Антон Антонавіч Прушынскі
| Антон Антонавіч Прушынскі | |
|---|---|
| Антон Прушынскі з жонкай і дзецьмі | |
| Імя пры нараджэнні | польск.: Stanisław Antoni Prószyński[2] |
| Род дзейнасці | фатограф |
| Дата нараджэння | 1826 |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 15 ліпеня 1895[1] |
| Месца смерці | |
| Месца пахавання | |
| Грамадзянства | |
| Веравызнанне | каталіцтва |
| Бацька | Антоні Прушынскі[d] |
| Маці | Роза Станская[d] |
| Жонка | Пелагея Вікторыя Кулакова[d] |
| Дзеці | Конрад Прушынскі |
Станіслаў Антоній Прушынскі, Антоній Антоніевіч Прушынскі (1826—1895[3]) — мінскі фатограф. Адзін з пачынальнікаў беларускай фатаграфіі.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]
Нарадзіўся ў 1826 годзе на Міншчыне, у маёнтку Асінцы Вілейскага павета ў шляхецкай сям’і вілейскага межавага суддзі Антонія Станіслававіча Прушынскага (памёр каля 1873) і Розы Станьскай[4]. Меў брата Цэзарыя, сясцёр Ванду (у шлюбе Валіцкая) і Тэклю (у шлюбе Пятроўская)[5]. Ахрышчаны 12 снежня 1826 года ў старым у Альковіцкім касцёле.
Актыўна ўдзельнічаў у грамадскім руху, у 1844—1845 гадах належаў да т. зв. спіскоўцаў, меў радыкальныя погляды, якія не падзяляў ягоны бацька[5]. У досыць маладым узросце пакінуў бацькоўскую хату і пасяліўся ў Мінску, дзе спачатку зарабляў урокамі ігры на фартэпіяна. Неўзабаве ў яго атрымалася адкрыць тут невялікую фабрыку па вытворчасці сургучу[4].
Маючы прыродныя схільнасці да мастацтва, захапіўся фотасправай, тонкасці якой вывучыў за мяжой і, па словах сястры, «выпісаўшы выключна каштоўныя фатаграфічныя апараты, абсталяваў у горадзе Мінску першакласную фатаграфічную майстэрню». Датай пачатку дзейнасці фотаатэлье Прушынскага ў Мінску польскія крыніцы называюць 1850 год. Гэта таксама самая ранняя на сёння згадка аб існаванні дагератыпнай майстэрні на тэрыторыі Беларусі[4]. Майстэрня размяшчалася на Францысканскай вуліцы (цяпер — Леніна)[6].
Прыкладна ў гэты ж час ён ажаніўся з Пелагеяй з Кулакоў, а ў 1851 годзе нарадзіўся іх першынец — Конрад, у будучыні вядомы польскі педагог, аўтар чытанкі, рэдактар штотыднёвіка для сялян «Gazeta Świąteczna»[4].
У 1850-я гады меў дачыненне да дзейнасці Мінскага гарадскога тэатра, у 1856 годзе выступаў на ягонай сцэне ў оперы Станіслава Манюшкі «Рэкруцкі набор»[5]. 9 лютага 1852 года выканаў ролю Караля Лятальскага ў часе прэм’еры спектакля «Сялянкі» ў Мінску.
У перыяд Крымскай вайны ўдзельнічаў у вызваленчым руху, за што ў 1855 годзе быў арыштаваны і ўтрымліваўся ў Бабруйскай турме[5].
У 1858 годзе Прушынскі засвоіў тэхналогію вырабу адбіткаў на паперы[4]. Часцей за ўсё ў фатаграфічнай майстэрні Прушынскага вырабляліся партрэты, якія прыносілі фатографу асноўны прыбытак. Таксама тут выконваліся рэпрадукцыі з карцін, абразоў. Незадоўга да паўстання 1863 года Антон Прушынскі ў сваёй фотамайстэрні вырабляў партрэты, якія мелі выразны патрыятычны змест[4]. У перадпаўстанцкі перыяд далучыўся да «чырвоных» Мінскага паўстанцкага камітэта[5].

У фотамайстэрні Прушынскага таксама мелася вырабленае па заказе крэсла. Калі ў пачатку 1863 года Антон Антонавіч быў арыштаваны за ўдзел у паўстанні, у следчай справе адным з фактаў, прадстаўленых абвінавачваннем, быў той, што Прушынскі ў сваёй дагератыпнай майстэрні выкарыстоўваў пры здымках крэсла з высокай спінкай, наверсе якой знаходзіліся малюнкі «Арла» і «Пагоні» (сімвалы паўстання). Гэтае крэсла фігуравала на следстве і як рэчавы доказ. Шэраг такіх партрэтаў (напрыклад, прапаршчыка М. Цюндзявіцкага) быў канфіскаваны паліцыяй падчас рэвізіі фотамайстэрні Прушынскага і служыў доказам яго прыналежнасці да патрыятычнага руху. Па прыгаворы суда 29 кастрычніка 1863 года Антон Прушынскі быў сасланы ў Сібір[4]. Пакаранне А. Прушынскі адбываў у Каінскай акрузе Томскай губерні[5]. Перад паўстаннем Прушынскі (хоць ён і не прымаў удзелу ў баях) перааформіў усе каштоўнасці на жонку Пелагею-Вікторыю — у тым ліку фатаграфічную машыну і прэс. Прыставы проста не знайшлі ў яго маёмасці для канфіскацыі. Яго таксама выключылі са спісу маёмаснага секвестра, не канфіскавалі і маёнтак яго бацькі[6].
