Астрагляды

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Астраглядавічы)
Вёска
Астрагляды
Астрагляды, сядзіба Прозараў
Астрагляды, сядзіба Прозараў
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Ранейшыя назвы
Астраглядавічы
СААТА
3203846041
Астрагляды на карце Беларусі ±
Астрагляды (Беларусь)
Астрагляды
Астрагляды (Гомельская вобласць)
Астрагляды

Астрагля́ды[1] (трансліт.: Astrahliady, руск.: Острогляды) — былая вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. Уваходзіла ў склад Буркоўскага сельсавета.

Знаходзілася за 11 км на захад ад Брагіна, за 22 км ад чыгуначнай станцыі Хойнікі (на галінцы Васілевічы — Хойнікі ад лініі Калінкавічы — Гомель), за 120 км ад Гомеля. Ліквідавана 20 жніўня 2008 года[2].

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

На тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджвання жыхары (400 сем’яў) пераселены ў 1986 годзе ў чыстыя месцы.

Побач праходзіць аўтамабільная дарога Камарын — Хойнікі. Паблізу ёсць радовішчы гліны.

Планіроўка складалася з просталінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад, да якой на захадзе далучалася кароткая скрыўленая вуліца, блізкая да мерыдыянальнай арыентацыі, а з поўдня да асноўнай далучалася скрыўленая вуліца. На поўдні і захадзе знаходзіліся адасобленыя будынкі. Жылыя хаты — драўляныя сядзібнага тыпу.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вялікае Княства Літоўскае[правіць | правіць зыходнік]

Польскамоўная анатацыя «прывілею рускага» 1504 г. караля Аляксандра пану Сямёну Палазовічу на Хвойнікі і Астраглядавічы.
Запіс Браніслава Клечыньскага 1879 г. з Archiwum Prozorów i Jelskich.

Найранейшая згадка пра Астрагляды (арыгінальная назва — Астраглядавічы[Заўв 1] ) датавана 3 днём чэрвеня 1504 года, калі кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандр сваім прывілеем, вылучыўшы іх і Хвойнікі з усімі прылегласцямі з Брагінскай воласці, падараваў на вечныя часы за вайсковыя заслугі пану Сямёну Фёдаравічу ПалазовічуПолазу Русаку, слаўнаму казаку», як назваў яго польскі храніст XVI ст. Марцін Бельскі[3]). Вядомая яна пакуль што з польскамоўнага вопісу архіву князёў Шуйскіх са збору «Archiwum Prozorów i Jelskich», што захоўваецца ў фондах Галоўнага архіва старых актаў у Варшаве[4].

Палац Прозараў у Астраглядах. Малюнак Ігнацыя Врублеўскага. 1891 год.

Адміністрацыйна Астраглядавічы належалі спачатку да Брагінскай воласці Кіеўскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Уладальнікамі іх і Хвойнікаў ад пачатку XVI ст. і да 1860-х гадоў (маёнтка — да 1887 году) паслядоўна былі паны Палазовічы, князі Любецкія, паны Харлінскія, Абрамовічы (Абрагамовічы), Бжазоўскія, князі Шуйскія, паны Прозары[5][Заўв 2].

3-га сакавіка 1532 году кароль Жыгімонт Стары сваім лістом загадаў ваяводзе Андрэю Неміровічу маёнткі нябожчыка Сямёна Полазовіча (у іх ліку «Хвойники, Остроглядовичи, Новоселки»), якія той паспеў прыгарнуць да Кіеўскага замку, вярнуць яго зяцю князю Дзмітрыю Раманавічу Відыніцкаму[6] (Любецкаму). Потым Астраглядавіцкі маёнтак князя Дз. Відыніцкага і яго жонкі Фенны Палазовічаўны згаданы ў дакуменце ад 6 кастрычніка 1541 году з запісам аб узаемных саступках грунтоў у ім і ў Брагінскіх добрах князя Аляксандра Міхайлавіча Вішнявецкага[7].

Палац у Астраглядах. Фота каля 1912 г.

