Аршанскі кодэкс

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

«Аршанскі кодэкс» ― помнік беларускай літаратуры позняга сярэднявечча, рукапісны зборнік канца XVII стагоддзя. Створаны да 1693 года у Аршанскім езуіцкім калегіуме. П'есы зборніка ставіліся ў калегіумах Оршы, Полацка, Навагрудка і Віцебска[1]. Знаходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы імя Асалінскіх (Вроцлаў, Польшча). Акрамя «Аршанскага кодэкса» вядомы таксама створаны у Ковенскім калегіуме «Ковенскі зборнік» (1731), згублены у 1944 годзе ў Варшаве.

Перадгісторыя зборніка[правіць | правіць зыходнік]

З'яўленне школьных тэатраў у Рэчы Паспалітай адносіцца да XVI стагоддзя. У адрозненне ад праваслаўных і пратэстантаў, езуіты імкнуліся спрыяць развіццю не толькі рэлігійнай, але і свецкай культуры, аддаючы перавагу відовішчным мерапрыемствам. Спачатку гэта былі самадзейныя аматарскія сцэнкі, якія разыгрывалі вучні духоўных школ, затым прадстаўлення ўскладніліся, у сярэдзіне XVII стагоддзя ўжо паказваліся драмы і камедыі[2][3][4].

У Беларусі інтэрмедыі (intermedius) вядомыя з канца XVI стагоддзя, ― гэта ўстаўкі ў школьныя драмы на лацінскай, радзей на польскай і стараславянскай мовах[5].

У пачатку XXI стагоддзя выяўленыя 36 беларускіх інтэрмедый XVI―XVIII стст. З іх 8 цалкам не публікаваліся, 6 захоўваюцца ў бібліятэцы Асалінскіх і 2 ў Львове[6].

Першай вядомай у гісторыі беларускай літаратуры інтэрмедыі, дзе персанаж кажа на ламанай беларуска-польскай мове, лічыцца інтэрмедыя да п'есы віленскага езуіта, выкладчыка калегіума, Каспара Пянткоўскага(1554―1612) «Цімон Гардзілюд» (1584)[7]. Герой п'есы ― камічны персанаж, віленскі кравец. У першай палове XVII стагоддзя ў літоўскіх Крожах паказвалася інтэрмедыя «Чорт Асмалейка», дзе селянін гаворыць па-беларуску, перамяжоўваючы гаворку ламанай польскай. У Гродне (1651) паказвалася камедыя езуіта Яўстафія Пылінскага «Пра Якуба і Іосіфа» (дакладней, пераказаная ім біблейская гісторыя)[8]. Камедыя давалася з інтэрмедыямі-дыялогамі «Гутарка Івана і царкоўнага слугі» і «Схізматык і уніят-католік».

Змест зборніка[правіць | правіць зыходнік]

Зборнік складзен з 4 польскіх барачных драм і 7 інтэрмедыйных тэкстаў да іх. Драмы: «Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба», «Слаўная дапамога для Раміравай перамогі, учынёная анёльскімі палкамі», «Містычнае прычасце ў жалю нявінных Кароля і Фрыдэрыка», «Містычнае вяселле прычасця Генсерыка і Трызімунда»[9].

Самая насычаная ў зборніку п'еса («Komunija duchowna świętych Borysa i Gleba») распавядае пра забойства князем Святаполкам сваіх братоў Барыса і Глеба. Спрабуючы растлумачыць з'яўленне персанажаў Кіеўскай Русі ў езуіцкім тэатры; А. Мальдзіс туманна кажа, што «гэта нешта іншае як заляцанні іезуітаў з мясцовымі праваслаўнымі жыхарамі»[10]. Дзеянне п'есы суправаджаецца сцэнкамі-інтэрмедыямі: трое палачан ― рамеснік, гарбар і селянін («русін») вядуць паміж сабой размову на бытавыя тэмы, маюць зносіны з гледачамі.

У п'есах «Слаўная дапамога для Раміравай перамогі» і «Містычнае прычасце ў жалю нявінных Караля І Фрыдэрыка» прысутнічае інтэрмедыя «Паляўнічы разам з іншымі рыхтуецца ды паляванне», дзе ўпершыню ў беларускай драматургіі з'яўляецца «маскаль». Яго дыялог з панскім паляўнічым носіць анекдатычны характар. Інтэрмедыю чацвёртай сцэны дэталёва апісвае А. Мальдзіс: «У ёй дзейнічаюць два д'яблы з польскімі прозвішчамі Кшычальскі і Казлоўскі. Ім хочацца сеяць па свеце сваркі, ды няма чым узараць поле. Д'яблы просяць мясніка-яўрэя, каб ён пазычыў ім вала, але аказалася, што ўсе валы ўжо з'едзены. Тады нячысцікі запрагаюць у плуг самога яўрэя. Апошні па-беларуску спавядаецца ў сваіх і чужых грахах. У заключэнні д'яблы паганяюць яўрэя, які цягне плуг, і засяваюць па свеце нязгоду. Такім чынам, інтэрмедыя не толькі смяшыла, але і павучальна асуджала д'яблаў, паноў і гандляроў-яўрэяў»[11].

