Аршанскі музей гісторыі і культуры горада

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аршанскі музей гісторыі і культуры горада
Заснаваны 1989
Месцазнаходжанне Беларусь, Віцебская вобласць, Аршанскі раён, Орша
Агульная плошча 170 м²
orsha.museum.by/be/node/…

Аршанскі музей гісторыі і культуры горада — музей у Оршы, размешчаны ў гістарычным будынку па вуліцы Уладзіміра Леніна, 11. Заснаваны 1 сакавіка 1989 г. Адкрыты для наведвальнікаў у 1992 г. З 1994 года філіял Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны. Экспазіцыя размешчана ў 4 залах агульнай плошчай 170 м².

Раздзел археалогіі[правіць | правіць зыходнік]

У раздзеле археалогіі дэманструюцца знаходкі з аршанскіх стаянак каменнага веку, комплексу археалагічных помнікаў каля в. Чаркасава, гарадзішча жалезнага веку каля в. Вусце, аршанскага гарадзішча (12—18 ст., шматлікія вырабы са шкла, керамікі, жалеза, каляровых металаў, костак), Аршанскага Куцеінскага Багаяўленскага манастыра (17—18 ст., кафля, ювелірныя вырабы) і іншыя прадметы.

Раздзел гісторыі[правіць | правіць зыходнік]

У раздзеле гісторыі, які адлюстроўвае жыццё Оршы ў складзе Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, экспануюцца дакументы і матэрыялы пра дзейнасць Куцеінскай друкарні (17 ст.) і вайну 1812, нумізматычныя калекцыі (рускія манеты 15 — пачатку 20 ст., літоўскія, польскія, шведскія манеты 16—18 ст.), зброя 16 — пачатку 20 ст., старадрукі і рукапісныя кнігі 17—19 ст., макеты паселішча 12 ст., Аршанскага замка 16 ст., цэнтра Оршы пачатку 20 ст.

У раздзелах, прысвечаных Оршы ў XX стагоддзі, адлюстравана сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё горада на працягу XX стагоддзя, падзеі рэвалюцыі 1905—1907 гадоў, Першай сусветнай вайны, Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый, грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі, аднаўленне гаспадаркі і сацыялістычнае будаўніцтва ў 1920—1930 гады, палітычныя рэпрэсіі, аднаўленне народнай гаспадаркі ў пасляваенны перыяд. Экспануюцца дакументы і матэрыялы пра вядучыя аршанскія прадпрыемствы, пра жыццё і дзейнасць выдатных людзей Аршаншчыны: дзеяча рэвалюцыйнага руху і педагога П. М. Лепяшынскага, Герояў Савецкага Саюза А. Д. Салянікава, М. Д. Сіяніна, Герояў Сацыялістычнай Працы Б. А. Бароўскага, У. П. Пакроўскага, Г. В. Сямёнава, дзяржаўных і гаспадарчых дзеячаў Л. Я. Гаранскую, А. К. Міласерднага, пісьменнікаў Я. Купалу, У. Караткевіча, Закі Нуры, мастака П. Раманоўскага, спартсмена І. Жалязоўскага і інш. Сярод экспанатаў матэрыялы пра сувязь Оршы з гарадамі-пабрацімамі ў Італіі і Францыі. Экспазіцыю дапаўняюць мастацкія творы скульптара Я. Лансерэ, мастакоў М. Басалыгі, С. Шарая і інш.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Лютынский, В. П. Музей истории и культуры города Орши / В. П. Лютынский // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. — Мн., 2007. — Т. 5. — С. 253—254.
  • Музей гісторыі і культуры Оршы // Памяць. Орша і Аршанскі раён: гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 2000. — Кн. 2. — С. 480.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]