Аперацыя «Прыпяцкія балоты»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Аперацыя Прыпяцкія балоты)
Аперацыя «Прыпяцкія балоты»
Асноўны канфлікт: Другая сусветная вайна, Вялікая Айчынная вайна
Дата 19 ліпеня31 жніўня 1941
Месца Брэсцкая, Пінская, Палеская і Мінская вобласці Беларускай ССР
Прычына Прысутнасць разрозненных частак Чырвонай Арміі і узброеных савецкіх партызанскіх падраздзяленняў у тыле групы армій «Цэнтр»
Статус аперацыя завершана
Праціўнікі
 Трэці рэйх:
  • 162-я пяхотная дывізія
  • 252-я пяхотная дывізія
  • 1-я кавалерыйская брыгада СС
 СССР:
  • часткі РСЧА
  • партыізанскія атрады
Камандуючыя
Трэці рэйх Эрых фон дэм Бах-Зелеўскі
Агульныя страты
знішчана каля 14000 чалавек, з якіх 95% былі яўрэямі[1]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Прыпяцкія балоты», «Прыпяцкі марш» (ням.: "Pripiatsee") — кодавая назва карнай аперацыі нямецкіх войскаў 19 ліпеня — 31 жніўня 1941 года па масавым знішчэнні яўрэйскага насельніцтва[2] на тэрыторыі 9 раёнаў[3] БССР і 3 раёнаў УССР у раёне прыпяцкіх балот і ракі Прыпяць.

Аперацыя праводзілася ў два этапы; датай яе пачатку лічыцца 19 ліпеня 1941 года, датай пачатку другога этапу — 14 жніўня 1941 года, датай сканчэння — 29 жніўня 1941 года[4] (або 31.8.1941[5]). Аперацыя праводзілася па прамым загадзе Гімлера, сіламі кавалерыйскай брыгады СС, а таксама[5] 162 і 252 пяхотных дывізій пад агульным камандаваннем галоўнага начальніка СС і паліцыі (HSS PF) пры камандуючым групы армій «Цэнтр» фон дэм Баха.

За час аперацыі былі знішчаныя не менш за 13 788 чал.; гэты лік называецца ў справаздачы кавалерыйскай брыгады СС «Аб правядзенні пацыфікацыйнай прыпяцкай аперацыі…» ад 13.8.1941. Былі цалкам спаленыя вёскі Дварэц, Хочань, Азяраны, Старажоўцы, Крамно, Тураў (часткова) і іншыя. Асноўным сродкам масавага знішчэння былі расстрэлы папярэдне сабраных разам людзей, але выпрабоўваліся і іншыя спосабы, напрыклад, загнанне і патапленне людзей у балотах. Даных пра страты войскаў СС у іх выніковай справаздачы няма, згадваюцца толькі «189 палонных»[4].

Аперацыя лічыцца першай з запланаваных масавых знішчальных аперацый і першай з аперацый, дзе выпрацоўваліся метады масавага знішчэння яўрэйскага насельніцтва[4]. Дакументальныя звесткі пра яе трапілі ў Маскву ў студзені 1942, пасля разгрому пад Таропцам кавалерыйскай брыгады СС і захопу штабавай дакументацыі, і былі агучаныя 27.4.1942 у ноце народнага камісара замежных спраў СССР да ўсіх краін, з кім СССР меў дыпламатычныя зносіны. Мяркуецца, што міжнародная галоснасць і шок, які выклікалі гэтыя звесткі, прымусілі нацыстаў схаваць або знішчыць іншыя матэрыялы, якія датычылі гэтай аперацыі[4].

Падзеі[правіць | правіць зыходнік]

Датай пачатку аперацыі лічыцца 19.7.1941, калі загадам Гімлера 1 і 2 кавалерыйскія палкі (кп) СС былі перададзеныя з 21.7.1941 ў распараджэнне фон дэм Баха, і скіраваныя ў Баранавічы для «сістэматычнага прачэсвання прыпяцкіх балот».

Загадам Гімлера (Баранавічы, 27.7.1941) з 1 кп (кам. штурмбанфюрэр Шляйфенбаўм) і 2 кп была сфарміраваная кавалерыйская брыгада СС (кам. Фегеляйн). Тады ж Гімлер загадаў фон дэм Баху прадставіць добра прадуманы з вайсковага боку план знішчальнай аперацыі[6]. «Асобы загад» Гімлера (28.7.1941) патрабаваў ад фон дэм Баха жорстка вынішчаць у раёне прыпяцкіх балот насельніцтва, «непрыхільнае немцам»[7] — расстрэльваць мужчын, вывозіць (дэпартаваць) жанчын і дзяцей, канфіскаваць жывёлу і харчовыя запасы, паліць вёскі. У той самы час, насельніцтва, прыхільнае да немцаў, належала «ашчаджаць», і нават часткова ўзбройваць[7].

