Ансамбль Віленскага ўніверсітэта

Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Цэнтральны будынак
Двор Бібліятэкі. Фрагмент банкноты 100 літаў
Схема ансамбля Віленскага ўніверсітэта

Анса́мбль Ві́ленскага ўніверсітэ́та — архітэктурны комплекс у Вільнюсе, які займае амаль увесь квартал Старога горада, акрэслены межамі вуліц Універсітэта, Шв. Ёна, Пілес і Скапа; помнік культуры і гісторыі, у формах якога адлюстроўваюцца пераважныя ў Літве пры фарміраванні комплексу архітэктурныя стылі — готыка, рэнесанс, барока, класіцызм. У стварэнні найбуйнейшага і самага складанага архітэктурнага ансамбля Старога горада на працягу чатырох стагоддзяў прымалі ўдзел найлепшыя архітэктары Літвы.

Ансамбль прадстаўляе Літву ў парку Міні-Еўропа ў Бруселі, сярод найбольш выбітных еўрапейскіх славутасцяў.[1] Наведванне гэтага комплексу ўваходзіць у праграмы турыстычных экскурсій і візітаў кіраўнікоў дзяржаў і іншых высокіх гасцей ў Літву. Напрыклад, яго наведвалі Далай лама (2001), Папа Рымскі Ян Павел II (2003), каралева Нідэрландаў Беатрыкс (2008). У кастрычніку 2006 года ўніверсітэт наведалі каралева Вялікабрытаніі Елізавета II, герцаг Эдынбургскі Філіп і прынц Чарлз у суправаджэнні прэзідэнта Валдаса Адамкуса.[2] У маі 2009 года ва ўніверсітэцкіх будынках і дварах пабывала іспанская каралеўская пара Хуан Карлас I і каралева Сафія.[3] У сакавіку 2010 года ўніверсітэт падчас свайго афіцыйнага візіту наведаў прэзідэнт Славеніі Даніла Цюрк з жонкай.[4]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Ансамбль пачаў фарміравацца каля 1570 года ў раней ужо забудаваным каменнымі будынкамі квартале ва ўладаннях віленскага біскупа. Заснаваная ў 1579 годзе езуіцкая Акадэмія і Універсітэт набывала новыя дамы, пашыраючы свае памяшкання ў паўночным і ўсходнім напрамках. У будынках ансамбля размяшчаліся па чарзе езуіцкая калегія, ператвораная ў Акадэмію і Універсітэт Таварыства Ісуса, затым Галоўная віленская школа, імператарскі Віленскі ўніверсітэт, гімназія, Музей старажытнасцяў і Віленская археалагічная камісія,пазней Публічная бібліятэка і архіў, а таксама астранамічная абсерваторыя, у 19191939 гадах — Універсітэт Стэфана Баторыя. Цяпер у памяшканнях ансамбля размяшчаюцца адміністрацыя, бібліятэка, філасофскі, гістарычны і філалагічны факультэты Віленскага ўніверсітэта.

Агульная характарыстыка[правіць | правіць зыходнік]

Ансамбль складаецца з дванаццаці будынкаў з некалькімі карпусамі, якія злучаюцца адзін з адным, касцёла Святых Янаў і званіцы, якія ўтвараюць 13 двароў рознай велічыні і планіроўкі.Прызначэнне памяшканняў, іх назвы, як і назвы двароў, мяняліся. Ансамбль адкрыты для платнага наведвання ў сакавіку — кастрычніку з 9 да 18 гадзін, у лістападзе — лютым з 10 да 17 гадзін (уваход з двара Бібліятэкі ва двор Сарбевія); касцёла Святых Янаў адкрыты для наведвання з панядзелка да суботы з 10 да 17 гадзін. Ва двор Міцкевіча і двор Стуокі-Гуцэвічуса ў летні час таксама можна прайсці ў будныя дні праз піўны рэстаран «Аўла» (раней кафэ «Жалтвіксле») на вуліцы Пілес.

Вялікі двор[правіць | правіць зыходнік]

Двор Скаргі (XIX стагоддзе)
Двор Скаргі. Фрагмент банкноты 100 літаў
Касцёл Св. Янаў і званіца
Вялікі двор

Вялікі двор (літ.: Didysis kiemas; ранейшая назва — Двор Скаргі, літ.: Skargos kiemas; польск.: dziedziniec Skargi) ўтвараюць паўночны і заходні карпусы XVI стагоддзя, касцёл Святых Янаў, узведзенная ў XVII стагоддзі званіца і пабудаваныя ў сярэдзіне XVIII стагоддзя паўднёвы корпус і аўла. На фасадзе паўночнага корпуса памятная табліца лац.: Academia et Universitas Societatis Jesu Erecta anno 1580. Пры рэканструкцыі пасля пажару 1610 года былі абсталяваныя адкрытыя галерэі — на двух паверхах паўночнага корпуса і на першым паверсе заходняга корпуса.

