Антон Тадэвушавіч Ваньковіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Антон Фадзеевіч Ваньковіч)
Антон Тадэвушавіч Ваньковіч
Антон Ваньковіч. Мастак Ян Рустэм, каля 1805 г.
Антон Ваньковіч. Мастак Ян Рустэм, каля 1805 г.
Герб «Ліс»
Герб «Ліс»
Ігуменскі павятовы маршалак
1805 — 1808
Папярэднік Міхал Станіслававіч Прушынскі
Пераемнік Леў Францавіч Оштарп (1785—1851)

Нараджэнне 1780(1780)
Вялікае Княства Літоўскае
Смерць 1812(1812)
Мінская губерня, Расійская імперыя
Род Ваньковічы
Бацька Тадэвуш-Казімір Тадэвушавіч Ваньковіч
Маці Ганна Антоніеўна Свентаржэцкая
Жонка Ганна з Солтанаў[d]
Дзеці Клемянціна Антоніеўна Ваньковіч, Валерыя Антоніеўна Ваньковіч (1805—?), Ванда Антоніеўна Ваньковіч (1808—1842)
Веравызнанне каталік
Узнагароды

Антон Тадэвушавіч Ваньковіч (польск.: Antoni Wańkowicz, руск.: Антон Тадеушевич Ванькович; 1780—1812) — ігуменскі павятовы маршалак (1805—1808), буйны землеўласнік Мінскай губерні.

Паходжанне і сям'я[правіць | правіць зыходнік]

Належаў да каталіцкага шляхецкага роду Ваньковічаў герба «Ліс», які паходзіў з Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

Нарадзіўся ў сям'і шляхціца-каталіка Тадэвуша-Казіміра Тадэвушавіча Ваньковіча і яго жонкі Ганны Антоніеўны Свентаржэцкай.

Бацька Тадэвуш-Казімір Ваньковіч адносіўся да сярэднезаможнай каталіцкай шляхты Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, дзе і займаў мясцовыя земскія пасады: мінскі канюшы (1750—1772), мінскі мечнік (1772—1773), мінскі лоўчы (1773—1782), мінскі чашнік (1782—1786), мінскі падчашы (1786—1795); з 1764 быў шатраўскім старостам. Тытулам мінскага падчашага бацька карыстаўся яшчэ і ў 1804, па інэрцыі, пажыццёва.

Маці Ганна таксама паходзіла з сярэднезаможнай шляхты Менскага ваяводства — была дачкой шляхціца Антона Свентаржэцкага, мінскага земскага пісара, і яго жонкі-шляхцянкі Кацярыны Багдановіч. Бацька Тадэвуш, з'яўляючыся мінскім чашнікам, купіў значны маёнтак Відагошч у Менскім ваяводстве[1] ў Яна-Караля Завішы, палкоўніка войск Вялікага Княства Літоўскага, мужа Тэрэзы Свентаржэцкай. Акрамя таго Тадэвуш Ваньковіч валодаў невялікімі фальваркамі Мачаны, Мацкі, Кашын у Мінскім ваяводстве і фальваркам Крожа ў Жамойцкім старостве.

Антон Ваньковіч ажаніўся са шляхцянкай-каталічкай Ганнай Станіславаўнай Солтан[2] (каля 1790 — 1812), якая належала да заможнага і ўплывовага ў тыя часы роду Перасвет-Солтанаў, які быў у цесных сваяцкіх сувязях з магнацкімі родамі Вялікага Княства Літоўскага. Маткай Ганны была князёўна Францішка-Тэафілія Станіславаўна Радзівіл, дачка Станіслава Радзівіла (1722—1787) і Караліны Пацей (1732—1776), а бацькам — Станіслаў Станіслававіч Перасвет-Солтан (1756—1836), які быў надворным маршалкам літоўскім (1791—1792), а ў 1812 узначаліў Камісію Часовага ўрада Вялікага Княства Літоўскага — створаны 19 чэрвеня 1812 паводле загаду французскага імператара Напалеона орган адміністрацыйнага кіравання на акупіраванай французскімі войскамі тэрыторыі літоўска-беларускіх губерняў Расійскай імперыі у ходзе франка-расійскай вайны.

Ад жонкі Ганны Солтан Антон Тадэвушавіч Ваньковіч меў трох дачок, якія вельмі ўдала выйшлі замуж. Першая дачка Клемянціна Антоніеўна Ваньковіч пайшла замуж за заможнага графа Эдварда Юзафавіча Мастоўскага (1790—1855), завілейскага (свянцянскага) павятовага маршалка (1812—1840), віленскага губернскага маршалка (1840—1843), уласніка маёнтка Цэрклішкі ў Віленскай губерні. Другая дачка Валерыя Антоніеўна Ваньковіч (1805—?) пабралася шлюбам з заможным графам Канстанцінам Ігнатавічам Тызенгаузам (1786—1853), уласнікам Паставаў, Ракішскага графства, знаным арнітолагам і краязнаўцам. Трэцяя дачка Ванда Антоніеўна Ваньковіч (1808—1842) пайшла замуж за заможнага графа Бенедыкта Тышкевіча (1807—1866), ковенскага губернскага маршалка (1846—1849), уласніка маёнтка Чырвоны Двор каля Коўна.

