Антоні Дулінец

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Антоні Дулінец
Род дзейнасці каталіцкі святар
Дата нараджэння 20 красавіка 1889(1889-04-20)
Месца нараджэння
Дата смерці 21 лютага 1966(1966-02-21) (76 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Альма-матар

Антоні Дулінец (20 красавіка 1889, в. Мосар — 21 лютага 1966, в. Будслаў) — беларускі каталіцкі святар лацінскага абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху[1]. Быў знаёмы з многімі беларускімі дзеячамі. Сябраваў з Вацлавам Аношкам і Пятром Татарыновічам.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Антоні (злева) з братам Францам. 1912 год. Фота з сямейнага архіва.

Паходзіў з сялянскай каталіцкай сям’і з в. Мосар. Бацька — Ігнась, маці — Паўліна з Гарбоўскіх. Меў 8 братоў, палова з іх стала місіянерамі.

Адукацыя і духоўная фармацыя[правіць | правіць зыходнік]

Атрымаў гімназійную адукацыю ў 1917 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Там жа працаваў памочнікам бухгалтара ў ваенным порце.

Вырашыў стаць ксяндзом пасля таго, як у яго стукнула маланка і ён цудам выжыў.

У 1920—1924 гадах навучаўся ў Мінскай духоўнай каталіцкай семінарыі пасля эвакуацыі яе ў Кельцы (Польшча). Пасля чаго працягнуў багаслоўскае навучанне ў Люблінскім каталіцкім універсітэце (1924—1926).

Высвячаны на каталіцкага святара лацінскага абраду біскупам Пінскім Зыгмунтам Лазінскім 4 красавіка 1926 года.

Падчас навучання ў семінарыі зацікавіўся справай адраджэння Уніі. У семінарыі навучаўся разам з Вацлавам Аношкам[2].

Душпастырская праца[правіць | правіць зыходнік]

У 1926 годзе прызначаны вікарыем касцёла Унебаўзяцьця НПМ у мяст. Браньск на Падляшшы. Аб гэтым прызначэнні Антонія і іншых ксяндзоў, свядомых беларусаў, пісалі як аб «ссылцы» за культурную працу сярод беларусаў-каталікоў[3].

У 1927 годзе ў віленскім касцёле св. Мікалая адправіў Св. Імшу разам з кс. Шутовічам, кс. Станкевічам і кс. Цікотам на дзявятыя ўгодкі абвяшчэння незалежнасці Беларусі[4].

З 1929 года супрацоўнічаў з Беларускім Каталіцкім Выдавецтвам. Пісаў для беларускіх рэлігійных выданняў «Krynica» і «Chryścijanskaja Dumka»[5]. Ахвяраваў на беларускую дзейнасць.

З 1929 года пробашч парафіі Марочна каля Пінска. Намаганнямі кс. Антонія — шчырага і ідэйнага беларуса — быў збудаваны мясцовы касцёл[6][7], на пасвячэнне якога прыязджаў ягоны сябар — беларускі каталіцкі святар Пётр Татарыновіч.

Гаварыў казанні па-беларуску. Заахвочваў вернікаў размаўляць на роднай мове. Распаўсюджваў беларускую культуру.

Фота Марыі-Людвікі Ермаковіч
Кс. Антоні (трымае крыж) са святарамі. Фота Марыі-Людвікі Ермаковіч.

Удзельнік 1-й канферэнцыі, прысвечанай царкоўнай уніі (23—24 красавіка 1930 года, Пінск)[8].

З 1931 года да пачатку Другой сусветнай вайны служыў пробашчам парафіі у парафіяльным касцёле св. Яна Хрысціцеля ў мяст. Гранне Бельска-Падляскага павета. У 1932 годзе гэты храм быў грунтоўна перабудаваны і папоўнены хорам кс. Дулінцам[9].

Хадзіў у пілігрымку ў Кальварыю[10].

У верасні 1936 года кс. Антоні разам з а. Аношкам віншуюць кс. Татарыновіча з юбілеем святарства ў Мядзведзічах. Там жа ён гаворыць навуку па-польску, але так зразумела і ўсё з беларускага жыцця[11].

З 1940 па 1949 гады пробашч касцёла Апекі НПМ Ружанцовай у в. Сігневічы Пружанскага дэканата.

Пасля вызвалення з лагера ў 1954—1966 гадах быў пробашчам у в. Будслаў.

Дзейнасць у час вайны[правіць | правіць зыходнік]

Падчас Другой сусветнай вайны садзейнічаў беларусізацыі Касцёла. Уваходзіў у спіс 45 каталіцкіх святароў на беларускіх паслугах, падрыхтаваны разведкай Арміі Краёвай у Мінску (жнівень — верасень 1942 года).

Пасляваенны лёс[правіць | правіць зыходнік]

Арыштаваны ў лютым 1949 года ў Сігневічах. Асуджаны да 25 гадоў ППЛ. Этапаваны ў адзін з лпгераў ГУЛАГа каля Кемерава. Атрымаў кілу. Прабыў нейкі час у лагеры з Фабіянам Ярэмічам[12]. Вызвалены ў 1954 годзе. Зарэгістраваны пробашчам парафіі Унебаўзяцця НПМ у мяст. Будслаў Вілейскага дэканата.

Падчас яго служэння праводзіўся Будслаўскі фэст[13] і была знойдзена былая бернардзінская бібліятэка ў адной з вежаў будслаўскага касцёла[14]. Таксама ў касцёле гучаў арган, працаваў вежавы гадзіннік.

Неаднаразова падвяргаўся нападкам у камуністычных газетах.

Анеля Катковіч у сваіх успамінах «Разьвітаньне з Будславам» піша:

«Адведваў нас у Будславе кс. Антон Дулінец, які таксама доўгія гады быў на Сібіры й вярнуўся з „раю“ амаль што разам з намі. Ён знаў амаль усіх ксяндзоў-беларусаў і сам быў беларусам. Казаньні ў касьцеле гаварыў па-польску, але ўводзячы цэлыя беларускія сказы. Ужо ён не жыве, памёр па дарозе з плябані ў касьцёл. Упаў і больш не падняўся.»

На ягоным пахаванні было шмат парафіян. Пахаваны на могілках у Будславе, каля капліцы. У Будславе нават праз паўстагоддзя з пашанай ўзгадваюць яго імя.

Фотаздымкі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Леанід Маракоў «Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі. 1917—1964» С. 161, 162, 500, 566, 593, 621, 638.
  • Jerzy Garbinski, Jerzy Turonek «Bialoruski ruch chrzescijanski XX wieku: slownik biograficzno-bibliograficzny» С. 95-96.
  • Roman Dzwonkowski SAC «Leksykon duchowieństwa polskiego represjonowanego w ZSRS 1939―1988» С. 207—208.