У пачатку XVIII стагоддзя ўніверсітэт набыў дамы гараджан па вуліцы Святога Яна (цяпер вуліца Швянта Ёна) на паўднёвым баку двара. На іх месцы быў пабудаваны вучэбны корпус з адкрытымі галерэямі на першым і другім паверхах. На ўчастку, які прымыкае да званіцы, была пабудавана новая аўла, па праекце, як мяркуецца, архітэктара Іагана Крыстофа Глаўбіца. Яна была ўрачыста адкрыта 11 чэрвеня 1762 года. У 1810 годзе яе перабудоўваў архітэктар Міхал Шульц. Пасля пажараў 1737 і 1749 гадоў быў дабудаваны трэці паверх паўночнага і заходняга карпусоў і створаны барочны фасад касцёла.

Аўла

У галерэях Вялікага двара на пяцідзесяці памятных табліцах увекавечаны імёны выдатных выхаванцаў і выкладчыкаў універсітэта — знакамітых вучоных, паэтаў, мастакоў (у дужках імёны ў той форме, у якой яны даюцца на табліцах) Канстанцінаса Сірвідаса, паэта Мацея Казіміра Сарбеўскага, Жыгімонта Лаўксміна, гісторыка Альберта Віюка-Каяловіча, прыродазнаўца Георга Форстэра, архітэктара Лаўрынаса Стуокі-Гуцэвічуса,мастака Францыска Смуглевіча, астранома Марціна Пачобут-Адляніцкага, матэматыка Францішка Нарвойша, філолага Готфрыд Эрнст Гродэка, батаніка Людвіга Баянуса, мастака Яна Рустэма, урача, біёлага, хіміка Анджэя Снядэцкага, медыка Ёзэфа Франка, прававеда і гісторыка Ігнацыя Даніловіча, натураліста Станіслава Баніфацыя Юндзіла, паэтаў Адама Міцкевіча, Юліюша Славацкага, філосафа Льва Карсавіна і многіх іншых.

На фрэсках пілястраў паўночнага і заходняга крыла намаляваныя герб універсітэта, партрэты біскупа Валяр'яна Пратасевіча, военачальніка Яна Караля Хадкевіча, каралёў Аўгуста II Моцнага і Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

У 1929 годзе да 350-годдзя ўніверсітэта ў нішах будынка аўлы былі ўсталяваны алегарычныя фігуры Ісціны і Прыгажосці (скульптар Баляслаў Балзукевіч). Яны не захаваліся. Зараз ў нішах устаноўлены стылізаваныя фігуры студэнтаў. Над фасадам аўлы надпіс лац.: Alma Mater Vilnensis. На першым паверсе дзейнічае кафэ, вядомае па неафіцыйнай назве «морг». У двары адбываюцца ўрачыстасці з нагоды пачатку новага навучальнага года і заканчэння навучальнага года.

Двор абсерваторыі[правіць | правіць зыходнік]

Двор абсерваторыі. Фрагмент банкноты 100 літаў

Двор абсерваторыі (літ.: Observatorijos kiemas, польск.: dziedziniec Poczobuta) — найстарэйшы двор ансамбля Віленскага ўніверсітэта. Ніжнія паверхі будынкаў адносяцца да XV стагоддзя. Двор утварыўся ў XVI стагоддзі будаўніцтвам будынкаў езуіцкай калегіі, таму яго называлі дваром калегіі.

Абсерваторыя

Цяперашнюю форму двор атрымаў у пачатку XVII стагоддзя. У двары ў XVIIXVIII стагоддзях вырошчвалі лекавыя расліны і ў паўднёвым крыле размяшчалася аптэка. У канцы XVIII стагоддзя ў гэтым жа будынку змяшчаліся канцылярыя і архіў адукацыйнай камісіі.

На будынку астранамічнай абсерваторыі па фрызе знаходзіцца надпіс — цытата на лацінскай мове з Вергілія: лац.: Addidit antiquo virtus nova lumina coelo («Адвага дае старому небу новае святло»). Ніжэй: лац.: Haec domus Uraniae est: Curae procul este profanae: Temnitur hic humilis tellus: Hinc itur ad astra («Гэта дом Ураніі. Ідзіце прэч, прафаны! Тут зневажаюць нікчэмную Зямлю: адсюль падымаюцца да зорак»). Яшчэ ніжэй змешчаны надпіс у памяць 150-годдзя адукацыйнай камісіі і рэформы асветы. Будынак упрыгожвае дарычны фрыз са знакамі задыяка ў метопах.

На сцяне заходняга корпуса знаходзіцца мемарыяльная табліца з тэкстам на польскай мове ў памяць Марціна Пачобут-Адляніцкага, прафесара астраноміі і рэктара ўніверсітэта.

