Перайсці да зместу

Аперацыя «Кітана»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аперацыя «Кітана»
Асноўны канфлікт: Другая кангалезская вайна
Карта падзей у наваколлях Кіншасы ў жніўні 1998 года.
Дата 430 жніўня 1998
Месца Заходняя частка ДР Конга
Вынік перамога ўрада ДР Конга і саюзнікаў
Праціўнікі
Камандуючыя
Ларан Кабіла Джэймс Кабарэбэ
Сілы бакоў
невядомая колькасць урадавых сіл, 800 зімбабвійскіх і 2500 ангольскіх вайскоўцаў 3000 інтэрвентаў і 15 000 паўстанцаў

Аперацыя «Кітана» — аперацыя руандыйскіх і ўгандыйскіх войск падчас Другой кангалезскай вайны.

За час яе рэалізацыі на адлегласць 1900 км, на захад ДР Конга з аэрадрома Гома, быў перакінуты дэсант, які захапіў шэраг ключавых аб’ектаў і накіраваўся на сталіцу краіны. Аднак праз умяшанне Зімбабвэ і Анголы руандыйска-ўгандыйскі кантынгент быў разбіты.

Аперацыя прыцягнула ўвагу ваенных навукоўцаў ва ўсім свеце дзякуючы наватарскаму вакарыставанню паветранага дэсанту[1][2].

Перадгісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

У 1994 годзе ў Руандзе прадстаўнікі народа хуту ўчынілі генацыд тутсі. Калі Руандыйскі патрыятычны фронт, які прадстаўляў апошніх, захапіў уладу ў краіне, больш за мільён хуту збеглі ў суседні Заір. Сярод іх было шмат байцоў сіл самаабароны хуту Інтэрахамвэ — галоўных вінаватых у генацыдзе. Заірскі лідар Мабуту Сесе Секо прыняў бок хуту, спадзяваючыся з іх дапамогай выціснуць з краіны кангалезскіх тутсі (баньямуленге), якія не раз у мінулым падымалі супраць яго паўстанні[3]. Гэта праблема наклалася на іншыя канфлікты, абвастрыўшы этнічныя супярэчнасці паміж рознымі народамі[4], што толькі пагоршыла палітычны крызіс у краіне, які дапаўняўся карумпаванасцю і беспрацоўем[5].

У 1996 годзе супраць уладаў паўстала групоўка «Альянс дэмакратычных сіл за вызваленне Конга», якую ўзначаліў Ларан Кабіла. Па выніку грамадзянскай вайны баевікі перамаглі, зрынуўшы Мабуту. Кабіла стаў прэзідэнтам краіны і пераназваў Заір у Дэмакратычную Рэспубліку Конга (ДРК)[6][7].

Новы ўрад сутыкнуўся з шэрагам праблем. Адной з іх стала ваенная прысутнасць Уганды, Руанды і Бурундзі, якія дапамагалі баевікам Кабілы ў вайне з Мабуту. Гэты фактар выклікаў недавер насельніцтва да ўладаў[8]. Так, у кастрычніку 1997 года, паводле апытання Bureau d’etudes, de Recherches, et de Consulting International (BERCI), 71 % рэспандэнтаў лічылі, што кіраўнік дзяржавы знаходзіцца пад замежным уплывам[9]. Другой праблемай сталі спробы інтэграваць ва ўзброеныя сілы паўстанцаў-тутсі і афіцэраў былой арміі Заіра[6].

14 ліпеня 1998 года Кабіла звольніў руандыйца Джэймса Кабарэбэ з пасады начальніка штаба УС ДРК і замяніў яго карэнным кангалезцам Селесцінам Кіфвам[10]. Праз два тыдні прэзідэнт прыбраў усіх тутсі з урада і загадаў выслаць з краіны руандыйскіх ваенных інструктараў[6]. На працягу 24 гадзін замежныя вайсковыя спецыялісты, якія пражывалі ў Кіншасе, былі бесцырымонна вывезены на самалётах. Больш за ўсё гэты загад устрывожыў баньямуленге на ўсходзе ДР Конга[11]. Кампанія ўладаў супраць замежнікаў справакавала ўсплёск міжэтнічных сутыкненняў, розныя народнасці пачалі ствараць баявыя атрады[12].

