Капінгамарангі
Капінгамарангі | |
---|---|
англ. Kapingamarangi | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 1,12 км² |
Найвышэйшы пункт | 3 м |
Насельніцтва | 500 чал. (2007) |
Шчыльнасць насельніцтва | 446,43 чал./км² |
Размяшчэнне | |
1°51′ пн. ш. 154°47′ у. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Каралінскія астравы |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Рэгіён | Штат Панпеі |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Капінгамарангі (англ.: Kapingamarangi) — атол у Ціхім акіяне у складзе Каралінскіх астравоў. З’яўляецца часткай Федэратыўных Штатаў Мікранезіі. Плошча сушы — 1,12 км², разам з лагунай — 74 км ². Насельніцтва — 500 чал. (2007 г.).
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Капінгамарангі — тыповы каралавы атол, які складаецца з 33 дробных астраўкоў, размешчаных пераважна ва ўсходняй частцы атола. Унутры месціцца прасторная лагуна. 2 пралівы, размешчаныя на поўдні, злучаюць яе з акіянам.
Капінгамарангі знаходзіцца ў 748 км на паўднёвы захад ад Палікіра, сталіцы Федэратыўных Штатаў Мікранезіі, у 1769 км на паўднёвы ўсход ад Аганьі (Гуам), у 4091 км на паўночны ўсход ад Канберы (Аўстралія), у 12238 км на паўднёвы ўсход ад Мінска.
Клімат экватарыяльны вільготны. Сярэднегадавая тэмпература трымаецца каля 24 — 29 °C.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Капінгамарангі быў населены ў XIII — XIV стст. выхадцамі з астравоў Тувалу. Згодна паданням, на той час на атоле ўжо мелася нешматлікае мясцовае мікранезійскае насельніцтва, якое было асімілявана. Жыхары Капінгамарангі былі вымушаны існаваць ізалявана ад астатніх палінезійцаў, аднак падтрымлівалі гандлёвыя і культурныя зносіны з тубыльцамі Каралінскіх і Маршалавых астравоў.
У 1865 г. на Капінгамарангі здзейснілі напад маршальцы. Каля 30-40 маладых воінаў на 5 вялікіх лодках уварваліся на атол і пачалі забойства мясцовага насельніцтва. Яны цалкам знішчылі жыхароў некалькіх астраўкоў. Выжылыя былі ператвораны ў рабоў. Маршальцы кіравалі атолам 8 гадоў, аднак, калі запасы былі спустошаны, пакінулі Капінгамарангі і ніколі сюды не вярталіся.
У 1877 г. атол быў адкрыты еўрапейцамі, фармальна далучаны спачатку да іспанскіх, а потым германскіх тэрыторый у Ціхім акіяне. Кантакты са знешнім светам і каланіяльнай адміністрацыяй абмяжоўваліся нерэгулярнымі гандлёвымі сувязямі. Тым не менш, дзякуючы нямецкім гандлярам астравіцяне асвоілі вырошчванне камерцыйных культур і новыя прыёмы апрацоўкі глебы.
У 1914 г. атол трапіў пад кантроль Японіі. Японцы перасялілі частку жыхароў Капінгамарангі на Панпеі. Астатнія тубыльцы атрымалі магчымасць працаваць за межамі сваёй малой радзімы.
У 1947 г. Капінгамарангі быў далучаны да тэрыторыі ААН, перададзенай пад апеку ЗША. У 1978 г. увайшоў у склад Федэратыўных Штатаў Мікранезіі на правах муніцыпалітэту.
Асаблівасці культуры
[правіць | правіць зыходнік]Аснову насельніцтва Капінгамарангі складае група знешніх палінезійцаў-капінга, блізкіх да тувалу. Капінгамарангі таксама жывуць на іншых Каралінскіх астравах (пераважна на востраве Панпеі) і ЗША.
Асноўныя традыцыйныя заняткі — рыбалоўства і земляробства. Да прыходу еўрапейцаў вырошчвалі какосавую пальму, хлебнае дрэва, бананы, тара і г. д. Адметнай рысай капінга была апрацоўка буйных каралавых блокаў, якія выкарыстоўвалі для будаўніцтва дарог, агароджы палеткаў і вёсак. У будаўніцтве жытлаў камень не выкарыстоўваўся.
На Капінгамарангі захавалася архаічная сацыяльная арганізацыя. Мужчыны аб’яднаны па сваяцкаму або прафесійнаму прынцыпу ў саюзы, на чале якіх стаяць старасты-тамаона. Тыя, у сваю чаргу, падпарадкоўваюцца алігі, адзінаму на атоле правадыру і першасвятару. Функцыі старастаў і правадыра звычайна абмяжоўваюцца судовымі разглядамі маёмасных і зямельных адносін паміж суседзямі, а таксама правядзеннем рэлігійных рытуалаў. Алігі можа накладваць табу на лоў рыбы ў лагуне, наведванне пэўных мясцін або на пладовыя дрэвы.
Улада алігі перадаецца па жаночай лініі, хаця звычайна перадача іншай спадчыны адбываецца па мужчынскай. Шлюбы паміж сваякамі (акрамя шлюбаў паміж бацькамі і дзецьмі або дзецьмі з адной нуклеарнай сям’і) не забараняюцца. Фармальна не забаронена таксама палігінія. Выхаваннем дзяцей займаюцца пераважна жанчыны. Не толькі маці, але яшчэ бабулі, цёткі, старэйшыя сёстры. У наш час многія дарослыя мужчыны вымушаны працаваць за межамі Капінгамарангі.
Капінга добра захавалі народны фальклор, старажытныя міфы і легенды. Яны вераць у шматлікіх духаў, небяспечных для жывых людзей. Паўднёвыя астравы кантралюе дух-мужчына, які робіць жанчын вар’яткамі. Паўночныя астравы належаць духу-жанчыне, што спакушае і забівае мужчын. Застаюцца папулярнымі рытуальныя танцы-оні і песні-даахілі.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Kapingamarangi Village on Pohnpei, FSM
- Countries and Their Culture: Kapingamarangi
- Archaeology on Kapingamarangi Atoll
- J. L. FISCHER, FOLKTALES, SOCIAL STRUCTURE, AND ENVIRONMENT IN TWO POLYNESIAN OUTLIERS Архівавана 17 лютага 2016.
- Edriin D. PIcKee, Geology of Kapingamarangi Atoll
- Synop Information for 91434 in Kapingamarangi Atoll, P, Micronesia
- Wind, waves & weather forecast Kapingamarangi Atoll