Андраш I
Андраш I I. András | ||
![]() | ||
Бюст Андраша I у Нацыянальным Мемарыяльным парку ў Опустасеры. | ||
| ||
---|---|---|
1046 — 1060 | ||
Папярэднік | Пётр Арсеола | |
Пераемнік | Бела I | |
Дзейнасць | палітык | |
Веравызнанне | хрысціянства | |
Нараджэнне | 1010
| |
Смерць | 27 студзеня 1061 | |
Пахаванне | ||
Дынастыя | Арпады | |
Бацька | Вазул[d] | |
Жонка | Анастасія Яраслаўна | |
Дзеці | Адэлаіда Венгерская, Шаламон[d], Дзьёрдзь[d] і Давід Венгерскі[d] | |
А́ндраш I Бе́лы, або Като́лік (венг.: I. András Fehér, I. Endre; каля 1015 — снежань 1060, Зірц) — кароль Венгрыі з дынастыі Арпадаў. Правёў пятнаццаць гадоў у выгнанні і ўзышоў на прастол падчас буйнога паўстання венграў-язычнікаў. Умацаваў пазіцыі хрысціянства ў Венгрыі і паспяхова абараніў яе незалежнасць ад Свяшчэннай Рымскай імперыі. Спрабаваў забяспечыць перадачу прастола свайму сыну Шоламану, у выніку чаго ўступіў у канфлікт з братам Белам. У 1060 годзе Бела зрынуў Андраша. Падчас вырашальнай бітвы Андраш атрымаў цяжкія раны і памёр да каранацыі свайго брата.
Раннія гады[правіць | правіць зыходнік]
Дзяцінства (каля 1015 — 1031)[правіць | правіць зыходнік]
Сярэдневяковыя крыніцы даюць супярэчлівыя звесткі пра бацькоў Андраша і яго двух братоў, Левентэ і Белы[2]. Да прыкладу, «Хроніка Заграба» і «Жыццяпіс Святога Герарда»[2] гавораць, што іх бацькам быў Вазул (Васіль), унук Такшаня, вялікага князя венгерскага[3]. Паводле іншых хронік, тры князі былі сынамі брата Вазула, Ласла Лысага[2]. Сучасныя гісторыкі адпрэчваюць апошнюю версію і згаджаюцца з тым, што Андраш і яго браты былі сынамі Вазула[2][4][5][6]. Illuminated Chronicle і іншыя сярэдневяковыя крыніцы пішуць пра адносіны Вазула з «нейкай дзяўчынай» з роду Татань, якая нарадзіла яму сыноў, хоць шлюб аформлены не быў[7][8]. Паводле слоў гісторыка Дзьюлы Крыста, Андраш быў другім сярод трох сыноў Вазула. Ён піша, што Андраш нарадзіўся каля 1015 года[4].
У выгнанні (1031—1046)[правіць | правіць зыходнік]
Паводле сярэдневяковых хронік, Вазул быў аслеплены ў часы валадарання свайго стрыечнага брата, караля Іштвана I — першага хрысціянскага кіраўніка Венгрыі — пасля смерці ў 1031 годзе яго адзінага сына Эмерыка[9][10]. Annales Altahenses піша, што кароль загадаў знявечыць Вазула як галоўнага прэтэндэнта на прастол, каб забяспечыць мірны пераход у спадчыну ўлады да свайго пляменніка Пятра Арсеола[11][5]. Тая ж крыніца дадае, што пасля гэтага Іштван I выгнаў траіх сыноў Вазула з краіны[2]. Паводле іншых звестак, кароль хацеў выратаваць жыцці маладых князёў ад сваіх ворагаў пры каралеўскім двары і таму арганізаваў іх хуткі ад’езд з Венгрыі[12][4].