Двор бібліятэкі[правіць | правіць зыходнік]

Бібліятэка і абсерваторыя. (XIX стагоддзе)
Цэнтральны будынак універсітэта

Двор бібліятэкі (літ.: Bibliotekos kiemas) сфармаваўся ў канцы XVI стагоддзя. У XVIIXVIII стагоддзях быў закрытым гаспадарчым дваром універсітэта. Пры капітальнай перабудове суседняга генерал-губернатарскага палаца ў пачатку XIX стагоддзя адзін з карпусоў быў разабраны. Пазней двор ад вуліцы аддзяляў каменны плот з варотамі класіцыстычнага стылю, але і ён быў разабраны. Цяпер двор выглядае як невялікая плошча. Яго ўтвараюць трохпавярховы фасад аднаго з найстарэйшых будынкаў ансамбля — будынак бібліятэкі, не менш старога корпуса былой астранамічнай абсерваторыі (справа) і корпус гістарычнага факультэта злева.

Надбудова ўласна абсерваторыі над ранейшым трохпавярховым паўночным корпусам будынка былой езуіцкай калегіі ўпрыгожваюць пілястры з фрэскамі XVIII стагоддзя, якія паказваюць матэматычныя і астранамічныя прыборы і сімвалы сямі найбуйнейшых планет над вокнамі. У сярэдзіне XVIII стагоддзя абсерваторыю ўпрыгожвалі дзве барочныя вежы. Заходняя вежа была перабудавана ў 18381842 гадах і стала ніжэй. На ёй быў усталяваны тэлескоп, але ў 1867 годзе згарэў пры пажары. Верхні паверх ўсходняй вежы быў разабраны. На ёй у 1863 годзе былі ўсталяваны выраблены ў Эдынбургу электрычны гадзіннік. Механізм іх рэгулявалі астранамічнымі прыборамі, таму яны паказвалі вельмі дакладны час. Вайскоўцы на Замкавай гары ў тэлескоп, пазычаны астраномамі, сачылі за гадзіннікам і паводле іх сведчанняў роўна апоўдні стралялі з гарматы. У 1990-я гады ўсходняя вежа была адрэстаўраваная. Яе верхавіну ўпрыгожвае герб Пратасевічаў і флюгер з манаграмай ордэна езуітаў.[5]

У заходнім куце па праекце архітэктара Стэфана Нарэмбскага ў 1938 годзе былі прасечаны тры аркі. У 1964 годзе да 250-годдзя пачынальніка літоўскай мастацкай літаратуры Крысціёнаса Данелайціса ў паглыбленні ўсталявана скульптура Данелайціса (скульптар Канстанцінас Багданас). Ва ўсходнім куце цэнтральны ўваход ва ўніверсітэт.

Злева ад яго камемараціўныя дзверы ў памяць 450-годдзя першай літоўскай кнігі «Катэхізіс» Марцінаса Мажвідаса (скульптар Ёнас Мяшкялявічус) з выявай важнейшых постацей і падзей гісторыі літоўскай культуры. Верхняя частка гранітнага партала важыць каля 9 тон, бакавіны — каля 6 тон, рухомая бронзавая створка дзверы — каля 300 кг. Дзверы, на стварэнне, выраб і мантаж якіх было затрачана паўмільёна літаў (што выклікала крытыку ў адрас былога рэктара ўніверсітэта, літоўскага палітыка Раландаса Павіленіса), лічацца самымі дарагімі ў Літве.

Дзверы-помнік. (2001)

У верхняй частцы дзвярэй размешчаны бронзавыя партрэты Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі, які заснаваў у 1579 годзе друкарню ў Вільні (пазней друкарня Віленскай Акадэміі і Універсітэта Таварыства Ісуса, 1585), дзе ў 1613 годзе была надрукавана першая арыгінальная карта Вялікага княства Літоўскага «Magni Ducatus Lithuaniae caeterarumque regionum illi adiacentium exacta descriptio»; віленскага біскуп а Валяр'яна Пратасевіча, які заснаваў віленскую езуіцкую калегію (1570) і яе бібліятэку; Папа Рымскі Рыгор XIII, які зацвердзіў 29 кастрычніка 1579 года булу аб заснаванні Віленскай Акадэміі і Універсітэта; кардынал Юрый Радзівіл, які звярнуўся да Папы з просьбай аб прадастаўленні правоў акадэміі віленскай калегіі; кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст, які падарыў езуіцкай калегіі сваю бібліятэку (каля 5000 тамоў); кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стафан Баторый, які падпісаў прывілей 1 красавіка 1579 года аб рэарганізацыі езуіцкай калегіі ва ўніверсітэт.

