Афіцэрскія курсы БСА

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Афіцэрскія курсы БСА — курсы падрыхтоўкі афіцэраў для Беларускага корпуса самааховы, якія дзейнічалі ў Мінску, а пазней і ў іншых гарадах Беларусі ў ліпені—верасні (паводле Кушаля, да лістапада) 1942 года, і выкладаліся Францішкам Кушалем. Курсы былі згорнутыя разам са спыненнем дзейнасці БСА.

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Першы курс[правіць | правіць зыходнік]

Калі курс пачаў дзейнічаць, немцы не пакідалі яго без увагі. То той, то іншы прадстаўнікі нямецкай улады з’яўляліся на лекцыі, з цікаўнасцю прыслухоўваючыся і прыглядаючыся да курсантаў. Курсанты з адданасцю займаліся навукай. Асабліва цікава выглядалі практычныя заняткі. Адбываліся далёкія маршы за горад, i сівавалосыя дзяды стараліся ўдала крочыць побач з маладымі спартыўнымі былымі падхарунжымі польскай арміі і савецкімі лейтэнантамі. Беларускія жаўнерскія песні разляталіся на вуліцах Мінска. Кожную раніцу і кожны вечар курсанты з патрыятычным уздымам спявалі на супольнай зборцы песню «Беларусь — наша Маці Краіна!» Такім чынам беларускія нацыяналісты паверылі ў абяцанкі немцаў.

Пасля выхаду загаду аб арганізацыі БСА Ермачэнка пачаў арганізоўваць Штаб. На шэфа Штаба быў пакліканы падпалкоўнік генеральнага штаба царскай арміі Язэп Гуцько. Падпалкоўнік Гуцько прыбыў у Мінск i ўступіў у выкананне абавязкаў шэфа Штаба.

Незадоўга пасля некалькіх дзён з адкрыцця першага афіцэрскага курса групенфюрар Цэнер, які выдаў загад аб арганізацыі Самааховы, быў адкліканы з Мінска на іншую пасаду. Францішак Кушаль сам не разумеў прычын гэтай з’явы і меркаваў:

...Можа хуткае набранне поўнага афіцэрскага курса і непахісная пастава, энтузіязм ягоных слухачоў у часе ўрачыстасці — гаварыліся вельмі смелыя i гарачыя прамовы — так напалохалі прадстаўнікоў нямецкай улады, ці можа зусім іншыя прычыны ўваходзілі тут у ігру...

Гэты факт зрабіў найгоршае ўражанне на ўсё беларускае грамадства, a асабліва на афіцэрскі курс. Услед за Цэнерам выехаў i галоўны камендант БСА Ермачэнка — на месячны адпачынак дахаты, у Прагу. Як свайго заступніка ў справах БСА Ермачэнка пакінуў Юльяна Саковіча, чалавека вельмі энергічнага, але не папулярнага ані ў беларусаў, ані ў немцаў. Наколькі Саковіч быў непапулярны ў немцаў сведчыць той факт, што кіраўнік палітычнага аддзела Генеральнага камісарыята «Беларусь» Юрда забараніў Саковічу выступаць перад нямецкімі ўладамі ў справах БСА.

З-за гэтых падзей на афіцэрскім курсе дух вельмі ўпаў. Праз тры тыдні абучэння курс быў скончаны, але закрыццё яго адбылося ў вельмі благім настроі. Цягам ўсяго гэтага часу зброі яшчэ не было, i нічога не было зробленае ў справе арганізацыі БСА.

Другі курс[правіць | правіць зыходнік]

1 верасня 1942 года быў адкрыты другі месячны афіцэрскі курс пры ўдзеле 120 кандыдатаў. Курсанты, якія прыбылі на курс з розных куткоў Беларуci, расказвалі пра энтузіязм, які запанаваў быў пры першай вестцы аб арганізацыі БСА, i як гэты энтузіязм пачынае цяпер паволі стынуць.

Групенфюрара Цэнера замяніў штандартэнфюрар Шымана. Са штаба Шыманы пачалі выходзяць новыя загады, i кожны загад што разу больш абніжаў вартасць першага. У верасні пасада Галоўнага Каменданта БСА у Ермачэнкі была адабраная, гэтаксама яму было забаронена мець Штаб БСА. Даведаўшыся пра гэтае, палкоўнік Генеральнага Штаба Гуцько, як толькі вярнуўся з адпачынку Ермачэнка, падзякаваў яму за гонар i паехаў дахаты ў Навагрудак.

Загадам Шыманы было забаронена ў БСА выкарыстоўваць афіцэрскія рангі. Камандзіры адзінак БСА маглі выкарыстоўваць толькі назвы сваіх функцый, прыкладам: камандзір звяна, камандзір роты і г.д. На афіцэрскім курсе пачаліся ўсялякія гутаркі аб безнадзейнасці становішча. Да ўпадку настрою на курсе прычынялася яшчэ і тое, што курсанты былі ў сваіх вопратках, некаторыя вельмі лёгка апранутыя, а тым часам падалі халодныя дажджы, а заняткі вяліся нармальна.

Шмат каштавала энергіі і спрытнасці Францішку Кушалю, каб утрымаць курс. Адзін раз прыехаў на курс з Остміністэрства нейкі высокі ўрадавец, які, паглядзеўшы на афіцэраў, быў захоплены іхняй паставай, дзівіўся дрэнным умовам жыцця і навукі, абяцаў дапамагчы, але як паехаў, так i паехаў.

Трэці курс[правіць | правіць зыходнік]

Пасля заканчэння другога афіцэрскага курса быў пакліканы трэці курс. Настрой у масах ужо так упаў, што на трэці курс ледзьве ўдалося сабраць 40 чалавек (паводле Акулы 60), ды і тыя прыехалі з перакананнем, што зброі няма, баявы настрой народу не скарыстаны і нічога з БСА не будзе. Кушаль пра гэтае ўспамінаў:

Роля мая, як камандзіра афіцэрскіх курсаў, была вельмі непрыемная. На ўсіх трох курсах увесь час трэба было ствараць настрой. Трэба было пераконваць курсантаў у неабходнасці вучыцца, у тым, што БСА будзе, што немцы ўрэшце зброю дадуць i т.п.

Да гэтага курса гэтаксама былі прыдзеленыя з мэтай перападрыхтоўкі эстонскія афіцэры з 49-га батальёна. Яны прыходзілі толькі на практычныя заняткі ў полi. Паводле Кушаля, трэці курс быў скончаны прыблізна ў сярэдзіне лістапада, хаця папярэднія цягнуліся каля месяца.

Па-за Мінскам[правіць | правіць зыходнік]

Пасля заканчэння першага афіцэрскага курса, калі выйшлі першыя падрыхтаваныя афіцэры, яны былі выкарыстаныя ў акругах для абучэння падафіцэраў. У Баранавічах i Навагрудку былі адкрытыя падафіцэрскія курсы, а пазней у Вілейскай i Глыбоцкай акругах. У гэтых акругах адбылося па некалькі курсаў, такім чынам, было абучана некалькі тысяч падафіцэраў.

Да канца 1942 года такія школы паспелі адкрыць у Баранавічах, Новогрудку, Вілейцы, Глыбокім, Браславе і Паставах.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]