Асалухі
Асалухі | |
---|---|
| |
бог магіі | |
Міфалогія | Шумера-акадская |
Пол | мужчынскі пол |
Бацька | Энкі |
Жонка | Панунанкі |
У іншых культурах | Асарулуду |
Асалухі — шумерскі бог магіі, заступнік горада Куара.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Імя Асалухі прасочваецца ў пісьмовых крыніцах з перыяду трэцяй дынастыі Ура. Галоўным месцам яго шанавання быў прыморскі горад Куара, хаця некаторыя даследчыкі лічаць, што ён быў прыняты куарцамі з пантэона болей старажытнага горада Эрыду. Характэрна тое, што імя Асалухі паходзіць не з шумерскай мовы. Таму высоўваюцца меркаванні, што постаць Асалухі з'явілася ў шумерскай міфалогіі ў эпоху да перасялення шумераў у Месапатамію або была запазычана ў выніку кантактаў з усходнімі народамі.
У Вавілоне і Асірыі Асалухі адносілі да другарадных багоў-анунакаў. На акадскай мове яго імя гучала як Асарулуду. У Энума Эліш падобнае імя ў якасці аднаго з 50 пачэсных імёнаў надаецца Мардуку. Гэта, а таксама тое, што раннія выявы Мардука нагадвалі аблічча Асалухі, спарадзіла ў сучасных даследчыкаў думку, быццам бы ў вавілонскі перыяд (2 тысячагоддзе да н. э.) постаці Мардука і Асалухі сінкрэтызаваліся. Тым не меней, да сярэдзіны 1 тысячагоддзя да н. э. Асалухі працягваў заставацца самастойным бажаством.
Функцыі
[правіць | правіць зыходнік]На выявах Асалухі часцяком быў узброены рыдлёўкай і матыкай, таму высоўваецца думка, што ў ранні перыяд ён з'яўляўся заступнікам земляробаў. У шумерскіх міфах апавядалася, быццам бы ён першым падняў трывогу, калі на зямлі з'явіліся дэманы і атрымаў ад свайго бацькі Энкі параду, як змагацца з імі. Таму да Асалухі звярталіся за дапамогай супраць злых духаў і вядзьмарства. Лічылася, што ён можа гаіць хворых і цяжарных. Яго жонка Панунанкі разглядалася як памагатая пры родах. Асалухі заведваў любоўнай магіяй, ад яго імя рабіліся чары для абуджэння кахання.
У Асалухі меліся і адваротныя функцыі. Ён мог пераследваць і насылаць хваробы. У адным з ранніх вавілонскіх тэкстаў паведамлялася, што ён быў адказным за ўспышку эпідэміі.
Аблічча
[правіць | правіць зыходнік]Асалухі як сын валадара вод Энкі звязваўся з вадою як ачышчальным пачаткам, таму шумеры называлі яго «другім Энкі», «вялікім ведуном», «вялікім патопам, вызначальнікам лёсу». У храмавым гімне Асалухі даюць эпітэты «вельмі моцны князь», «ззянне», «ззяе бы золатам праведнага чалавека». У тэксце трэцяй дынастыі Ура ён названы «княскі бык», «суддзя», «усход сонца», «самароднае золата». Пра яго казалася, што ён валодае палаючым мячом і ведае ваду. На выявах меў меч, часам — рыдлёўку або матыку.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Ancient Mesopotamian Gods and Goddesses - Asalluhi (god)
- Tablet Entries
- Andreas Johandi, The God Asar/Asalluhi in the Early Mesopotamian Pantheon PhD thesis
- M. Erica Couto-Ferreira, She will give birth easily: therapeutic approaches to childbirth in 1st millennium BCE cuneiform sources
- Stefan M. Maul, How the Babylonians Protected Themselves against Calamities Announced by Omens
- Олег Гацуляк, Царский ритуал раджасуя и его параллели