Дзверы-помнік. (2006)

Пасярэдзіне размяшчаецца герб універсітэта і надпіс «Першай літоўскай кнізе 1547—1997» (літ.: Pirmajai lietuviškai knygai 1547—1997). На створках дзвярэй адлюстраваныя першая старонка «Катэхізіса» Мажвідаса і выдадзенага ў Вільні ў 1595 годзе зборніка пропаведзяў на літоўскай мове «Пасціла» Мікалоюса Даўкшы, ніжэй — віды ўніверсітэтаў Кёнігсберга («Калыска літоўскай кнігі») і Вільні («Ачаг літоўскай навукі»), партрэты першага літоўскага мовазнаўца Канстанцінаса Сірвідаса, бацькі літоўскай гістарыяграфіі Сыманаса Даўкантаса, патрыярха літоўскага нацыянальнага адраджэння Ёнаса Басанавічуса, знакамітага кніганошы часоў забароны на літоўскі друк лацінскім шрыфтам Юргіса Белініса, таксама Вінцаса Кудыркі і біскуп Матэўса Валанчуса, братоў Вацловаса Біржышкі і Міколаса Біржышкі, пісьменніка Вінцаса Мікалайціса-Пуцінаса. Унізе злева сцэна ў старадаўняй друкарне, злева — выява скрыптора або пісьменніка і тэкст з прысвечанай універсітэту паэмы «Дрэва пазнання» Юстынас Марцінкявічуса «Тым людзям, што падымалі дах слова, тым кнігам, што калыхалі нашы калыскі» (літ.: Tiems žmonėms žodžio stogą kėlusiems, toms knygoms mūsų lopšį supusioms). Дзверы была ўрачыста адкрытыя 21 мая 2001 года.

На трохпавярховым будынку гістарычнага факультэта мемарыяльная шыльда ў памяць пражывання ў Вільні ўкраінскага паэта Тараса Шаўчэнкі, які жыў і тварыў у Вільні ў 18291831 гадах. Жыўшы ў Вільні, ён браў урокі малявання ў мастака Яна Рустэма, які жыў у гэтым будынку.

У будныя дні двор Бібліятэкі функцыянуе як аўтастаянка для работнікаў універсітэта. 1 верасня тут праходзяць урачыстасці пачатку новага навучальнага года ва ўніверсітэце.

Арачныя праходы вядуць ў двор М. К. Сарбевія і М. Даўкшы.

Двор Сарбевія[правіць | правіць зыходнік]

Звон Свабоды над праходам, якія злучаюць Вялікі двор і двор Сарбевія

Двор М. К. Сарбевія (літ.: M. K. Sarbievijaus kiemas, польск.: dziedziniec Sarbiewskiego) названы імем Мацвея Казіміра Сарбевія, польскага лацінскага паэта. На заходнім крыле над брамай устаноўлена памятная дошка з белага мармуру пра заслугі Сарбевія — паэта-лаўрэата, якога Папа Рымскі Урбан VIII увянчаў лаўровым вянком і ўзнагародзіў медалем.

Да самых старых пабудоў двара адносяцца будынкі ў яго паўднёвай частцы, якія ў асноўным захавалі структуру XVII стагоддзя. Архітэктар Караль Падчашынскі ў сярэдзіне XIX стагоддзя перабудаваў паўднёвы корпус і ўсе тры паверхі ўмацаваў масіўнымі контрфорсамі.

Ва ўсходнім корпусе ў часы езуіцкай акадэміі размяшчаліся стайні. Пасля рэканструкцыі, праведзенай да 400-годдзя ўніверсітэта (1979), у гэтым корпусе абгрунтаваўся цэнтр літуаністыкі і ўніверсітэцкая кнігарня Littera. Скляпенні і пілоны кнігарні ўпрыгожваюць фрэскі Антанаса Кмеляўскаса з выявамі заснавальніка езуіцкай калегіі біскупа Валяр'яна Пратасевіча, рэктара Галоўнай віленскай школы астранома Марціна Пачобута-Адляніцкага, выбітных выкладчыкаў і выхаванцаў Віленскага ўніверсітэта — мастакоў Смуглевіча і Рустема, гісторыкаў Лялевеля і Даўкантаса, медыка Франка, паэтаў Міцкевіча і Славацкага, усходазнаўца Кавалеўскага і іншых.