План аперацыі

[правіць | правіць зыходнік]

У красавіку 1998 года міністр абароны Руанды Пол Кагамэ, занепакоены сітуацыяй у суседняй краіне, пачаў распрацоўваць планы ваеннай інтэрвенцыі[13]. Кабарэбэ прапанаваў перакінуць дэсант на авіябазу Кітана на захадзе ДР Конга, якая знаходзілася за 320 км ад Кіншасы. Патрабавалася пераадолець адлегласць больш за 1900 км. Захоп Кітаны дазволіў бы узяць пад кантроль эканамічна важную правінцыю Ніжняе Конга, дзе размешчаны марскія парты і плаціны Інга, якія з’яўляюцца асноўнай крыніцай электраэнергіі для заходняга Конга. У наступным хаосе меркавалася рушыць на сталіцу, зрынуць Кабілу і ўсталяваць праруандыйскі урад[2].

2 жніўня паднялі мяцеж два найлепшых злучэнні арміі ДРК — 10-я (Гома) і 12-я пяхотныя брыгады (Букаву). Яны складаліся пераважна з баньямуленге[14]. Неадкладна ўспыхнулі баі ў Кіншасе, дзе салдаты-тутсі адмовіліся падпарадкавацца загаду раззброіцца. Урадавыя часці хутка здушылі амаль усе ачагі выступленняў[6]. Аднак на ўсходзе краіны мяцежныя вайскоўцы на чале з генералам-маёрам Андэканам, былым паплечнікам Кабілы, яшчэ працягвалі супраціўляцца. На другі дзень яны ўсталявалі кантроль над гарадамі Увіра і Букаву[15].

У першы ж дзень вайны руандыйскія спецназаўцы увайшлі ў горад Гома, захапілі аэрапорт, а таксама чатыры цывільныя авіялайнеры і некалькі лёгкіх транспартных сродкаў[13]. На наступны дзень яны ўзялі пад кантроль міжнародны аэрапорт Гома, захапіўшы чатыры грамадзянскіх самалёта, два Boeing 727 і два Boeing 707. 4 жніўня да спецназаўцаў далучыліся яшчэ руандыйскія і угандыйскія салдаты, уключаючы ўгандыйскае падраздзяленне лёгкай артылерыі, усяго больш за 500 вайскоўцаў. Палонным пілотам пад пагрозай пісталета быў аддадзены загад ляцець на захад, на авіябазу Кітана[16].

Баявыя дзеянні

[правіць | правіць зыходнік]

Высадка і прасоўванне

[правіць | правіць зыходнік]

Раніцай 4 жніўня ў Кітане два самалёты Boeing 727 высадзілі руандыйскі камандас[17]. За 30 хвілін дэсант захапіў аэрадром і асноўныя збудаванні[18], пасля чаго прыбылі асноўныя сілы. Да 5 жніўня ў Кітану было перакінута больш за 3000 руандыйских і угандыйскіх вайскоўцаў. Да іх далучыліся больш за 2000 кангалезскіх паўстанцаў, якія мелі танкі Type 59 і Type 62 і зенітныя гарматы ZU-23[17]. Адначасна была захоплена нафтавая інфраструктура ў Маандзе і порт Банана. У раёнах, акупаваных руандыйцамі, рушылі ўслед масавыя рабаванні і марадзёрства. 7 жніўня быў узяты Бома, размешчаны за 100 км ад Кітаны. 10 жніўня Матадзі, найважнейшы марскі порт Др Конга, таксама трапіў у рукі інтэрвентаў. Праз тры дні, 13 жніўня, былі ўзяты пад кантроль плаціны Інга. Кабарэбе загадаў спыніць турбіны, цалкам адключыўшы электразабеспячэнне Кіншасы[2].

