Перайсці да зместу

Артыкул (публікацыя)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Артыкул (жанр журналістыкі))

Арты́кул (ад лац.: articulus — раздзел) — невялікі (бывае і значны па памеры) навуковы, публіцыстычны або літаратурна-крытычны твор у газеце, часопісе, зборніку, кнізе[1]. У ім ставіцца пэўная праблема, разглядаецца актуальная грамадска-сацыяльная, палітычная, эканамічная ці іншая сітуацыя, аналізуецца пэўная мастацкая з'ява і г.д. Характарызуецца надзённасцю гучання і аператыўнасцю[2].

Віды артыкулаў

[правіць | правіць зыходнік]

У адпаведнасці са зместам вылучаюць наступныя віды артыкулаў[2]:

  • Праблемныя — уздымаюць важныя пытанні грамадскага і культурнага жыцця.
  • Аналітычныя — асэнсоўваюць дзейнасць дзяржаўных інстытутаў, тэндэнцыі ў развіцці мастацтва, творчасць асобных аўтараў.
  • Дыскусійныя — выяўляюць розныя погляды ў ацэнцы з'яў рэчаіснасці, грамадскага жыцця, твораў мастацтва.
  • Аглядныя — аналізуюць творы пэўнай тэматыкі ці праблематыкі, знаёмяць з новымі мастацкімі з'явамі, якія з'явіліся за пэўны прамежак часу.

Стылістычныя асаблівасці

[правіць | правіць зыходнік]

Прыналежнасць да розных відаў літаратуры абумоўлівае асаблівасці формы выказвання і мовы артыкула[2].

  • Навуковы артыкул вызначаецца строгай лагічнасцю ў выкладзе думкі, аргументаванасцю назіранняў і вывадаў, аб'ектыўнасцю аўтарскай пазіцыі, выкарыстаннем прафесійнай лексікі і тэрміналогіі.
  • Крытычны артыкул прадугледжвае аналіз зместу і формы твора, ацэнку яго ідэйна-мастацкіх вартасцей, ужыванне агульнавядомых тэрмінаў.
  • Публіцыстычны артыкул адрозніваецца зваротам да актуальных праблем рэчаіснасці, пэўнай аўтарскай суб'ектыўнасцю, выбарам больш жывой і вобразнай мовы.