Антон Іванавіч Луцкевіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Антон Іванавіч Луцкевіч
Luckewicz fota090128.jpg
POL COA Nowina.svg
Герб «Навіна»
 
Дзейнасць: палітык, журналіст
Веравызнанне: рыма-католік
Нараджэнне: 17 (29) студзеня 1884
Шаўлі, Ковенская губерня, Расійская імперыя
Смерць: 1942 ці 1946[1]
Род: Луцкевічы
Бацька: Ян Баляслаў Луцкевіч
Маці: Зоф'я Эмерыкава з Лычкоўскіх
Жонка: Зоф'я з Абрамовічаў
Дзеці: два сыны

Анто́н Іва́навіч Луцке́віч (17 (29) студзеня 1884, Шаўлі, Ковенская губерня, Расійская імперыя — 23 сакавіка 1942, перасыльны пункт Актарска Саратаўскай вобл. Псеўданімы: Антон Навіна; А.Иванов; Антон Белорус; Генрык Букавецкі; Кумельган; Ів. Мялешка; крыптанімы: А. Л.; А. Н.; А.Н-А; А.Н-а; А-н-а; Б. Г.; Г. Б.; Г-бэ; Г.; Г. В.; Н.; Н-а-А; Н. А.; A.L.; A.N.; H.B.) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, літаратурны крытык, гісторык, лінгвіст, выдавец.

Біяграфічны нарыс[правіць | правіць зыходнік]

Паходзіў з шляхецкага роду герба «Навіна». Брат Івана Луцкевіча.

У 1902 скончыў Мінскую губернскую гімназію. Вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Пецярбургѓскага ўніверсітэта, юрыдычным факультэце Дэрпцкага ўніверсітэта. Адзін з заснавальнікаў у 1903 БРГ. Арыштаваны ў Мінску ў 1904 за распаўсюджванне партыйнай літаратуры; выпушчаны з пазбаўленнем права пакідаць горад. У лютым 1906 сумесна з братам Іванам пераехаў у Вільню. Там яны адразу перайшлі на нелегальнае становішча, бо распачалося следства ў справе замаху на мінскага губернатара П. Курлова. Замах здзейснілі І. Пуліхаў і сёстры Ізмайловіч, якія былі частымі гасцямі на мінскай кватэры Луцкевічаў, таму апошнія аўтаматычна падпадалі пад падазрэнне[2]. Ёсць звесткі, што з віленскімі кантактамі Луцкевічам дапамог В. Іваноўскі, іх супрацоўнік па пецярбургскай студэнцкай дзейнасці[3]. Уваходзіў у склад рэдакцый газ. «Наша доля» і «Наша ніва». Першы артыкул апублікаваў у 1906 у № 1 газеты «Наша доля». Супрацоўнічаў з выдавецтвам «Нашай нівы», з 1913 з Беларускім выдавецкім таварыствам. 3 1911 саўладальнік Віленскай бібліятэкі-чытальні «Веды» Б. Даніловіча, з 1914 яе ўладальнік.

Пасля акупацыі Вільні ў 1915 нямецкімі войскамі ўзначаліў Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Адзін з выдаўцоў газеты «Гоман». У 1915 з братам, паэтэсай Цёткай (А.Пашкевіч) і інш. заснаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную работніцкую групу (БСДРГ), узначаліў Беларускі народны камітэт (БНК). Адзін з ініцыятараў Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага. У 1916 БНК ухваліў яго канцэпцыю Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мора.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 выказваўся за ўключэнне ў склад будучай беларуска-літоўскай дзяржавы ўсіх беларускіх зямель, за наданне дзяржаўнага статуса ўсім мясцовым мовам, школьнае навучанне на роднай мове. На Беларускай канферэнцыі 1918 абраны старшынёй Віленскай беларускай рады (ВБР).[4] 18.3.1918 кааптаваны ад ВБР у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, быў ініцыятарам абвяшчэння незалежнасці БНР. Пасля расколу БСГ адзін са стваральнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП). У верасні 1918 прызначаны Радай БНР Старшынёй Народнага сакратарыята і народным сакратаром замежных спраў (з кастрычніка 1918 Старшыня Рады Народных Міністраў і міністр замежных спраў БНР). У верасні — пач. кастрычніка 1918 узначальваў беларускую надзвычайную дэлегацыю, якая наведала Украіну, сустракалася з гетманам П. Скарападскім. 3.12.1918 Рада і ўрад БНР на чале з А. Луцкевічам пераехалі ў Вільню, 27 снежня — у Гродна. 14.12.1918, 2.1 і 3.1.1919 Луцкевіч накіраваў ноты пратэсту польскаму ўраду супраць далучэння да Польшчы Беластоцкага, Бельскага і Аўгустоўскага паветаў У канцы сакавіка 1919 перад пагрозай польскай акупацыі Гродзеншчыны і Віленшчыны ён і некаторыя члены ўрада БНР выехалі ў Берлін. Дамагаўся таго, каб прадстаўнікі БНР прынялі ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі. У Берліне склаў мемарандум, які быў уручаны старшыні канферэнцыі. Па запрашэнні міністра-прэзідэнта Польшчы І. Падарэўскага выехаў з Парыжа ў Варшаву, дзе ў пачатку верасня 1919 быў інтэрніраваны. 1.12.1919 вярнуўся ў Мінск. Пасля расколу Рады БНР 13.12.1919 Старшыня Рады Міністраў Найвышэйшай Рады БНР.