У снежні 1556 году князь Дзмітры Любецкі, не жадаючы прызнаць віну «людей моих села Остроглядовского о подране бчол и о збите людей монастырских» (лыскоўскіх сялян кіеўскага Свята-Міхайлаўскага (Залатаверхага) манастыра), сцвярджаў , нібы «тое село Остроглядовичи не ест у повете Киевского воеводства, але Троцкого повету, не повинен бых тут с того именя[8] отказывати»[9]. 5 студзеня 1560 году князь Богуш Любецкі, ад імя свайго і маці-удавы княгіні Дзмітравай Любецкай, падаў судовы пратэст супраць князя Міхаіла Аляксандравіча Вішнявецкага, старосты чаркаскага, за тое, што людзі яго гвалтоўна ўварваліся ў межы астраглядавіцкія, дзеля ўласнай карысці палі разрабілі, пакасілі сенажаці і іншыя крыўды ўчынілі[8].

Дачка князя Дзмітрыя і Фенны Любецкіх, сястра нябожчыка князя Богуша, таксама Фенна, пасля смерці мужа Мельхіёра Насілоўскага ўзяла шлюб з панам Шчасным Харлінскім гербу Бонча ды ў снежні 1568 году запісала на яго «именя свое отчизные, дедизные, материстые у повете Киевскомъ лежачие, тоестъ… Хойники[Заўв 3], Остроглядовичи, Новоселки…»[10].

Напярэдадні падпісання акту Люблінскай уніі ўказам караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 года Кіеўскае ваяводства (у тым ліку Астраглядавічы) было далучана да Кароны Польскай[11].

Карона Каралеўства Польскага[правіць | правіць зыходнік]

У 1570 – 1590-я гады добра Астраглядавічы пана Шчаснага Харлінскага шматразова згаданыя ў судовых справах з-за нанесеных ім брагінскімі падданымі князёў Вішнявецкіх маёмасных стратаў, з-за ўчыненага гвалту над людзьмі. 25 сакавіка 1579 года кароль Стэфан Баторы нават даслаў ліст княгіні-удаве Аляксандравай Вішнявецкай, у якім загадаў, каб яе людзі не ўдзіраліся ў дзедзічныя грунты астраглядавіцкія пана Ш. Харлінскага[12]. У датаваным 13 днём сакавіка месяца 1581 года дакуменце паведамляецца, што пан земскі пісар кіеўскі Дзмітры Ялец надзелены паўнамоцтвамі ў справе размежавання добраў Астраглядавічаў, Плоскага, Варатца пана падкаморага кіеўскага Шчаснага Харлінскага з уладаннямі князя Міхаіла Вішнявецкага, кашталяна брацлаўскага, местам Брагін, сёламі Глухавічы, Губаровічы, Бабчын[13]. У 1598 году сойм прызначыў Ш. Харлінскага адным з камісараў у справе размежавання ziemie Kiiowskiey Кароны і Мазырскага павета ВКЛ[14]. У актах трыбунальскіх што да Кіеўскага ваяводства, у дакуменце ад 22 чэрвеня 1600 году засведчаная нязгода пана Шчаснага Харлінскага з тым, як размежаваныя грунты яго Астраглядавічаў, Навасёлак, Хвойнікаў з прыналежнымі князю Адаму, сыну Аляксандра, Вішнявецкаму сёламі Мікулічы, Веляцін, Лісцвін, а таксама яго Багушэвічаў (Багушоў), Плоскага, Паселічаў, Хвойнікаў, Навасёлак з прыналежнымі князю Міхаілу, сыну Міхаіла, Вішнявецкаму Глухавічамі, Бабчынам, з тым, як падзеленыя дубровы, урочышчы, з папсаваннем старых памежных знакаў[15].

Астрагляды (Астраглядавічы) на карце ВКЛ 1613 г. (фрагмент).
Госці Альгерда і Ванды Гардзялкоўскіх каля палаца ў Астраглядах. 1912 г.?

