Асацыяцыя дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Асацыяцыя дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі
англ.: Association of Southeast Asian Nations
Абрэвіятура АСЕАН
Дэвіз Адзінае бачанне, адзіная самасвядомасць, адзіная супольнасць[1]
Папярэднік Аб’яднанне Паўднёва-Усходняй Азіі
Дата ўтварэння 8 жніўня 1967; 18730 дзён таму
Тып міжурадавая
Юрыдычны статус міжнародная арганізацыя
Мэта падтрыманне міру, бяспекі і стабільнасці
Штаб-кватэра горад Паўднёвая Джакарта, раён Кебаёран Бару, гасцінец Сісінгамангараі, д. 70а
Месцазнаходжанне адм.стал.вобл. Джакарта (Інданезія)
Дзейнічае ў рэгіёнах Паўднёва-Усходняя Азія
Членства 10 дзяржаў (2018 г.)
Афіцыйныя мовы англійская[2]
Генеральны сакратар Лім Чжок Хой
Намеснік па палітычнай бяспецы Хоанг Ань Туан
Намеснік па гаспадарчай супольнасці Аладын Рыло
Намеснік па сацыякультурнай супольнасці Вонгтэп Артакайвалватэ
Намеснік па карпаратыўных справах Акп Мочтан[3]
Кіроўны орган Каардынацыйны савет
Звязаныя кампаніі Фонд АСЕАН
Сайт asean.org

Асацыяцыя дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (англ.: Association of SouthЕast Asian Nations) — геапалітычная і эканамічная арганізацыя 10 краін Паўднёва-Усходняй Азіі. Утворана 8 жніўня 1967 Інданезіяй, Малайзіяй, Філіпінамі, Сінгапурам і Тайландам. Пазней да іх далучыліся Бруней, М'янма, Камбоджа, Лаос і В'етнам. Мэты арганізацыі — садзейнічанне эканамічнаму росту, сацыяльнаму прагрэсу і культурнаму развіццю краін-уздельніц, абарона міру і стабільнасці ў рэгіёне, а таксама забяспячэнне магчымасці для краін-членаў для абмеркавання рознагалоссяў мірным шляхам.

У 2005 блок размяшчаўся на плошчы 4.46 млн. км², сукупны ВУП (намінальны / ППС) каля $896.5 млрд. / $2,728 млрд., з сярэднімі тэмпамі росту каля 5,6% гадавых. У 2008, яго сукупны ВУП вырас да больш чым $1,5 трыльёна, а колькасць насельніцтва наблізілася да 580 мільёнаў чалавек (8,7% сусветнага насельніцтва).

Кіраванне[правіць | правіць зыходнік]

  • Сход. Складаецца з кіраўнікоў дзяржаў-удзельніц. Склікаецца двойчы на год дзяржавай, якая з’яўляецца старшынёй. Прызначае генеральнага сакратара на 5 гадоў і зацвярджае стварэнне галіновых міністэрскіх устаноў.
  • Каардынацыйны савет. Складаецца з міністраў замежных спраў. Збіраецца двойчы на год. Узгадняе выкананне пагадненняў і пастаноў Сходу. Ухваляе прызначэнне намеснікаў генеральнага сакратара на яго параду. Вызначае ўмовы ўтварэння Установы па правах чалавека.
  • Саветы супольнасці. Склікаюцца двойчы на год міністрам дзяржавы-старшыні. Налічваюць прынамсі 3 саветы па: 1) палітычнай бяспецы, 2) гаспадарцы; 3) сацыякультурнай супольнасці. Забяспечваюць выкананне пастаноў Сходу ў сваіх галінах.
  • Камітэт пастаянных прадстаўнікоў. Складаецца з паслоў у Джакарце (Інданезія). Узгадняе працу Нацыянальных сакратарыятаў АСЕАН.
  • Сакратарыят. Складаецца з генеральнага сакратара, яго намеснікаў і падначаленых супрацоўнікаў. Выконвае пастановы ў рамках АСЕАН[2].

