Асірыя

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Карта Новага Асірыйскага царства і яго экспансіі

Асірыя: рабаўладальніцкая дзяржава на тэрыторыі сучаснага Ірака. Існавала з 2-га тыс. да н.э. да 7 ст. да н.э. Палітычны і гаспадарчы цэнтр з сяр. 2-га тыс. да н.э. — г. Ашур (суч. Кал'ат-Шаргат).

Гісторыя Асірыі найбольш вядомая з 18 ст. да н.э. Дзяржава склалася на землях даўнейшага субарэйскага (хурыцкага) засялення. Каля 2-га тыс. да н.э. гэтыя плямёны змяшаліся з семіцкімі плямёнамі Паўднёвай Месапатаміі. Неўзабаве выгаднае геаграфічнае змяшчэнне Ашура зрабіла горад цэнтрам транзітнага гандлю паміж Паўднёвым Двухрэччам і Малой Азіяй. З сяр. 18 ст. да н.э. дзяржава пад уладай Вавілоніі ў часы вавілонскага цара Хамурапі, пазней, у 16—15 ст. да н.э. — пад уладай Мітані. Незалежнасць вернутая ў канцы 15—пач. 14 ст. да н.э. і створана моцная дзяржава на чале з Ашурбалітам; тады ж Асірыя падпарадкавала Вавілонію. Нашчадкі Ашурбаліта пачалі называць сябе царамі асірыйскімі. Пасля часовага заняпаду (12 ст. да н.э.) Асірыя аднавіла сваю магутнасць пры цары Тыглатпаласары I, вяла паспяховыя войны ў Вавілоніі, Паўночнай Сірыі, Фінікіі, нападала на Армянскае нагор'е (канец 12 —пач.11 ст. да н.э.). Рух арамейскіх плямёнаў аслабіў і раздзяліў дзяржаву, але ў 10—9 ст. да н.э. Асірыя ізноў вядзе заваёўныя войны з Вавілоніяй, Урарту, Мідыяй, Сірыяй, што стала прычынай чарговага заняпаду. Пасля рэформ Тыглатпаласара II (8 ст. да н.э.) пачаўся новы перыяд заваёўных войнаў, за 100 гадоў была заваявана ўся Пярэдняя Азія, такім чынам пры Тыглатпаласары III (745—727 да н.э.) Асірыя ператварылася ў магутную ваенную дзяржаву, але ўнутрыпалітычная барацьба, і барацьба заваяваных народаў аслаблялі яе. Пры цары Ашурбаніпале (сяр. 7 ст. да н.э.) Асірыя вяла працяглую вайну супраць кааліцыі дзяржаў на чале з Вавілоніяй і Мідыяй, заняпала, была пераможаная (605 да н.э.) і спыніла сваё існаванне. Насельніцтва змяшалася з арамеямі Месапатаміі.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т.1. А — Афіна / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: Бел.Сав.Эн., 1969. — 624 с.: іл., карты.|Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А.Ф. Коршунава, паказальнікі А.Ф. Коршунава, В.А. Чамярыцкага. —Мн.: Навука і тэхніка, 1990. —207 с.: іл. С.154. ISBN 5-343-00151-3.