Анджэй Струг
| Анджэй Струг | |
|---|---|
| польск.: Andrzej Strug | |
| | |
| Асабістыя звесткі | |
| Імя пры нараджэнні | Тадэвуш Галецкі |
| Псеўданімы | «Borsuk», «August Kudłaty» |
| Дата нараджэння | 28 лістапада 1871 |
| Месца нараджэння | Люблін, Царства Польскае, Расійская імперыя |
| Дата смерці | 9 снежня 1937 |
| Месца смерці | Варшава, Польшча |
| Пахаванне | |
| Грамадзянства | |
| Бацька | Уладзіслаў Галецкі |
| Маці | Паўліна з Міклашэўскіх |
| Жонка | Нэлі Галецкая-Струг |
| Альма-матар | |
| Прафесійная дзейнасць | |
| Род дзейнасці | пісьменнік, публіцыст, літаратурны крытык, грамадска-палітычны дзеяч, сцэнарыст |
| Гады творчасці | 1902—1937 |
| Жанр | апавяданне, аповесць, раман |
| Мова твораў | польская |
| Грамадская дзейнасць | |
| Партыя | |
| Член у | |
| Прэміі |
Літаратурная прэмія імя Элізы Ажэшкі Прэмія горада Лодзі |
| Узнагароды | |
А́нджэй Струг (польск.: Andrzej Strug), сапраўднае імя Тадэ́вуш Гале́цкі (польск.: Tadeusz Gałecki; 28 лістапада 1871, Люблін — 9 снежня 1937, Варшава) — польскі пісьменнік, публіцыст, літаратурны крытык. Масон, грамадска-палітычны дзеяч, удзельнік сацыялістычнага і незалежніцкага руху, кавалер ордэна Virtuti Militari.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Раннія гады і рэвалюцыйная дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў Любліне ў сям’і Уладзіслава Галецкага, уладальніка каланіяльнага магазіна, і Паўліны з Міклашэўскіх[1]. Навучаўся ў Інстытуце сельскай гаспадаркі і лесаводства ў Пулавах, дзе далучыўся да нелегальнай дзейнасці Гуртка народнай асветы (польск.: Koło Oświaty Ludowej) і Польскай сацыялістычнай партыі (ППС)[2]. У 1895 годзе быў арыштаваны царскімі ўладамі і зняволены ў X павільёне Варшаўскай цытадэлі, а ў 1897 годзе асуджаны і сасланы ў Архангельскую губерню[2], дзе знаходзіўся да 1900 года[3].
Пасля вяртання са ссылкі вывучаў філасофію ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве (1901—1904). Прымаў актыўны ўдзел у падзеях рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Польшчы[3]. У гэты час ён з'яўляўся лідарам Сялянскага, а затым Вясковага аддзела ППС, рэдагаваў сялянскія выданні «Gazetа Ludowа» («Народная газета») і «Robotnik Wiejski» («Вясковы работнік»)[4]. У 1907 годзе зноў быў арыштаваны, з-за чаго вымушаны быў пакінуць межы Расійскай імперыі і збегчы ў Парыж, дзе пражыў да 1914 года. У 1908 годзе ўступіў у ППС — рэвалюцыйную фракцыю пад кіраўніцтвам Юзафа Пілсудскага.
У 1910 годзе А. Струг быў адным з падпісантаў адкрытага ліста з патрабаваннем пахаваць цела Юліуша Славацкага на Вавелі, супраць чаго пратэставаў кракаўскі біскуп Ян Пузына[5]. Пасля вяртання з Францыі ўступіў у таварыства «Стралец»[3]. У жніўні 1912 года ўдзельнічаў у з'ездзе ў Закапанэ, на якім быў створаны Польскі вайсковы скарб (польск.: Polski Skarb Wojskowy)[6].
Першая сусветная вайна і незалежная Польшча
[правіць | правіць зыходнік]Падчас Першай сусветнай вайны ў званні вахмістра ваяваў у шэрагах Польскіх легіёнаў Ю. Пілсудскага (у 1-м палку ўланаў)[3]. У 1915—1918 гадах выконваў функцыі палітычнага рэферэнта ў Польскай вайсковай арганізацыі[3]. 9 лютага 1916 года фармальна звольнены з Легіёнаў.