![]() |
Яго ўласны сын памёр пры жыцці бацькі, і, не маючы іншых сыноў, Іштван наблізіў і прызначыў сваім спадчыннікам пляменніка Пятра Арсеола. Яго сваяк [Вазул] не пагадзіўся з гэтым; быўшы аслепленым па загадзе Іштвана, ён, хоць і быў больш годны прастола, адправіў сваіх юных сыноў у выгнанне. - Annales Altahenses[13] |
![]() |
.
Выгнаныя з Венгрыі Андраш і яго браты пасяліліся пры двары герцага Ольдржыха Багемскага [6]. Тут яны сустрэлі караля Мешку II[6], якога таксама прынялі ў Багеміі пасля выгнання з Польшчы[14]. У 1032 годзе польскі манарх вярнуў сабе карону пры дапамозе чэшскай войска[15]. Андраш, Бела і Левентэ, «якія жылі ў беднаце»[16], у Багеміі, адправіліся ўслед за Мешкам II у Польшчу, дзе іх прынялі іх «з ласкай і з гонарам»[4][6]. Пасля малодшы з братоў, Бела, ажаніўся з Рыксай, дачкой Мешкі II, Андраш і Левентэ вырашылі пакінуць Польшчу, паколькі яны «адчувалі, што яны будуць жыць у Польшчы ў цені свайго брата»[17] [18].
Венгерскія хронікі захавалі гісторыю, поўную казачных і анахранічных дэталяў наступных тулянняў двух братоў[18]. Так, яны распавядаюць, што Андраш і Левентэ былі захоплены ў палон полаўцамі (куманамі) [18], але апошнія перасяліліся ў Еўропу толькі ў 1050-я гады. Сутыкнуўшыся з вялікімі цяжкасцямі, Андраш і Левентэ ў канцы 1030-х гадоў знайшлі прытулак пры двары Яраслава Мудрага, вялікага князя кіеўскага. Вялікі князь выдаў за Андраша сваю дачку Анастасію[18]. Крыста піша, што Андраш, які да таго часу заставаўся язычнікам, з нагоды вяселля быў хрышчоны[19].
![]() |
Атрымаўшы дазвол ад [польскага манарха, Андраш і Левентэ] пакінулі свайго брата Белу і адбылі да караля Ладамерыі, які не прыняў іх. Паколькі ў іх не было, дзе схіліць галаву, яны пайшлі адтуль да [полаўцаў]. Тыя палічылі іх разведчыкамі, якія прыйшлі выглядзець іх зямлю, і калі б палонны венгр не пазнаў іх, полаўцы, вядома, расправіліся б з братамі, але замест гэтага яны трымалі іх у палоне на працягу некаторага часу. Затым яны адправіліся адтуль у Русь. - Illuminated Chronicle[20] |
![]() |
.
Вяртанне ў Венгрыю (1046)[правіць | правіць зыходнік]
Да гэтага ж часу кароль Пётр Арсеола, які змяніў Іштвана I на прастоле ў 1038 годзе, адштурхнуў ад сябе многіх прадстаўнікоў знаці і духавенства, асабліва калі ў 1045 годзе ён урачыста прызнаў сюзерэнітэт імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Генрыха III[5][21]. У адпаведнасці з Illuminated Chronicle, незадаволеныя вяльможы, «бачачы пакуты свайго народа»[22], сабраліся ў Чанадзе [23] і вырашылі паслаць ганцоў да Андраша і Левентэ ў Кіеў, каб пераканаць іх вярнуцца ў Венгрыю[19]. Асцерагаючыся, што гэта пастка[24], браты пагадзіліся вярнуцца на радзіму, толькі калі адпраўлены імі ганец пацвердзіў, што венгры гатовыя да паўстання супраць караля[19].

Да таго часу, калі браты вырашылі вярнуцца, у Венгрыі ўспыхнула язычніцкае паўстанне Ваты(англ.) бел.[25]. Андраш і Левентэ сустрэліся з мяцежнікамі ў Абаўйвары[19]. Хронікі распавядаюць, што язычнікі заклікалі князёў «дазволіць усяму народу жыць па язычніцкіх абрадах, забіць біскупаў і духавенства, знішчыць цэрквы, скінуць з сябе хрысціянскую веру і ўшаноўваць ідалаў»[24][19]. Браты пагадзіліся выканаць гэтыя патрабаванні ў выпадку поспеху паўстання, паколькі ў адваротным выпадку "яны не сталі б змагацца за іх супраць караля Пятра[24][19].
