Свята-Мікольскі жаночы манастыр (Магілёў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Манастыр
Свята-Мікольскі манастыр
Краявід Свята-Мікольскага манастыра
Краявід Свята-Мікольскага манастыра
53°53′37″ пн. ш. 30°20′44″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Магілёў
Канфесія Праваслаўе
Епархія Магілёўская епархія
Архітэктурны стыль Магілёўская школа дойлідства
Першае згадванне XVII стагоддзе
Будынкі
Свята-Міколаўскі Сабор •
храм прэпадобнага Ануфрыя Вялікага
Статус Працуе
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свя́та-Міко́льскі манасты́р — праваслаўны жаночы манастыр Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы ў горадзе Магілёве. На тэрыторыі манастыра знаходзяцца Свята-Мікольскі Сабор і храм прападобнага Ануфрыя Вялікага.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Будаўніцтва манастыра пачалося ў XVII ст., калі кіеўскі мітрапаліт Пётр (Магіла), атрымаў згоду польскага караля і вялікага князя літоўскага Уладзіслава IV на будаўніцтва у Магілёве царквы Святога Мікалая. Падчас праўлення магілёўскай епархіяй епіскапам Сільвестрам (Косавым) ў 1637 г. была пабудавана часовая драўляная Мікольская царква. Будаўніцтва неацепленнага цаглянага храма пачалося ў 1669 г., а ў 1672 г. ён быў асвечаны біскупам Феадосіем I (Васілевічам).[1]

У пачатку XVIII ст. манастыр быў падвергнуты нападу шведаў, а пазней — пасля вызвалення горада расійскімі войскамі — татарскіх і калмыцкіх палкоў. Свята-Мікольскі манастыр быў падпалены і значна пацярпеў падчас пажару. У 1719 г. апошнія манашкі манастыра перасяліліся ў Баркалабаўскі манастыр. У гэты ж час пачаў дзейнічаць мужчынскі манастыр, які праіснаваў да 1754 г. З 1754 г. да 1930-х гадоў XX ст. манастыр дзейнічаў як звычайны прыход.

У 1793 г. пры архіепіскапе Георгіі (Каніскім) было пачата будаўніцтва зімовага ацепленага храма побач з Мікольскім саборам, які ў 1798 г. быў асвечаны архіепіскапам Анастасіям (Раманенка-Братаноўскім), цяпер гэта Ануфрыеўскі храм.

Царква Св. Мікалая у пач. XX ст.

Не пазбег ганенняў на царкву ў гады савецкай улады і горад Магілёў. Царкоўная рэчы храмаў манастыра былі канфіскаваны і выкарыстоўваліся не па прызначэнні, іканастас разбураны. А ў 1934 г. са смерцю святара Міхаіла Пляшчынскага Свята-Мікольскі сабор быў зачынены. У 1937 г. спыніла існаванне і Магілёўская епархія (адроджана ў 1989 г.).

З 1937 г. ў Свята-Мікольскім саборы знаходзілася перасыльная турма. У 1941 г. турма была зачынена.

Манастыр пасля вайны

Комплекс моцна пашкоджаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны[2]. З 1946 г. у саборы размяшчалася кніжная база.

З 1956 года вяліся, т.зв. рэстаўрацыйныя работы, у ходзе якіх будынак Свята-Мікольскага храма прыйшоў у яшчэ большы заняпад, бо гэтыя работы вяліся не царквой, а свецкаю бязбожнаю камуністычнай ўладаю.

У 1981 г. скончаны знешнія работы па аднаўленні і рэканструкцыі комплексу паводле праекта, распрацаванага ў Спецыялізаваным навукова-рэстаўрацыйным аб’яднанні «Белрэстаўрацыя» Міністэрства культуры БССР (архіт. А. Канаваленка). Адноўлены Мікалаеўская, Ануфрыеўская цэрквы, жылы дом, званіца, мураваная агароджа, брама. Вяліся работы па рэстаўрацыі манументальнага жывапісу ў інтэр’еры і экстэреры[2].