У паўночным корпусе былі кватэры прафесараў універсітэта. Корпус у 17991801 гадах рэканструяваў архітэктар Міхал Шульц. На трэцім паверсе была яго ўласная кватэра. Інтэр'ер чатырох пакояў Шульц дэкараваў ляпнымі арнаментамі і формамі розных ордараў і чытаў тут лекцыі, выкарыстоўваючы сваю кватэру як наглядны дапаможнік. Сёння гэта адзін з нешматлікіх захаваных класіцысцкіх інтэр'ераў жылога дому ў Вільнюсе. Пазней тут жылі графік прафесар Джозеф Саўндэрс, архітэктар Падчашынскі. Цяпер у былой кватэры Шульца размяшчаецца дэканат філалагічнага факультэта.[6] 26 чэрвеня 2011 года адбылося адкрыццё памятнай дошкі, устаноўленай на гэтым будынку, у гонар лаўрэата Нобелеўскай прэміі, паэта Чэслава Мілаша, які вучыўся ва Універсітэце Стафана Баторыя; ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел прэзідэнт Літоўскай Рэспублікі Даля Грыбаўскайтэ, надзвычайны і паўнамоцны пасол Польшчы ў Літве Януш Скалімоўскі, рэктар Віленскага ўніверсітэта Бенедзіктас Юодка і іншыя.[7][8]. Аўтар мемарыяльнай дошкі з барэльефам Мілаша і тэкстам на літоўскай, польскай і лацінскай мовах скульптар Арвідас Алішаўскас.[9]

Двор Даўкшы[правіць | правіць зыходнік]

Двор М. Даўкшы (літ.: M. Daukšos kiemas) названы імем Мікалоюса Даўкшы, каталіцкага каноніка, аднаго са стваральнікаў літоўскай пісьменнасці. У будынках, якія ўтвараюць двор, асталяваўся гістарычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Двор сфармаваўся ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. У XVII стагоддзі пабудаваны паўднёвы корпус, у сярэдзіне XVIII стагоддзя — двухпавярховы заходні і аднапавярховыя паўночны і ўсходні, у якіх былі зроблены стайні.

Напачатку XVIII стагоддзя на трэцім паверсе паўднёвага корпуса знаходзілася кватэра рэктара Уладзіслава Даўкшы. У паўднёвым крыле з боку двара захаваўся рэнесансны фасад.

У 1803 годзе над паўднёвым і заходнім карпусамі быў надбудаваны трэці паверх. На другім, пазней на трэцім паверсе заходняга корпуса жыў мастак прафесар Ян Рустэм. У яго браў урокі Тарас Шаўчэнка, у памяць пра што на будынку з боку двара Бібліятэкі ўстаноўлена мемарыяльная табліца з барэльефнай выявай паэта і тэкстам на літоўскай і украінскай мовах.

На другім паверсе таго ж дому жыў матэматык, які некаторы час займаў пасаду дэкана фізіка-матэматычнага факультэта Томаш Жыцкі. Цяпер памяшканні яго былой кватэры займае дэканат гістарычнага факультэта. Над кватэрай Жыцкага на трэцім паверсе жыў прафесар палітычнай эканоміі Ян Зноска. Заходні корпус двара рэканструяваўся, з прыстасаваннем памяшканняў пад кватэры прафесараў, па праекце і пад назіраннем архітэктара Міхала Шульца.[10]

Двор Даўкантаса[правіць | правіць зыходнік]

Даўкантас

Двор С. Даўкантаса (літ.: S. Daukanto kiemas, польск.: dziedziniec Smugliewicza) названы імем выхаванца Віленскага ўніверсітэта Сіманаса Даўкантаса, літоўскага гісторыка і пісьменніка-асветніка. На сцяне паўночнага корпуса над аркай размяшчаецца барэльеф Даўкантаса (скульптар Р. Казлаўскас). У цэнтры двара расце дуб; яго саджанец з родных месцаў Даўкантаса быў урачыста пасаджаны падчас святкавання 400-годдзя Віленскага ўніверсітэта (1979).

Пліта ў памяць Оны Шымайтэ

Двор утвараюць будынкі розных стагоддзяў. З паўднёвага боку двор замыкае будынак, у якім размяшчаюцца Інстытут замежных моў Віленскага ўніверсітэта і Віленскі інстытут ідыш, з усходняй — Domus Philologiae з кафедрамі, аўдыторыямі і чытальнымі заламі філалагічнага факультэта. Праведнікі сусвету

На сцяне паўночнага корпуса, побач з уваходам у Інстытут ідыш, устаноўлена мемарыяльная пліта ў памяць Оны Шымайтэ (18941970), праведніцы сусвету. Яна падчас Другой сусветнай вайны працавала ў бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта і аказвала дапамогу зняволеным Віленскага гета. Па дазволу акупацыйных улад збіраць у гета кнігі, узятыя студэнтамі да вайны з бібліятэкі, яна насіла ў гета прадукты, выносіла з гета лісты і запіскі вязняў. Схопленая пры спробе вывесці з гета яўрэйскую дзяўчынку, Яна Шымайтэ была падвергнута катаванням і затым адпраўлена ў канцлагер.[11]

У паўднёва-усходнім вуглу двара захаваўся каштоўны фрагмент рэнесанснага атыка. Паўднёвы будынак узводзіўся на мяжы XVI — XVII стагоддзяў для гаспадарчых патрэб: тут размяшчаліся стайні, сталярныя майстэрні, бровар, склады. Корпус пасля перабудовы ў канцы XVIII стагоддзя быў адведзены пад прафесарскія кватэры. Падчас рэстаўрацыі памяшканняў кафедры перакладу на сцяне адной з былых кватэр быў выяўлены фрагмент фрэскі, на якім захавалася дата — 1794 год.

