Перайсці да зместу

Андрэй Тавянскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Анджэй Тавяньскі)
Андрэй Тавянскі
польск.: Andrzej Tomasz Michał Karol Towiański
Род дзейнасці філосаф, лідар культу, рэлігійны лідар
Дата нараджэння 1 студзеня 1799(1799-01-01)[1][2]
Месца нараджэння
Дата смерці 13 мая 1878(1878-05-13)[1][2] (79 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Альма-матар
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Андрэй Тамаш Міхал Караль Тавянскі[4] (польск.: Andrzej Tomasz Michał Karol Towiański; 1 студзеня 1799(1799-01-01)[1][2], Анташвінцы[d], Вількамірскі павет, Літоўская губерня, Расійская імперыя13 мая 1878(1878-05-13)[1][2], Цюрых[3]) — польскі памешчык, філосаф і рэлігійны дзеяч, месіяніст[d]. Лідар тавянчыкаў, арганізацыі, таксама вядомай як Кола Божай Справы[d].

Паходзіў з Віленшчыны. Быў сынам Якуба Тавянскага гербу Гералт і Ізабэлы, народжанай Памарнацкай[5][6]. Вывучаў права ў Віленскім імператарскім універсітэце, быў асэсарам Галоўнага суда ў Вільні. 11 траўня 1828 года ў Бернардзінскім касцёле перажыў рэлігійнае адкрыццё. Гэта пацвердзіла ягоную веру, якой ён прытрымліваўся з дзяцінства, што змаганнем са зброяй у руках немагчыма змяніць рэчаіснасць да лепшага, што вынікае з нянавісці да іншых людзей.

Партрэт Андрэя Тавянскага аўтарства Валенція Ваньковіча

У 1830 годзе ажаніўся з Каралінай Макс. У 1837 годзе пасля смерці бацькі заняў маёнтак у Анташвінцах. У 1840 годзе пакінуў сямейны маёнтак і сям’ю (у тым ліку пяцярых дзяцей)[7] і выехаў у Парыж, дзе пасля паражэння паўстання 1830—1831 гадоў асела польская культурная эліта. Ён згуртаваў вакол сябе вучняў з эміграцыі, у іх ліку: Адам Міцкевіч, Юльюш Славацкі, Севярын Гашчынскі, Караль Балінскі, Геранім Напалеон Банькоўскі, мастак Валенцій Ваньковіч і фатограф Міхал Швейцэр.

У 1842 годзе быў высланы з Францыі праз абвінавачванне ў шпіянажы на карысць Расійскай імперыі. Назаўсёды пасяліўся ў Цюрыху, дзе вёў сваю дзейнасць да канца жыцця. Ён двойчы намагаўся сустрэцца з Папам Рымскім, каб пераканаць яго ў хрысціянскай рэвалюцыі, гэта значыць увесці евангельскія прынцыпы ў міжнародныя адносіны. Не дапушчаны да Папы, ён напісаў лісты Грыгорыю XVI і Пію IX, на якія не атрымаў адказу.

Магіла тавянчыкаў у Цюрыху

Пахаваны на могілках Зільфельд у Цюрыху.

Рэлігійнае вучэнне

[правіць | правіць зыходнік]

Тавянізм (тавіянства) ёсць супярэчлівай і эклектычнай сумессю разнастайных рэлігійных, містычных і гісторыяфіласофскіх поглядаў. Істотную ролю ў ім адыгрываюць уяўленні аб «калонах» несмяротных духаў, якія дзейнічаюць праз людзей, аб місіях асобных народаў (напрыклад, яўрэяў, французаў і палякаў) і аб пасланцах Бога, праз якіх ажыццяўляецца Правідзенне. Да такіх пасланцаў Тавянскі залічваў Напалеона і сябе.

Паводле вучэння Тавянскага, Польшча — адзіная каталіцкая і разам з тым адзіная хрысціянская краіна. Яна — Месія, бо паслана ў свет загладзіць грахі роду чалавечага і, як месія, укрыжованая. Як у Старым Запавеце былі рассеяны яўрэі, народ абраны, так у новым рассеяны абраны народ Новага Запавету — палякі, за тое, што не здолелі абараніць Польшчу, але надыдзе часіна — Польшча ўваскрэсне, палякі збяруцца ў ёй, свет перарадзіцца.

У духу месіянізму Тавянскага Адам Міцкевіч напісаў свае рэлігійна-публіцыстычныя «Кнігі польскага народа і польскага пілігрымства» (1832). Гэтае ж кола ідэй Міцкевіч развіваў у газеце «Польскі пілігрым» («Pielgrzym Polski[d]», 1832—1833).

  1. а б в г Andrzej Towiański // CERL ThesaurusConsortium of European Research Libraries. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. а б в г Andrzej Tomasz Towiański // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  3. а б Catalog of the German National Library Праверана 13 красавіка 2024.
  4. Дзмітрый Матвейчык. Браты Янушкевічы і тавянізм: складаныя шляхі Вялікай эміграцыі | Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. niab.by. Праверана 29 ліпеня 2024.
  5. Andrzej Towiański – Paryskie salony romantyków (польск.). Праверана 29 ліпеня 2024.
  6. GD Andrzej Tomasz Michał Karol Towiański h. Gierałt . geni_family_tree (2 чэрвеня 2024). Праверана 29 ліпеня 2024.
  7. Chwila przełomu w życiu Adama Mickiewicza. W: Ferdynand Hoesick: Szkice i opowiadania historyczno-literackie. Warszawa: Gebethner i Wolff, 1900, s. 187. [dostęp 2021-06-09].