У Annales Altahenses гаворыцца, што Андраш «жорстка лютаваў супраць паствы Святой Царквы»[26][27]. Тым не менш, біскуп Герард Венгерскі і чацвёра іншых прэлатаў былі гатовыя далучыцца да яго, але язычнікі захапілі і забілі траіх з іх (уключаючы Герарда) у Будзе[23][28]. Кароль Пётр вырашыў бегчы з Венгрыі ў Аўстрыю[23]. Аднак пасланцы Андраша зманам вымусілі яго вярнуцца, не дасягнуўшы межы, паланілі яго і асляпілі[23][29].
Кароль Венгрыі[правіць | правіць зыходнік]
Каранацыя (1046)[правіць | правіць зыходнік]
Большасць венгерскай знаці і духавенства выступалі супраць аднаўлення язычніцтва[21][30]. Таму яны аддалі перавагу набожнаму хрысціяніну Андрашу, а не яго брату-язычніку Левентэ[21], хоць (паводле звестак Крыста і Штайнхюбеля) менавіта апошні быў старэйшым з трох сыноў Вазула[31][32]. Венгерскія летапісы пішуць, што Левентэ, які памёр неўзабаве пасля поспеху паўстання, не пярэчыў супраць узыходжання брата на прастол[32][23].

У выніку трое біскупаў, якія засталіся ў жывых пасля паўстання, каранавалі Андраша ў Секешфехервары ўвосень 1046 года[23] ці ў 1047 годзе. Андраш I неўзабаве пасля гэтага разарваў сувязі са сваімі прыхільнікамі-язычнікамі, аднавіў хрысціянства і абвясціў язычніцкія абрады па-за законам[26][30]. Паводле Коштальніка, мянушкі Андраша I — Белы і Каталік — звязаны менавіта з гэтымі падзеямі[33].
![]() |
Пасля таго, як былі пераможаны ўсе ворагі, герцаг Андраш атрымаў каралеўскую карону ў Секешфехервары. Не больш трох біскупаў, уцекачоў ад вялікай разні хрысціян, правялі цырымонію каранацыі ў лета гасподне 1047-е. Ён абвясціў перад усім сваім народам, што пад страхам смерці яны павінны адкінуць тыя язычніцкія абрады, якія раней былі дазволены ім, і што яны павінны вярнуцца да сапраўднай веры Хрыстовай і жыць ва ўсім у адпаведнасці з законам, які ім даў кароль Іштван I. - Illuminated Chronicle[34] |
![]() |
Войны са Свяшчэннай Рымскай імперыяй (1046—1053)[правіць | правіць зыходнік]
Герман Райхенау распавядае, што Андраш «адправіў пасланцаў са сціплымі дарамі» да імператара Генрыха III, прапанаваўшы яму «штогадовую даніну і верную службу»[35], калі імператар прызнае яго каралём венграў[36]. Андраш I таксама ўгаварыў у 1048 годзе свайго брата Белу вярнуцца з Польшчы ў Венгрыю[37], а таксама перадаў яму ў кіраванне[37][38] у якасці герцага траціну каралеўства[39]. Ва ўладанні Белы ўвайшлі дзве вобласці вакол Нітры і Біхарыі[37][39].
Першыя сутыкненні на мяжы паміж Венгрыяй і Свяшчэннай Рымскай імперыяй адбыліся ў 1050 годзе[40]. У жніўні 1051 года імператар Генрых III уварваўся на тэрыторыю Венгрыі[29], але Андраш і Бела паспяхова ўжылі тактыку «выпаленай зямлі» і прымусілі імперскія войскі адступіць[40][39].