20 чэрвеня 1600 года падкаморы Ш. Харлінскі выдаў сыну свайму Мікалаю zapis wieczysty, 26 чэрвеня ў Люблінскім трыбунале прызнаны, на двор Астраглядавічы з прыналежнымі да яго «прыселкамі» — сёламі Астраглядавічы, Хойнікі, Вялікі Бор, Дворышча, Храпкаў і яшчэ дзевяцю паселішчамі, а таксама на двор з 5 часткай з сямі пляцаў у Кіеве[16]. З імёнамі сужэнства Мікалая і Гэлены (Гальшкі) Харлінскіх звязана заснаванне яшчэ да 1622 году касцёла ў Астраглядавічах і стварэнне найбольш ранняй у рэгіёне каталіцкай парафіі. Першым з вядомых настаяцелем быў ксёндз Станіслаў Зданоўскі[17]. Недзе ў гэты ж час Астрагляды апынуліся ў складзе Оўруцкага павета. У 1623 годзе ўдава Гальшка Мікалаевая Харлінская судзілася з сваякамі Харлінскімі за іх наезд на замак Астраглядаўскі[Заўв 4], вёску Астраглядавічы, на мястэчка Новы Харленж (Хойнікі), вёску Хойнікі і інш[18]. 11 лютага 1627 года яна склала тэстамэнт, паводле якога добра Астраглядавічы пераходзілі ў пасэсію да яе зяця Мікалая Абрагамовіча, ваяводзіча смаленскага[19]. У 1628 годзе пан М. Абрагамовіч з пятнаццаці дымоў ў Астраглядавічах плаціў па 3 злотых, з 2-х агароднікаў па 1 злотаму і 6 грошаў[20]. Пры гэтым яму яшчэ доўга давялося ўлагоджваць спадчынныя і проста маёмасныя непаразуменні з іншымі Харлінскімі — панамі Станіславам, Юрыем і Шчасным, а таксама з панам Мадлішэўскім, з якім пані Гальшка ўзяла шлюб.

Альгерд і Ванда Гардзялкоўскія сярод руінаў палаца, які меркавалі аднавіць. Каля 1912 г.
Афіцына ў Астраглядах. Стрэлкай пазначанае месца бяроставай гідраізаляцыі. Фота Уладзіміра Смольскага. 2021 г.
Гідраізаляцыя ў будынку афіцыны. Здымак У. Смольскага. 2021 г.

Дзеля ўтрымання ў Астраглядах касцёла і плябана на іх сталы прыбытак Мікалаем і Гальшкай Харлінскімі раней была запісана вёска Багушы. Але спадчыннік маёнтку, зяць іх, пан Мікалай Абрамовіч, кальвініст, відавочна, не ўважаў той запіс абавязковым да выканання. Таму маем справу ад 6 чэрвеня 1635 года ксяндза Заклічынскага, плябана астраглядаўскага, якая разглядалася не адно ў Кіеўскім гродзе, але і ў каронным Люблінскім трыбунале. М. Абрамовіч, як высвятляецца, наслаў на добра Багушы сваіх людзей, каб яны ўчынілі там розныя гвалты і рабункі[21]. У актавай кнізе Жытомірскага гродзкага суда 1635 года са слоў вознага сказана, што з-за няўплаты чопавага падатку ён «Перши позовъ по его милостъ пна Абрамовича, воеводича смоленъского, до села Остроглядовичъ, маетности его милости, того року и дня деветнастого мца сепътемъбра однеслъ и въ дворе тамошнимъ урядникови в руки одъдалъ»[22]. Валодаў маёнткам М. Абрамовіч і ў 1639 годзе, калі заставіў Астраглядавічы гданьскаму мешчаніну Ежаму Гэўлу за 33 600 злотых, і ў канцы 1641 года, калі вяртаў доўг сыну нябожчыка Ісааку Гэўлу. Уражанне такое, нібы генерал артылерыі ВКЛ М. Абрамовіч ці не кожны раз пазычаў грошы дзеля таго, каб аддаваць папярэднія даўгі то дзяржаве, то прыватным асобам, застаўляючы Астрагляды[23].

24 снежня 1642 года ад імя пана Мікалая Абрамовіча, кашталяна мсціслаўскага, складзены запіс wieczystej przedarzy пагразлых у даўгах добраў Астраглядавічы і Хойнікі праваслаўнаму пану Максіміліяну Бразоўскаму, падстолію кіеўскаму, пра што пан Лукаш Мадлішэўскі выказваў клопат яшчэ ў лісце ад 29 чэрвеня 1641 году[24].

З запісу ў абозным дзённіку польнага гетмана ВКЛ князя Януша Радзівіла ад 26 ліпеня 1649 года вядома, што паказачаны селянін Улас з Астраглядавічаў, спайманы ў сваёй хаце за дзень да таго, прызнаў: далучыўся ён да казакоў, як тыя летась ішлі ў Літву, быў у Бабруйску і Быхаве ў палку Гаркушы; а пра казакоў паведаміў, што трое заходзілі ў іхнае сяло яшчэ «ў мінулую суботу»[25].