Краіны-члены[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

31 ліпеня 1961 года ўрады Малайзіі, Тайланда і Філіпін стварылі Аб’яднанне Паўднёва-Усходняй Азіі. 8 жніўня 1967 года ў Бангкоку (Тайланд) міністры замежных спраў Інданезіі, Малайзіі, Сінгапура, Тайланда і Філіпін падпісалі Дэкларацыю аб заснаванні Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН), што складалася з 5 артыкулаў. Паводле 3-га артыкула Дэкларацыі бакі ўтварылі: а) «штогадовую сустрэчу міністраў замежных спраў, якія маюць чаргавацца і якая мае называцца Міністэрскай сустрэчай АСЕАН»; б) «Сталы камітэт пад старшынствам міністра замежных спраў краіны-гаспадыні або яго прадстаўніка з удзелам акрэдытаваных паслоў іншых краін-удзельніц, каб працягваць працу Асацыяцыі між Сустрэчамі міністраў замежных спраў; в) Спецыяльныя камітэты і Пастаянныя камітэты спецыялістаў і службоўцаў па спецыяльных справах; г) Нацыянальны сакратарыят у кожнай краіне-ўдзельніцы, каб ажыццяўляць працу Асацыяцыі ад імя гэтай краіны і абслугоўваць штогадовую і спецыяльную Cустрэчы міністраў замежных спраў, Сталы камітэт і іншыя адпаведныя камітэты»[4]. 24 лютага 1976 года ў Дэнпасары (востраў Балі, Інданезія) кіраўнікі 5 дзяржаў-удзельніц АСЕАН — Мухамед Сухарта, Хусейн Он, Лі Куан Ю, Кыкрыт Прамот і Фердынанд Маркас — падпісалі Дагавор «Аб сяброўстве і супрацы ў Паўднёва-Усходняй Азіі», які налічваў 20 артыкулаў. Паводле 10-га артыкула Дагавора, «кожны Высокі дагаворны бок не мае ніякім чынам або спосабам удзельнічаць ва ўсялякай дзейнасці, што складае пагрозу палітычнай і гаспадарчай устойлівасці, суверэнітэту або тэрытарыяльнай цэласнасці іншага Высокага дагаворнага боку». Згодна з 14-м артыкулам «для вырашэння спрэчак рэгіянальным чынам Высокія дагаворныя бакі маюць ўтварыць Высокі савет ў якасці пастаяннай установы, што ўключае па прадстаўніку міністэрскага ўзроўню ад кожнага з Высокіх дагаворных бакоў, каб тыя прымалі да ведама існаванне спрэчак або становішчаў, якія могуць парушыць рэгіянальны мір і згоду». Паводле 20-га артыкула, «Дагавор склалі на дзяржаўных мовах Высокіх дагаворных бакоў, усе з якіх маюць аднолькавую сілу. Узгоднены агульны пераклад тэкстаў мае быць на англійскай мове»[5]. Адначасна ў лютым 1976 года ў Джакарце (Інданезія) заснавалі Сакратарыят АСЕАН, які ў 1981 годзе атрымаў сучасны будынак па гасцінцы Сісінгамангараі, д. 70а[6].

