Перайсці да зместу

Архітэктура савецкага авангарда

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Архітэктура савецкага авангарда — мадэрнісцкі кірунак архітэктуры ў СССР у 1920 — пачатку 1930-х гадоў.

Нараджэнне савецкага архітэктурнага авангарда адносіцца да першых гадоў пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. Яго вытокамі былі левыя плыні выяўленчага мастацтва: імпрэсіянізм, кубізм, футурызм, кубафутурызм, а таксама сімвалізм і экспрэсіянізм. Эксперыменты левых мастакоў прывялі ад беспрадметнага абстрактнага жывапісу да выхаду ў сферу прасторавага мастацтва — архітэктуру. Лідары архітэктурнага авангарда імкнуліся да стварэння новай мастацка-кампазіцыйнай сістэмы, новага аб’ёмна-прасторавага ўрбанізаванага асяроддзя. Іх пошукі вялі да вынаходства новага інтэрнацыянальнага, усеагульнага стылю, для якога былі характэрны манументальнасць і прастата, а новыя формы павінны былі адпавядаць новай індустрыяльнай эпосе.

Найбольш вядомай плынню архітэктуры савецкага авангарда з’яўляецца канструктывізм (вядучыя дзеячы якога ўваходзілі ў Аб’яднанне сучасных архітэктараў (ОСА)). Але акрамя яго існаваў рацыяналізм (прадстаўлены Асацыяцыяй новых архітэктараў (АСНОВА) і Аб’яднаннем архітэктараў-урбаністаў (АРУ)), а таксама супрэматызм, сімвалічны рамантызм і іншыя плыні. Важную ролю ў станаўленні архітэктараў новага пакалення адыгрываў ВХУТЕМАС. СССР эпохі авангарда нароўні з Германіяй, Францыяй і Нідэрландамі стаў цэнтрам фарміравання новага глабальнага стылявога кірунку. У гэты перыяд у конкурсным і рэальным праектаванні ў СССР удзельнічалі многія вядомыя замежныя архітэктары.

У лютым 1932 года на конкурсе праектаў Палаца Саветаў перамагаюць праекты, далёкія ад ідэалаў мадэрнісцкай архітэктуры. Гэты момант лічаць знакавым у гісторыі архітэктуры авангарда. Адразу пасля гэтага пачаўся паступовы пераход савецкіх архітэктараў да неакласіцызму, які актыўна падтрымліваўся сталінскай уладай. Нягледзячы на сваё нядоўгае жыццё, савецкі авангард стаў найважнейшай вяхой у гісторыі архітэктуры СССР і ўсяго свету. Ён аказаў уплыў на паслясталінскі мадэрнізм і на многіх сучасных архітэктараў.