Кіншаса апынулася адрэзанай ад знешняга свету і пазбаўленай электрычнасці, частка Усходняга Конга знаходзілася пад кантролем паўстанцаў, а добра ўзброеныя руандыйские войскі знаходзіліся ўсяго за 230 км ад сталіцы. Урад і насельніцтва ахапіла паніка. Улады і сродкі масавай інфармацыі заклікалі жыхароў да мабілізацыі для абароны сталіцы і выкаранення нелаяльных рэжыму. Баньямуленге, тутсі, палітычныя праціўнікі Кабілы, а таксама звычайныя грамадзяне, якія лічыліся ворагамі, падвяргаліся пераследу[17]

Умяшанне Зімбабвэ і Анголы

[правіць | правіць зыходнік]

Яшчэ 4 жніўня Зімбабвэ і ДР Конга падпісалі дамову аб ваенным супрацоўніцтве. 8 жніўня, у рамках аперацыі «Суверэнітэт і легітымнасць», кантынгент зімбабвійскага спецназа пад камандаваннем маршала авіяцыі Перанса Шыры прыбыў у аэрапорт Нджылі пад Кіншасай[17]. Да 12 жніўня ў Кіншасу па паветры было перакінута больш за 800 зімбабвійскіх дэсантнікаў і некалькі бронемашын «Каскавел»[17][2].

11 жніўня руандыйские войскі атакавалі Касангулу, размешчаную за 45 км на поўдзень ад сталіцы. Да 17 жніўня яны былі ўжо за 30 км на поўдзень ад Кіншасы, але неўзабаве ў інтэрвентаў скончылася паліва. Адначасна руандыйцы трапілі пад удары зімбабвійскай авіяцыя. Зеніткамі ЗП-23 вайскоўцы не ўмелі карыстацца, а таму інтэрвенты апынуліся бездапаможны. Так, напрыклад, 24 жніўня зімбабвійскія верталёты атакавалі калону руандыйскіх танкаў у ваколіцах Касангулу, знішчыўшы галаўную машыну. Неўзабаве руандыйцаў атакавалі зімбабвійскія спецназаўцы. Усе танкі былі альбо знішчаны, альбо захоплены.

22 жніўня на дапамогу ДР Конга прыйшла Ангола, калі атрад з 2500 вайскоўца перайшоў дзяржаўную граніцу і на наступную раніцу адваяваў Кітану[17][19]. 28-га былі адбіты Банана і Моанда, дзе ангольцы зладзілі згвалтаванні і рабаванні[17].

Баі за Кіншасу і Нджылі

[правіць | правіць зыходнік]

26 жніўня кангалезскія паўстанцы, замаскіраваныя пад салдат урадавай арміі, здолелі пракрасціся ў сталіцу. Адна з гэтых груп накіравалася да аэрадрома Нджылі, але былі разбіты зімбабвійцамі. Неўзабаве аэрапорт атакаваны зноў, на гэты раз пры ўдзеле руандыйцаў, якія захапілі заходні канец узлётна-пасадачнай паласы, а таксама галоўны тэрмінал і ангары. Дыспетчарская вышка і ўсходні канец узлётна-пасадачнай паласы засталіся ў руках зімбабвійцаў. Адсюль усе астатнія верталёты і самалёты ВПС Зімбабвэ падняліся ў паветра. Яны бесперапынна абстрэльвалі руандыйскія пазіцыі па ўсім горадзе. У той жа дзень пасля абеду два верталёты ВПС Зімбабвэ эвакуіравалі Кабілу з прэзідэнцкага палаца, пасля чаго ён быў дастаўлены ў бяспечнае месца ў Лубумбашы. Спарадычныя баі працягваліся па ўсёй Кіншасе да канца 26-га чысла. Раніцай 27 жніўня Кабарэбе задзейнічаў астатнія танкі і зенітныя гарматы ў апошняй спробе захапіць астатнюю частку аэрадрома. На працягу дня самалёты ВПС Зімбабвэ здзяйснялі бесперапынныя вылеты, узлятаючы з паўночнага боку ўзлётна-пасадачнай паласы. У разгар баёў сярэдні час развароту самалётаў скарацілася да менш чым пяці хвілін. З-за пастаянных паветраных нападаў і рашучай абароны пакінутай часткі аэрадрома першая атака была адбітая. Другая атака пазней днём таксама правалілася і прывяла да страты ўсіх танкаў і зенітных гармат[17][1].