На думку беларускіх савецкіх мастацтвазнаўцаў, камедыйныя сцэнкі да польскіх драм паказвалі селяніна («русіна») пераважна чалавекам цёмным і абмежаваным[12].

Польскі літаратуразнаўца Юльян Ляванскі ў прадмове да польскага выдання п'ес XVII стагоддзя пазначыў мову інтэрмедый як «украінска-беларуска-польскую мешаніну»[13]. Аднак А. Мальдзіс лічыць, што ў іх дамінуе беларуская мова, да якой дамяшаны русізмы і украінізмы. У інтэрмедыі «Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба» камічнае дасягаецца прыёмам супастаўлення «высокага» і «нізкага». Так, напрыклад, абгульваюцца беларускія і запазычаныя словы: «акт» і «так», «сцэна» і «сцяна», «просцэніюм» і «просценька», «сінопсэс» і «свінапас»[14].

Паводле заўвагі некаторых даследчыкаў, ― як б не ставіўся ордэн езуітаў да беларускага насельніцтва, ― уводзячы ў спектакль селяніна, «русіна», дзеда, ён прызнаваў беларусаў як самабытную нацыю[15].

Зноскі

  1. Мальдзіс А. Аршанскі кодэкс // ЭВКЛ, т. 1, с.252
  2. Резанов В. И. Школьные драмы польско-литовских иезуитских коллегий. — Нежин: типо-лит. «Печатник, б. насл. В. К. Меленевского», 1916. — 312 с.
  3. Okoń J. Dramat i teatr szkolny. Sceny jezuickie XVII wieku. Studia Staropolskie. t. XXVI. — Wrocław: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1970.
  4. Poplatek J. Studia z dziejów jezuickiego teatru szkolnego w Polsce. — Wrocław: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1957.
  5. Інтэрмедыя // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т. 2. — Мн.: БелЭн, 1985. — С. 590.
  6. Яцухна В. І. Беларуская малафарматная драматургія XVI — першай паловы ХХ стст.. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2004. — 182 с. — ISBN 985-439-114-0.
  7. Сяргей Кавалёў. Польскія пачынальнікі беларускай драматургіі: Каспар Пянткоўскі і Гжэгаш Кнапій // Феномен пагранічча: польская, украінская і беларуская літаратура ― уплывы і ўзаемаўзбагачэнне: зборнік дакладаў, прачытаных на Міжнароднай навуковай канферэнцыі ў Любліне. — Мн.: 2008. — С. 59-74.
  8. История двух пророков. Отец и сын Якуб (Иаков) и Юсуф (Иосиф). Islamdag.ru.
  9. Гісторыя беларускай літаратуры ХІ – ХІХ стагоддзяў: у 2 тт. Т. 1.. — Мн.: Беларуская навука, 2006. — С. 765-771.
  10. Мальдзіс А. I. На скрыжаванні славянскіх традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду (другая палова XVII—XVIII ст.). — Мн.: Навука і тэхніка, 1980. — 352 с.
  11. Мальдзіс А. I. На скрыжаванні славянскіх традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду (другая палова XVII—XVIII ст.). — Мн.: Навука і тэхніка, 1980. — 352 с.
  12. Саннікаў А. К., Семяновіч А. А. Інтэрмедыя // Тэатральная Беларусь. Энцыклапедыя у 2 тт. т. 1. — Мн.: БелЭн, 2002.
  13. Dramaty staropolskie. Antologia. Т. 1, oprac. Julian Lewański. — Warszawa: PIW, 1959.
  14. Рагаўцоў В. І. Вербальныя сродкі камічнага ў беларускай драмагургіі: канец XVI―пачатак XX стагоддзя: манаграфія. — Магілёў: МДУ імя А.А. Куляшова, 2012. — 260 с. — ISBN 978-985-480-808-6.
  15. Мастацкая культура Аршанскай зямлі. Гісторыя Беларусі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Мальдзіс А. Арганізаціыя пастановак і рэпертуар школьных театраў // Гісторыя беларускага театра у 3 тт. Т. 1. ― Мн., Навука і тэхніка, 1983
  • Міско С. М. Школьны тэатр Беларусі ХУІ―ХУІІІ стст.: вучэбны дапаможнік. ― Мн., Тэсей, 2000.
  • Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі: у 3 т. ― Мн., Бел. ун-т культуры; укладанне, рэдакцыя тэкстаў, уступныя артыкулы і каментарыі В. Сабалеўскага. 1997. Т. 1: Ад вытокаў — да пачатку ХХ стагоддзя
  • Jésuites et Biélorusses: à la lisière de la civilisation ou au carrefour des cultures, par Constantin Simon. — Meudon: «Plamia» revue du Centre d’Études Russes St Georges, 1999.
  • Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy 1564—1995, oprac. L. Grzebień przy współpracy zespołu jezuitów, Wydział Filozoficzny Towarzystwa Jezusowego — Instytut Kultury Religijnej — Wydawnictwo WAM, Kraków 1996, [wyd. 2., Kraków 2004].