Не знайшоўшы паразумення з Польшчай, 28.2.1920 падаў у адстаўку і выехаў у Вільню. Там аднавіў выданне газ. «Наша ніва» (выйшла 9 нумароў), да канца 1920 склаў і выдаў зборнікі «Наша ніва» і «Памяці Івана Луцкевіча». У ліпені — жніўні 1920 зняволены бальшавікамі. З 1921 старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. Выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі. У ліпені 1921 заснаваў Беларускую школьную раду, якая пазней злілася з Таварыствам беларускай школы (ТБШ). Яго намаганнямі пры Беларускім навуковым таварыстве (БНТ) арганізаваны Беларускі музей імя І. Луцкевіча. У 1922 узначаліў у Вільні Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт, распрацаваў тактыку і структуру Беларускага пасольскага клуба.[4] Пасля ўтварэння ў 1925 Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) працаваў у яе рэдакцыйным камітэце, куды быў запрошаны С. Рак-Міхайлоўскім. Арыштаваны польскімі ўладамі ў кастрычніку 1927, абвінавачаны ў супрацоўніцтве з нямецкай і савецкай разведкай; апраўданы судом у пач. 1928. У 1928 арыштоўваўся яшчэ раз і зноў апраўданы. У сярэдзіне 1929 А. Луцкевіч выключаны з ТБШ, дзе камуністы мелі моцныя пазіцыі. Адзін са стваральнікаў Цэнтральнага саюза культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюза), які адмаўляў рэвалюцыйныя метады змагання з санацыйным рэжымам Ю. Пілсудскага і выступаў за парламенцкія метады барацьбы. Незадавальненне КПЗБ выклікала крытыка А. Луцкевічам нацыянальнай і аграрнай палітыкі, якую савецкае кіраўніцтва пачало ў 1929, асабліва артыкул «Цень Азефа» (1930), дзе ён даў рэзка адмоўную характарыстыку І. Сталіну і яго акружэнню. Антон Луцкевіч праяўляў вялікую актыўнасць у галіне культурна-публіцыстычнай, між іншым быў старшынёй Беларускага навуковага таварыства. У 1930 польскія ўлады забаранілі дзейнасць Беларускага выдавецкага таварыства, якім кіраваў Антон Луцкевіч. У 1931 звольнены з работы ў Віленскай беларускай гімназіі. Антон Луцкевіч стаў аб'ектам палітычных спекуляцый і нападаў. У гэты час выявіліся супярэчнасці паміж лідарамі Цэнтрасаюза. Яго старшыня Ф. Акінчыц крытыкаваў А. Луцкевіча за марксісцкі светапогляд. 3 абвінавачваннямі ў палітычных праліках выступілі ў друку і хрысціянскія дэмакраты. У 1933—1939 беларускія газеты яго не друкавалі. Антон Луцкевіч выступаў пераважна ў газеце «Przeglad Wileński» («Віленскі агляд»), час. «Калоссе», «Гадавіку» Беларускага навуковага таварыства". Адышоў ад палітычнай дзейнасці, працаваў у БНТ і Беларускім музеі, выступаў з лекцыямі і рэфератамі.

