Перайсці да зместу

Арганічная архітэктура

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Дом над вадаспадам», архітэктар Фрэнк Лойд Райт

Арганічная архітэктура — творчы кірунак, у аснове якога ляжыць прынцып падпарадкавання формы архітэктурнага твора яго зместу. Узнікла ў 1-й палове 20 стагоддзя як рэакцыя супраць акадэмізму, рацыяналізму і эклектыкі. Ідэі арганічнай архітэктуры закладзены ў 1890-я гады амерыканскім архітэктарам Луісам Генры Салівенам, развіты ў тэорыі і практыцы будаўніцтва яго вучнем Фрэнкам Лойдам Райтам. Канцэпцыі арганічнай архітэктуры зыходзяць з цеснай сувязі архітэктуры з прыродай, грунтуюцца на бесперапыннасці архітэктурнай прасторы, на праектаванні «з сярэдзіны — да навакольнага асяроддзя», рацыянальным выкарыстанні якасцяў будаўнічых матэрыялаў, увядзенні элементаў народнай творчасці; сама функцыя будынка не абмяжоўвалася тэхналічнымі і фізіялагічнымі фактарамі, а ўключала і эстэтычны, таму архітэктурны твор уяўляў сабой цэласны арганізм.

Пад уздзеяннем ідэй арганічнай архітэктуры склаліся рэгіянальныя архітэктурныя школы ў скандынаўскіх краінах (творчасць Алвара Аалта і інш.); у ЗША прынцыпы арганічнай архітэктуры выкарыстоўвала т.зв. каліфарнійская школа на чале з Рыхардам Нойтра. У 1940-я гады тэорыя падхоплена ў Італіі архітэктарам Бруна Дзэві; у 1945 годзе ў Рыме створана група АРАО (Associazione per Architettura Organica, Асацыяцыя арганічнай архітэктуры), якая падкрэслівала гуманістычны кірунак асноўных палажэнняў арганічнай архітэктуры. Дыяпазон арганічнай архітэктуры быў абмежаваны галоўным чынам будаўніцтвам асабнякоў, вілаў, загарадных атэляў; у 1960-я гады арганічная архітэктура растварылася сярод рацыяналістычных кірункаў архітэктуры. Прынцыпы формаўтварэння, выпрацаваныя арганічнай архітэктурай, выкарыстоўваюцца ў беларускай архітэктуры.