26 чэрвеня 1664 года дачка нябожчыка Максіміліяна Бразоўскага, берасцейскага ваяводы, пані Зофія перапісала спадчынныя маёнткі ў Кароне (Астраглядавічы з Хойнікамі таксама) і Берасцейшчыне на свайго мужа-католіка князя Канстанціна Яна Шуйскага[26]. Тады Шуйскія ўпершыню набылі добра ў Кіеўскім ваяводстве ды трымалі іх каля паўтары сотні гадоў. 5 чэрвеня 1682 года ксёндз Дамінік Бэркіновіч, прэзідэнт касцёлу Астраглядавіцкага, закону св. Дамініка, засведчыў, што касцёл прыняў абавязак адпраўляць па тры святыя імшы на тыдзень, за што князь Шуйскі на яго ўтрыманне зноў саступіў вёску Багушы. 14 студзеня наступнага 1683 года харунжы берасцейскі князь Канстанцін Шуйскі ў маёнтку Тэрэбунь склаў айцам-дамініканам астраглядаўскім фундуш, паводле якога абяцаў касцёл у Астраглядавічах wystawić і вёску Багушы з грунтам і ўсялякімі пажыткамі на іх запісаць[21]. Паводле люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства 1683 года, з 10 дымоў у Астраглядавічах князя Шуйскага выплачвалася 9 злотых. А яшчэ ў вёсцы было 9 дымоў, якія належалі баярам (асабіста вольным слугам)[27]. 2 мая 1697 года ў Оўруцкі гродзкі суд астраглядаўскім земянінам панам Аляксандрам Галаскім ад імя князя Дамініка Шуйскага, харунжага берасцейскага, была пададзена скарга, у якой сцвярджалася, што казацкага палку Ярэмы сотнік Лабада, аніяк не паважаючы вайсковыя артыкулы і права паспалітае, наехаў на двор Астраглядаўскі пана Дамініка году 1697 дня 10 лютага месяца, а наехаўшы, валоў, коней, авечак, свіней і дабро ўсякае пазабіраў[28].

Ікона Маці Божая Снежная з Астраглядаў (?), другая палова XVIII ст.[Заўв 5]

У 1740-я гады і надалей Астраглядавіцкі касцёл аб'ядноўваў рыма-каталіцкую парафію ў Оўруцкім дэканаце Кіеўскай дыяцэзіі, да якой належалі жыхары (у асноўным шляхта) з мястэчак Астраглядавічы[Заўв 6], Хойнікі, Брагін, вёсак Храпкаў, Руднае, Дворышча, Стралічаў, Вялікі Бор, Рудня Вялікаборская, Паселічы, Багушы, Сялец, Крыўча, Рудакоў, Лісцвін, Мікулічы, Шкураты, Рудня Удалёўская, Буда Удалёўская, Глухавічы, Губарэвічы, Краснаселле, Масаны, Баршчоўка, Аравічы[29]. На 1777 г. парафія, паводле графа Дз. Талстога, налічвала 252 верных[30].

У 1753 годзе князем Шуйскім запісаны фундуш Астраглядавіцкай уніяцкай Свята-Троіцкай царкве[31].

На 1754 год у Астраглядавічах было 48 двароў (×6 — каля 288 жыхароў), з якіх «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачвалася 7 злотых, 13 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 29 злотых і 24 грошы[32]. Паводле перапісаў яўрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў у Астраглядавічах жылі адпаведна 7, 5 і 4 чалавекі (głowy), плацельшчыкі пагалоўшчыны, якія належалі да Хойніцкага кагалу[33].

13 ліпеня 1791 г. варшаўская «Gazeta narodowa i obca» змясціла паведамленне пра тое, як 12 чэрвеня патрыёты Рэчы Паспалітай, госці Караля і Людзвікі Прозараў з Мазырскага, Оўруцкага і Рэчыцкага паветаў бралі ўдзел у святочнай імшы з нагоды прыняцця Канстытуцыі 3 мая, пакліканай умацаваць і выратаваць гаротную Айчыну. Урачыстасць адбылася ў Астраглядаўскім парафіяльным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Казань, прымеркаваную да падзеі, прамовіў ксёндз-пробашч Францішак Глінскі. Па яе заканчэнні ўсе прысутныя, пад няспынныя гарматныя салюты, праспявалі гімн Te Deum laudamus (Цябе, Бога, услаўляем) [34].

Расійская імперыя[правіць | правіць зыходнік]

Астрагляды (Астраглядавічы) на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 г.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Астраглядавічы — у межах Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[35]. У рэвізіі 1795 г. запісана, што Астраглядавічы Людвікі з Шуйскіх Прозар былі здадзены ў «арэндную пасэсію» Яну, сыну Уладзіслава, Ястржэмбскаму тэрмінам на 3 гады (з 02.04.1794 да 02.04.1797) за 1 833 дукаты і 6 злотых польскіх[36].

