Архітэктурны ансамбль цэнтра (Варняны)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Касцёл Святога Георгія

Архітэктурны ансамбль цэнтра Варнян — помнік горадабудаўніцтва барока. Сфарміраваўся ў 1760—1770-я гады ў в. Варняны (Астравецкі раён).

Арганізаваны па рэгулярнай планіровачнай схеме вакол вялікай выцягнутай прамавугольнай у плане плошчы. Дамінанта ансамбля — Георгіеўскі касцёл, які замыкае плошчу з усходняга боку. Два фланкіруючыя дамы (дом аптэкара і плябанія) ствараюць перад касцёлам раскрыты на плошчу курданёр з акруглай па абрысу агароджай. На заходнім баку плошчы быў палацава-паркавы комплекс (не збярогся). Паўднёвы і паўночны бакі плошчы фарміруюць два рады тыпавой жылой забудовы, аб’яднанай у адзіны фронт каменнымі прасценкамі з арачнымі праездамі. У забудову ўваходзілі карчма і гандлёвыя рады.

Касцёл Святога Георгія пабудаваны ў 1767—1769 гг. у стылі позняга барока (дабудаваны ў 1880 г., 1909 г.). Фундатарка — уладальніца Варнян М. Абрамовіч, архітэктар — А. Казакоўскі. Двухвежавы аднанефны мураваны храм з трансептам. Архітэктарская пластыка (прафіляваныя цягі, ліштвы, вязкі пілястраў, раскрапоўкі, фігурныя завяршэнні вежаў і шчыта) сканцэнтраваная на галоўным фасадзе. Бакавыя фасады расчлянёныя арачнымі вокнамі і падвойнымі пілястрамі ў прасценках. Унутры неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі на папружных арках. Над уваходам хоры з крывалінейным парапетам. Касцёл не дзейнічае.

Мураваныя двухпавярховыя плябанія і дом аптэкара (1770 г.) — прамавугольныя ў плане будынкі з высокімі вальмавымі дахамі. Фасады рытмічна расчлянёныя шырокімі лапаткамі і прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Планіроўка анфіладная з вестыбюлем і лесвіцай у цэнтры. Памяшканні першых паверхаў перакрытыя крыжовымі скляпеннямі.

На двух падоўжаных баках плошчы размяшчаліся па восем аднатыпных драўляных аднапавярховых жылых дамоў, накрытых вальмавымі дахамі (зберагліся часткова). Мураваныя сцены іх фасадаў, злучаныя паміж сабой арачнымі праездамі, утваралі суцэльны фронт вулічнай забудовы.

У палацава-паркавы комплекс, створаны ў другой палове XVIII — 1-й палове XIX ст., уваходзілі двухпавярховы мураваны палац, два сіметрычныя драўляныя флігелі, якія ўтваралі паўадкрыты двор, і парк з вадаёмам. Тэрыторыя парку аддзялялася ад плошчы мураванай агароджай з брамай, ад яе да касцёла вяла ліпавая алея. У парку засталіся асобныя гаспадарчыя пабудовы (млын, свірны), неагатычная вежа (пачатак XX ст.) на востраве, які звязаны з паркам драўляным мастком.

Ансамбль — помнік рэспубліканскага значэння.

У 2019 годзе пракуратура Гродзенскай вобласці выявіла, што КСУП «Варняны», на балансе якога знаходзіцца гісторыка-культурная каштоўнасць, не выконвае ўмовы ахоўнага абавязацельства[1].

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]