Аршанскае права

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку

Аршанскае права — своеасаблівы юрыдычны статут гарадскога саслоўя, які ў адпаведнасці з нормамі магдэбургскага права сфарміраваўся ў Оршы на працягу XIVXVII стст. У 1562 г. вялікі князь ВКЛ Жыгімонт II Аўгуст задаволіў просьбу аршанцаў прызнаць законным выбранне на сходзе ў 1559 г. войтам горада М. Мыльнікава. У склад гарадскога самакіравання было выбрана яшчэ 6 чалавек. Сход даручыў ім адміністрацыйныя і судовыя функцыі і абавязваў штогод рабіць справаздачу, а калі гораду будзе нанесена шкода «каждый мает дати подлуг маетности свое не ровняючы богатого ку убогому». Адзін з пунктаў пастановы патрабаваў, каб: «И стого шлюбу нашого не мает жадин выступить, одно маит один за другого стояти». Парушальніка чакала канфіскацыя ўсёй маёмасці. 31 жніўня 1577 г. вялікі князь ВКЛ Стафан Баторый зацвердзіў пастановы гараджан і права на самакіраванне. Адначасова па просьбе аршанцаў вызваліў іх ад павінасці «для пашни замковае на пригон сохою, на жниве з серпом, на сеножаць с косою… ходити».

Як сведчыць велікакняжацкая грамата ад 23 лістапада 1593 г., аршанцы ўдасканалілі прынцыпы магдэбургскага самакіравання ў горадзе. Паводле аршанскага права, яно складалася з войта і 4 сотнікаў, якія «будут вместо лавников». Аршанцы хоць і наблізілі функцыі абраных у самакіраванне да магдэбургскай тэрміналогіі, аднак захавалі традыцыйныя назвы пасад. У 1620 г. горад атрымаў грамату на поўнае магдэбургскае права, якое аршанцы выкарысталі для таго, каб скласці ў сакавіку 1621 г. уласны статут, што рэгуляваў жыццё горада і адносіны паміж гараджанамі. З тэксту статута відаць, што гараджане аспрэчвалі юрыдычны аўтарытэт магдэбургскага права і былі нязгодныя з шэрагам яго норм. На іх думку, у ім недакладна вызначаны прынцыпы падзелу маёмасці. Не згадзіліся яны і з тым, каб пасяджэнні гарадскіх судоў праводзіліся (з улікам святочных дзён) паводле каталіцкіх канонаў і тлумачылі гэта тым, што «… в месте оршанском все обыватели места того — русь наследовцы религии закону греческого послушенства церкви восходнее, межи которыми отчасти знайдутся люди римского закону». Не было, на іх думку, у гэтым праве «дэкларацыи досконалое» аб меры пакарання за паклёп і хлуслівае сведчанне на судзе. Адхілялі яны не толькі пэўныя нормы магдэбургскага права, але і ўстарэлыя нормы вечавога права. Патрэбныя нормы яны бралі ў Статуце ВКЛ 1588, статутах «головных мест Кракова и Вилна», пастановах соймаў, у асабістым вопыце. Аршанскі статут змяшчаў 23 раздзелы. Яго нормы рэгулявалі дзейнасць гарадской рады, яе судовыя функцыі, маёмасныя і асабовыя адносіны жыхароў горада. У адносінах да таго, хто ўзнімае руку на прадстаўніка гарадскога самакіравання, прадугледжвалася жорсткае пакаранне. Як сведчыць грамата караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III Ваза ад 16 студзеня 1627 г. яшчэ ў 1619 г. сваю самастойнасць у арганізацыі гарадскога жыцця аршанцы пашырылі і на рэлігійныя адносіны.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Капыскі, З. Ю. Аршанскае права // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — 1972. — № 2. — С.
  • Капыскі, З. Ю. Аршанскае права / З. Ю. Капыскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1. А — Беліца / БелЭн; Рэдкал.: М.В.Біч (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э.Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. – С. 186. — ISBN 5-85700-074-2.
  • Копысский, З.Ю. Магдебурское право в городах Белоруссии в XVI – первой половине XVII в.) / З.Ю.Копысский // Советское славяноведение. — 1972. — № 5. — С. 26 — 41.
  • Копысский, З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половины XVII в. — Мн.: Наука и техника, 1975. — 189 с.
  • Аршанскае права. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 1: А — Аршын. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1), ISBN 985-11-0035-8.