Пасля ўступлення ў Заходнюю Беларусь Чырвонай Арміі яго запрасілі на сход беларускай інтэлігенцыі. Арыштаваны 30 верасня 1939 савецкімі ўладамі ў Вільні; этапіраваны ў Мінск. Рашэннем Асобай нарады пры НКУС СССР 14 чэрвеня 1941 прыгавораны да 8 гадоў зняволення. Памёр у зняволенні (дакладная дата і месца смерці стала вядомая нядаўна). Рэабілітаваны ў 1989.

Навуковая дзейнасць, публіцыстыка[правіць | правіць зыходнік]

Першы артыкул «Што будзе?» надрукаваў у газеце «Наша доля» (1906, № 1). Паступова стаў вядучым беларускім публіцыстам. У артыкулах і нататках пач. ХХ ст. крытыкаваў аграрную і нацыянальную палітыку царызму, выказваўся за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне беларускага народа, асуджаў нацыяналізм («Краёвае становішча», 1914). Развіццё беларускага вызваленчага руху звязаў з развіццём капіталістычных адносін і станаўленнем нацыянальнай буржуазіі («Эканамічная эвалюцыя і беларускі рух», 1917). Склаў курсы лекцый па фанетыцы і этымалогіі. У 1917 выдаў працу «Як правільна пісаць па-беларуску», у 1918 (разам з Я. Станкевічам) — «Беларускі правапіс». Аўтар брашуры «Польская акупацыя на Беларусі» (1920), працы «За дваццаць пяць гадоў (1903—1928)» (1928, прысвечана гісторыі БРГ і БСГ). Даследаваў гісторыю нарадавольніцкага руху, выступаў з дакладамі і рэфератамі па гэтым пытанні. Вывучаў мову скарынаўскіх выданняў і Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 («Чатырохсогледце першага кодэксу беларускага права», 1929; «Статут Вялікага Княства Літоўскага на фоне эвалюцыі нацыянальных адносін у Беларусі», 1930, і інш.). Аўтар зборнікаў літаратурна-крытычных прац «Нашы песняры» (1918), «Адбітае жыццё» (1929). Апублікаваў шэраг прац па гісторыі беларускай культуры, мастацтва і літаратуры: «Пуцяводныя ідэі літаратуры», «Жыдоўскае пытанне ў беларускай літаратуры» (абедзве 1921), «Вязніца Адама Міцкевіча» (1923), «Эвалюцыя беларускай адраджэнскай ідэалогіі і адбіцце яе ў літаратуры» (1926) і інш. Асобныя артыкулы і нататкі прысвяціў жыццю і творчасці М. Багдановіча, А. Бурбіса, М. Гарэцкага, Ядвігша Ш., Ф. Багушэвіча, Я. Коласа, Я. Купалы, Цёткі, К. Сваяка і інш. Пераклаў на беларускую мову працу М. Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» (1919), «Элементарную алгебру» А. Кісялёва і падручнік В. Остэрлёфа і Я. Шустэра «Сусветная гісторыя. Ч. 2. Сярэднявечная гісторыя» (1921), адзін з перакладчыкаў Новага запавета і Псалтыра (Хельсінкі, 1931) і інш.

Асобныя артыкулы А. Луцкевіча перакладаліся на ідыш[5].

Зноскі

  1. Anton Łuckiewicz
  2. Луцкевіч, А. Да гісторыі беларускага руху: Выбраныя творы / Антон Луцкевіч; [Уклад., прадм., камент., анатав. індэкс імёнаў А. Сідарэвіча]. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2003. — 287 с. — С. 90. — ISBN 985-6730-09-0.
  3. Собственноручные показания А. И. Луцкевича // Луцкевіч, А. Да гісторыі беларускага руху... — С. 11.
  4. 4,0 4,1 ЭГБ, т.4
  5. http://belisrael.info/?p=10071