Першы этап[правіць | правіць зыходнік]

Сілы 1 кп рухаліся з Баранавічаў у кірунку Ляхавічы — Ганцавічы, Баранавічы — Івацэвічы — Бяроза — Пружаны, і прачэсвалі тэрыторыю на Пд, ПдУ і ПдЗ да р.Прыпяць.

Сілы 2 кп рухаліся з Луцка ў кірунках Камень-Кашырскі — Драгічын — Іванава і Сарны — Лунінец — Пінск, і прачэсвалі тэрыторыю на Пд і на Пн ад р.Прыпяць да ўваходжання ў кантакт з 1 кп.

Адначасна з дзеяннямі 2 кп праходзілі дзеянні айнзацгрупы Б па знішчэнні яўрэйскага насельніцтва ў Пінску.

Апроч таго, са складу 1 кп і 2 кп быў выдзелены перадавы атрад[4] дзеля блакіроўкі савецкіх войск, якія вырваліся з акружэння ў раёне аўтастрады Слуцк — Бабруйск 27.7.1941.

Такім чынам, дзеянні 1 кп і 2 кп СС ахоплівалі Баранавіцкі, Ляхавіцкі, Ганцавіцкі, Косаўскі, Івацэвіцкі, Пінскі, Драгічынскі, Іванаўскі і Пружанскі раёны БССР і Камень-Кашырскі, Любешаўскі і Дубровіцкі раёны УССР.

Другі этап[правіць | правіць зыходнік]

Сілы кавалерыйскай брыгады СС рухаліся з выхаднай лініі чыгункі Баранавічы — Лунінец на У, і чынілі «чыстку» правага і левага берагаў р.Прыпяць на Пд ад шашы Р-1 (Брэст — Слуцк — Бабруйск).

У час другога этапа аперацыі 2 кп каля Турава сутыкнуўся і вёў баі з савецкімі войскамі і паў-вайсковымі злучэннямі сілай да 1—2 батальёнаў (21.8.1941). Паводле справаздачы кав. брыгады СС ад 29.8.1941, страты брыгады склалі 23 ч. забітымі і параненымі, страты савецкіх сіл 600—700 ч. забітымі, 10 ч. палоннымі.

У наступныя дні 1 кп прачэсваў раён Старобін — Любань — Пціч, а 2 кп наступаў на У ад лініі Кольна — Ляхавічы (Князь-Возера) да р. Пціч.

Вынік[правіць | правіць зыходнік]

У ходзе аперацыі знішчана каля 14000 чалавек, з якіх 95 % былі яўрэямі[1], аднак камандуючы аперацыяй начальнік СС і паліцыі Эрых фон дэм Бах-Зелеўскі спрабаваў выставіць сябе «выратавальнікам» яўрэяў: «Я мяркую, што выратаваў прыкладна дзесяць тысяч яўрэяў, параіўшы ім схавацца на Прыпяцкіх балотах. Гэта не такія балоты, як іх уяўляюць у свеце. Гэта ў асноўным лясы і вадаёмы. Я сказаў яўрэям, што з гэтых балот яны змогуць выйсці да пазіцый рускіх»[8].

Зноскі

  1. а б Gerlach, C. Deutsche Wirtschaftsinteressen, Besatzungspolitik und der Mord an den Juden in Weißrussland 1941—1943 // Existiert das Ghetto noch? Weißrussland: jüdisches Überleben gegen nationalsozialistische Herrschaft / Projektgruppe Belarus im Jugendclub Courage Köln e.V. (Hg.). — Berlin; Hamburg; Göttingen: Assoz. A, 2003. — 319 S.: Ill., graph. Darst., Kt. — S. 201. — ISBN 978-3-935936-12-5.
  2. Паводле вызначэння А. Літвіна, які мяркуе, што ранейшае вызначэнне В. Лазебнікава і У. Пасэ «аперацыя… супраць акружаных частак Чырвонай Арміі, партызан і мірнага насельніцтва» занадта агульнае, а таму і недакладнае.
  3. У складзе Брэсцкай, Пінскай, Палескай і Мінскай абласцей.
  4. а б в г д Литвин. Убийцы.
  5. а б Лазебнікаў, Пасэ. Прыпяцкія балоты.
  6. Такі план дасюль не быў знойдзены, таму звесткі пра яго змест з’яўляюцца рэканструкцыяй. Літвін…
  7. а б Туронак, С.101.
  8. Голденсон, Л. Нюрнбергские интервью. — Екатеринбург: У-Фактория, 2008. — 672 с. — С. 392.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Лазебнікаў В. С., Пасэ У. С. Прыпяцкія балоты // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т. 8. Паддубнікі — Рабкі / Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1975. — 676 с.: іл., карты. С.604.
  • Литвин Алексей. Убийцы // Советская Белоруссия № 226 (21892), 3.12.2003. — Сеціўны архіў Архівавана 27 верасня 2007..
  • Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941-1945: Энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., 1990. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.
  • Jerzy Turonek. Białoruś pod okupacją niemiecką. Warszawa—Wrocław: WERS, 1989. 186 p., ill.