Перайсці да зместу

Андрэй Паўлавіч Якубецкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Андрэй Паўлавіч Якубецкі
1-ы Старшыня Гродзенскай павятовай рады
16 снежня 1918 — красавік 1919
2-і Старшыня Беларускай вайсковай камісіі
3 кастрычніка 1920 — 15 мая 1921

Нараджэнне 5 кастрычніка 1892(1892-10-05)
Смерць не раней за 1945
Адукацыя
Месца працы
Бітвы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Андрэй Паўлавіч Якубецкі (5 кастрычніка 1892, в. Сухмяні Гродзенскай вобл — пасля 1944) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, ваенны.

З сялян Гродзенскай губерні.

Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1912), настаўнічаў.

Удзельнік Першай сусветнай вайны, служыў у гарнізоне Ковенскай крэпасці. Скончыў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча (1 студзеня 1916), служыў у 70-м пяхотным запасным батальёне ў Ржэве. Прапаршчык 244-га пяхотнага Краснастаўскага полка, быў паранены. Па некаторых звестках, у лютым 1918 дэмабілізаваны ў чыне капітана.

У лістападзе 1918 г. увайшоў у Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў, адзін з ініцыятараў склікання Гродзенскага беларускага сялянскага з'езда (1918), старшыня створанай з'ездам Гродзенскай павятовай рады. 16 сакавіка 1919 г. А. Луцкевіч прызначыў Андрэя Якубецкага намеснікам па палітычных справах сакрэтнага камісара Гарадзеншчыны П. Алексюка. У ліпені 1919 г. абраны ў Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Гродзеншчыны, кааптаваны ў Беларускую вайсковую камісію (БВК) і прызначаны намеснікам старшыні камісіі. Восенню 1920 у Лодзі аднавіў дзейнасць БВК і стаў яе старшынёй, у кастрычніку ў Гродне займаўся вярбоўкай жыхароў у склад беларускіх воінскіх фарміраванняў.

У лістападзе 1920 з групай беларускіх афіцэраў выехаў у м. Семежава Слуцкага павета для падтрымкі Слуцкага паўстання. У лістападзе 1920 г. падпісаў План-канспект нарады («Слуцкая акцыя») некаторых беларускіх сацыялістаў з прадстаўнікамі мясцовых землеўласнікаў па абмеркаванні сумесных дзеянняў супраць бальшавікоў, асноўныя палажэнні якога былі: вызваленне Беларусі і дасягненне яе незалежнасці; незалежнасць Беларусі здабываецца шляхам федэрацыі з Польшчай праз больш цесную яе сувязь з Сярэдняй Літвой; надзея толькі на ўласныя сілы, сілы краю, а значыць — палітыка праводзіцца ў духу выканання ўсіх пастулатаў насельніцтва; унутраныя непаразуменні паміж палітыкамі і іншымі слаямі насельніцтва павінны быць выключаны; нацыянальная роўнасць; дзяржаўнасць несумненна беларуская; апора на мясцовыя самаўрады; узбройванне ўсяго насельніцтва Беларусі і прыём у рэгулярнае беларускае войска добраахвотнікаў з Польшчы; радыкальная зямельная рэформа і яе рэкламаванне; пазбяганне рэквізіцый; дапамога ў забеспячэнні харчаваннем; законны ўрад, створаны Найвышэйшай Радай, — склад ураду: 50% беларусаў, 40% палякаў і 10% яўрэяў. Такі нацыянальны склад ураду і ўся сітуацыя — каб атрымаць гарантыі дапамогі ад Польшчы; апора на Польшчу, Сярэднюю Літву і Францыю — каб змагацца з бальшавікамі. Сярод іншых падпісантаў плана-канспекта былі: Альгерд Гардзялкоўскі, Раман Аляксандравіч Скірмунт, Ігнат Антонавіч Парэмбскі, Абязерскі, Павел Якаўлевіч Жаўрыд, Чэслаў Урбанавіч Крупскі, Ражноўскі, Кузьма Юр’евіч Цярэшчанка, Лявон Іванавіч Дубейкаўскі, Аркадзь Антонавіч Смоліч, Антон Станіслававіч Неканда-Трэпка, Сяргей Іосіфавіч Баран[1]. Запланаваныя намеры не ажыццявіліся, а таксама правалілася вярбовачная кампанія Беларускай вайсковай камісіі (БВК) на Гарадзеншчыне ў склад беларускіх збройных аддзелаў[2]. Найвышэйшай радай БНР прызначаны «галоўнакамандуючым узброенымі сіламі Рэспублікі». Пасля ліквідацыі паўстання — у Вільні.

У лютым 1922 у ліку 33 беларускіх і літоўскіх нацыянальных дзеячаў высланы польскімі ўладамі з Вільні ў Літоўскую Рэспубліку. 3 мая 1922 у Латвіі, выкладаў у Дзвінскай беларускай гімназіі, удзельнічаў у працы мясцовых беларускіх грамадскіх арганізацый, супрацоўнічаў з беларускім музеем імя І. Луцкевіча ў Вільні. Быў абвінавачаны ў антыўрадавых дзеяннях у час судовых працэсаў над беларускімі нацыянальнымі актывістамі ў Латвіі, апраўданы судом.

Падчас Другой сусветнай вайны кіраваў Дзвінскім аддзяленнем Беларускага нацыянальнага аб'яднання ў Латвіі. Пасля 1944 лёс невядомы.

Зноскі

  • Ляхоўскі У. Якубецкі // БЭ ў 18 т. Т. 18. Кн. І. Мн., 2004.