Андэкская дынастыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Андэхская дынастыя)
Герб графаў Андэкскіх

Андэкская дынастыя (ням.: Andechser) — нямецкі ўладарны род, які дамінаваў на паўднёвым усходзе Свяшчэннай Рымскай імперыі Нямецкай нацыі ў другой палове XII—пачатку XIII стагоддзя. Атрымаў назву па радавым замку Андэкс у Баварыі.

Прадстаўнікі Андэкскай дынастыі валодалі велізарнымі ўладаннямі ў Верхняй Баварыі, Франконіі, Ціролі, займалі прастолы маркграфства Істрыя (11711230), патрыярхата Аквілеі (12181251), герцагства Меранскага (11801248) і пфальцграфства Бургундскага (12081248).

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Паходжанне роду Андэксаў да канца не вывучана. Паводле адной з версій, іх продкам быў Бертольд II, граф Дысен (пам. 1060), унук Бертольда I (пам. 960), пфальцграфа Баварскага з дому Луітпольдзінгаў. Паводле іншай легенды, першыя графы Андэкскія паходзілі ад карантанскіх кіраўнікоў Істрыі з дому Рапота. Яшчэ адна тэорыя выводзіць радавод Андэксаў ад графа Раса, які кіраваў у Верхняй Баварыі ў сярэдзіне X стагоддзя.

У самым пачатку XII стагоддзя большая частка Верхняй Баварыі ўздоўж рэк Амтэр, Ізар і Ін уваходзіла ў склад графства Дысен, цэнтрам якога быў аднайменны замак на паўднёвы ўсход ад возера Амерзэе. У 1132 годзе замак Дысен быў перададзены царкве, а само графства прыкладна ў гэты ж час было падзелена паміж двума братамі — Атонам II, які атрымаў у спадчыну ўсходнія вобласці з цэнтрам у Вольфратсгаўзене, і Бертольдам II, які выбраў сваёй рэзідэнцыяй Андэкс і стаў заснавальнікам лініі Дысен-Андэкс.

Графы Дысен-Андэкс[правіць | правіць зыходнік]

Андэкс на гравюры 1687 года

Дзякуючы свайму шлюбу са спадчынніцай роду Формбах, Бертольд II стаў уладальнікам вялікіх зямельных уладанняў ва Усходняй Франконіі (будучы Верхні Пфальц). Першая жонка Бертольда II паходзіла з роду маркграфаў Істрыі, што дало магчымасць яго сынам высунуць прэтэнзіі на гэта княства. Старэйшы сын Бертольда граф Попа сканаў у 1148 годзе ў Канстанцінопалі ў час крыжовага паходу ў Святую зямлю. Яго малодшы брат Ота стаў у 1165 годзе біскупам Брыксена, а ў 1177 годзе біскупам Бамберга. Ён адыгрываў значную ролю ў барацьбе паміж імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі і Папам Рымскім і за сваю падтрымку імператара Фрыдрыха I атрымаў тытул герцага Франконіі.

Пасля смерці Бертольда II у 1151 годзе яго ўладання атрымаў у спадчыну сярэдні сын графа Бертольд III (11221188). У 1177 годзе, пасля смерці маркграфа Істрыі з дынастыі Шпангаймаў, Бертольд III далучыў Істрыю і землі ў Крайне да сваіх уладанняў, стаўшы такім чынам адным з найбольш уплывовых феадалаў паўднёва-ўсходніх граніц імперыі.

Герцагі Меранскія[правіць | правіць зыходнік]

Інсбрук — горад, заснаваны апошнім герцагам Меранскім з Андэкскага дому. Замалёўка А. Дзюрэра.

Сын і спадчыннік маркграфа Бертольда Бертольд IV (1153—1204) атрымаў у 1180/1183 годзе тытул герцага Меранскага (ад ням.: Meer — мора) з землямі вакол прыморскага горада Рыека. Аб'яднаўшы пад сваёй уладай велізарныя тэрыторыі ад Істрыі да Франконіі Бертольд IV стаў цэнтральнай фігурай у палітычным жыцці паўднёвай Германіі на мяжы XII—XIII стагоддзяў. Пры ім Андэкская дынастыя дасягнула свайго зеніту. Бертольд IV быў адным з найбліжэйшых паплечнікаў імператара Генрыха VI, удзельнічаў у яго ўварваннях у Італію і Трэцім крыжовым паходзе. Сярод васьмі дзяцей герцага Бертольда — Агнеса Меранская, каралева Францыі, жонка Філіп II Аўгуста; Гертруда, каралева Венгрыі; Святая Ядвіга; Эгберт, біскуп Бамберга, і Бертольд V, патрыярх Аквілеі.