Андраш ініцыяваў новыя мірныя перамовы з імператарам і абяцаў плаціць штогадовую даніну, але яго прапановы былі адхілены[40]. Наступным летам імператар вярнуўся ў Венгрыю і аблажыў Прэсбург[29]. Жотмунд, «самы майстэрскі плывец»[41], патапіў імперскія аблогавыя караблі[29][40]. Пасля таго, як Папа Леў IX вымусіў бакі перайсці да мірных перамоў, Генрых III зняў аблогу і пакінуў Венгрыю[29][40]. Андраш I неўзабаве адмовіўся выконваць свае абяцанні, зробленыя пад прымусам[40], і нават уступіў у саюз з Конрадам Баварскім, вядомым праціўнікам імператара[42].
![]() |
Паколькі Андраш, кароль венграў, усё менш і менш быў схільны адпраўляць паслоў і даваць абяцанні, якія тычыліся мірнага дагавора, [імператар] аблажыў крэпасць Прэсбург з выкарыстаннем розных аблогавых машын. Бог, аднак, дапамагаў абложаным, і імператар ніяк не мог захапіць яго. Тым часам Яго Святасць Папа Леў умяшаўся і па просьбе Андраша спрыяў заключэнню міру, заклікаўшы імператара зняць аблогу. Імператар ва ўсіх сваіх учынках прытрымліваўся дагавора, у той час як Андраш, насупраць, меней прыслухваўся да яго парады, ён быў злым і здзекаваўся са Святога Прастола. - Герман Рэйхенау: Chronicle[43] |
![]() |
.
Дынастычны крызіс і смерць (1053—1060)[правіць | правіць зыходнік]
У 1053 годзе каралева Анастасія нарадзіла Андрашу сына, названага Шоламанам[44]. Андраш I паспрабаваў забяспечыць спадчынныя правы сына на прастол, хоць дзеля гэтага прыйшлося б уступіць у канфлікт з братам Белам, які меў больш правоў на трон у адпаведнасці з традыцыйным прынцыпам старшынства[45]. Аднак адносіны братоў не пагоршыліся адразу пасля нараджэння Шоламана[46]. Так, запіс пра заснаванне Андрашам I бенедыкцінскага абацтва Ціхань у 1055 годзе называе герцага Белу сярод удзельнікам цырымоніі закладкі падмурка[46]. Андраш I таксама заснаваў лаўру для праваслаўных пустэльнікаў у Ціхані і праваслаўны манастыр каля Вішэграда[47].

Неўзабаве Андраш I перанёс інсульт, які паралізаваў яго[44]. У спробе ўмацаваць прэтэнзіі свайго сына на прастол, ён увосень 1057 года прызнаў яго спадчыннікам і планаваў каранаваць Шоламана[44]. Акрамя таго, Андраш у верасні 1058 года арганізаваў заручыны сына з Юдыт — дачкой імператара-нябожчыка Генрыха III і сястрой новага нямецкага манарха, Генрыха IV[48]. Пасля гэтага, у адпаведнасці са звесткамі большасці венгерскіх хронік, кароль запрасіў Белу на сустрэчу[49] і прапанаваў выбраць паміж каронай і мячом, якія былі сімваламі каралеўства і герцагства адпаведна[50]. Бела быў загадзя паінфармаваны, што калі ён абярэ карону, то будзе забіты целаахоўнікамі Андраша, і таму выбраў меч[50].

Аднак Бела насамрэч не збіраўся адмаўляцца ад сваіх прэтэнзій на прастол і бег у Польшчу, разлічваючы на дапамогу герцага Баляслава II[50][51]. Пры яго падтрымцы Бела вярнуўся ў Венгрыю на чале польскіх войскаў[52]. З іншага боку, імператрыца-ўдава Агнэса, якая кіравала Свяшчэннай Рымскай імперыяй ад імя свайго непаўналетняга сына Генрыха IV, адправіла баварскія, чэшскія і саксонскія войскі ў дапамогу Андрашу[52].