Адраджэнне манастыра; сучасная жыццё[правіць | правіць зыходнік]

Свята-Мікольскі манастыр зімой

У 1989 г. адбылося адраджэнне магілёўскай епархіі. Кіруючым архіерэем адноўленай епархіі быў прызначаны архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Максім (Кроха). Першай настаяцелькай манастыра пасля яго аднаўлення стала ігумення Яўгенія (Валашчук). Шмат у чым дзякуючы Ўладыкі Максіму адрадзіўся і ўладкаваўся магілёўскі Свята-Мікольскі жаночы манастыр. 28 сакавіка 1991 г. быў асвечаны зімовы Ануфрыеўскі храм Свята-Мікольскага манастыра. 18 чэрвеня 1991 г. манастыр наведаў Свяцейшы Патрыярх Аляксій II. Свяцейшы Патрыярх прынёс у дар манастыру ліційнае панікадзіла.

5 жніўня 1993 г. ў Свята-Ануфрыеўскам храме прайшло паседжанне Святога Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы на якім быў прылічыны да ліку мясцовашанаваных святых Свяціцель Георгій (Каніскі) .

У 1995 г. да Свята-Мікольскага храма падвялі ацяпленне. У 1996 г. пры манастыры было заснавана сястрыцтва ў імя святых мучаніц Веры, Надзеі, Любові і маці іх Сафіі. У тым жа 1996 г. быў пабудаваны двухпавярховы корпус для сясцёр.

У манастыры знаходзяцца спісы Магілёва-Брацкай іконы Божай Маці, Бялыніцкай іконы Божай Маці, а таксама іконы «Дабрадатнае неба».

Звон на марцы 2007 г.

6 жніўня штогод здзяйсняецца хрэсны ход ад манастыра да дома, дзе жыў і працаваў свяціцель Георгій (Каніскі). Філарэт (Вахрамееў), Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх ўсяе Беларусі неаднаразова наведваў манастыр са сваім пастырскім візітам. Цяпер у манастыры дзейнічае Нядзельная школа і моладзевы Святочны праваслаўны хор. Архіепіскап Максім, дзякуючы стараннай працы якога, быў вернуты да жыцця Свята-Мікольскі жаночы манастыр, пакоіцца цяпер на тэрыторыі манастыра каля Мікольскага сабора, там жа пахавана і ігумення манастыра — ігумення Яўгенія (Валашчук).

4 снежня 2010 г. ігуменняй манастыра прызначана ігумення Еўфрасіння.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Свята-Мікольскі манастыр. Агульны выгляд

Агароджа з уязной брамай[правіць | правіць зыходнік]

Брама

Узведзены ў 17—18 стагоддзях. Мураваная глухая сцяна, дэкарыраваная аркатурным поясам, абкружае трапецападобную тэрыторыю, мае 2 уваходы з заходняга і паўднёвага бакоў. У заходнім — галоўная ўязная брама: масіўная сцяна з лучковым праёмам у цэнтры, накрыта двухсхільным дахам. У паўднёва-ўсходнім баку агароджы ўбудавана невялікая аднаярусная квадратная ў плане шатровая капліца[2].

Ануфрыеўская царква[правіць | правіць зыходнік]

Храм Ануфрыя Вялікага

Пабудавана ў 1798 годзе ў паўночнай частцы комплексу, нобач з Мікалаеўскай. З’яўляецца «цёплай» — зімовай царквой. Крыжова-купальны храм. У аб’ёмнай кампазіцыі дамінуе сферычны купал на светлавым цыліндрычным барабане. Крылы трансепта завершаны трохвугольным франтонам і дэкарыраваны пілястрамі[2].

Жылы дом (шпіталь)[правіць | правіць зыходнік]

Узведзены ў 17 ст. ў паўднёвым баку агароджы. Аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак. Гладкія сцены члянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Тарцовы фасад, што далучаецца да паўднёвай брамы, завершаны шчытом фігурнага абрысу, які дэкарыраваны 3 спаранымі арачнымі нішамі[2].

Званіца[правіць | правіць зыходнік]

Узведзена ў 17—18 стагоддзях. У паўднёва-заходнім баку агароджы, каля наўднёвай брамы. Квадратпае ў плане двух’яруснае збудаванне накрыта невысокім шатровым дахам. Першы ярус глухі, чацверыковы, яго вуглы ўмацаваны пілястрамі, грані дэкарыраваны арачнымі нішамі. Другі ярус — шасцерыковы — мае арачныя праёмы (праз адну на кожнай грані)[2].

