Аркадзь Апанасавіч Тоўсцік

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Аркадзь Апанасавіч Тоўсцік
Род дзейнасці журналіст
Дата нараджэння 15 лістапада 1925(1925-11-15)
Месца нараджэння
Дата смерці 1 сакавіка 2009(2009-03-01) (83 гады)
Месца працы
Альма-матар
Узнагароды і прэміі
ордэн Айчыннай вайны II ступені Ордэн «Знак Пашаны» Ордэн «Знак Пашаны» медаль «За адвагу» (СССР) медаль «За баявыя заслугі»
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР

Аркадзь Апанасавіч Тоўсцік (15 лістапада 1925, в. Чыкілі, Глускі раён, Бабруйская акруга — 1 сакавіка 2009) — беларускі журналіст, грамадскі дзеяч. Заслужаны работнік культуры БССР (1979).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Брат беларускага эканаміста Мікалая Тоўсціка. Вучыўся ў Глускай СШ № 2. Скончыў літаратурны факультэт Бабруйскага дзяржаўнага настаўніцкага інстытута (1954), Мінскі педагагічны інстытут (1957).

У Вялікую Айчынную вайну прымаў удзел у партызанскім руху. Пасля вызвалення раёна ад нацысцкіх захопнікаў прызваны ў армію, удзельнічаў у барацьбе супраць бандытызма на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

З 1950 года працаваў інструктарам Бабруйскага абкама ЛКСМБ, першым сакратаром Чырвонаслабадскога РК ЛКСМБ, адказным арганізатарам ЦК ЛКСМБ. У 1953—1960 гадах — загадчык аддзела, намеснік рэдактара газеты «Чырвоная змена». З 1960 года — на партыйнай рабоце: інструктар аддзела прапаганды і агітацыі, загадчык сектара друку, выдавецтваў і паліграфіі, намеснік загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі ЦК Кампартыі Беларусі. У 1973—1986 гадах працаваў рэдактарам газеты «Звязда».

Член ЦК КПБ у 1976—1990 гадах, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 9-га, 10-га і 11-га скліканняў. У 1973—1987 гадах — старшыня праўлення Саюза журналістаў БССР. Удзельнічаў у рабоце 29 сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (1974).

З 1987 года на пенсіі. Працаваў ў Беларускім фондзе культуры, займаўся пытаннямі вяртання ў краіну беларускіх нацыянальных каштоўнасцей, якія ў розныя часы былі вывезены з Беларусі.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Мае шматлікія дзяржаўныя ўзнагароды, два медалі імя Юліуса Фучыка Міжнароднай арганізацыі журналістаў.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.18 Кн.1: Дадатак: Шчытнікі — ЯЯ / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. — Т. 18. — С. 462. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0295-4 (Т. 18 Кн. 1).