У незалежнай Польшчы выступаў прадстаўніком ППС. У 1918 годзе браў удзел у стварэнні Народнага ўрада (урад І. Дашынскага), дзе стаў намеснікам міністра прапаганды. У 1918—1919 гадах рэдагаваў часопіс «Rząd i Wojsko» («Урад і Войска»). У 1928 годзе абраны ў Сенат па спісах ППС. З'яўляўся адным з заснавальнікаў і двойчы старшынёй Прафесійнага саюза польскіх літаратараў (1924, 1935)[3] (у прыватнасці, быў дэлегатам на з'езд саюза 4 лютага 1922 года ў Варшаве[7]).
А. Струг працаваў і ў кінематографе: у 1928 годзе выступіў суаўтарам сцэнарыяў для нямых фільмаў «Пан Тадэвуш» (разам з Фердынандам Гётэлем) і «Перадвесне» (разам з Анатолем Стэрнам)[3], а таксама працаваў літаратурным кіраўніком пры адаптацыі рамана С. Пшыбышэўскага «Моцны чалавек»[8].
Быў актыўным грамадска-палітычным дзеячам, абаронцам правоў чалавека. У 1934 годзе стаў на чале Лігі абароны правоў чалавека і грамадзяніна[3]. У тым жа годзе адмовіўся ад прапанаванага сяброўства ў Польскай акадэміі літаратуры на знак пратэсту супраць Брэсцкага працэсу і стварэння канцэнтрацыйнага лагера ў Бярозе-Картузскай[3]. Больш за тое, Анджэй Струг афіцыйна выйшаў са складу польскага сейма, дэманструючы такім чынам пратэст супраць забароны выкладання па-беларуску ўладам міжваеннай Польшчы[9]. У 1936 годзе ўвайшоў у склад камітэта Міжнароднай арганізацыі дапамогі змагарам рэвалюцыі (МАДР).
Таксама А. Струг належаў да масонства. У 1920 годзе ён стаў адным з заснавальнікаў Вялікай Нацыянальнай Ложы Польшчы[3], а з 1922 па 1923 год выконваў функцыі яе Вялікага Майстра[10].
Памёр 9 снежня 1937 года ў Варшаве. Пахаваны на Вайсковых могілках Павонзкі (кватэра A19-левае паўкола-9)[3][11].
Асабістае жыццё
[правіць | правіць зыходнік]Быў жанаты з Нэлі Галецкай-Струг (1892—1989)[12].
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Дэбютаваў як літаратурны крытык у 1902 годзе. Пасля смерці Стэфана Жаромскага ў 1925 годзе ўспрымаўся як «новае ўвасабленне сумлення польскай літаратуры».
Апавяданні і аповесці першага перыяду творчасці былі напісаны на аснове вопыту рэвалюцыі 1905 года і адлюстроўвалі трагічнасць і ахвярнасць рэвалюцыянераў-інтэлігентаў. У цыкле апавяданняў «Айцы нашы» (1911) апісаны падзеі Студзеньскага паўстання 1863 года. Тэма Першай сусветнай вайны і баявы шлях Легіёнаў Пілсудскага знайшлі адлюстраванне ў аповесцях «Хімера» (1918)[13], «Адзнака за верную службу» (1921), «Магіла невядомага салдата» (1922).
Расчараванне ў рэаліях незалежнай Польшчы і крытыка тагачаснага капіталізму праявіліся ў раманах 1920-х гадоў: «Пакаленне Марка Свіды» (1925), «Грошы» (1914, пазней перавыдадзены), «Фартуна касіра Спеванкевіча» (1928), трылогіі «Жоўты крыж» (1932—1933). Сярод твораў А. Струга асабняком стаіць гратэскна-сатырычны твор «Закапанаптыкон», напісаны дзякуючы добраму веданню праблем моднага тады курорта Закапанэ.
Узнагароды і прэміі
[правіць | правіць зыходнік]
- Сярэбраны крыж Ордэна Virtuti Militari № 5419 (17 мая 1922)[14];
- Крыж Незалежнасці (4 лістапада 1933) — «за працу ў справе аднаўлення незалежнасці»[15];
- Афіцэрскі крыж Ордэна Адраджэння Польшчы (30 красавіка 1925) — «за выдатную літаратурную творчасць»[16] (супраць ўзнагароджання пратэставаў каталіцкі святар Максіміліян Марыя Кольбэ[17]);
- Крыж Храбрых;
- Залаты Акадэмічны лаўр (5 лістапада 1935) — «за выдатную літаратурную творчасць»[18];
- Памятны знак ПАВ № 620 (6 жніўня 1919);
- Літаратурная прэмія імя Элізы Ажэшкі за прыжыццёвыя дасягненні (1927)[19];
- Прэмія горада Лодзі за агульны ўклад у літаратуру (1933)[20].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Gałecki (Strug) Tadeusz (Andrzej) (польск.). Muzeum Józefa Piłsudskiego w Sulejówku. Архівавана з першакрыніцы 10 снежня 2017. Праверана 9 снежня 2017.