Вырашальная бітва разгарнулася на раўніне на ўсход ад ракі Ціса[44]. Андраш I быў паранены і прайграў бітву[44][50]. Ён паспрабаваў бегчы ў Свяшчэнную Рымскую імперыю, але салдаты яго брата нагналі яго атрад каля Мошанмадзьяравара[44]. Паводле Annals of Niederaltaich, яго шацёр быў затаптаны коньмі на полі бою[53], а смяротна паранены Андраш I быў перавезены прыхільнікамі Белы ў Зірц[44], дзе «ён лячыўся з пагардай»[54][53].
Андраш I памёр у каралеўскім маёнтку ў Зірцы раней, чым яго брат 6 снежня 1060 года быў каранаваны[55]. Андраш I быў пахаваны ў склепе царквы абацтва Ціхань[56]. Пахаванне было выяўлена ў 1891 годзе. Гэта адзінае захаванае каралеўскае пахаванне датурэцкага перыяду ў Венгрыі.
Сям’я[правіць | правіць зыходнік]
Жонка Андраша I, Анастасія, была дачкой вялікага князя кіеўскага Яраслава Мудрага і яго жонкі, Інгегерды, дачкі караля Олафа Шведскага[57]. Андраш ажаніўся з Анастасіяй прыкладна ў 1038 годзе[18]. Іх першае дзіця, Адэлаіда, нарадзілася каля 1040 года[58]. Яна стала жонкай Ураціслава II — герцага, а з 1085 года караля Чэхіі[59][60]. Першы сын Андраша, Шоламан, нарадзіўся ў 1053 годзе, а другі — Давід — праз некалькі гадоў[59]. З прычыны таго, што ні Шоламан, ні Давід не пакінулі спадчыннікаў, па мужчынскай лініі род Андраша вымер да канца XI стагоддзя[44].
![]() |
Кароль Шоламан і Давід, яго брат, не мелі дзяцей, і семя караля Андраша загінула разам з імі. Мы лічым, што гэта было воляй Бога, бо падчас свайго першага вяртання з Левентэ, яго братам, у Венгрыю, Андраш з мэтай атрымання кароны дазволіў язычнікам забіць Святога Герарда і многіх хрысціян. Illuminated Chronicle[61] |
![]() |
.
Сярэдневяковыя хронікі пішуць, што ў Андраша быў яшчэ адзін сын, Дзьёрдзь, які быў народжаны ад наложніцы з сяла Пілісмарат[62][63]. Паводле іншай версіі, яго маці магла быць нейкая кіяўлянка, з якой Андраш меў сувязь да вяселля з Анастасіяй[63]. З імем Дзьёрдзя таксама звязана не цалкам даказаная тэорыя, што ў 1055 годзе ён з’ехаў у Шатландыю і стаў заснавальнікам клана Драманд[64]. пагарда
Такшань | палавецкая князёўна* | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Геза | Міхаіл | балгарская князёўна** | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Іштван I Святы | жанчына з роду Татань | Вазул | Ласла Лысы | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
наложніца | Андраш I | Анастасія Яраслаўна | Левентэ | Бела I | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
каралі Венгрыі (з 1074) | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Дзьёрдзь | Адэлаіда Венгерская | Ураціслаў II | Шоламан | Юдыт Нямецкая | Давід | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
*Хазарская, печанежская ці булгарская князёўна.
**Дзьерфі піша, што яна, магчыма, была з балгарскай дынастыі Камітопулі.
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
- Карона Канстанціна IX Манамаха — карона, дасланая Андрашу візантыйскім імператарам Канстанцінам IX Манамахам для яго каранацыі.
Зноскі[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #10243347X // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 14 жніўня 2015.
