Аперацыя «Катэдж»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аперацыя «Катэдж»
Асноўны канфлікт: Другая сусветная вайна
Высадка амерыканскіх ваенных на Кыску.
Дата 15—24 жніўня 1943
Месца Кыска
Вынік востраў перайшоў пад кантроль ЗША
Праціўнікі
Злучаныя Штаты Амерыкі ЗША
Сцяг Канады (1921-1957) Канада
Сцяг Японскай імперыі Японія
Камандуючыя
Томас Кінкейд
Чарлз Карлет
няма
Сілы бакоў
7800 0
Страты
313 загінулых і санітарных страт, 1 эсмінец пашкоджаны 0
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Аперацыя «Катэдж» (англ.: Operation Cottage) — амерыкана-канадская аперацыя па вызваленні вострава Кыска ад японскіх войскаў падчас Ціхаакіянскай кампаніі Другой сусветнай вайны. Праходзіла з 15 па 24 жніўня 1943 года. Нягледзячы на тое, што ўсе японскія войскі пакінулі востраў да пачатку аперацыі, падчас манеўраў і высадкі амерыканскія войскі страцілі ад дружалюбнага агню дзясяткі салдат забітымі і параненымі.

Гэты востраў знаходзіўся пад акупацыяй з лета 1942 года, калі японскія марскія пяхотнікі высадзіліся і знішчылі метэастанцыю амерыканскага ВМФ. Пасля тут быў размешчаны значны гарнізон, які складаў, па даных амерыканскай разведкі, 10 тыс. чалавек. За час акупацыі японцы страцілі на востраве і вакол яго 2,5 тыс. чалавек загінулымі[1].

Захоп Кыскі павінен быў паставіць кропку ў Алеўцкай кампаніі, і амерыканскае камандаванне, памятаючы пра крывавую бітву за Ату, запланавала да высадкі значныя сілы. У раёне вострава Адак было засяроджана больш за 100 караблёў[2], сілы дэсанту складалі 30 тыс. амерыканскіх пяхотнікаў і 5,5 тыс. канадскіх. Акрамя таго, пачынаючы з канца ліпеня, праводзіліся авіяналёты і абстрэлы з мора. У агульнай складанасці на працягу ліпеня 11-я паветраная армія ЗША скінула на востраў 424 тоны бомбаў, у той час як карабельная артылерыя выпусціла 330 тон снарадаў.

13 жніўня была праведзена трэніровачная высадка на Адак.

Раніцай 15 жніўня першая група амерыканскіх войскаў высадзілася на заходнім беразе, а 16 жніўня крыху на поўнач высадзіліся канадцы. Высадцы ніхто не перашкаджаў, зрэшты, ветэранаў бітвы за Ату гэта не здзівіла. Амерыканцы чакалі, што толькі прасунуўшыся ўглыб яны сутыкнуцца з абарончымі пазіцыямі японцаў на пануючых вышынях. Аднак ніякага супраціву так і не было, адзінымі баявымі стратамі дэсантнікаў былі страты ад дружалюбнага агню.

Аказалася, што японскае камандаванне, усведамляючы немагчымасць абараніць практычна ізаляваны востраў, вырашыла эвакуіраваць гарнізон. 28 ліпеня, за два тыдні да высадкі амерыканцаў, увесь гарнізон у колькасці 5183 чалавек на працягу гадзіны пагрузіўся на 2 крэйсеры і 6 эсмінцаў і пад покрывам туману быў эвакуіраваны на Парамушыр.

24 жніўня камандуючы наземнымі сіламі генерал Чарлз Карлет канстатаваў, што востраў перайшоў пад кантроль ЗША.

За час абследавання Кыскі (у тым ліку мноства падземных тунэляў) саюзнікі страцілі 32 чалавекі забітымі (28 амерыканцаў і 4 канадцы) і каля 50 параненымі, у асноўным ад дружалюбнага агню; 130 салдат пацярпелі ад траншэйнай ступні. Акрамя таго, пры падрыве на японскай міне эсмінца «Абнер Рыд» загінуў 71 і былі параненыя 47 маракоў[3]. Гэта прывяло, у агульнай складанасці, да страт у складзе 313 чалавек (загінулыя, параненыя і хворыя)[4].

Зноскі

  1. The Battle for Kiska
  2. Роско, Теодор Боевые действия подводных лодок США во Второй мировой войне
  3. Gordon L. Rottman. World War Two Pacific Island Guide. — Greenwood Publishing Group, 2002. — P. 460.
  4. Kiska(недаступная спасылка). www.hlswilliwaw.com. Архівавана з першакрыніцы 11 сакавіка 2018. Праверана 11 сакавіка 2018.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Aleutian Islands War:June 3, 1942 — August 24, 1943 (англ.)