- 1 2 Król S. Cytadela Warszawska. — Warszawa: Książka i Wiedza, 1978. — С. 190.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 Leżeński C., Kukawski L. O kawalerii polskiej XX wieku. — Wrocław: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1991. — С. 22. — ISBN 83-04-03364-X.
- ↑ Sandler S. Andrzej Strug wśród ludzi podziemnych. — Warszawa: Czytelnik, 1959.
- ↑ List otwarty w sprawie sprowadzenia zwłok Juliusza Słowackiego (польск.) (6 кастрычніка 1910).
- ↑ Kiedrzyńska W. Powstanie i organizacja Polskiego Skarbu Wojskowego 1912–1914 // Niepodległość. — 1936. — Т. XIII. — № 1 (33). — С. 80.
- ↑ Wiadomości bieżące. Z miasta. O byt literatów // Kurjer Warszawski. — 1922. — № 39. — С. 4.
- ↑ Lubelski T. Historia Kina Polskiego 1895-2014. — Kraków, 2015. — С. 74.
- ↑ Хмяльніцкі М. Беларускі дыскурс у польскай літаратуры 20-30-х гг. ХХ ст.: сучасная рэцэпцыя праблемы // Українська полоністика. Філологічні дослідження. — 2014. — № 11. — С. 48.
- ↑ Chajn L. Wolnomularstwo w II Rzeczypospolitej. — Warszawa, 1975.
- ↑ Wyszukiwarka cmentarna – Warszawskie cmentarze (польск.). Праверана 19 студзеня 2022.
- ↑ Piechowski A. Losy spółdzielni mieszkaniowych w Warszawie w latach okupacji niemieckiej. — Warszawa: Spółdzielczy Instytut Wydawniczy, 1992. — С. 69. — ISBN 83-209-0837-X.
- ↑ Andrzej Strug. Chimera : powieść, wyd. 1918. (польск.). polona.pl. Праверана 19 ліпеня 2018.
- ↑ Wykaz odznaczonych orderem wojskowym „Virtuti Militari“ V kl. z b. 1 p. ułanów Legjonów Polskich // Żołnierz Polski. — 1922. — 30 ліпеня — № 31 (310). — С. 16.
- ↑ M.P. z 1933 r. Nr 255, poz. 273
- ↑ M.P. z 1925 r. Nr 102, poz. 435
- ↑ Maksymilian Maria Kolbe Kronika religijna. Skandaliczne odznaczenie // Rycerz Niepokalanej. — 1925. — № 7. — С. 165.
- ↑ M.P. z 1935 r. Nr 257, poz. 305
- ↑ Dąbrowski M. Światowid : ilustrowany kurjer tygodniowy. — 1927. — 5 сакавіка — № 10.
- ↑ Nagrody Miasta Łodzi (польск.). BIP ŁÓDŹ. Праверана 4 кастрычніка 2021.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Хмяльніцкі М. Беларускі дыскурс у польскай літаратуры 20-30-х гг. ХХ ст.: сучасная рэцэпцыя праблемы // Українська полоністика. Філологічні дослідження. — 2014. — № 11. — С. 44—52.
- Król S. Cytadela Warszawska. — Warszawa: Książka i Wiedza, 1978.
- Leżeński C., Kukawski L. O kawalerii polskiej XX wieku. — Wrocław: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1991. — ISBN 83-04-03364-X.
- Асобы
- Нарадзіліся 28 лістапада
- Нарадзіліся ў 1871 годзе
- Памерлі 9 снежня
- Памерлі ў 1937 годзе
- Пахаваныя на Вайсковых Павонзках
- Выпускнікі Ягелонскага ўніверсітэта
- Кавалеры сярэбранага знака ордэна Virtuti Militari
- Афіцэры ордэна Адраджэння Польшчы
- Кавалеры Крыжа Незалежнасці
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Нарадзіліся ў Любліне
- Памерлі ў Варшаве
- Пісьменнікі Польшчы XX стагоддзя
- Палітыкі Польшчы
- Удзельнікі Першай сусветнай вайны