Службовая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Антон Ваньковіч, валодаючы даволі значным маёнткам у Ігуменскім павеце, кар'еру рабіў толькі на дваранскай службе ў родным павеце, абіраючыся дзякуючы заможнасці і сваяцкім і сяброўскім сувязям з найболей уплывовымі сем'ямі павета (Ваньковічамі, Оштарпамі, Манюшкамі, Ельскімі, Прушынскімі, Слатвінскімі, Янішэўскімі) на павятовыя дваранскія пасады: быў ігуменскім павятовым харунжым (1802—1804), старшынём ігуменскага павятовага суда (1804—1805), ігуменскім павятовым маршалкам (1805—1808). А пасля вырашыў, што ўжо дастакова паслужыў павятоваму дваранству.

Атрымаў даволі рэдкі ў тыя часы мальтыйскі ордэн Святога Іаана Іерусалімскага. Як і многія прадстаўнікі краіннай і рэгіянальнай эліты ў пачатку XIX ст., стаў членам мясцовых масонскіх лож, што было вельмі папулярным і распаўсюджаным у тыя часы, — «Уладзіслаў Ягела» і «Святыня пакоя».

У складзе Адміністрацыі Мінскага дэпартамента (1812)[правіць | правіць зыходнік]

Ганна з Солтанаў Ваньковіч — жонка Антона. Мастак Ян Рустэм, каля 1805 г. Нацыянальны музей у Варшаве

Яго ціхае жыццё перарвалася толькі ў 1812, калі пачалася франка-расійская вайна і ў Мінскую губерню прышлі французскія войскі, што ўстанавілі тут сваю сістэму кіравання. Антон Ваньковіч увайшоў у склад створанай французскімі ўладамі мясцовай адміністрацыі: паводле дэкрэта князя Экмлюльскага (французскага маршала Луі-Нікаля Даву) ад 13 ліпеня (25 ліпеня) 1812 была створана Камісія Часовага Урада Мінскай правінцыі для кіравання справамі ў захопленай Мінскай губерні і прызначаны асобы, якія павінны ўвайсці ў яе склад. У Мінску гэтая Камісія выбрала са свайго кола старшыню (князя Міхала Крыштафавіча-Дамінікавіча Пузыню) і генеральнага камісара пры маршале князе Экмюльскім (ім стаў Міхал Антонавіч Зяновіч). Паводле дэкрэта князя Экмлюльскага Камісія падзялілася на тры аддзелы (гаспадарчы, паліцыі і фінансавы), размеркаваўшы ў аддзелах асоб, выбраных князем Экмюльскім членамі Камісіі. Антон Тадэвушавіч Ваньковіч і Міхал Антонавіч Зяновіч разам увайшлі членамі ў склад гаспадарчага аддзела, узначаленага старшынём — Ігнатам Станіслававічам Манюшкам (1787—1869).

Паводле дэкрэта французскага імператара Напалеона І ад 19 чэрвеня (1 ліпеня) 1812 для кіравання захопленымі французамі тэрыторыямі, дзе было прагалошана Вялікае Княства Літоўскае, ствараліся дэпартаменты на чале са сваёй адміністрацыяй: па паступовым захопе тэрыторыі былі створаны Віленскі, Гродзенскі, Мінскі і Беластоцкі дэпартаменты — у межах адпаведных расійскіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Толькі 27 ліпеня (8 жніўня) 1812 Камісія Часовага Урада Мінскай правінцыі была ліквідавана французскай уладай, аднак усе яе члены былі пакліканы на пасяджэнне ў складзе аддзелаў Адміністрацыі Мінскага дэпартамента. Ваньковіч увайшоў у склад новай адміністрацыі і быў членам з 17 ліпеня па 15 жніўня 1812, а пасля быў наглядальнікам ваеннага шпіталя французскай «Вялікай арміі» ў Мінску, дзе заразіўся тыфам, ад якога і заўчасна памёр.

Маёнткі[правіць | правіць зыходнік]

Атрымаў у спадчыну бацькоўскія маёнткі, якія знаходзіліся ў Менскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага, а пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у выніку новага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу сталі знаходзіцца ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі, — маёнткі Відагошч і Зазер'е[крыніца?], дзе ў 1805 мелася 989 рэвізскіх душ, каля 3500 дзесяцін зямлі, млын, прапінацыя, лясы, што ў цэлым каштавала каля 8 млн злотых. А ў 1812 у маёнтку Зазер'е ў Ігуменскім павеце мелася 406 душ. Акрамя гэтага меў палац у Вільні, званы «Ваньковіцкім палацам».

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
  • Чарняўскі, В. Ф. Ураднікі (пасады, тытулы) Менскага ваяводства XVI—XVIII стагоддзяў (Біяграфічны даведнік) / В. Ф. Чарняўскі. — Мн.: Олдеран, 2007. — 224 с.
  • Часовая мінская газета. 1812 год: Перакл. з польск. мовы / пад рэд. канд.гіст. навук Я. Анішчанкі. — Мінск : Хурсік, 2008. — 184 с.
  • Швед, В. В. Масоны і ложы на землях Беларусі (канец XVIII — першая чвэрць XIX ст.) : біябібліягр. слоўн. / В. В. Швед. — Гродна : ГрДУ, 2007. — 275 с.
  • Konarski, S. Wańkowiczowie herbu Lis odmienny / S. Konarski. — Paryż, 1960.