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Белорусы. СПб., 1909;
  • Нашы песняры: літаратурна-сацыяльныя нарысы. Вільня, 1918;
  • Ekanamičnaja ewalucyja i biełaruski ruch. Wilnia, 1918;
  • Польская акупацыя Беларусі. -- Вільня, 1920;
  • Пуцяводныя ідэі беларускае літаратуры. Вільня, 1921;
  • Вільня ў беларускай літаратуры. Вільня, 1925;
  • За дваццаць пяць гадоў (1903—1928): Успаміны аб працы першых беларускіх паліт. арганізацый. Вільня, 1928 (перавыданне: Мн., 1991);
  • Адбітае жыццё. Вільня, 1929;
  • Янка Купала як прарок адраджэння: Публічная лекцыя, чытаная ў Вільні, Рызе і Дзвінску. Вільня, 1932(33);
  • Białorusini i ich organ «Homan». Lwów, 1935;
  • Злучаныя Штаты ад Балтыкі да Чорнага мора // Свабода. 1990. № 2;
  • Дзённік // Полымя. 1990. № 4—5;
  • Выбраныя творы: праблемы культуры, літаратуры і мастацтва / уклад., прадм. , камэнт., індэкс імёнаў, пер. з пол. і ням. А. Сідарэвіча. — Мінск: Кнігазбор, 2006. — 460 с.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Антон Луцкевич: материалы следственного дела НКВД БССР / Подг. к печати, введение и комментарии В. Н. Михнюка, Н. М. Климовича и А. Н. Гесь. Мн., 1997;
  • БП, т. 4;
  • Бяляцкі А. У іпастасі літаратурнага крытыка // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994;
  • Бяляцкі А. Антон Луцкевіч // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст. Мн., 1999. Т. 2;
  • За дзяржаўную незалежнасць Беларусі. Дакументы і матэрыялы… Лёндан, 1960;
  • Каханоўскі Г. Бацька Івана і Антона // ЛіМ. 1990. 2 лістап.;
  • Конан У. Антон Луцкевіч: філасофія і эстэтыка нац. Адраджэння // Голас Радзімы. 1994. 10 сак. — 7 крас.;
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
  • Сідарэвіч А. М. Антон Луцкевіч: ад краёвасці да незалежніцтва (1916—1918) (агляд крыніцаў БДАЛМ) // Архіўныя чытанні І-III: матэрыялы навуковых канферэнцый, Мінск, 2003—2005 гг. / Укл.: Г. В. Запартыка і інш.; навук. рэд. А. В. Мальдзіс. Мінск: РІВШ, 2006. С. 209—222.
  • Сідарэвіч А. Антон Луцкевіч і Янка Купала // Тэрмапілы. 2003. № 7. С. 161—204.
  • Сідарэвіч А. Антону Луцкевічу — 120 // Наша слова. 2004. 25 студзеня. № 4. С. 5.
  • Сідарэвіч А. Вучаніца і настаўнік: супраца // Дзеяслоў. 2003. № 7. С. 177—181.
  • Сідарэвіч А. 3 жыцця Антона Луцкевіча // ЛіМ. 1991. 18, 25 студз., 1 лют.;
  • Сідарэвіч А. Луцкевічы і Луцэвіч. Мінск: Фонд імя братоў Луцкевічаў, 2003. 58 с.
  • Сідарэвіч А. Маленькая містыфікацыя // Наша ніва. 2006. 3 лютага. № 5. С. 34-36;
  • Сідарэвіч А. Падзеі ў Віленскай Беларускай гімназіі і А.Луцкевіч. Беларуская санацыя і нацыянал-фашызм // Наша слова. 2004. 28 красавіка. № 16. С. 3-4.
  • Сідарэвіч А. Хроніка пераломнага часу: А.Луцкевіч як ідэолаг і правадыр нацыянал-фашызму і нацыянал-дэмакратыі // Дзеяслоў. 2004. № 1. С. 167—192;
  • Сидоревич А. Антон Луцкевич: Главы из книги // Нёман. 1990, № 7;
  • Тарасюк Л. Беларуская паэзія пачатку XX ст. у ацэнках А. Навіны (Луцкевіча) // Веснік БДУ. Сер. 4. 1994. № 2;
  • ЭГБ, т. 4;
  • Янушкевіч Я. Луцкевічы // Шляхам гадоў: Гісторыка-літаратурны зборнік. Вып. 4. Мн., 1994;
  • Bergman A. Antoni Łuckiewicz (1884—1946). Szkic biograficzny // Przegląd Historyczny. 1974. T. LXV, y. 4.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]