Ару (архіпелаг)
Ару | |
---|---|
індан. Aru | |
Выгляд з космасу | |
Характарыстыкі | |
Колькасць астравоў | 95 |
Найбуйнейшы востраў | востраў Транган |
Агульная плошча | 8 563 км² |
Насельніцтва | 34 000 чал. (2010) |
Шчыльнасць насельніцтва | 3,97 чал./км² |
Размяшчэнне | |
6°10′ пд. ш. 134°30′ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Арафурскае мора |
Краіна | |
![]() |
Ару (індан.: Aru) — архіпелаг на захадзе Ціхага акіяна. Уваходзіць у склад інданезійскай правінцыі Малуку. Плошча — 8563 км². Насельніцтва (2010 г.) — 34 000 чал.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Астравы Ару месцяцца ў Арафурскім моры за 116 км ад вострава Новая Гвінея, за 476 км ад мацерыка Аўстралія, за 3012 км ад Джакарты, сталіцы Інданезіі. З'яўляюцца працягам мацерыка Аўстралія. Да заканчэння апошняга ледавіковага перыяда складалі частку сушы паміж сучасных Новай Гвінеяй і Аўстраліяй.
Геалагічная пабудова архіпелага даволі складаная. Вылучаюць раёны, складзеныя пераважна алювіяльнымі пародамі, і вапняковыя скалістыя фарміраванні каралавага паходжання.
Усяго налічваецца 95 астравоў. 89 з іх населены. Найбуйнейшы востраў Транган займае плошчу 2149 км². Усе астравы Ару нізкія, адасобленыя вузкімі пралівамі і пратокамі. На захадзе сустракаюцца пагорыстыя раўніны.
Клімат трапічны мусонны. Сярэднегадавая тэмпература вагаецца ад +25°C да +27,4°C.
Архіпелаг знаходзіцца ў зоне частых землятрусаў.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Прырода астравоў Ару блізкая да суседніх Новай Гвінеі і Паўночнай Аўстраліі. Трапічныя лясы займаюць 730 000 га. Цэнтральныя часткі буйных астравоў пакрыты саваннамі. На ўзбярэжжы сустракаюцца мангры.
Распаўсюджаныя расліны: сагавая пальма, тэрміналія, хваёвыя, папараці і інш. Астравы Ару славяцца рэдкімі птушкамі. Іх насяляюць драўняныя кенгуру, казуары, райскія птушкі, чарапахі, яшчаркі і г. д.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Астравы Ару маглі быць населены продкамі сучасных папуасаў і абарыгенаў Аўстраліі ўжо 40 тысяч гадоў таму. Пазней Ару былі заняты аўстранезійцамі. Дакладны час прыходу аўстранезійцаў не вядомы. Гэта магло здарыца ў 2 - 1 тысячагоддзях да н. э. або толькі ў 1 тысячагоддзі н. э. Ускосным сведчаннем апошняга меркавання з'яўляецца частковае выміранне мясцовых відаў жывёл ў дадзены перыяд. У выніку на астравах склалася 14 этна-моўных груп, блізкіх да народаў Малукскіх астравоў і Тымора.
Сталыя кантакты абарыгенаў астравоў Ару з еўрапейцамі, а таксама мараходамі Вялікіх Зондскіх астравоў пачаліся толькі ў XVI ст. Адсюль вывозілі жэмчуг, пер'е райскіх птушак, малюскаў і чарапахавыя панцыры, якія мелі высокі кошт у Кітаі. У XVII ст. манаполія ў гандлі з астравіцянамі паступова перайшла да прадстаўнікоў Нідэрландаў. Галандцы стваралі на Ару камерцыйныя плантацыі, куды ўвозілі ў якасці рабоў або рабочых папуасаў з Новай Гвінеі і тубыльцаў Малукскіх астравоў, што ў выніку паўплывала на развіццё мясцовай культуры.
У 1857 г. астравы Ару наведаў Альфрэд Расэл Уолес.
У 1955 г. архіпелаг быў далучаны да Інданезіі.
У 2014 - 2015 гг. на астравах Ару адбываліся масавыя хваляванні супраць вытворцаў цукровага трыснягу, якія планавалі пашырыць плантацыі за лік амаль паловы лясных тэрыторый. Выступленні мясцовых жыхароў былі падтрыманы грамадскімі палітычнымі і экалагічнымі арганізацыямі ў самой Інданезіі і за яе межамі.
Кіраванне
[правіць | правіць зыходнік]Астравы Ару складаюць асобную адміністрацыйную вобласць з цэнтрам у вёсцы Доба ў складзе інданезійскай правінцыі Малуку. Яна падзяляецца на 7 раёнаў.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Традыцыйнымі галінамі эканомікі астравоў Ару з'яўляюцца сельская гаспадарка, лясная гаспадарка, вырошчванне і лоў жэмчугу, рыбалоўства. У 2013 г. агульны ВУП склаў амаль 376 млрд інданезійскіх рупій.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ару (архіпелаг)
- Kabupaten Kepulauan Aru
- Indonesia Maluku Aru Islands Архівавана 8 красавіка 2016.
- Western portion of the island of New Guinea
- East Indonesia: Plays and Prospectivity of the West Aru, Kai Besar and Tanimbar Area - Identified from New Long Offset Seismic Data
- Alfred Russel Wallace, On the Natural History of the Aru Islands
- Kisah Tragis di Balik Keindahan Kepulauan Aru Архівавана 4 мая 2016.
- Sugar Cane Expansion Continues, Aru Islands Community’s Lives Threatened Once Again