Аршанскі авіярамонтны завод

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Аршанскі авіярамонтны завод
Тып Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства
Заснаванне 24 снежня 1956
Размяшчэнне Flag of Belarus.svg Беларусь, Балбасава, Аршанскі раён, вул. Завадская, д. 1
Ключавыя фігуры генеральны дырэктар Павел Аляксандравіч Случак
Галіна авіяцыйная прамысловасць
Прадукцыя верталёт
Колькасць супрацоўнікаў 637
Матчына кампанія Матор Січ
Сістэмы інвестыцый і інавацый
Сайт oarz.by

РУП Аршанскі авіярамонтны завод — прадпрыемства па рамонце авіяцыйнай тэхнікі, заснаванае ў 1956 г. ў г.п. Балбасава (за 10 км ад Оршы). Заводам асвоены капітальны рамонт гелікоптэраў Мі-8, Мі-17, Мі-24, самалётаў Ту-134, а таксама асобных агрэгатаў авіяцыйнай тэхнікі. З 2013 г. вырабляе таксама серыйныя верталёты «Мі-8 МСБ».

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

15 ліпеня 1941 г., на станцыі Безаботнае (Ленінградская вобласць), быў створаны ў якасці 2-га авіярамонтнага цягніка Ваенна-паветраных сіл Балтыйскага флоту. Першым дырэктарам стаў ваенны тэхнік 1-га ранга Абрам Абекавіч Левін. Перад цягніком была пастаўлена задача забяспечыць аднаўленне і рамонт франтавой авіяцыі.

З 1941 па 1945 гг. на прадпрыемстве быў асвоены рамонт 33 тыпаў баявых самалётаў, у т. л. 6 замежнай вытворчасці, і 25 тыпаў авіярухавікоў. У прыватнасці, рамантаваліся такія самалёты, як Пе-2, Пе-3, І-16, МіГ-3, С-2, Р-5, УТІ-2, Як-9, ІІ-2, Як-9У, Як-1, Як-7У, ЛАГГ-3, Дуглас, Гарыкейн, Кіцігоук, Мэрлін, Аэракобра.

Канец вайны прадпрыемства сустрэла на Далёкім Усходзе, дзе рамантавала авіяцыю Ціхаакіянскага флоту ВМФ СССР, які ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях супраць Японіі.

Стварэнне завода і дзейнасць у перыяд СССР[правіць | правіць зыходнік]

З 24 снежня 1956 г. завод атрымлівае новае месца дыслакацыі — аэрадром «Балбасава» і новую назву — 571-ы авіярамонтны завод Міністэрства абароны СССР. Новай задачай прадпрыемства было засваенне рамонта бамбардзіроўшчыка дальняй авіяцыі Ту-16, на якія з 1955 г. быў пераведзены 402-гі тбап.

У перыяд з 1957 па 1985 гг. завод адрамантаваў 1726 самалётаў гэтага тыпу. У пачатку 1970-х гадоў на прадпрыемстве працавала каля 1200 працаўнікоў і ён з'яўляўся адным з найбуйнейшых заводаў па рамонту дальняй бамбардзіровачнай авіяцыі ў СССР.

У пачатку 1980-х гадоў заводам быў асвоены звышгукавы дальні бамбардзіроўшчык Ту-22МЗ і ў перыяд з 1982 па 1992 гг. было адрамантавана 68 самалётаў гэтага тыпу.

Дзейнасць у перыяд Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Пасля распада СССР ў рамках скарачэння ўзбраенняў самалёты Ту-22МЗ былі выведзены на тэрыторыю Расіі, а 571-ы авіярамонтны завод перададзены ў падпарадкаванне Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Прадпрыемства засталося без загрузкі вытворчых магутнасцяў і ў гэты час было прынята рашэнне асвоіць рамонт цывільнай авіяцыйнай тэхнікі. У выніку быў асвоены капітальны рамонт гелікоптэраў Мі-8 і Мі-24 розных мадыфікацый, самалётаў Ту-134, рамонт асобных агрэгатаў авіяцыйнай тэхнікі.

З 1996 г. завод быў перададзены ў падпарадкаванне Дзяржаўнага камітэта па авіяцыі Рэспублікі Беларусь і атрымаў сваю сучасную назву. Пасля пераўтварэння структуры дзяржаўных органаў РБ у 2006 г. прадпрыемства падпарадкоўвалася Дэпартамэнту па авіяцыі Міністэрства транспарта і камунікацый Рэспублікі Беларусь.

30 снежня 2011 году А. Лукашэнка падпісаў Распараджэнне № 335 аб продажы дзяржаўных 99,2% акцый завода ўкраінскаму публічнаму АТ «Матор Січ» (59,5% за 12 млрд бел. руб.) і беларускаму ЗАТ «Сістэмы інвэстыцый і інавацый» (39,7% за 8 млрд бел. руб.)[1]. 28 студзеня 2012 г. Мінтранс Беларусі заключыў адпаведны дагавор з інвестарамі, якія 21 лютага аплацілі куплю акцый. Да канца года паступілі каля $14,6 млн укладанняў[2]. 23 верасня 2013 г. ў в. Баравая (Мінскі раён) завод прадставіў першы верталёт уласнай серыйнай вытворчасці «Мі-8 МСБ»[3]. На ім удалося паставіць 12 сусветных рэкордаў, у т.л. па вышыні гарызантальнага палёта — 9150 м[4].

