Аповесць пра Трою

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

«Троя», «Аповесць пра Трою» — адзін з найбольш ранніх помнікаў перакладной літаратуры Русі, сюжэтам для якога паслужыў трагічны лёс малаазіяцкага горада Троі, зруйнаванага грэкамі ў час Траянскай вайны (~1184 да н.э.).

Гераічнае змаганне грэчаскіх і траянскіх герояў, якія не адзін раз ваявалі пад сценамі Троі, давала багаты матэрыял для народных паданняў і легенд. Пазней частка іх была выкарыстана Гамерам у славутых эпічных паэмах «Іліяда» і «Адысея». Але мноства разнастайных варыянтаў аб траянскіх падзеях засталося за рамкамі гамераўскіх паэм і прадаўжала бытаваць у вуснай перадачы, падвяргаючыся творчым апрацоўкам. Гэты фальклорны матэрыял служыў багатай крыніцай і для пазнейшых антычных пісьменнікаў і гісторыкаў, якія ў сваіх творах закраналі і па-свойму адлюстроўвалі падзеі Траянскай вайны, акружанай у народных паданнях рамантычным арэолам.[1]

Першыя звесткі аб Траянскай вайне ўсходнія славяне атрымалі па паўднёва-славянскаму перакладу Хронікі Іаана Малалы (VI ст.) яшчэ ў часы Русі. У XVI ст. аповесць пра Трою, як сведчыць Скарына, была ўжо шырока вядома ў ВКЛ. Але найбольшую папулярнасць на ўсходнеславянскіх землях «Троя» атрымала дзякуючы перакладу праз балгарскае пасрэдніцтва грэчаскай апрацоўкі, якая была змешчана ў Хроніцы Манасіі (XIV ст.). У гэтым творы паядынкі траянскіх герояў нярэдка нагадваюць рыцарскія турніры, а сама асаджаная Троя нагадвае феадальны замак. Аўтар асуджае жорсткасць на вайне.[1]

Зноскі

  1. а б Скарына Ф. Творы:… С. 157.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]