У 1984 годзе да АСЕАН далучыўся Бруней. 28 студзеня 1992 года ў Сінгапуры міністры гандлю 6 дзяржаў-удзельніц АСЕАН падпісалі Пагадненне «Аб схеме Агульнага дзейнага прэферэнцыйнага мыта (АДПМ) для прасторы свабоднага гандлю АСЕАН». Пагадненне «ў адным асобніку на англійскай мове» налічвала 10 артыкулаў. Паводле 2-га артыкула, «мае лічыцца, што выраб паходзіць з дзяржаў-удзельніцаў АСЕАН, калі прынамсі 40 % яго зместу паходзіць з якой-небудзь дзяржавы-ўдзельніцы. Усе прамысловыя вырабы, уключна з інвестыцыйнымі таварамі, апрацаванымі сельскагаспадарчымі вырабамі..., маюць быць у складзе схемы АДПМ. Гэтыя вырабы маюць аўтаматычна падлягаць распарадку скарачэння мыта». У 4-м артыкуле згадвалася, што «дзяржавы-ўдзельніцы пагаджаюцца з наступным распарадкам скарачэнняў дзеючага прэферэнцыйнага мыта: а) скарачэнне існуючых узроўняў мыт да 20 % мае быць зроблена цягам часу ад 5 да 8 гадоў, пачынаючы ад 1 студзеня 1993 года». Згодна з 5-м артыкулам «дзяржавы-ўдзельніцы маюць скасаваць усе колькасныя абмежаванні датычна вырабаў паводле схемы АДПМ па атрыманні саступак, якія прымяняюцца да гэтых вырабаў. Дзяржавы-ўдзельніцы маюць паступова скасаваць іншыя нямытавыя перашкоды цягам 5 гадоў пасля атрымання саступак, якія прымяняюцца да гэтых вырабаў». Паводле 7-га артыкула, «міністры гаспадаркі АСЕАН маюць, дзеля мэт гэтага Пагаднення, заснаваць Савет міністэрскага ўзроўню, што складаецца з аднаго прызначэнца ад кожнай дзяржавы-ўдзельніцы і генеральнага сакратара Сакаратарыята АДПУА»[7].

28 ліпеня 1995 года ў АСЕАН ўступіў В’етнам. 15 снежня 1995 года ў Бангкоку кіраўнікі 10 дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі, у тым ліку 3, што не былі ўдзельніцамі АСЕАН, падпісалі Дагавор «Аб бяз’ядзернай прасторы ў Паўднёва-Усходняй Азіі». Пад 22 артыкуламі Дагавора «ў адным арыгінале на англійскай мове» свае подпісы паставілі: Хасанал Болкіях за Бруней, Во Ван К’ет за В’етнам, М.Сухарта за Інданезію, Нарадом Ранарыт за Камбоджу, Хамтай Сіпхандон за Лаос, Махацір Мухамад за Малайзію, Тан Швэ за М’янму, Го Чок Тонг за Сінгапур, Банхан Сінлапа-арча за Тайланд, Фідэль Рамас за Філіпіны. Паводле 3-га артыкула, «кожная дзяржава-ўдзельніца абавязваецца не дазваляць на сваіх землях усялякай іншай дзяржаве (як і з уласнага боку): а) развіваць, вырабляць або іншым чынам набываць, валодаць або кіраваць ядзернай зброяй; б) размяшчаць ядзерную зброю; в) выпрабоўваць або выкарыстоўваць ядзерную зброю». У адпаведнасці з 5-м артыкулам «кожная дзяржава-ўдзельніца, якая дагэтуль не зрабіла гэтага, мае заключыць пагадненне з МАГАТЭ аб прымяненні поўнага набору засцярог для сваёй мірнай ядзернай дзейнасці не пазней як праз 18 месяцаў пасля набыцця моцы Дагавора для такой дзяржавы-ўдзельніцы». Згодна з 8-м артыкулам «каб наглядаць за выкананнем гэтага Дагавора» бакі заснавалі адпаведную Камісію, дзе «кожная дзяржава-ўдзельніца мае быць прадстаўленая сваім міністрам замежных спраў або яго прадстаўніком у суправаджэнні намеснікаў і дарадцаў». Пагатоў «Камісія мае збірацца ў сувязі з Міністэрскай сустрэчай АСЕАН». «Для кворуму маюць прысутнічаць 2/3 членаў Камісіі». Таксама «рашэнні Камісіі маюць прымацца ... большасцю ў 2/3 галасоў прысутных членаў». Паводле 9-га артыкула, бакі заснавалі «Выканаўчы камітэт у якасці падпарадкаванай установы Камісіі». Пагатоў «Выканаўчы камітэт мае складацца з усіх дзяржаваў-удзельніцаў гэтага Дагавора». Таксама «прызначэннем Выканаўчага камітэта мае быць: а) забеспячэнне належнага дзеяння праверачных захадаў»; б) «разгляд і прыняццё рашэнняў па запыце аб тлумачэнні і пасольстве для высвятлення акалічнасцей; в) стварэнне пасольства для высвятленьня акалічнасцей»; г) «запыт да Камісіі аб скліканні сустрэчы»; д) «заключэнне дагавораў з МАГАТЭ ... пасля ўпаўнаважаньня Камісіяй»[8]. 28 сакавіка 1997 года Дагавор набыў моц.