Мікалаеўская царква[правіць | правіць зыходнік]

Царква Св. Мікалая
Іканастас царквы

Пабудавана ў 1669—72 гг. Уяўляе сабой трохапсідную крыжова-купальную базіліку з васьмігранным светлавым барабанам і цыбулепадобным купалам над сяродкрыжжам. Да цэнтральнага нефа з захаду далучаны прытвор. Галоўны фасад падзелены карнізамі па 3 ярусы і завершаны 2 вежамі з фігурным франтонам паміж імі. Першы масіўны ярус аздоблены 3 плоскімі паўцыркульнымі нішамі на ўсю вышыню, з’яўляецца п'едэсталам для наступных ярусаў. Другі дэкарыраваны «глухой» аркатурай, пілястры якой пакрыты ляпным раслінным арнаментам, спаранымі нішамі з гіркамі. У трэцім ярусе аркатурны матыў з паўкалонкамі прарысаваны больш дэталёва. Бакавыя фасады расчлянёны высокімі пілястрамі. Крылы трансепта завершаны фігурнымі шчытамі. Аконныя праёмы паўцыркульныя і лучковыя[2].

Інтэр’ер царквы ўпрыгожаны манументальным жывапісам 17 — пачатку 19 ст. Чатырох’ярусны іканастас (скразная разьба па дрэве, пазалота) зроблены мясцовымі майстрамі да 1672 г. Увенчаны скульптурным распяццем у абрамленні пышнай разьбы[2].

Святочны хор[правіць | правіць зыходнік]

У 1996 г. архіепіскап Максім (Кроха) дабраславіў Алену Цярэнцьеву на стварэнне моладзевага царкоўнага хору. Вывучэнне царкоўнага Статута, нястача набажэнскіх кніг і амаль поўная адсутнасць нотнай бібліятэкі для царкоўнага хору, — тыя праблемы з якімі сутыкнуўся малады на той час рэгент. 7 ліпеня 1996 на свята Нараджэння Іаана Хрысціцеля па дабраславенні іераманаха Мялеція (Сільчанка) створаны хор праспяваў Боскую Літургію ў Свята-Пакроўскай царкве в. Вейна Магілёўскага раёна. Гэта было першае набажэнства, з якога і пачалося жыццё новага царкоўнага калектыву.

25 снежня 1996 г. на свята свяціцеля Спірыдона Трыміфунскага, а таксама ў свой дзень нараджэння, Уладыка Максім запрасіў А. Цярэнцьеву і яе царкоўны хор праспяваць Боскую Літургію ў Трохсвяціцельскім Кафедральным саборы. 8 сакавіка 1997 г. рэгент А. Цярэнцьева разам са сваім калектывам пеўчых былі пераведзены ў Трохсвяціцельскі Кафедральны сабор г. Магілёва ў якасці Архірэйскага хору. Акрамя спеву на нядзельных і святочных набажэнствах хор стаўся годным суправаджаць архіепіскапа Максіма ў падарожжах на прыходы Магілёўскай і Мсціслаўскай епархіі.

4 лістапада 1999 г. на свята Казанскага абраза Божай Маці ўпершыню хорам была праспявана Боская Літургія ў сценах Свята-Мікольскага жаночага манастыра. Дамінантны духоўна-канцэртны стыль спеву, які першапачаткова выкарыстоўваў хор, не ўпісваўся ў манастырскія службы, і з часам быў заменены на менш звыклы для хора — штодзённы. Змянілася і выява спеву: тэмпы выканання царкоўных спеваў сталі больш стрыманымі, кожнае слова спяваемае хорам, знайшло сваю значнасць і стала ясна прачытвацца пеўчымі.

6 жніўня 2002 г., ў дзень памяці архіепіскапа Магілёўскага і Беларускага Георгія (Каніскага), за руплівыя труды ў славу Царквы Хрыстовай, мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, адзначыў харавы калектыў граматай, а рэгента А. Цярэнцьеву — Ордэнам Крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

Традыцыйная сістэма васьмігалосся, што ўжываецца за набажэнствам, набыла больш поўны выгляд у сувязі з укараненнем у спявацкай практыцы хора падобнаў (даўнейшых манастырскіх распеваў). У хора ўстойліва замацаваўся асноўны рэпертуарны стылістычны кірунак — адраджэнне менавіта манастырскіх распеваў праваслаўнай духоўнай музыкі, галоўным чынам — кіеўскага, сцягавага і грэцкага, а таксама распеваў буйных праваслаўных манастыроў — Троіца-Сергіевай Лаўры, Кіева-Пячэрскай Лаўры, Свята-Успенскай Пачаеўскай Лаўры, Опцінай пустэльні, Валаамскага, Салавецкага і інш.