На другім паверсе ўсходняга корпуса размяшчаецца вестыбюль муз з сграфіта вядомага графіка і скульптара Рымтаўтаса Гібавічуса, якая адлюстроўвае дзевяць муз (1969). Доўгі калідор вядзе да іншага вестыбюля, упрыгожанага апошняй фрэскай Гібавічуса. Яна адлюстроўвае самых вядомых гісторыкаў, паэтаў, мастакоў, архітэктараў Літвы, большай часткай звязаных з Віленскім універсітэтам. Ад вестыбюля муз калідор налева вядзе да чытальнай залы замежных моў. У калідоры перад чытальнай залай захаваліся старадаўнія драўляныя бэлькі столевага перакрыцця. Чытальная зала ўпрыгожаны фрэскай Шарунаса Шымулінаса «Мажвідас на фоне Рагайнэ». Калідор на першым паверсе вядзе да кафедры класічнай філалогіі. Вестыбюль перад ёю ўпрыгожвае мазаіка Віталіса Трушыса, якая адлюстроўвае літоўскіх паганскіх богаў і багінь — Пяркунаса, Габіі, Медэйны і іншых персанажаў літоўскай міфалогіі.[12]

З калідора першага паверху Domus Philologiae можна патрапіць у двор Станявічуса. З самога двара Даўкантаса можна прайсці ў двор Міцкевіча і двор Аркад.

Двор Аркад[правіць | правіць зыходнік]

Двор Аркад

Двор Аркад (літ.: Arkadų kiemelis) ад вул. Скапа аддзяляе дом, набыты ўніверсітэтам у 1815 годзе. У 1832 годзе па праекце архітэктара Караля Падчашынскага ў іх былі абсталяваны кватэры для вучняў гімназіі. Па праекце архітэктара Лявіцкага ў 1873 годзе будынкі паўночнай часткі двара С. Даўкантаса былі злучаны крытай галерэяй на масіўных чатырохвугольных калонах, утварыўшы невялікі панадворак з аркамі і нішамі. Двор рэканструяваўся ў 1974 годзе па праекце архітэктара Э. Урбаненэ. Дэкаратыўная металічная брама вядзе на Скопавку (цяпер вуліца Скапа).

Двор Стуокі-Гуцэвічуса[правіць | правіць зыходнік]

Мемарыяльная табліца

Двор Л. Стуокі-Гуцэвічуса (літ.: L. Stuokos-Gucevičiaus kiemas) названы імем выхаванца і выкладчыка Віленскага ўніверсітэта (у той час Галоўная школа Вялікага Княства Літоўскага) Лаўрынаса Стуокі-Гуцэвічуса, выбітнога прадстаўніка архітэктуры класіцызму ў Літве.

Двор утварыўся пасля перабудоў XIX стагоддзя. Будынкі, якія ўтвараюць яго, набыты адукацыйнай камісіяй у 1775 годзе, дзякуючы чаму ўніверсітэцкі комплекс пашырыўся да Замкавай вуліцы (Пілес). У гэтых будынках размяшчалася артылерыйскае вучылішча, у якім Стуока-Гуцэвічус чытаў лекцыі па матэматыцы, тапаграфіі і фартыфікацыі.

У сцяну паўночнага корпуса ўмуравана табліца ў памяць Стуокі-Гуцэвічуса з барэльефам архітэктара (скульптар Канстанцінас Багданас). Доўгі вузкі праход злучае двор Стуокі-Гуцэвічуса з дваром Аркад. Двор рэстаўраваўся ў 1972 годзе па праекце архітэктара Эляны Урбаненэ. З двара вядзе ўваход у Цэнтр арыенталістыкі і ў падзямелле, якое займае з 1990 года адзін са студэнцкіх тэатраў Віленскага ўніверсітэта — тэатрам «Мінімум» (пад кіраўніцтвам рэжысёра Рымантаса Венцкуса); зала ўмяшчае 45 гледачоў.[13]

Двор Міцкевіча[правіць | правіць зыходнік]

Двор А. Міцкевіча (літ.: A. Mickevičiaus kiemas, польск.: dziedziniec Mickiewicza) названы імем выхаванца Віленскага ўніверсітэта Адама Міцкевіча, беларускага паэта. Двор сфармаваўся пасля рэканструкцыі другой паловы XIX стагоддзя. Брама злучае яго з вуліцай Замкавай (Пілес) і дваром С. Даўкантаса. З усходняга боку ў XVI стагоддзі было тры дома, у другой палове XVIII стагоддзя аб’яднаных у адзін будынак. Яно было падорана ўніверсітэту біскупам Масальскім у 1775 годзе. Паўднёвае крыло збудавана ў канцы XVIII стагоддзя. У 1873 годзе па праекце архітэктара Лявіцкага забудавана заходняя частка двара.

