Андрэй Валер’евіч Аляксандраў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Андрэй Валер’евіч Аляксандраў
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 27 студзеня 1978(1978-01-27) (46 гадоў)
Месца нараджэння
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці журналіст, медыямэнэджэр, палітычны вязень
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі

Андрэй Валер’евіч Аляксандраў (нар. 27 студзеня 1978) — беларускі журналіст і медыяменеджар, палітычны зняволены, абвінавачаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 27 студзеня 1978 года ў Ніжнім Тагіле, ягоны бацька служыў у розных вайсковых структурах. Дзяцінства правёў у Паставах, пазней жыў у Наваполацку. Скончыў гістарычна-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта[1].

Журналісцкую кар’еру пачынаў у Наваполацку, у незалежнай гарадской газеце «Хімік» і на мясцовым гарадскім тэлебачанні, супрацоўнічаў з інфармагенцтвам БелаПАН, стварыў партал «himik.info»[2].

У 2009—2012 гадах з’яўляўся намеснікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, адказваў за міжнародныя дачыненні. На гэтай пасадзе выступаў 12 студзеня 2011 у Еўрапарламенце, дзе прадстаўляў праграму Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці ў межах праграмы «Усходняе партнёрства»[3].

У 2011 годзе Андрэй выйграў конкурс і атрымаў прэстыжную стыпендыю Chevening Міністэрства замежных справаў і міжнароднага развіцця Вялікабрытаніі. Для навучання ён абраў магістратуру ў Уэстмінстэрскім універсітэце ў Лондане, дзе атрымаў ступень магістра медыяменеджменту, пасля вучобы працаваў у лонданскіх офісах праваабарончых арганізацыяў Index on Censorship і Article 19[4]. Быў сябрам Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі і актыўна ўдзельнічаў у жыцці беларускай дыяспары[1].

У 2014 годзе здымаў дакументальны фільм пра падзеі на Данбасе, пасля атрымаў ад Алеся Ліпая запрашэнне далучыцца да каманды БелаПАН і вырашыў вярнуцца ў Беларусь. У 2015—2018 гадах быў намеснікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, пасля 2018-га працаваў у агенцтве медыякансультантам і займаўся развіццём беларускай медыяпрасторы. Адукоўваў менеджараў і рэдактараў разнастайных медыяў, стварыў онлайн-выданне «Беларускі часопіс»[1].

Грае на фартэпіяна, піша вершы, захапляецца фотамастацтвам, заўзятар футбольнага клубу «Ліверпуль». У 2016 годзе на словы аднаго з вершаў Аляксандрава — «Пакіньце мне права» — украінскі гурт «Колір» склаў і запісаў песню, таксама зняты кліп з назвай «Застацца сабой»[2].

Палітычны пераслед[правіць | правіць зыходнік]

Андрэя Аляксандрава і яго дзяўчыну Ірыну Злобіну затрымалі 12 студзеня 2021 году па абвінавачванні паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Навучанне ці іншае падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама фінансаванне і іншае забеспячэнне такой дзейнасці»), яны былі змешчаны на Акрэсціна. Падставай для абвінавачвання, паводле Міністэрства ўнутраных справаў, сталі аплаты 250 штрафаў, якія Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна аплацілі з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 году, па спісах, якія Аляксандраву перадаваў фонд «BY_help»[5]. Супраць людзей, якія атрымлівалі дапамогу, таксама завялі крымінальную справу, а таксама пракуратура запатрабавала, каб людзі выплацілі штрафы ў другі раз[6].

18 студзеня 2021 года сумеснаю заяваю беларускіх праваабарончых арганізацыяў, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр і Беларуская асацыяцыя журналістаў, Аляксандраў і Злобіна былі прызнаны палітычнымі зняволенымі. У заяве адзначаецца, што «збор добраахвотных ахвяраванняў грамадзян, а таксама прадстаўнікоў беларускай замежнай дыяспары і дапамога ў аплаце штрафаў асобам, якія былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці толькі за факт удзелу ў мірных сходах і рэалізацыю гарантаваных Канстытуцыяй Беларусі і міжнароднымі нормамі права … мірных сходаў і выказвання меркавання, не мае нічога агульнага з фінансаваннем якой бы ні было супрацьпраўнай дзейнасці і, адпаведна, не з’яўляецца злачынствам. У дадзеным кантэксце дзейнасьць Андрэя Аляксандрава і Ірыны Злобінай з'яўляецца добраахвотнай і дабрачыннай дзейнасцю па аказанню дапамогі ахвярам масавых палітычных рэпрэсій ў краіне і па сутнасці сваёй з'яўляецца правабарончай»[7].

