Асліннік двухгадовы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Асліннік двухгадовы
Oenothera biennis Belarus.jpg
Асліннік двухгадовы на лузе ля Блакітнай крыніцы
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Oenothera biennis L.

Сінонімы
  • Oenothera muricata L.
  • Oenothera suaveolens Desf.
  • Onagra biennis (L.) Scop.
  • Onagra muricata (L.) Moench[3]
Wikispecies-logo.svg
Сістэматыка
на Віківідах
Commons-logo.svg
Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  27368
NCBI  3942
EOL  582933
GRIN  t:25521
IPNI  172755-2
TPL  kew-2399189

Аслі́ннік двухгадовы[4] (Oenothéra biénnis) — двухгадовая расліна сямейства Скрыпнёвыя (Onagraceae), родам з Паўночнай Амерыкі. У садаводстве разводзяць сарты гібрыднага паходжання.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Асліннік двухгадовы, дзівана дзікая[5], бабек польны, дзяванна дзікая, сініла[6], кавальнік[7], палявая ляўконія[8].

Батанічнае апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Батанічная ілюстрацыя з кнігі О. В. Тамэ «Flora von Deutschland, Österreich und der Schweiz», 1885
Кветка буйным планам
Суквецце

Двухгадовая расліна са стрыжневым глыбокім коранем[9]. На першы год дае разетку лісця, прылеглага да глебы, лісце да 10—20 см даўжынёй, падоўжана-яйкападобнае ці авальнае, на другі — прамое, крэпкае, пакрытае кароткімі мяккімі валасамі сцябло вышынёй 60—100 см, якое нясе доўгае суквецце-гронку[9].

Прыкаранёвае лісце эліптычнае, з хвосцікамі, звужаецца да аснавання, востраканцовае; сцябловае лісце амаль сядзячае, шырокаланцэтнае, з дробназубчастым краем, да 5—7 см даўжынёй[9].

Кветкі буйныя, цытрынава-жоўтыя, пялёсткі даўжынёй да 2 см[9], з выманнем, тычынак 8[9].

Цвіце асліннік з чэрвеня па верасень, плоданасіць пачынае з канца ліпеня[9].

Насенне[правіць | правіць зыходнік]

Плады

Плод — кароткая цыліндрычная, чатырохгранная каробачка[9].

Паколькі кожны асноўны або бакавы парастак нясе да 120 кветак, гэта расліна можа добра рассявацца. Кожная капсула змяшчае да 200 насенін, афарбоўка якіх вар’іруе ад цёмна-карычневай да чорнай. Насенне каля міліметра даўжынёй, трохкутнае.

Распаўсюджванне[правіць | правіць зыходнік]

Натуральны арэал — Паўночная Амерыка. Быў завезены ў Еўропу ў XVII стагоддзі, а затым распаўсюдзіўся далей на ўсход. Зараз у Еўропе атрымаў такое шырокае распаўсюджванне, што ўспрымаецца большасцю насельніцтва як мясцовы від.

Зараз у дзікім выглядзе расце ў сярэдняй паласе Расіі, а таксама ў Перадкаўказзі і на Далёкім Усходзе, у Сярэдняй Азіі, у Беларусі сустракаецца паўсюдна, месцамі ў значнай колькасці[9].

Аддае перавагу злёгку ўвільготненым месцапражыванням. Так, яго можна сустрэць на пясчаных наносах па берагах рэк, у поймах. Таксама з’яўляецца рудэральнай раслінай — расце па абочынах дарог, насыпаў, на склонах, узлесках, на пустазельных месцах.

Хімічны склад[правіць | правіць зыходнік]

Расліна ўтрымлівае фітастэрыны, дубільныя рэчывы, у кветках маецца фарбавальнае рэчыва, трава змяшчае каўчук, арганічныя кіслоты, і флаваноіды[9][10].

Гаспадарчае значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Дэкаратыўная гібрыдная форма

Меданосная, кармавая, харчовая, лекавая, алейная і дэкаратыўная расліна.

У кветкаводстве асліннік атрымаў распаўсюджанне як прыгожаквітнеючая расліна. Разводзяцца гібрыдныя сарты аслінніку. Як дэкаратыўную расліну рэкамендуюць высейваць ў лесапарках на больш-менш урадлівых пясках, на чыгуначных і шашэйных насыпах і схілах.

У кожнай кветцы ёсць вялікая кропля нектару, лёгкадаступная пчолам і дастатковая для напаўнення іх мядовага зобіка. Мёдапрадуктыўнасць да 40 кг/га. Пылок з аслінніку пчолы не збіраюць. Ён жоўтага колеру, вельмі ліпне да цела пчалы і ў палёце цягнецца за ёй доўгімі ніткамі, якія застаюцца на прылётнай дошцы.

У маладым узросце, калі сцябло яшчэ не агрубела, асліннік добра есць скот. Ён прыдатны для сіласавання, вараныя карані ядуць свінні.

Сцеблавае валакно прыдатнае для вытворчасці грубай пянькі. Насенне ўтрымлівае 28,4 % алею, па іншых дадзеных — 40—50 %. У некаторых краінах Заходняй Еўропы вырошчваюць як алейную культуру (1 га пасеваў дае да 200 кг масла).

Карані можна спажываць у ежу як сырымі, так і варанымі.

Асліннік — двухгадовая расліна, прадстаўляе цікавасць пры засваенні пясчаных зямель як фітамеліяратар.

Алей з насення выкарыстоўваецца ў касметычнай прамысловасці для вытворчасці крэмаў, ласьёнаў, губной памады[11].

Медыцынскае значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Адвар кораня п’юць пры хваробах лёгкіх і болях у грудзях, адвар суквеццяў — пры запаленні нырак; адварам прамываюць раны[9].

Пры абязводжваючых паносах рэкамендуецца ўжываць унутр настой травы[12].

Прэпараты насення выкарыстоўваюцца для лячэння атапічнага дэрматыту, таксама атэрасклерозу і хваробы сэрца, дыябету, рэўматоіднага артрыту, захворванняў нервовай сістэмы[11].

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. «Oenothera biennis». Tropicos.org. Jardín Botánico de Misuri. (англ.) 
  4. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь.. — Минск: «Наука и техника», 1967. — С. 88-89. — 160 с. — 2 350 экз.
  5. Federowski M. Lud Bialoruski na Rusi litewskiej. Krakow, I, 1897
  6. З. Верас, Беларуска-польска-расейска-лацінскі ботанічны слоўнік, Выданне газеты «Голас беларуса», Друкарня С. Бэкэра. Вiльня, Субач 2, 1924
  7. Чоловский К. Опыт описания Могилевской губернии. По программе и под редакцией А. С. Дембовецкого, кн. I. Могілев.
  8. Анненков Н.(руск.) бел. Ботанический словарь, Спб, 1878
  9. 9,0 9,1 9,2 9,3 9,4 9,5 9,6 9,7 9,8 9,9 Лекарственные растения и и их применение. Изд. 5-5, перераб. и доп. «Наука и техника». Мн., 1974. 592 с. с ил. (АН БССР. Ин-т эксперим. ботаники им. В. Ф. Купревича)
  10. Jakub Mowszowicz: Flora jesienna. Przewodnik do oznaczania dziko rosnących jesiennych pospolitych roślin zielnych. Warszawa: WSiP, 1986. ISBN 83-02-00607-6.
  11. 11,0 11,1 Internetowy atlas roślin leczniczych
  12. Йорданов Д., Николов П., Бойчинов А. Фитотерапия — София, 1970

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]