- ↑ 2,0 2,1 2,2 2,3 2,4 Györffy, 2000, p. 378
- ↑ Kristó, Makk, pp. 68, Appendices 1—2
- ↑ 4,0 4,1 4,2 4,3 Kristó, Makk, p. 68
- ↑ 5,0 5,1 5,2 Engel, 2001, p. 29
- ↑ 6,0 6,1 6,2 6,3 Steinhübel, 2011, p. 23
- ↑ The Hungarian Illuminated Chronicle: (ch. 60.87), p. 113.
- ↑ Kristó, Makk, pp. 77, Appendix 2
- ↑ Györffy, 2000, p. 377
- ↑ Engel, 2001, pp. 28-29
- ↑ Györffy, 2000, pp. 377-378
- ↑ Simon of Kéza: The Deeds of the Hungarians (ch. 2.44), p. 107.
- ↑ Kristó, 1999, p. 240
- ↑ Manteuffel, 1982, p. 81
- ↑ Manteuffel, 1982, p. 82
- ↑ The Hungarian Illuminated Chronicle: (ch. 53.78), p. 110.
- ↑ Simon of Kéza: The Deeds of the Hungarians (ch. 52.), p. 121.
- ↑ 18,0 18,1 18,2 18,3 18,4 Kristó, Makk, p. 69
- ↑ 19,0 19,1 19,2 19,3 19,4 19,5 Kristó, Makk, p. 70
- ↑ The Hungarian Illuminated Chronicle (ch. 55.80), p. 111.
- ↑ 21,0 21,1 21,2 Kontler, 1999, p. 59
- ↑ The Hungarian Illuminated Chronicle (ch. 55.81), p. 111.
- ↑ 23,0 23,1 23,2 23,3 23,4 23,5 Kristó, Makk, p. 71
- ↑ 24,0 24,1 24,2 The Hungarian Illuminated Chronicle (ch. 56.82), p. 111.
- ↑ Engel, 2001, p. 59
- ↑ 26,0 26,1 Berend, Laszlovszky, p. 339
- ↑ Kristó, 1999, p. 256
- ↑ Engel, 2001, pp. 29-30
- ↑ 29,0 29,1 29,2 29,3 29,4 Bartl, Čičaj, p. 26
- ↑ 30,0 30,1 Engel, 2001, p. 30
- ↑ Kristó, Makk, pp. 68, Appendix 2
- ↑ 32,0 32,1 Steinhübel, 2011, p. 25
- ↑ Kosztolnyik, 1981, p. 74
- ↑ The Hungarian Illuminated Chronicle (ch. 60.86), p. 113.
- ↑ Herman of Reichenau, Chronicle (year 1047), p. 82.
- ↑ Kristó, Makk, pp. 72-73
- ↑ 37,0 37,1 37,2 Steinhübel, 2011, p. 26
- ↑ Kristó, Makk, p. 72
- ↑ 39,0 39,1 39,2 Engel, 2011, p. 30
- ↑ 40,0 40,1 40,2 40,3 40,4 40,5 Kristó, Makk, p. 73
- ↑ The Hungarian Illuminated Chronicle: (ch. 61.89), p. 114.
- ↑ Robinson, 1999, p. 22
- ↑ Herman of Reichenau, Chronicle (year 1052), pp. 92-93.
- ↑ 44,0 44,1 44,2 44,3 44,4 44,5 44,6 44,7 Kristó, Makk, p. 75
- ↑ Engel, 2011, pp. 30-31
- ↑ 46,0 46,1 Kristó, Makk, p. 80
- ↑ Engel, 2011, p. 39
- ↑ Robinson, 1999, p. 23
- ↑ Kontler, 1999, p. 60
- ↑ 50,0 50,1 50,2 50,3 Engel, 2001, p. 31
- ↑ Manteuffel, 1982, p. 92
- ↑ 52,0 52,1 Robinson, 1999, p. 35
- ↑ 53,0 53,1 Kosztolnyik, 1981, p. 77
- ↑ The Hungarian Illuminated Chronicle: (ch. 66.93), p. 116.