27 красавіка 2008 г., у Вялікдзень, мітрапаліт Філарэт узнагародзіў за заслугі перад Царквой рэгента Кастуся Карманава, Ордэнам свяціцеля Кірыла Тураўскага. У верасні 2012 г. заснавальнік хору А. Цярэнцьева была запрошана для стварэння хору ў новаствораным Храме святых Царскіх Пакутнікаў і ўсіх новапакутнікаў і спаведнікаў XX стагоддзя, а К. Карманаў стаў на пасаду галоўнага рэгента святочнага хору.

Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]

У 1991 г. падчас работ па адраджэнні манастыра былі знойдзены шматлікія чалавечыя парэшткі. Верагодней за ўсё гэта ахвяры сталінскіх рэпрэсій ,[3] бо ў канцы 30-х гадоў на тэрыторыі храма знаходзілася турма.

Са жніўня 1915 г. па лістапад 1917 г. у Магілёве знаходзілася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага і імператар Мікалай II са сваёй вялікай сям’ёй падчас знаходжання ў стаўцы наведваў Свята-Мікольскі сабор.[4]

Улетку 2000 г., падчас кананізацыі імператара Мікалая II Рускай Праваслаўнай Царквой у Магілёве цудоўным чынам быў знойдзены партрэт імператара, які цяпер асвечаны як ікона і размешчаны ў левай прыбудоўцы Свята-Мікольскага сабора, названай у гонар Святых царственных мучанікаў. Да іконы прымайстравана 5-рублёвая манета, якую цар-імператар Мікалай II падарыў хлопчыку Сямёну Халімаву падчас наведвання храма.

Штогод 5 і 6 жніўня ў г. Магілёве, здзяйсняюцца ўрачыстыя набажэнствы, прысвечаныя дню ўслаўлення Свяціцеля Георгія (Каніскага), архіепіскапа Магілёўскага і Беларускага. Гэта падзея адзначаецца ў Цэрквы Хрыстовай з 1993 года. Штогод, на працягу 10 гадоў, гэтыя памятныя ўрачыстасці ўзначальваў мітрапаліт Філарэт, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі. З 2014 года — мітрапаліт Павел, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі.

Унікальным з’яўляецца той факт, што на гэтых набажэнствах, што праходзяць у сценах Свята-Мікольскага жаночага манастыра, нароўні з саборам архіпастараў Беларускай Праваслаўнай Царквы, духавенствам, гарадскімі ўладамі і паломнікамі, бяруць удзел чатыры царкоўныя харавыя калектывы. Антыфонны спеў на чатыры хоры, за гэтымі набажэнствамі, загадзя размяркоўваецца манастырскім рэгентам Кастусём Карманавым, а рэпертуар спеваў сцвярджаецца кіруючым архірэем. Па словах Уладыкі Філарэта, такое набажэнства магчымае толькі ў адзіным храме Беларусі — Свята-Мікольскім саборы жаночага манастыра г. Магілёва, дзякуючы ўнікальнай архітэктуры храма (2 кліраса і 2 гаўбца).

У сам дзень святкавання 6 жніўня, па сканчэнню Боскай Літургіі, здзяйсняецца хрэсны ход на Архірэйскі вал, да дому дзе жыў і працаваў Свяціцель Георгій. Радасны набажэнскі спеў зборным хорам і агульная малітва ўсіх сабраных вернікаў годна завяршаюць гэтую праваслаўную ўрачыстасць.

Зноскі

  1. Свято-Никольский женский монастырь г. Могилёва. Издание Свято-Никольского женского монастыря, 2006. (руск.)
  2. а б в г д е ё ж 29. Комплекс Мікалаеўскай царквы // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.
  3. У Магілёўскім манастыры знайшлі рэшткі ахвяр сталінскіх репрэссій (руск.)
  4. Мікалай II у Магілёве (руск.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Свято-Никольский женский монастырь г. Могилёва. — Издание Свято-Никольского женского монастыря, 2006. (руск.)
  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.
  • Евгения (Волощук), иг. Свято-Никольский женский монастырь г. Могилёва / иг. Евгения (Волощук) // Могилёв: Издание Свято-Никольского женского монастыря, 2006.
  • Терентьева, Е. Пойте Богу нашему, пойте, пойте Цареви нашему, пойте / Е. Терентьева // Столп Православия. — 2007. — № 1. — С. 6-7.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]