Ф. Смуглевіч. Сям'я Прозараў (1789)
Тытульны аркуш Канцэрту для фартэпіяна, прысвечанага Тэклі Прозар, народжанай графіні Ракіцкай. 1833 г.
Запіс аб смерці і пахаванні ў Астраглядах Юзафа Дашчынскага.

У шляхецкай рэвізіі 1811 года эканомам фальварка Астраглядаўскага названы Юзаф Парыкевіч[37]. Пасля смерці жонкі Людвікі і свайго вяртання з няволі ў 1829 годзе К. Прозар уступіў ва ўладанне маёнткамі, хоць вельмі хутка запісаў іх на сыноў Уладзіслава і Юзафа. Уважаецца, што менавіта Уладзіслаў, жанаты з Тэкляй Ракіцкай, якому дасталіся Астрагляды, ініцыяваў ўзвядзенне тут мураванага палаца ў стылі ампір паводле праэкту Генрыка Марконі[38][Заўв 7]. Спачыў абозны, паводле запісу ў метрычных кнігах Астраглядаўскага касцёла, 20 кастрычніка (1 лістапада) 1841 года[39]

29 жніўня 1844 года ў двары Астраглядавіцкім спачыў, а 31 жніўня быў пахаваны 70-гадовы мэтр музыкі шляхетны Юзаф Дашчынскі[40]. Згодна з інвентаром таго ж 1844 года, Астрагляды належалі да маёнтку Хойнікі, гаспадаром якога быў малодшы сын Караля Прозара Уладзіслаў. Пасля двара ў Сігневічах, ад сярэдзіны XIX ст. карціна «Сям’я Прозараў», напісаная з ініцыятывы і на замову самога К. Прозара знакамітым мастаком Францішкам Смуглевічам у 1789 годзе, пэўны час знаходзілася ў Астраглядаўскім палацы пана Уладзіслава і яго нашчадкаў[41][Заўв 8][Заўв 9]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 356 жыхароў сяла Астраглядавічы абодвух полаў з'яўляліся прыхаджанамі Свята-Троіцкай царквы, 21 мужчына і 22 жанчыны з сяла, 10 мужчын і 9 жанчын з фальварка былі парафіянамі Астраглядавіцкага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[42].

18 верасня 1860 года Астрагляды наведаў праваслаўны архіепіскап мінскі і бабруйскі Міхаіл Галубовіч, запіс якога засведчыў, што ў палацы тады жыла сям'я рэчыцкага маршалка Мечыслава, сына Уладзіслава, Прозара: «Па абедзе я ад’ехаў у Астраглядавічы [з Хойнікаў]. Заспеў там толькі гаспадыню дома, жонку маршалка пані Прозараву, яе матку Аскеркаву, брата, глухога і барадатага, Эміля Аскерку, і валынскага Прозара. Вельмі гасцінна быў прыманы»[43].

У парэформенны перыяд сяло – у Мікуліцкай воласці. З 1864 года арганізавана народная вучэльня. У спісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павета) Мінскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Троіцкай царквы названыя настаяцель а. Дамецій Ляляўскі, в. а. штатнага псаломшчыка Іван Пігулеўскі, просфірня Дар'я Грыгаровіч. Да прыходу, акрамя сяла Астрагляды, належалі вёскі Вязок, Дуброўнае, Плоскае, Шчарбіны, Варацец (прозараўскі), Бакуны, Багушы[44]. У 1879 годзе царкоўны прыход налічваў 812 верных мужчынскага і 852 жаночага полу[45]. Паводле А. Ельскага, у 1885 годзе Астраглядаўскі маёнтак, калі ім валодаў Канстанцін, сын Мечыслава, Прозар, быў прададзены[46]. Каля 1895 года парафія Астраглядаўскага касцёла, якая абыймала вялікую тэрыторыю, налічвала 3230 верных[47]. Згодна з перапісам 1897 года, у сяле дзейнічалі царква, касцёл, капліца, народная вучэльня, хлебазапасны магазін, вятрак, карчма. Побач быў аднайменны фальварак. На 1904 год сярод зямельных уласьнікаў Мінскай губерні, якія мелі 500 і болей дзесяцін, названы ўладальнік маёнтку Астрагляды спадчынны дваранін Валерыян Рафаілавіч Рыбнікаў[48]. Уладальнікам 1 746 дзесяцін зямлі ў Астраглядах «Список землевладельцев Минской губернии 1911 г.» называе Аляксандра Іванавіча Цямніцкага[49]. У 1912 г. «па найвысачэйшаму дазволу» маёнтак Астрагляды набыў Альгерд Гардзялкоўскі, апошні іх прыватны ўладальнік[50].

