Скалдан, які хоча сустрэцца з Мон. Касіян спрабуе вызнаць у камандзіра брыгады Кіна Лоя інфармацыю, якая дапаможа пры ўцёках з турмы. Кіна маўчыць, каб не атрымаць праблем, але Касіян перакананы, што зняволеныя не ўяўляюць ніякай каштоўнасці і іх ніхто не праслухоўвае. Тым часам у Олафа, старэйшага члена турэмнай брыгады Касіяна, здараецца прыпадак. Доктар дыягнастуе інсульт і прымае рашэнне прыскорыць смерць. Падчас працэдуры доктар таемна пацвярджае Касіяну і Кіна чутку: усе зняволеныя на другім паверсе турмы былі забітыя. Прычынай стала вяртанне ўжо нібыта вызваленага зняволенага, што адбылося з-за памылкі кіраўніцтва. Касіян і Кіна разумеюць, што ніхто ніколі не выходзіць з турмы, іх проста мяняюць месцамі да самай смерці. Гэта пераконвае Кіна далучыцца да плана ўцёкаў Касіяна. | ||||
| 10 | «Выйсце адно» «One Way Out» | Тобі Хэйнс | Бо Уіліман | 9 лістапада 2022 |
|
Касіян выводзіць са строю сістэму бяспекі на сваім ярусе, зламаўшы вадаправод і затапіўшы сам ярус, што дазваляе іншым зняволеным адолець ахоўнікаў і збегчы. Кіна выкарыстоўвае турэмнае перагаворнае прыстасаванне, каб прыцягнуць іншыя ярусы да ўцёкаў, і паўстанне распаўсюджваецца па ўсёй турме. Нягледзячы на сваю ролю ва ўцёках, Кіна не ўмее плаваць і змушаны застацца ў акружанай вадой турме. Касіян скача ў ваду разам з іншымі ўцекачамі, і яны плывуць да зямлі. Мон Мотма і Тэй Колма сустракаюцца з земляком Дава Скалданам, багатым ценявым дзялком з Чандрылы, які мог бы дапамагчы легалізаваць сумнеўныя аперацыі Мон. Дава ў адказ просіць Мон прадставіць яе дачку яго сыну, што з’яўляецца першым крокам на шляху да шлюбу ў іх агульнай чандрыланскай культуры. Мон сыходзіць з сустрэчы, не даўшы адказу. Лоні Юнг, таемны інфарматар Альянса ў шэрагах ІСБ, сустракаецца з Лютэнам і інфармуе яго аб новых дзеяннях ІСБ. Яны абодва разважаюць аб тым, як яны сталі закладнікамі сваіх роляў. Касіян і яшчэ адзін зняволены дабіраюцца да берага. | ||||
| 11 | «Дачка Фэрыкса» «Daughter of Ferrix» | Бенджамін Карон | Тоні Гілрой | 16 лістапада 2022 |
|
Маарва памірае, і на Фэрыксе гатуюць пахавальную цырымонію. Міра разлічвае, што туды прыбудуць паўстанцы, з якімі Маарва мела сувязі. Карн таксама даведваецца пра пахаванне Маарвы ад свайго былога падначаленага Москі і хоча сам знайсці Андара. Вэл паведамляе Клеі пра смерць Маарвы і даведваецца, што Мон усё ж рашылася выдаць сваю дачку замуж, каб атрымаць ад Скалдана дапамогу ў легалізацыі сваіх фінансавых аперацый. Дачка Мон Ліда пачынае браць удзел у групавых сходах, звязаных з чандрыланскай культурай і вясельнымі традыцыямі, што засмучае Мон і Вэл. Со Герэра ў апошні момант вырашае прыняць удзел у нападзе Крыгера на Спэлхаўс, але Лютэн раіць яму адмовіцца ад гэтай задумы і ахвяраваць Крыгерам дзеля бяспекі астатніх паўстанцаў. Вяртаючыся на Корусант, Лютэн трапляе ва ўвагу імперскага патруля і збягае, знішчыўшы некалькі імперскіх знішчальнікаў. Касіян і Рускат Мэлшы выбіраюцца на бераг, знаходзяць карабель і пакідаюць Наркіна-5. Яны адпраўляюцца на Ніямас, дзе Касіян забірае са схованкі свае рэчы і грошы. Касіян звязваецца з Фэрыксам і даведваецца пра смерць Маарвы. Ён пакідае Мэлшы, каб хоць камусь з іх удалося выкрыць несправядлівую турэмную сістэму Імперыі. | ||||
| 12 | «Рыкс-роўд» «Rix Road» | Бенджамін Карон | Тоні Гілрой | 23 лістапада 2022 |
|