Двор Станевічуса[правіць | правіць зыходнік]

Двор Станявічуса

Двор С. Станевічуса (літ.: S. Stanevičiaus kiemas) у апошні час часам не ўключаюць у склад ансамбля Віленскага ўніверсітэта, паколькі тры з чатырох будынкаў, якія ўтвараюць яго, не належаць універсітэту. Зваўся імем выхаванца і выкладчыка Віленскага ўніверсітэта Сіманаса Станевічуса, літоўскага паэта, фалькларыста і гісторыка. Вузкі і доўгі двор размяшчаецца на поўдзень ад двара А. Міцкевіча. На яго выходзяць вокны доўгіх калідораў першага і другога паверху філалагічнага факультэта, кафедры французскай філалогіі, якая была кафедры славянскай філалогіі.

Доўгі двухпавярховы дом, які выходзіць на Замкавую вуліцу (цяпер вуліца Пілес), і гаспадарчыя пабудовы ў глыбіні двара адносяцца да мяжы XVIXVII стагоддзяў. Па праекце архітэктара Лявіцкага ў 1873 годзе будынкі калідорамі другога паверху былі злучаны з карпусамі ансамбля Віленскага ўніверсітэта. Фасады двара з драўлянымі балконнымі галерэямі абноўлены ў 19661968 гадах па праекце архітэктара Станіславаса Мікулёніса.

Двор Сірвідаса[правіць | правіць зыходнік]

Двор Сірвідаса
Двор Сірвідаса
Двор Друкарні

Двор К. Сірвідаса (літ.: K. Sirvydo kiemas) названы імем Канстанцінаса Сірвідаса, езуіта, складальніка польска-лацінска-літоўскага слоўніка і аднаго з пачынальнікаў літоўскай пісьменнасці.

У двор вядзе нешырокі праход паміж паўночным крылом Вялікага двара і касцёлам Святых Янаў. Ва ўсходняй частцы двара можна бачыць двухпавярховы будынак рызніцы касцёла. З поўначы ўніверсітэцкі двор адгароджаны дэкаратыўным ажурным металічным плотам. Тут жа адзін з дзясяткаў «белых анёлачкаў» скульптара Вайдаса Рамошкі, якія з 2004 года ўсталёўваюцца ў розных, часам нечаканых, кутках Вільнюса.[14] На двор з поўдня выходзіць паўночны неф касцёла з трыма капэламі, сярод іх вылучаецца капэла (капліца) Святога Станіслава Косткі з купалам.

Двор Старой друкарні[правіць | правіць зыходнік]

Двор Старой друкарні (Senosios spaustuvės kiemas) размяшчаецца за дваром абсерваторыі. У заходняй частцы двара была аптэка, ва ўсходняй — друкарня езуіцкай акадэміі, заснаваная ў 1586 годзе.

Табліца ў памяць 400-годдзя бібліятэкі ўніверсітэта
Табліца ў памяць Юзэфа Завадскага і «Балад і рамансаў» Адама Міцкевіча

Тут былі надрукаваны «Катэхізіс» (1595), першая кніга на літоўскай мове, выдадзеная ў Літве, і «Пасціла» (1599) М. Даўкшы, «Трохмоўны слоўнік» і зборнік пропаведзяў «Пункты запаведзяў» (абедзве 1629) К. Шырвідаса. Нягледзячы на рэлігійны змест гэтых выданняў, яны сыгралі вялікую ролю ў гісторыі літоўскай мовы, літаратуры і асветніцтва.[15]

У 1970 годзе на вуліцы Б. Сруогас, як яна тады звалася (цяпер вуліца Швянта Ёна) на месцы дома, разбуранага падчас вайны ў 1944 годзе, было пабудавана трохпавярховае сховішча бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта (па праекце архітэктараў Алдоны Швабаўскенэ і А. Брусокаса). У фасад яе з вуліцы Швянта Ёна ў 1970 годзе была ўмуравана мемарыяльная дошка ў памяць 400-летняга юбілею бібліятэкі (мастак Рымтаўтас Гібавічус) з датамі юбілею 15701970 гадоў. Той, здавалася б, парадаксальны факт, што бібліятэка апыняецца на дзевяць гадоў старэй за сам ўніверсітэт, тлумачыцца тым, што яна была заснавана пры адкрытай у 1570 годзе езуіцкай калегіі, якая ў 1579 годзе была ператворана ў акадэмію і ўніверсітэт.

У двары размяшчаюцца службовыя памяшканні бібліятэкі і аддзел рэстаўрацыі.