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл
Інтэр’ер касцёла

9 лютага 1918 г., яшчэ да падпісання Берасцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Астрагляды, аднак, апынуліся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. Прычым, старастай (губернатарам) гетман Украінскай Дзяржавы Павел Скарападскі прызначыў былога ўладальніка маёнтку Гарадзішча, галаву Рэчыцкай павятовай управы Пятра Аскаравіча Патона. Ад 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[51]. Падчас акупацыі ў 1918 годзе германскімі войскамі партызанскі атрад пад камандаваннем Ф. І. Скараходава (выхадца Брагіна) разграміў створаную тут камендатуру.

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І з’езду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

З 8 снежня 1926 года па 1987 год цэнтр Астраглядаўскага сельсавета Брагінскага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай (да 26 ліпеня 1930 года) акруг, з 20 лютага 1938 года Палескай, з 8 студзеня 1954 года Гомельскай абласцей.

У 2-й палове 1920-х гадоў арганізаваны саўгас «Астрагляды», дзейнічалі пачатковая школа, хата-чытальня, аддзяленне спажывецкай кааперацыі, сельскагаспадарчае крэдытнае таварыства. У 1930 годзе арганізаваны калгас імя Варашылава, працавалі 2 гамарні, цыркулярка, вятрак (з 1928 года), сталярная майстэрня (з 1930 года).

Падчас Вялікай Айчыннай вайны партызаны ў сярэдзіне ліпеня 1943 года разграмілі гаспадарчую базу акупантаў, якая месцавалася ў вёсцы. Карнікі забілі 23 жыхара. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 389 жыхароў вёскі, у памяць пра якіх у 1967 годзе ў цэнтры вёскі пастаўлены абеліск. У 1962 годзе да вёскі далучана суседняя вёска Двор Астрагляды, мястэчка Папаратнае. Была цэнтрам саўгаса «Астрагляды», месцаваліся сярэдняя школа, клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, дзіцячыя яслі.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

  • 1850 год — 56 двароў, 380 жыхароў.
  • 1885 год — 71 двор, 403 жыхара.
  • 1897 год — 123 двары, 720 жыхароў (паводле перапісу).
  • 1908 год — 130 двароў, 860 жыхароў. У фальварку — 2 двары, 26 жыхароў.
  • 1959 год — 897 жыхароў (паводле перапісу). У аднаіменным пасёлку — 250 жыхароў.
  • 1986 год — жыхары (400 сем’яў) пераселены.
  • 2004 год — жыхароў няма.

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Страчаная спадчына[правіць | правіць зыходнік]