- ↑ Kristó, Makk, pp. 75, 81
- ↑ Berend, Laszlovszky, p. 348
- ↑ Wertner, 1892, p. 117
- ↑ Kristó, Makk, pp. 69-70
- ↑ 59,0 59,1 Kristó, Makk, p. Appendix 2
- ↑ Wertner, 1892, p. 123
- ↑ The Hungarian Illuminated Chronicle (ch. 71.100), p. 118.
- ↑ The Hungarian Illuminated Chronicle: (ch. 61.88), p. 113.
- ↑ 63,0 63,1 Kristó, Makk, p. 86
- ↑ Wertner, 1892, p. 136
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- «Herman of Reichenau, Chronicle» (2008). In Robinson, I. S. Eleventh-Century Germany: The Swabian Chronicles. Manchaster University Press. pp. 58-98. ISBN 978-0-7190-7734-0.
- Simon of Kéza: The Deeds of the Hungarians (1999). CEU Press. ISBN 963-9116-31-9.
- The Hungarian Illuminated Chronicle: Chronica de Gestis Hungarorum (1970). Corvina, Taplinger Publishing. ISBN 0-8008-4015-1.
- «The Laws of King Ladislas I (1077—1095): Book Three». In The Laws of the Medieval Kingdom of Hungary, 1000—1301 (1999). Charles Schlacks, Jr. Publishers. pp. 15-22. ISBN 88445-29-2.
- Bartl, Július; Čičaj, Viliam; Kohútova, Mária; Letz, Róbert; Segeš, Vladimír; Škvarna, Dušan (2002). Slovak History: Chronology & Lexicon. Bolchazy-Carducci Publishers, Slovenské Pedegogické Nakladatel'stvo. ISBN 0-86516-444-4.
- Berend, Nora; Laszlovszky, József; Szakács, Béla Zsolt (2007). "The kingdom of Hungary". in Berend, Nora. Christianization and the Rise of Christian Monarchy: Scandinavia, Central Europe and Rus', c.900-1200. Cambridge University Press. pp. 319–368. ISBN 978-0-521-87616-2. https://archive.org/details/christianization00bere.
- Engel, Pál (2001). The Realm of St Stephen: A History of Medieval Hungary, 895–1526. I.B. Tauris Publishers. ISBN 1-86064-061-3.
- Györffy, György (1994). King Saint Stephen of Hungary. Atlantic Research and Publications. ISBN 0-88033-300-6.
- Шаблон:Hu icon Györffy, György (2000). István király és műve [=King Stephen and his Work]'. Balassi Kiadó.
- Kontler, László (1999). Millennium in Central Europe: A History of Hungary. Atlantisz Publishing House. ISBN 963-9165-37-9.
- Kosztolnyik, Z. J. (1981). Five Eleventh Century Hungarian Kings: Their Policies and their Relations with Rome. Columbia University Press. ISBN 0-914710-73-7. https://archive.org/details/isbn_0914710737.
- Шаблон:Hu icon Kristó, Gyula; Makk, Ferenc (1996). Az Árpád-ház uralkodói [=Rulers of the House of Árpád]'. I.P.C. Könyvek. ISBN 963-7930-973.
- Шаблон:Hu icon Kristó, Gyula (1999). Az államalapítás korának írott forrásai [=Written Sources of the Ages of the Foundation of the State]'. Szegedi Középkorász Műhely. ISBN 963-482-393-9.
- Robinson, I. S. (1999). Henry IV of Germany, 1056–1106. Cambridge University Press. ISBN 0-521-54590-0.
- Steinhübel, Ján (2011). "The Duchy of Nitra". in Teich, Mikuláš; Kováč, Dušan; Brown, Martin D.. Slovakia in History. Cambridge University Press. pp. 15–29. ISBN 978-0-521-80253-6. https://archive.org/details/slovakiahistory00teic.
- Шаблон:Hu icon Wertner, Mór (1892). Az Árpádok családi története [=Family History of the Árpáds]'. Szabó Ferencz N.-eleméri plébános & Pleitz Fer. Pál Könyvnyomdája.