Антылія

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Антылія (злева) на карце Барталамеа Парэта (1455).

Антылія (Antillia) — востраў-прывід, які маляваўся на картах XV стагоддзя (партуланах) у выглядзе выцягнутага з поўначы на поўдзень прамавугольніка ў Атлантычным акіяне на захад ад Пірэнейскага паўвострава.

Вялікі прамавугольны востраў Антылія ўпершыню з'яўляецца на партулане венецыянскага картографа Джавані Піцыгана ў 1424 годзе. Наступныя картографы, змяняючы склад і назвы «новаадкрытых астравоў», якія размяшчаліся побач, надавалі самой Антыліі берагі, зрэзаныя сям'ю бухтамі, на беразе кожнай з якіх маляваўся горад (гл. Сем заморскіх гарадоў). Да адкрыцця іспанцамі Амерыкі Антылія малявалася памерам з Партугалію, на адлегласці ў 200 міль на захад ад Азорскіх астравоў. Пасля гэта назва замацавалася за Антыльскімі астравамі, прынятымі іспанскімі першаадкрывальнікамі за легендарны востраў.

Рэгулярнае з'яўленне Антыліі на марскіх картах XV стагоддзя прывяло да здагадкі, што гэты востраў можа адлюстроўваць Амерыканскі кантынент. У сілу гэтага Антылія часта згадваецца сучаснымі даследчыкамі дакалумбавых трансакіянскіх кантактаў Еўропы з Амерыкай.

Праблема этымалогіі[правіць | правіць зыходнік]

Партулан Джавані Піцыгана 1424 года, першая выява Антыліі (вялікі чырвоны прамавугольнік), Ройла (маленькі сіні востраў на захадзе), Вострава Сатаны (вялікі сіні прамавугольнік на поўначы) і Саі (маленькі чырвоны астравок на поўначы)

Слова Антылія (Antillia), верагодна, паходзіць ад партугальскага «Ante-Ilha» («Востраў Іншых», «Востраў Насупраць»). Лічылася, што востраў знаходзіўся прама «насупраць» мацерыковай Партугаліі. Яго першапачатковы памер і прамавугольная форма з'яўляліся амаль люстраной копіяй самой Партугаліі. Таксама існуе меркаванне, што слова «Ante-Ilha» звязана па сэнсе з іншым лацінскім словам «Aprositus» («Недаступны», Пталамей так назваў адзін з Блажэнных астравоў)[1].

Іншыя лічаць гэту версію памылковай, таму што корань «Ante-» азначае, што востраў знаходзіцца насупраць іншага вострава, а не мацерыка. У выніку з'явілася вялікая колькасць альтэрнатыўных тэорый пра паходжанне слова. Некаторыя нават сцвярджаюць, што Антылія — гэта памылкова транскрыбаваная адсылка да Атлантыды Платона[2].

Паводле яшчэ адной нядаўняй гіпотэзы «Антылія» азначае «перад Туле». А з прычыны таго, што легендарны востраў Туле, верагодна, быў паўміфічнай спасылкай на Ісландыю, Антылія магла быць Ірландыяй. Але гэта тэорыя выглядае беспадстаўнай, таму што Ірландыя (Гібернія) у XV стагоддзі была добра вядомая і малявалася на картах[3].

Антылія на картах[правіць | правіць зыходнік]

Некаторыя гісторыкі спрабуюць разглядзець згадкі пра Антылію на карце Піцыгані 1367 года. Адзін з надпісаў на гэтым партулане гісторыкі XIX стагоддзя перавялі як «статуі на беразе Атуліі» (ante ripas Atulliae), за якія маракі не павінны заплываць. За таямнічай Атуліяй накаторыя бачылі Антылію. Аднак падзей было даказана, што правільнае прачытанне — «статуі Геркулеса» (Arcules), г.зн. гэта адсылка да Геркулесавых слупоў, а не да Антыліі.

Упершыню Антылія з'яўляецца на партулане венецыянскага картографа Джавані Піцыгана (1424) у складзе групы з чатырох астравоў, якія ляжаць далёка ў Атлантычным акіяне прыкладна за 750 міль на захад ад Партугаліі. Піцыгана намаляваў Антылію як вялікі прамавугольны востраў памерам з Партугалію з сямю бухтамі. На поўнач ад яе размяшчаўся легендарны востраў Сатаны (Satanazes), увянчаны невялікім астраўком Сая (Saya). На захадзе ад Антыліі знаходзіўся востраў Ройла (Royllo). Гэтыя астравы аб'ядноўваюць у так званую групу Антыліі. Як правіла, наступныя картографы малявалі разам з Антыліяй і гэтыя тры астравы, адвольна вар'іруючы іх назвы і ўзаемнае размяшчэнне.

Вядома 23 картаграфічныя выявы Антыліі, апошняя з якіх датуецца 1508 годам (карта Іаганеса Руйша, дзе востраў Сатаны быў заменены на востраў Дэманаў). Было праведзена некалькі экспедыцый з мэтай знайсці востраў, і нават Калумб планаваў зрабіць прыпынак на гэтым востраве на шляху ў Азію[4]. Пасля 1492 года, калі была адкрыта Амерыка і створаны глобус «Зямны яблык», Антылія ўсё радзей з'яўляецца на картах. У XVI стагоддзі яе пачынаюць атаясамляць з азорскім востравам Сан-Мігел (хоць іх абрысы зусім не падобныя).

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Gaffarel (1882:p.204)
  2. Babcock (1922: p.148). D'Avezac (1845: p.27)"
  3. Barreto (1992: p.163) з'яўляецца адзінай крыніцай гэтай гіпотэзы.
  4. Henry Vignaud, Paolo del Pozzo Toscanelli. Toscanelli and Columbus: The Letter and Chart of Toscanelli on the Route to the Indies by Way of the West, Sent in 1474 to the Portuguese, Ferman Martins, and Later on to Christopher Columbus. Ayer Publishing, 1971. ISBN 9780836957174. Pages 202—207.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]