Асобы[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. У «Вялікім гістарычным атласе Беларусі» (Мінск: Белкартаграфія, 2009. Т. 1. С. 193) аўтары-укладальнікі падалі назву нібыта з яе варыянтам – Остроглядовичи (Глядовичи), што ёсць недарэчнасцю. Запазычана яна з выдадзенай Ю. Вольфам кнігі графа К. Ажароўскага (Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od czternastego wieku. – Warszawa, 1895. S. 206), у якой узнікла памылка пры перадачы зместу каралеўскага ліста 1532 г. Тут побач згаданыя Hladowicze (а былі яшчэ Hładkowicze), Nowosielki, далей жа Chwojniki, Ostrodwory, хоць у арыгінале крыніцы побач названыя Хвоиники, Остроглядовичи, Новоселки (ёсць там і Углядковичи, што на тэрыторыі Украіны). Астрадворы ўтварыліся шляхам разрыву назвы Астра-глядавічы і далучэння да Астра- першага слова згадкі пра «двор с пустовщинами у замку Киеве и на месте, и во Вручомъ». Другая ж частка назвы ператварылася ў асобнае паселішча Глядавічы.
  2. Насуперак таму, як уважаецца пачынаючы са слоўнікавага артыкула А. Ельскага (Ostrohlady // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich.— Warszawa, 1886. Т. VII. S. 690), князям Вішнявецкім і панам Ракіцкім Астрагляды ніколі не належалі.
  3. Гэта ці не першы вядомы выпадак выкарыстання ў пісьмовай крыніцы паланізаванай формы замест арыгінальнай назвы Хвойнікі.
  4. Выяву замка ў Астраглядавічах бачым і на карце Вялікага Княства Літоўскага 1613 года.
  5. Аляксандр Адамавіч Ярашэвіч некалі задаваўся пытаннем: а ці не старая гэта алтарная ікона, якая пасля зачынення 19 ліпеня 1865 г. каталіцкай капліцы ў Юравічах, была перададзеная ў Астраглядаўскі касцёл?.. http://media.catholic.by/nv/n24/art3.htm . Паводле акту ад 31 мая 1967 г., падпісанага дырэктарам Дзяржаўнага мастацкага музея БССР пані Аладавай (Е. Аладовой), параметры іконы адпавядаюць той, што атрыманая з в. Сялец, таксама Брагінскага раёна. У картатэцы музея, аднак, запісана, што абраз нібыта паходзіць з маёнтку Патонаў (з двара Гарадзішча?). І якімі ж былі шляхі іконы?..
  6. Астраглядавічы тут названыя «мястэчкам» дзеля таго хіба, што былі цэнтрам парафіі, бо адпаведнага статусу, у адрозненне ад Брагіна і Хойнікаў, не мелі.
  7. А. Кулагін памылкова назваў сына К. Прозара Уладзімірам.
  8. Хто ёсць хто на карціне? У цэнтры партрэт бацькі – віцебскага ваяводы Юзафа Прозара, побач злева абозны Караль прамаўляе верш Францішка Карпінскага, прысвечаны нябожчыку, па другі бок
    Карціна Сям'я Прозараў у музеі сядзібы Замосьце А. Ельскага (1910 – 1914)
    партрэта яго сярэдні брат Ігнацы і жонка Людвіка Канстанцыя, каля яе старэйшая дачка Юзэфа, злева малодшая Марыяна, крайні злева швагер Францішак Букаты, сакратар пасольства Рэчы Паспалітай у Лондане, побач малодшы брат Караля Антоні (адзіны ў сармацкім строі). Швагра Станіслава Ельскага (з падачы яго праўнука Яна Ельскага, блыталі раней з Антоніем, гл.: Tadeusz Mikulski. Karpinsciana w Archiwum Prozorów. // Pamiętnik Literacki: czasopismo kwartalne poświęcone historii i krytyce literatury polskiej. – Wrocław, 1950. 41/2. S. 509; Федорук А. Т. Старинные усадьбы Берестейщины (руск.) / А. Т. Федорук; ред. Т. Г. Мартыненко. — 2-е изд. — Мн.: БелЭн, 2006. — С. 202. — 576 с: ил. — 1 500 экз. — ISBN 985-11-0383-7.) тут, як пераканаўча давёў Збігнеў Міхальчык, няма. Цікава заўважыць, што прысутныя на палатне дочкі Юзэфа і Марыяна (з распазнаваннем дзяцей таксама існавала праблема), у адрозненне ад дарослых, пісаныя не з натуры, народжаныя 13 чэрвеня 1786 г. і 23 кастрычніка 1787 г. w Poniemuniu, атрымалі імёны ў гонар адпаведна бацькі Караля і маці Людвікі. Народжаны ў Хойніках 23 кастрычніка ў год стварэння карціны сын іменаваны ізноў жа, у гонар дзядка-ваяводы, Юзафам.
  9. Улічыўшы перспектыву страты Канстанцінам Прозарам Астраглядаўскай фартуны, карціну набыў адзін з сваякоў Прозараў, энцыклапедыст Аляксандр Ельскі з Замосця Ігуменскага павета, а яго сын Ян вывез палатно ў гады Першай сусветнай вайны да Варшавы. У 1929 г. ён перадаў твор на захаванне ў Нацыянальны музей, які пасля Другой сусветнай вайны і набыў яго для сваёй калекцыі.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. «Об упразднении сельских населенных пунктов Брагинского района». Решение Брагинского районного Совета депутатов от 20 августа 2008 г. № 68 Архівавана 17 сакавіка 2018. (руск.)
  3. Kronika Marcina Bielskiego. T. II (Księga IV, V). /Wydanie Józefa Turowskiego. — Sanok, 1856. S. 950
  4. Archiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Prozorów i Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 3, 200. Sygn. 2. S. 78
  5. Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 12 — 18
  6. Андрій Блануца. Земельні надання Сигізмунда І Старого на Українські землі Великого Князівства Литовського // Україна в Центрально-Східній Европі. — Київ: Інститут історії України НАНУ, 2008. № 8. С. 69 — 70