У 1805 годзе друкарня была перададзена Юзэфу Завадскаму, друкару і выдаўцу, які атабарыўся ў Вільні ў 1803 годзе. Завадскі займаўся выданнем і продажам, у прыватнасці, падручнікаў і кніг па розных галінах навукі. У 1816 годзе ён тут жа адкрыў кнігарню. У 1828 годзе Завадскі страціў тытул універсітэцкага друкара і быў вымушаны пакінуць універсітэцкія памяшканні.[16]

У 1999 годзе на сцяне старой універсітэцкай друкарні з боку вуліцы Швянта Ёна была змешчана мемарыяльная табліца ў памяць выдаўца Юзэфа Завадскага, які ў чэрвені 1822 года выдаў першы зборнік знакамітага пазней беларуска-польскага паэта Адама Міцкевіча Ballady i romanse («Балады і рамансы»). Гэтым зборнікам, якія з’явіўся маніфестам польскага рамантызму[17], пачалася новая рамантычная эпоха ў польскай літаратуры[18].

Двор бурсы[правіць | правіць зыходнік]

Двор бурсы

Двор бурсы ўтвараюць будынкі XVIXVIII стагоддзяў, якія неаднаразова перабудоўваліся, у якіх пасля працяглага рамонту з лютага 2005 года размяшчаецца філасофскі факультэт Віленскага ўніверсітэта.

Уваход з плошчы С. Даўкантаса, на якую выходзіць галоўным фасадам палац Прэзідэнтуры і палац дэ Рэўсаў з класіцысцкім порцікам Марціна КнакфусаXIX стагоддзі Палацавая плошча, затым плошча Мураўёва, у міжваенныя гады плошча Напалеона, пасля Другой сусветнай вайны плошча Кутузава).

Зноскі

  1. Mini-Europe in Brussels (англ.)
  2. Половина литовцев живет в страхе перед Россией: Литва за неделю(недаступная спасылка). REGNUM (20 октября 2006). Архівавана з першакрыніцы 4 лістапада 2013. Праверана 18 июня 2009. (руск.)
  3. В Литву прибыла королевская чета Испании. Литовский курьер. Литовский курьер. Праверана 18 чэрвеня 2009. (руск.)
  4. В Литву с визитом прибывает президент Словении. Delfi (10 марта 2010). Праверана 12 марта 2010-03-12. (руск.)
  5. Vilniaus universiteto Bibliotekos kiemas (літ.). Vilniaus universitetas (5 студзеня 2009). Праверана 11 февраля 2009-02-11.
  6. Nijolė Bulotaitė.. Vilniaus universiteto M. K. Sarbievijaus kiemas (літ.). Vilniaus universitetas (сакавіка 2009). Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 4 марта 2009.
  7. Грыбаўскайтэ: Чэслаў Мілаш аб'ядноўвае літоўскі і польскі народы. ru.DELFI.lt. LT Delfi (27 чэрвеня 2011 г.). Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 29 чэрвеня 2011.
  8. Č. Milošas - pasaulio pilietis, jungiantis lietuvių ir lenkų tautas (літ.). Diena. UAB "Diena Media News" (26 чэрвеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 29 чэрвеня 2011.
  9. Viktoras Denisenko. Vilniaus universitete atidengta paminklinė lenta „paskutiniam LDK piliečiui“ (літ.). Universiteto naujienos. Vilniaus universitetas (27 чэрвеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 29 чэрвеня 2011.
  10. Nijolė Bulotaitė.. Vilniaus universiteto Mikalojaus Daukšos kiemas (літ.). Vilniaus universitetas (7 красавіка 2009). Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 7 красавіка 2009.
  11. Любовь Салимова.. Цветы в гетто не росли…(недаступная спасылка).  ??? (23 сентября 2008). Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 19 чэрвеня 2009.
  12. Nijolė Bulotaitė.. Simono Daukanto kiemas (літ.). Vilniaus universitetas (17 чэрвеня 2009). Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 18 чэрвеня 2009.
  13. Vilniaus universiteto teatras «Minimum» Архівавана 26 жніўня 2007. (літ.)
  14. Vilniuje nutūps angeliukas (літ.)
  15. А. Папшис. Вильнюс. Вильнюс: Минтис, 1977. С. 48.
  16. Juozapas Zavadskis (літ.)
  17. Б. Ф. Стахеев. Польская литература (первой половины XIX в.) // История всемирной литературы: В 9-ти т. Т. 6. М.: Наука, 1989. С. 477—492
  18. Marta Szymańska. Poszukiwanie Absolutu. Jedność antynomii i aprioryczna nieskończoność Архівавана 5 ліпеня 2007. (літ.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Wilno. Przewodnik krajoznawczy Juliusza Kłosa, Prof. Uniwersytetu St. Batorego. Wydanie trzecie popraione po zgonie autora. Wilno, 1937. S. 152—163.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]