26 красавіка 2021 года сімвалічным хросным Андрэя Аляксандрава стала дэпутатка брытанскай Палаты абшчын Крысцін Джардзін  (англ.)[8][9].

30 чэрвеня 2021 года Аляксандраву было выстаўлена новае абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»), які прадугледжвае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі[10]. Агулам Андрэю Аляксандраву ставяць у віну чатыры артыкулы КК: «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» (ч.2 арт.342), «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім» (ч.1, арт.361), «Ухіленне ад аплаты падаткаў» па справе БелаПАН (ч.2, арт.243), «Здрада дзяржаве» (ч.1, арт.356)[11].

Андрэй Аляксандраў утрымліваецца ў СІЗА № 1 г. Мінска, адкуль дасылае вершы[12].

6 кастрычніка 2022 года Аляксандраву прызначылі 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму[13].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

15 лістапада 2021 года Аляксандраў разам з Аляксандрам Васілевічам, Максімам Знакам, Вольгай Калацкай, Святланай Купрэевай, Міколам Папекам і Андрэем Скурко быў узнагароджаны літаратурнай прэміяй імя Францішка Аляхновіча за свае вершы з-за кратаў [14].

12 снежня 2021 года быў узнагароджаны статуэткай «Надзея свабоды» ад Літоўскага саюза журналістаў[15].

Міжнародная рэакцыя на затрыманьне[правіць | правіць зыходнік]

15 студзеня 2021 года міжнародная арганізацыя Index on Censorship  (бел. (тар.)) асудзіла затрыманне і звярнулася да Міністра замежных справаў Вялікабрытаніі Дамініка Рааба  (укр.) і беларускага амбасадара ў Вялікабрытаніі  Максіма Ермаловіча з заклікам садзейнічаць вызваленню Аляксандрава[16].

Міжнародныя арганізацыя Article 19  (руск.) таксама асудзіла затрыманне Аляксандрава і Злобінай[17].

Платформа грамадзянскай салідарнасці «Civic Solidarity Platform» запатрабавала безадкладнага вызвалення зняволеных Аляксандрава і Злобінай, адпаведную заяву платформы падтрымалі 48 праваабарончых арганізацый розных краінаў свету[18].

Зноскі

  1. а б в https://belsat.eu/news/zhurnalista-andreya-alyaksandrava-zatrymali-pa-kryminalnaj-sprave/
  2. а б https://underpressure.press-club.by/alexandrov
  3. https://mff.by/bel/news/282/(недаступная спасылка)
  4. https://belsat.eu/news/12-01-2022-kahanne-dapamagae-navat-tam-andrej-alyaksandrau-i-iryna-zlobina-god-za-kratami/
  5. https://belsat.eu/news/mus-vinavatsits-zhurnalista-alyaksandrava-i-yagonuyu-dzyauchynu-u-aplatse-shtrafau-pratestoutsau/
  6. https://belsat.eu/news/11-03-2021-by-help/
  7. http://spring96.org/be/news/101383
  8. https://spring96.org/be/news/103113
  9. https://www.lphr.org/en/robert-biedron-european-parliament-wiosna-poland-christine-jardine-house-of-commons-liberal-democrats-great-britain-and-johann-wadephul-bundestag-cdu-germany/
  10. https://nn.by/?c=ar&i=275286
  11. https://belsat.eu/news/08-04-2022-patryyatyzm-tsi-zlachynstva-kago-i-za-shto-u-belarusi-abvinavachvayuts-u-zdradze-dzyarzhave/
  12. https://prisoners.spring96.org/be/person/andrei-aljaksandrau
  13. Вярхоўны суд пакінуў прысуды абвінавачаным па «справе БелаПАН». Новы Час (6 студзеня 2023).
  14. https://spring96.org/be/news/105692
  15. https://www.delfi.lt/ru/news/live/premiya-nadezhda-svobody-prisuzhdena-belorusskomu-zhurnalistu-aleksandrovu.d?id=88912971
  16. https://www.indexoncensorship.org/2021/01/index-calls-for-the-release-of-andrei-aliaksandrau/
  17. https://www.article19.org/resources/belarus-release-andrei-aliaksandrau-and-irina-zlobina/
  18. https://humanrightshouse.org/statements/civic-solidarity-platform-calls-for-the-release-of-andrei-aliaksandrau/

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]