  7. AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 3, 4
  8. а б AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 4
  9. Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. С. 5, 37
  10. Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 8. Т. 6. Акты о землевладении в Юго-Западной России XV—XVIII стст. — Киев, 1911. С. 224—227
  11. Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009)
  12. AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 5—15
  13. Руська (Волинська) метрика [Текст] : регести документів Коронної канцелярії для укр. земель (Волинське, Київське, Брацлавське, Чернігівське воєводства) 1569-1673 / Держ. ком. арх. України, Центр. держ. істор. арх. України, м. Київ, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, Генер. дирекція держ. арх., Голов. арх. давніх актів ; ред. і упоряд Г. Боряк [та ін.] ; передм. П. К. Грімстед. — Київ, 2002. С. 301—302
  14. Constitucię seymu walnego Koronnego Warszawskiego, MDXCVIII. — W Krakowie, w Architypografiiey Króla Ieo M. y Kościelney, Lazarzowey, MDXCVIII. S. 20; Volumina Legum. S. 372
  15. Źródła dziejowe (далей: ŹD). T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 57
  16. ŹD. T. XXI. S. 60; AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 46 — 47
  17. AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 51; гл. таксама Прозараўскія мясціны ў Астраглядах
  18. ŹD. T. XXI. S. 637
  19. AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 56
  20. Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 396—397
  21. а б AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 37
  22. Акти Житомирського гродського уряду: 1590 р., 1635 р. / В. М. Мойсієнко. – Житомир, 2004. № 40
  23. Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. С. 14—15, 35—36
  24. AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 67
  25. Джерела з історії Національно-визвольної війни українського народу 1648 – 1658 рр. Т. 1 (1648 – 1649). – Київ, 2012. С. 296
  26. AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 69
  27. Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 489. Другі пабор — 9 злотых з 9 дымоў (С. 506)
  28. Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. С. 26, 36
  29. Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
  30. Le Catholicisme Romain en Russie. Études historiques par M. le comte Dmitry Tolstoy. Tome premier. – Paris, 1863. P. 478
  31. НГАБ у Мінску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 573. А. 63
  32. Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 192; гл. таксама: С. 13—15, 20—22
  33. Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 301, 391, 710
  34. Gazeta narodowa y obca. № LVI. 13 lipca 1791; гл.: Хойнікшчына
  35. Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
  36. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 208; Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). – Минск, 2018. С. 71
  37. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 248
  38. Кулагін А. Астраглядская сядзіба. // Габрусь Т. Страчаная спадчына / Т. Габрусь, А. Кулагін, Ю. Чантурыя, А. Квітніцкая, М. Ткачоў – Мінск: Полымя, 1998. С. 176
  39. Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. С. 17
  40. НГАБ. Ф. 1089. Воп. 1. Спр. 3. А. 33адв.
  41. Michalczyk Z. Franciszek Smuglewicz, Jan Chrystian Kampsetzer i pamięć synów o Józefie Prozorze. // Biuletyn Historii Sztuki. Rocznik LXXVI. – Warszawa, 2014. Nr 2. S. 197 – 217
  42. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381, 700
  43. Янушкевіч Я. Дыярыюш з XIX стагоддзя. Дзённікі Міхіла Галубовіча як гістарычная крыніца / Я. Янушкевіч – Мінск: Хурсік, 2003. С. 124, 256
  44. Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 459
  45. Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 117
  46. Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich. – Warszawa, 1886. T. VII. S. 690
  47. Кароль М. М. Перавод у праваслаўе на тэрыторыі беларускіх губерняў у сярэдзіне 1860-х – 1905 г.: палітыка ўрада і адносіны насельніцтва. Магістарская дысертацыя. – Мінск, 2017. С. 87
  48. Памятная книжка Минской губернии на 1904 г. – Минск: Издание Минского губернского статистического комитета, 1903. Приложение. С. 58
  49. Список землевладельцев Минской губернии. 1911. – Минск: Мин. губ. стат. ком., 1911. С. 3
  50. Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych Kresach Rzeczypospolitej. Tom 11. Województwo kijowskie oraz uzupełnienia do tomów 1–10. /R. Aftanazy – Wrocław; Warszawa; Kraków: Zakład Narodowy imienia Ossolinskich Wydawnictwo, 1997. S. 280; Кулагін А. Астраглядская сядзіба. С. 176
  51. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья. С. 85
  52. [1] Архівавана 25 снежня 2021.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]