Апалогія Сакрата
Апалогія Сакрата | |
---|---|
стар.-грэч.: Ἀπολογία Σωκράτους | |
Жанр | апалогія[d] і Сакратычны дыялог[d] |
Аўтар | Платон |
Мова арыгінала | старажытнагрэчаская мова |
Дата першай публікацыі | 390-я да н.э. |
Цыкл | Дыялогі Платона[d] |
![]() |
Апалогія Сакрата (стар.-грэч.: Ἀπολογία Σωκράτους — Абарона Сакрата) — дыялог, запісаны старажытнагрэчаскім філосафам Платонам. Апісвае суд над Сакратам, што прайшоў у Афінах у 399 годзе да н.э. па абвінавачанні яго ў бязбожнасці і разбэшчванні моладзі[1].
У «Апалогіі» змешчана прамова, якую Сакрат нібыта зрабіў на сваім судзе. Звычайна ўважаецца, што тэкст быў створаны неўзабаве пасля апісаных у ім падзей[2].
Гістарычны кантэкст
[правіць | правіць зыходнік]Суд над Сакратам прайшоў у 399 годзе да н.э., калі абвінавачанаму было 70 гадоў. Мелетас, Анітас і Лікон абвінавацілі яго ў даследаванні ўсяго, што ёсць пад зямлёй і над зямлёй, веры ў несапраўдныя духоўныя рэчы замест прынятых багоў і разбэшчванні моладзі[3].
Суды ў старажытных Афінах складаліся з вялікай колькасці суддзяў, у выпадку з Сакратам іх было 501. Суддзі выбіраліся жараб’ёўкай з афінскіх грамадзян мужчынскага полу. Уважалася, што такі суд прадстаўляе жыхароў Афін і афінскую дэмакратыю. У выпадку прызнання віны, абвінаваўца і абвінавачаны самі прапаноўвалі меры пакарання, і суддзі выбіралі паміж імі, што звычайна забяспечвала стрыманасць з абодвух бакоў[4].
Сюжэт
[правіць | правіць зыходнік]«Апалогію» можна падзяліць на тры часткі[5]:
- Асноўная прамова Сакрата, у якой ён крытыкуе абвінавачанні ў свой адрас і спрабуе даказаць іх несправядлівасць.
- Прызнанне віны суддзямі і выбар меры пакарання.
- Смяротны вырак, прамова Сакрата ў адрас тых суддзяў, якія падтрымалі абвінавачанне, і тых, хто галасаваў за апраўданне.
Верагоднасць
[правіць | правіць зыходнік]Перакладчык «Апалогіі» на англійскую мову Джордж Грубэ прытрымліваўся думкі, што Платон надзейна перадаў асноўныя довады і тон прамовы Сакрата, хаця канкрэтныя фармулёўкі і стыль належаць Платону. Ён абгрунтоўваў гэта тым, што твор быў напісаны неўзабаве пасля суда, калі афіняне яшчэ помнілі прамову, і таму малаімаверна, што Платон, які хацеў апраўдаць свайго настаўніка, цалкам падмяніў бы яе. Таксама ў самым дыялогу сцвярджаецца, што Платон прысутнічаў на судовым працэсе і чуў прамову[6].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Apology (англ.). Britannica.
- ↑ Plato 2002, с. 21
- ↑ Плятон 1967, с. 33
- ↑ Plato 2002, с. 21-22
- ↑ Plato 2002, с. 21-22
- ↑ Plato 2002, с. 21
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]Беларускі пераклад:
- Плятон. Выбраныя дыялёгі: Абарона Сакратаса, Крытон, Файдон / пераклад з грэцкага тэксту і ўводзіны Яна Пятроўскага. — Сірак’юс: The Whiteruthenian Press, 1967.
Выданні на іншых мовах:
- Plato. Five Dialogues: Euthyphro, Apology, Crito, Meno, Phaedo (англ.) / пераклад G. M. A. Grube, рэдактура John M. Cooper. — 2-е выд. — Індыянапаліс: Hackett Publishing Company, Inc., 2002.