Касіян таемна вяртаецца на Фэрыкс і даведваецца пра зняволенне Бікс. Дэдра Міра і мясцовы імперскі гарнізон рыхтуюцца выкарыстаць пахаванне, каб захапіць Андара жывым і дапытаць яго пра Вось. Каб не дапусціць гэтага, Лютэн плануе знайсці Касіяна першым і забіць яго з дапамогай Вэл і Сінты. Мон Мотма працягвае знаходзіцца пад наглядам ІСБ, а яе дачка Ліда сустракаецца з сынам Дава Скалдана. Падчас пахавання B2EMO запускае загадзя запісаную прамову Маарвы, якая натхняе прысутных на Рыкс-роўд паўстаць супраць Імперыі. Падчас бою Касіян вызваляе Бікс, а Сірыл Карн ратуе Міра ад паўстанцаў. Сустрэўшыся з B2EMO, Браса і некалькімі іншымі на верфі, Касіян пераконвае іх адвезці Бікс у бяспечнае месца, як мага далей ад Фэрыкса. Узрушаны паўстаннем, Лютэн вяртаецца на свой карабель, дзе яго ўжо чакае Касіян. Ведаючы, што Лютэн меў намер забіць яго, Касіян прапануе выканаць свой план або ўзяць яго з сабой. У сцэне пасля цітраў дроіды манціруюць металічныя вузлы, зробленыя вязнямі Наркіна-5. Выяўляецца, што гэта часткі факусіруючай лінзы суперлазера на Зорцы смерці. | ||||
Сезон 2 (2025)
[правіць | правіць зыходнік]| № | Назва | Рэжысёр | Аўтар сцэнарыя | Дата прэм’еры |
|---|---|---|---|---|
| 1 | «Годам пазней» «One Year Later» | Арыел Кляйман | Тоні Гілрой | 22 красавіка 2025 |
| 2 | «Сагрона Ціма» «Sagrona Teema» | Арыел Кляйман | Тоні Гілрой | 22 красавіка 2025 |
| 3 | «Ураджай» «Harvest» | Арыел Кляйман | Тоні Гілрой | 22 красавіка 2025 |
| 4 | «Вы бывалі на Гормане?» «Ever Been to Ghorman?» | Арыел Кляйман | Бо Уіліман | 29 красавіка 2025 |
| 5 | «У мяне сябры паўсюль» «I Have Friends Everywhere» | Арыел Кляйман | Бо Уіліман | 29 красавіка 2025 |
| 6 | «Які святочны вечар» «What a Festive Evening» | Арыел Кляйман | Бо Уіліман | 29 красавіка 2025 |
| 7 | «Пасланнік» «Messenger» | Янус Мец | Дэн Гілрой | 6 мая 2025 |
| 8 | «Хто ты?» «Who are You?» | Янус Мец | Дэн Гілрой | 6 мая 2025 |
| 9 | «Вітаем у Паўстанні» «Welcome to the Rebellion» | Янус Мец | Дэн Гілрой | 6 мая 2025 |
| 10 | «Спыні гэта» «Make It Stop» | Алонса Руіспаласіас | Том Бісел | 13 мая 2025 |
| 11 | «Хто яшчэ ведае?» «Who Else Knows?» | Алонса Руіспаласіас | Том Бісел | 13 мая 2025 |
| 12 | «Джэда, Кайбер, Эрса» «Jedha, Kyber, Erso» | Алонса Руіспаласіас | Том Бісел | 13 мая 2025 |
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]На прэміі «Эмі» першы сезон быў адзначаны 8 намінацыямі, але застаўся без узнагарод, другі ж сезон атрымаў ажно 16 намінацый і перамог у 5 з іх. Абодва сезоны намінаваліся на «Найлепшы драматычны серыял»[5].
У 2025 годзе часопіс «Empire» прызнаў другі сезон «Андара» найлепшым серыялам года[6].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ https://www.dailymail.co.uk/tvshowbiz/article-9401607/Star-Wars-Andor-filming-takes-place-Buckinghamshire-village.html Праверана 12 кастрычніка 2022.
- ↑ Star Wars Places Праверана 12 кастрычніка 2022.
- ↑ TV Critic Top 10 Lists - Best TV Shows of 2022 Архівавана 16 снежня 2022. - Metacritic
- ↑ Erick Massoto. 'Andor' Season 2 Wraps Filming (англ.). Collider (9 лютага 2024). Архівавана з першакрыніцы 10 лютага 2024. Праверана 10 лютага 2024.
- ↑ Andor (англ.). Television Academy. Праверана 26 ліпеня 2025.
- ↑ James Dyer, Ben Travis, Beth Webb, Alex Godfrey, John Nugent, Jordan King, Harry Stainer. The Best TV Shows Of 2025 That You Need To Binge (англ.). Сайт часопіса «Empire» (12 студзеня 2025). Праверана 20 снежня 2025.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Афіцыйны сайт (англ.)
- Андар на сайце «Internet Movie Database» (англ.)