28-га інтэрвенты адступілі ад Нджылі, 30-га таксама ад Кіншасы.

Адступленне Кабарэбэ

[правіць | правіць зыходнік]

Сілы Кабарэбэ апынуліся ў цяжкім становішчы: яны знаходзіліся амаль за 1500 км ад бліжэйшых саюзных войскаў у Ківу і былі акружаны з трох бакоў. На захадзе размяшчаўся Кітана, якая цяпер кантралявалася ангольцамі, якія накіроўваліся ў бок Кіншасы; на поўначы працякала рака Конга, якую Кабарэбе не мог перасекчы з-за недахопу лодак; а на ўсходзе распасціраліся 1500 км джунгляў і кангалезская ўрадавая армія. У выніку яны рушылі на поўдзень, да Анголы і дружалюбным сілам УНІТА. 1 верасня ангольскія войскі пры падтрымцы зімбабвійскіх спецназаўцаў нарэшце адбілі плаціны Інга, разбіўшы ўгандыйцаў[17][2].

Наступныя падзеі

[правіць | правіць зыходнік]

У Анголе сілы Кабарэбэ пры падтрымцы УНІТА бяруць аэрапорт Макела ду Зомба, адкуль да 24 снежня эвакуяваліся ў Руанду[17][2].

Пасля адступлення Кабарэбэ кангалезскія, зімбабвійскія і ангольскія войскі большую частку наступных некалькіх месяцаў займаліся аднаўленнем парадку на захадзе Конга[17].

  1. 1 2 Bomb the Other Side of the Runway! (англ.) (26 чэрвеня 2017). Архівавана з першакрыніцы 2 ліпеня 2020. Праверана 30 сакавіка 2019.
  2. 1 2 3 4 5 6 Military History Online - The Kitona Operation: Rwanda's African Odyssey. www.militaryhistoryonline.com. Праверана 30 сакавіка 2019.(недаступная спасылка)
  3. Коновалов 2012, p. 67.
  4. Сидорова (война) 2011, p. 82.
  5. Россия и Африка 2023, p. 89.
  6. 1 2 3 4 Коновалов 2012, p. 69.
  7. Россия и Африка 2023, p. 90.
  8. Денисова и Костелянец 2023, p. 40.
  9. BERCI, October 1997. p. 38, as cited in International Crisis Group, 21 May 1999. How Kabila Lost His Way: The performance of Laurent Désiré Kabila’s government Архівавана 20 верасня 2021 года.. p. 9. Texts have been modified and adapted from the original.
  10. Reyntjens, Filip (2010). The Great African War: Congo and Regional Geopolitics, 1996–2006. New York: Cambridge University Press. p. 169. ISBN 9780521169059.
  11. James Rupert. NATIONALIST OUTCRY THREATENS TUTSIS IN CONGO CAPITAL // The Washington Post, 1 octobre 1998
  12. Россия и Африка 2023, pp. 90–91.
  13. 1 2 Cooper 2013, p. 24.
  14. Johnson 2009, p. 86.
  15. Blow by blow in the Congo crisis(недаступная спасылка)
  16. French, Howard W. (1998-08-10). Pilot's Account Seems to Confirm Rwanda Role in Congo Strife. The New York Times [амерыканская англійская]. ISSN 0362-4331. Архівавана з арыгінала 2023-01-10. Праверана 2019-03-30.
  17. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 Cooper 2013, pp. 23–32.
  18. Stejskal 2013, p. 100.
  19. ANGOLA SENDS THOUSANDS OF TROOPS TO BACK KABILA. Washington Post [амерыканская англійская]. 1998-08-25. ISSN 0190-8286. Праверана 2019-03-30.