Арэгонскі шлях

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Схема Арэгонскага маршруту

Арэгонскі маршрут (таксама часам Арэгонская сцежка, англ.: Oregon Trail) — гістарычная дарога, пракладзеная ў 1830-я гады, даўжынёй каля 3200 км. Дарога звязвала даліну ракі Місуры з далінамі ў сучасным штаце Арэгон, і была прыдатная для перамяшчэння вазоў. Гэта найстарэйшая з дарог, што злучылі Вялікія Раўніны з захадам ЗША. Арэгонскі маршрут адыграў велізарную ролю ў асваенні Дзікага Захаду.

Арэгонскі маршрут першапачаткова быў пракладзены для патрэб паляўнічых і гандляроў футрам, па частках прыкладна з 1811 па 1840 год. Спачатку большая частка шляху, размешчаная на тэрыторыі сучаснага Арэгона, была непраходная для вазоў. Па ёй можна было перамяшчацца толькі пешшу, на конях ці на мулах. Паступова дарога была палепшана, і стала прыдатнай для вазоў на ўсім працягу. У 1836 годзе ў Індэпендэнс (штат Місуры) былі арганізаваны першыя эшалоны вазоў. Да гэтага часу дарога была пракладзена да Форт-Хол, штат Айдаха. У 1843 годзе першы эшалон здолеў дабрацца да Арэгона, а ў 1846 годзе Арэгонскі маршрут прыйшоў у даліну Віламет. Будаўніцтва дарогі працягвалася і пасля гэтага: былі пабудаваны масты, паромы, выпрастаны некаторыя ўчасткі, палепшана якасць, так што дарога станавілася зручнейшай і больш бяспечнай з кожным годам.

Узнікненне Арэгонскага шляху было часткай натуральнага працэсу пашырэння ЗША на захад. Пасля атрымання незалежнасці пачаўся пошук і будаўніцтва дарог, якія злучалі незалежныя штаты з Паўночна-Заходняй тэрыторыяй, якая не ўваходзіла яшчэ ў склад ЗША. Затым яны прайшлі яшчэ далей на захад, на тэрыторыі Місуры і Аёва. Адначасова было ўсталявана суднаходства па Місісіпі і яе прытокам, што дапамагло засяліць Вялікія Раўніны. Уздоўж рэк з'явіліся гарады, якія сталі адпраўнымі пунктамі на Арэгонскім шляху, і параходы маглі лёгка дастаўляць грузы ў гэтыя гарады. Да пачатку масавай міграцыі на захад, аднак, большая частка зямель, па якіх праходзіў Арэгонскі маршрут, былі ўсё яшчэ незаселенымі і малацывілізаванымі.

Арэгонскі маршрут пачынаўся на рацэ Місуры, перавальваў праз Скалістыя горы і вёў да ўзбярэжжа Ціхага акіяна, якое было вядома пад назвай Арэгон і не мела вызначаных межаў. У пачатку XIX стагоддзя на Арэгон прэтэндавалі ЗША і Вялікабрытанія, якія ў 1818 годзе заключылі пагадненне аб сумесным яго выкарыстанні. У брытанскіх крыніцах тэрыторыя згадваецца як «акруга Калумбія», а рэдкімі паселішчамі, што існавалі там, валодала Кампанія Гудзонава заліва[1]. У 1840-я гады бабровае футра і шапкі выйшлі з моды, і гэта паклала канец усяму гандлю футрам у Паўночнай Амерыцы. Кампанія Гудзонава Заліва страціла цікавасць да асваення гэтых зямель, і калі ў 1843 годзе партыя з некалькіх сотняў амерыканскіх пасяленцаў прыбыла ў Арэгон, Вялікабрытанія ўжо была гатовая да кампрамісу. Арэгонскі дагавор 1846 года замацаваў тэрыторыі цяперашніх паўночна-заходніх штатаў за ЗША.

Арэгонскі маршрут не меў строга вызначанага пачатку і канца, таму што падарожнікі выкарыстоўвалі дарогу праз горы, каб адправіцца з розных пунктаў уздоўж ракі Місуры ў розныя пункты на ціхаакіянскім узбярэжжы. Усходняя частка шляху, разгаліноўваючыся, праходзіла па тэрыторыях сучасных штатаў Канзас, Небраска і Ваёмінг, заходняя — Айдаха і Арэгон. Розныя галінкі ўсходняй часткі Арэгонскага шляху зліваліся ў адну ў нізоўях ракі Плат, каля Форт-Кірні (англ.) на Тэрыторыі Небраска. Асноўнымі пунктамі пачатку шляхі былі Канзас-Сіці, Індэпендэнс і Сент-Джозеф, порты на рацэ Місуры. Па рацэ існаваў параходны рух да вусця ракі Елаўстан з 1832 года, якім карысталіся гандляры пушнінай. Вялікія параходы не маглі падняцца вышэй Сент-Джозефа да 1852 года, калі быў пабудаваны спецыяльны канал. Пасля 1846 года адным з асноўных пунктаў пачатку Арэгонскага шляху стала вусце ракі Плат з портамі Кейнсвіл (цяпер Каўнсіл-Блафс) і Амаха. З 1847 года ў гэтым месцы функцыянаваў паром цераз Місуры.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Oregon Trail, Death on the Trail. Wyoming Tales and Trails. Архівавана з першакрыніцы 10 ліпеня 2012. Праверана 23 снежня 2007.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]