Пра Прушынскага згадваў часопіс «Фотографической иллюстрации» № 8—9 за 1863 год[7]:
| Дзве адзіныя ў горадзе фатаграфіі, першая Прушынскага, даволі недасведчанага фатографа, які карыстаецца падтрымкай польскага насельніцтва і ў цяперашні час арыштаваны за ўдзел у мецяжы, — другая Якава Аляксандравіча Брафмана, выдатнага фатографа, што заслугоўвае па майстэрстве сваім заняць найганаровейшае месца ў коле нашых расійскіх фатографаў. |
Паводле звестак Станіслава Рэйманта, да паўстання меў дачыненне і бацька фатографа, Антоні Прушынскі, які таксама быў сасланы ў Сібір, адкуль атрымаў дазвол вярнуцца да 1868 г. без магчымасці пражывання на старым месцы жыхарства[5].
У 1864 годзе да яго прыбыла жонка Пелагея Вікторыя Кулакова разам з дзецьмі: Конрадам, Максіміліянам і Зянонай. Відаць, ужо ў Томску ў іх нарадзіўся сын Севярын (памёр каля 1869)[5]. У Томску ён зноў, як калісьці ў маладосці, зарабляў на жыццё ўрокамі музыкі, а ў 1864-м адкрыў невялікую фатаграфічную майстэрню, валодала якой фактычна яго жонка Пелагея[4]. У ягоным доме арганізоўваліся музычныя вечары, у якіх прымалі ўдзел нават дзеці. Падчас ссылкі А. Прушынскі быў арыштаваны і ўтрымліваўся ў зняволенні за ўдзел у патаемных сходах. У 1869 г. ён атрымаў дазвол наведаць Польшчу, пасля чаго назад не вярнуўся. Да 1873 года томскія ўлады шукалі яго, што знайшло асвятленне ў перыядычным друку і архіўных справах[5].
У 1873 годзе сканчваецца тэрмін высылкі, з гэтага чаму Прушынскія жывуць у Варшаве. Там на вуліцы Новы Святы, 34, а затым на Хмельнай, 25 Антон Прушынскі адкрыў уласнае фотаатэлье. Спачатку пад шыльдай «Афтаназій Пуцята» (па прозвішчы цесця свайго сына), а з 1892 года ўжо пад уласным імем[4].
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Антон Прушынскі выкарыстоўваў фатаграфію як сродак, які дапамагаў не толькі выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, але і абудзіць, падтрымаць патрыятычныя пачуцці ў іншых. Для гэтага фатограф карыстаўся рознымі метадамі. Ён мог здымаць сваіх кліентаў у характэрным адзенні, напрыклад шляхецкай чамарцы, папулярнай у Рэчы Паспалітай у XVIII стагоддзі, якую актыўна, у знак пратэсту, сталі насіць мужчыны Мінска ў 1861—1862 гадах, альбо ўключаць у кампазіцыю здымка пэўныя прадметы-сімвалы, якія ўскосна апавядалі аб перавагах мадэлі[4].

Усе вышэйназваныя элементы прысутнічаюць ва ўжо хрэстаматыйным фатаграфічным партрэце Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Ён апрануты ў чамарку, трымае ў руцэ згорнуты ў некалькі разоў друкаваны аркуш. Цікава, што загаловак выдання пазней быў сцёрты з эмульсійнага слою рукой рэтушора. Паводле аднаго з меркаванняў, Дунін-Марцінкевіч трымае ў сваіх руках нумар першай беларускай нелегальнай рэвалюцыйна-дэмакратычнай газеты «Мужыцкая праўда»[4].
На сёння арыгінальныя адбіткі, выкананыя ў мінскай і варшаўскай фатаграфіях Прушынскага, захаваліся ў асноўным на тэрыторыі Польшчы. Сямейныя фатаграфіі Прушынскіх былі выяўленыя беларускім гісторыкам У. М. Дзянісавым у Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве. Дзве фатаграфіі захоўваюцца на тэрыторыі Беларусі — партрэт Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь і партрэт Уладзіслава Гаціскага у Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі[4].
Зноскі
- ↑ а б в Sejm-Wielki.pl — 2002.
- ↑ MAK
- ↑ http://www.konradproszynski.pl/fotografie.asp Архівавана 21 верасня 2010. konradproszynski.pl
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л Беларуская фатаграфія. Імёны / Станіслаў Антон Прушынскі(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 30 верасня 2020. Праверана 16 красавіка 2020.
- ↑ а б в г д е ё ж з Вольга Гарбачова. Паўстанцы 1863 года на фотаздымках Архівавана 30 красавіка 2022.
- ↑ а б Первые минские фотографы могли сотрудничать с царской охранкой
- ↑ Што змяняе чалавека, Сяргей Харэўскі, Наша Ніва, 4 лютага 2008