Перайсці да зместу

Асноўныя сродкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Асноўныя сродкі — гэта матэрыяльныя аб’екты, што выкарыстоўваюцца ў дзейнасці арганізацыі як сродкі працы на працягу тэрміну, які перавышае адзін год. Яны ўдзельнічаюць у вытворчасці прадукцыі або аказанні паслуг без змены сваёй фізічнай формы і перадаюць сваю вартасць на гатовую прадукцыю або вынік работ паступова — праз амартызацыю[1].

Да асноўных сродкаў не адносяцца маладняк жывёл, жывёлы на адкорме, пчаліныя сем’і, шматгадовыя насаджэнні ў гадавальніках як пасадачны матэрыял, прадметы для кароткатэрміновай арэнды[1].

Існуе некалькі класіфікацый асноўных сродкаў[1]:

Па галіне выкарыстання: прамысловыя, сельскагаспадарчыя, будаўнічыя, транспартныя і інш.

Па прызначэнні: вытворчыя — выкарыстоўваюцца непасрэдна ў асноўнай дзейнасці; невытворчыя — абслугоўваюць сацыяльна-бытавыя патрэбы (інтэрнаты, дамы культуры і інш.).

Па відах: будынкі і збудаванні; машыны і абсталяванне; вылічальная тэхніка; транспартныя сродкі; шматгадовыя насаджэнні; унутрыгаспадарчыя дарогі; капітальныя выдаткі на паляпшэнне зямлі (асушальныя і меліярацыйныя работы); інвестыцыі ў арандаваныя асноўныя сродкі; зямельныя ўчасткі і прыродныя рэсурсы (вада, нетры), калі яны ва ўласнасці арганізацыі і інш.

Па форме валодання: уласныя і арандаваныя.

Па стане: у эксплуатацыі; на рэканструкцыі або тэхнічным пераўзбраенні; у рэзерве (запасе); на кансервацыі (па рашэнні ўпаўнаважаных органаў).

Ацэнка і ўлік асноўных сродкаў адбываецца наступным чынам[1]:

Першапачатковая вартасць — вартасць сродкаў на момант іх пастаноўкі на ўлік, уключае выдаткі на набыццё, транспартаванне, мантаж і ўвод у эксплуатацыю.

Аднаўленчая вартасць — кошт на момант пераацэнкі, выкарыстоўваецца для актуалізацыі балансавай вартасці і фармавання амартызацыйнага фонду.

Рэшткавая вартасць — па такім кошце асноўныя сродкі адлюстроўваюцца ў бухгалтарскім балансе. Разлічваецца як розніца паміж першапачатковай (або аднаўленчай) вартасцю і сумай назапашанай амартызацыі.

  1. а б в г Сокольчик, Т. П. Бухгалтерский учёт и аудит : пособие / Т. П. Сокольчич, В. Н. Градусова, Е. Г. Кобзик; под общ. ред. Т. П. Сокольчик. – Мн.: Акад.упр. при Президенте Респ. Беларусь, 2009. – с. ISBN 978–985–457–898–9.