Арыгінальная літаратура

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search


Арыгінальная літаратура — літаратура, што пачала стварацца не ў выніку перакладу, наследавання ці пераймання, а ў выніку самастойнай творчасці.

Арыгінальнасць сталася працягам гістарычнага развіцця культуры; яе сэнс мае форму ў залежнасці ад аб'екта вызначэння (нацыянальнае мастацтва, творчасць пэўнага аўтара, паасобны твор). Што датычыцца агульнанароднай творчасці, фальклору, то арыгінальнасць азначае самабытнасць яго агульнанароднага, мастацкага самавыяўлення. Паняцце аўтарскай арыгінальнасці замацавалася ў эпоху Адраджэння, калі пашырылася абазначэнне аўтарства. Эстэтыка класіцызму, закліканая наследаваць класічным узорам, вымагала не столькі арыгінальнасці, колькі дасканаласці. Арыгінальнасць як выяўленне творчай асобы ўзвысілася ў эстэтыцы рамантызму. У рэалістычным мастацтве арыгінальнасць ужо немагчымая без вялікага таленту і светапогляду аўтара, глыбіні жыцця, духоўнага свету чалавека, адлюстраваных у творы.

Беларуская літаратура бярэ пачатак на грунце фальклору і старажытнай беларускай пісьменнасці, у адносінах да якой арыгінальнасць мае пераважна родавы, а не індывідуальны характар. Пісьменнікі Сярэднявечча вылучалі на першае месца не сваё самавыяўленне, а ўвасабленне дзяржаўнай ідэалогіі і агульнанародных каштоўнасцей, ужывалі перайманні і нават кампіляцыі. Але гэта не выключала і арыгінальнасці, якая, скажам, выявілася ў «Слове аб палку Ігаравым», дзе па-свойму адлюстроўваліся пэўны адрэзак усходнеславянскай гісторыі, дзейнасць канкрэтных тагачасных асоб, у тым ліку і знакамітага полацкага князя Усяслава Чарадзея.

Ф.Скарына, прытрымліваючыся канонаў у выяўленні сюжэтнай і сэнсавай самабытнасці кожнай кнігі Бібліі, адначасова адыграў выключную ролю ў развіцці арыгінальнай беларускай пісьменнасці сваімі прадмовамі і каментарыямі. У іх ён шырока і глыбока выявіў філасофска-эстэтычнае, культурнае светабачанне роднага народа, яго любоў да Бацькаўшчыны, прыроды, прагу самаўдасканалення праз разнастайныя веды і культуру, сцвярджэння сваёй самабытнасці і т.д., а ўсё гэта ў многіх выпадках выяўлялася сродкамі бліскучай беларускай мовы. Шматлікі, зафіксаваны Скарынам лексічны склад яе не толькі сведчыць, што беларуская мова была ўжо развітая і да XVI стагоддзя, але ён, той склад, і сёння ў залатым фондзе яе.

М.Гусоўскі, С.Полацкі і іншыя аўтары XVI—XVII стагоддзяў, арыентуючыся на класічныя ўзоры, спалучалі гэты метад з арыгінальнасцю свайго светапогляду і мастацкімі выяўленчымі сродкамі. Нацыянальная самабытнасць (гутарковая мова, блізкая да фальклору вобразнасць і дасціпнасць) выявілася ў фрагментах класіцыскай драмы 2-й паловы XVII—XVIII стагоддзяў (напрыклад, у беларускіх інтэрмедыях), у ананімных творах: вершах, паэмах, сацыяльна-палітычнай публіцыстыцы перыяду распаду класіцызму («Прамова Мялешкі», «Уваскрэсенне Хрыстова», «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»).

Што канкрэтна да публіцыстыкі, то варта асабліва адзначыць: у ёй у большасці праяўляліся надзвычай ярка асоба аўтара, яго вялікі клопат пра лёс роднага народа і дзяржавы, непрыняцце ўладнымі людзьмі пазіцыі прыстасавальніцтва альбо абыякавасці, здрадніцтва. У творчасці пачынальнікаў новай беларускай літаратуры XIX стагоддзя (Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч і інш.) паступова пачала набіраць моц пазіцыя адыходу ад правінцыяльнай польскай літаратуры і шырэйшага выкарыстання філасофска-эстэтычных, паэтычных магчымасцей беларускага фальклору, народнай мовы для адлюстравання тагачаснай рэчаіснасці. Гэту тэндэнцыю значна паглыбілі Францішак Багушэвіч, Ядвігін Ш., Цётка, а Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, М. Гарэцкі, Зм. Бядуля і іншыя сваімі нацыянальна-дэмакратычнымі поглядамі, асэнсаваннем сусветнай культуры, засваеннем вялікіх магчымасцей перадавога рамантызму і крытычнага рэалізму не толькі сцвердзілі арыгінальнасць беларускай літаратуры, але і лепшымі сваімі творамі паднялі яе да сусветных вышынь, праклалі шлях наступнікам для далейшага яе ўсебаковага развіцця.