Старэйшы сын Бертольда IV Атон I (пам. у 1234 годзе) атрымаў у спадчыну ў 1204 годзе ўладання свайго бацькі, а, ажаніўшыся ў 1208 годзе з Беатрыс Гогенштаўфен, спадчынніцай пфальцграфства Бургундскага, далучыў да сваіх уладанняў Франш-Кантэ. Але ў тым жа годзе Атон і яго брат Генрых прынялі ўдзел у арганізацыі забойства германскага караля Філіпа Швабскага, за што былі трапілі ў няміласць і страцілі Істрыю. Толькі ў 1215 годзе істрыйскія ўладання былі вернуты Атону I. У перыяд кіравання Атона цэнтр Меранскага герцагства перамясціўся ў Ціроль, дзе ў 1234 годзе быў заснаваны новы горад Інсбрук, які неўзабаве стаў адміністрацыйным цэнтрам гэтай вобласці.

Канец дынастыі[правіць | правіць зыходнік]

Сын і спадчыннік Атона I Атон II (1218—1248) сутыкнуўся са значнымі праблемамі ў сваіх уладаннях у Бургундыі і Франконіі, на якія высоўвалі прэтэнзіі суседнія дзяржавы. У Ціролі яму супрацьстаялі біскупы Брыксена і Трэнта, што вымусіла герцага пайсці на дынастычны саюз з невялікім Цірольскім графствам, заключыўшы ў 1234 годзе пагадненне аб сумесных дзеяннях супраць біскупаў і пераходзе па спадчыне ўладанняў Атона да графаў Ціроля.

Атон II не меў дзяцей і з яго смерцю ў 1248 годзе мужчынская лінія Андэкскай дынастыі згасла. Уладанні герцагаў Меранскіх былі падзелены паміж далёкімі сваякамі Андэксаў: Істрыя адышла да патрыярха Аквілейскага, паўночна-цірольскія землі з Інсбрукам — да графаў Ціроля, Кобург — да графаў Генеберга, Усходняя Франконія — да графаў Орламюндэ, Верхняя Баварыя — да герцагаў Баварыі з дому Вітэльсбахаў, Крайна — да герцагам герцагаў, Ліхтэнфельс быў далучаны да біскупства Бамберг, а Франш-Кантэ зноў стала незалежным пад уладай сястры Атона II Адэльгейды.

Андэкскай дынастыі не ўдалося стварыць трывалае дзяржаўнае ўтварэнне са сваіх уладанняў, раскіданых па ўсёй паўднёва-ўсходняй Германіі. Гэта змаглі дасягнуць іх пераемнікі, якія акруглілі свае землі за кошт былых уладанняў Андэксаў, — Вітэльсбахі і графы Цірольскія. Тым не менш кіраванне герцагаў Меранскіх пакінула прыкметны след у гісторыі рэгіёна. На іх час выпаў пачатак бурнага развіцця Ціроля і пік эканамічнага і палітычнага ўплыву Істрыі.

Спіс графаў Андэкскіх і герцагаў Меранскіх[правіць | правіць зыходнік]

Кіраўнік Гады кіравання Тытулы
Графы Андэкскія
Бертольд II 1130-е—1151 граф Дысена, Пласенбурга (Усходняя Франконія) і Штэйна (Крайна)
Бертольд III 11511188 маркграф Істрыі (c 1177), граф Пласенбурга і Крайны
Герцагі Меранскія
Бертольд IV 11801204 маркграф Істрыі і Крайны, граф Пласенбурга і Андэкса
Атон I 12041234 пфальцграф Бургундыі (c 1231), граф Пласенбурга і Андэкса
Генрых VI 12041208 маркграф Істрыі і Крайны
Атон II 12341248 пфальцграф Бургундыі, маркграф Істрыі і Крайны, граф Пласенбурга і Андэкса

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]