23 ліпеня 1997 года ў АСЕАН ўвайшлі Лаос і М’янма. 30 красавіка 1999 года далучылася Камбоджа. 26 лютага 2009 года ў акрузе Чаам (Тайланд) кіраўнікі 10 дзяржаў-удзельніц АСЕАН падпісалі на англійскай мове Пагадненне АСЕАН «Аб гандлі таварамі». Пагадненне налічвала 98 артыкулаў і прадугледжвала паводле 19-га артыкула, што «дзяржавы-ўдзельніцы маюць скасаваць увазныя мыты на ўсе вырабы, якімі гандлююць між дзяржавамі-ўдзельніцамі да 2010 года для 6 дзяржаў АСЕАН — Брунея, Інданезіі, Малайзіі, Сінгапура, Тайланда і Філіпін — і да 2015 года з магчымасцю адкладу да 2018 года для Камбоджы, Лаоса, М’янмы і В’етнама»[9].

У 2011 годзе Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь атрымаў статус назіральніка ў Міжпарламенцкім сходзе АСЕАН[10].

Генеральныя сакратары[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. «Aseanweb – Asean Motto». Asean.org.
  2. 2,0 2,1 Хартыя АСЕАН = The ASEAN Charter — 23-е перавыд. — Джакарта: Сакратарыят АСЕАН, 2018. — II, 54 с. — ISBN 978-979-3496-62-7.
  3. Намеснікі генеральнага сакратара АСЕАН (англ.) , Асацыяцыя дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (2018). Праверана 5 кастрычніка 2018.
  4. Бангкоцкая Дэкларацыя аб АСЕАН ад 8 жніўня 1967 года (англ.) , Асацыяцыя дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (27 студзеня 2016). Праверана 5 кастрычніка 2018.
  5. Дагавор «Аб сяброўстве і супрацы ў Паўднёва-Усходняй Азіі» ад 24 лютага 1976 года (англ.) , Асацыяцыя дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (27 студзеня 2016). Праверана 5 кастрычніка 2018.
  6. Сакратарыят АСЕАН (англ.) , Асацыяцыя дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (2018). Праверана 5 кастрычніка 2018.
  7. Пагадненне «Аб схеме Агульнага дзейнага прэферэнцыйнага мыта для прасторы свабоднага гандлю АСЕАН» ад 28 студзеня 1992 года (англ.) , Асацыяцыя дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (27 студзеня 2016). Праверана 5 кастрычніка 2018.
  8. Дагавор «Аб бяз’ядзернай прасторы ў Паўднёва-Усходняй Азіі» 1995 года (Бангкок) (англ.) , Асяродак міжнароднага права Нацыянальнага ўніверсітэта Сінгапура (2018). Праверана 5 кастрычніка 2018.
  9. Пагадненне АСЕАН «Аб гандлі таварамі» (Чаам, 26 лютага 2009 г.) (англ.) , Укладанні ў АСЕАН (2018). Праверана 5 кастрычніка 2018.
  10. Васіль Малашэнкаў, БелТА. Нашы перспектывы на рынку Паўднёва-Усходняй Азіі // Звязда : газета. — 27 жніўня 2013. — № 159 (27524). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  11. Былыя генеральныя сакратары АСЕАН (англ.)  (2018). Праверана 5 кастрычніка 2018.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]