У 20122016 гг. інвестары абавязаліся заінвеставаць у завод, па меншай меры, $12 млн, стварыць больш за 300 працоўных месц, адрамантаваць два інтэрнаты, а таксама даць каля BYR20 млрд (~$3,6 млн) на развіццё гарадскога пасёлка Балбасава.

11 ліпеня 2018 г., наведваючы прадпрыемства, А. Лукашэнка заявіў, што яно стала дзяржаўным, бо ў яго «ўласніка ўжо ... няма»[5]. Пра тое, што прадпрыемства збіраюцца вярнуць дзяржаве, стала вядома ў сакавіку, праўда, з неафіцыйных крыніц[6]. А ў маі генпракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні былога гендырэктара прадпрыемства і службовых асобаў украінскай фірмы[7]. Паводле народнага дэпутата Украіны В. Багуслаева, менавіта «мясцовы інвестар» адмовіўся выконваць сваю частку інвестыцыйных абавязанняў. Ён заявіў, што разумее «...адкуль гэта: узяць і забраць. На рынку можна толькі купіць або выкупіць. Так працуе ўся Еўропа. Трэба разлічыцца з акцыянерамі»

Вытворчасць[правіць | правіць зыходнік]

На дадзены момант завод ажыццяўляе працы па капітальным рамонце ваеннай і цывільнай авіяцыйнай тэхнікі: розных мадыфікацый гелікоптэраў Мі-8, Мі-17, Мі-24, самалётаў Ту-134А, Б, а таксама рамонт здымнага і нездымнага абсталявання, камплектуючых, агрэгатаў, сістэм і сродкаў вымярэння і кантрольна-праверачнай апаратуры.

Акрамя гэтага прадпрыемства ажыццяўляе мадэрнізацыю гелікоптэраў Мі-8 пад санітарны, дэсантны і іншыя варыянты, а таксама фарбаванне розных тыпаў паветраных судоў.

Асноўны рамонт авіяцыйнай тэхнікі ажыццяўляецца ў двух ангарах: ангар №1 — самы буйны спэцыялізаваны будынак для рамонту авіяцыйнай тэхнікі ў Беларусі, дазваляе прымаць самалёты класа Іл-76, карысная плошча 7100 м², вышыня створак 13,5 м; ангар №2 дазваляе рамантаваць паветраныя суды класа Ту-134 і гелікоптэры ўсіх тыпаў, карысная плошча 12800 м², вышыня створак 11 м.

У падпарадкаванні прадпрыемства знаходзіцца аэрадром класа «Б», даўжыня яго ўзлётна-пасадачнай паласы 3000 м, ён годны для эксплуатацыі паветраных судоў класаў Ан-124, Іл-76 і ніжэй. Аэрадром сертыфіцыраваны Дэпартаментам па авіяцыі Міністэрства транспарта і камунікацый РБ для прыёму паветраных судоў у дзённы час сутак.

Прадпрыемства мае Ліцэнзію Міністэрства абароны РБ на права ажыццяўляць дзейнасць, звязаную з прадукцыяй ваеннага прызначэння, а таксама Пасведчанне Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Рэспублікі Беларусь на права ажыццяўляць знешнегандлёвую дзейнасць у адносінах да ваеннай авіяцыйнай тэхнікі.

Партнёрамі прадпрыемства з'яўляюцца дзясяткі фірмаў і арганізацый з 8 краін свету.

Дырэктары[правіць | правіць зыходнік]

  1. Уладзімір Троіцкі (2007—2015)
  2. Павел Аляксандравіч Случак (2015—)

Зноскі

  1. Лукашэнка прадаў Аршанскі авіярамонтны завод. Наша Ніва (9 студзеня 2012). Праверана 22 ліпеня 2018.
  2. Транспартнай галіне Беларусі ў 2013 годзе неабходна прыцягнуць $150 млн. прамых інвестыцыяў. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (12 лютага 2013). Праверана 22 ліпеня 2018.
  3. Бута, Якаў Вялікая авіяпрэм'ера. Белтэлерадыёкампанія (23 верасня 2013). Праверана 22 ліпеня 2018.
  4. Аршанскі авіярамонтны завод мае намер пачаць сэрыйную вытворчасьць верталётаў. Белтэлерадыёкампанія (28 лістапада 2014). Праверана 22 ліпеня 2018.
  5. Аршанскі авіярамонтны завод вяртаецца ва ўласнасць дзяржавы. Еўрарадыё (11 ліпеня 2018). Праверана 22 ліпеня 2018.
  6. Дзяржава можа вярнуць Аршанскі авіярамонтны завод. Еўрарадыё (22 сакавіка 2018). Праверана 22 ліпеня 2018.
  7. Генпракуратура пачала крымінальную справу на прадстаўнікоў фірмы «Матор Січ». Еўрарадыё (15 мая 2018). Праверана 22 ліпеня 2018.