Ахіла Банольдзі
Ахіла Банольдзі | |
---|---|
![]() | |
Імя пры нараджэнні | Джузэпэ Ахіла Эльміра Банольдзі |
Род дзейнасці | Спявак, фатограф, рэвалюцыянер |
Дата нараджэння | 1821 |
Месца нараджэння | Барселона |
Дата смерці | 1871 |
Месца смерці | Парыж |
Грамадзянства | |
![]() |
Джузэпэ Ахіла Эльміра Банольдзі (1821-1871) — спявак, танцмайстар, фатограф, удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху.
Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Італьянец па паходжанні, нарадзіўся ў іспанскай Барселоне ў тэатральнай сям’і. Разам з бацькамі, якія з опернымі трупамі вандравалі па ўсёй Еўропе, Ахіла ў дзяцінстве і юнацтве аб’ехаў Францыю, Германію, Швейцарыю ды іншыя краіны. Вучыўся ў Лазанскім універсітэце. З 1842 года — у Вільні. Выкладаў спевы ў Дваранскім інстытуце, сам выступаў як спявак. Блізка сябраваў са Станіславам Манюшка, часта бываў у яго ў Мінску, выконваў творы вядомага кампазітара, браў удзел у першай пастаноўцы ягонай оперы «Галька» ў 1848 годзе. Джузэпэ Ахіла Эльміра нават пераклаў лібрэта оперы на італьянскую, і менавіта паводле гэтага перакладу «Гальку» ў 1905 годзе паставіць Ла-Скала. У рэпертуары Банольдзі быў таксама шэраг песняў на словы Яна Чачота.
Паўстанне 1863—1864 гадоў[правіць | правіць зыходнік]
У 1862 годзе Банольдзі разам з Каліноўскім увайшоў у склад ЛПК. У віленскай фотамайстэрні італьянца рыхтаваліся падпольныя выданні патрыётаў. Менавіта тут быў зроблены адзіны вядомы фатаздымак Кастуся Каліноўскага ў поўны рост. Неўзабаве пасля выбуху паўстання ўлады выслалі Банольдзі з краіны. Ёсць і другая версія, паводле якой Ахіла ў лютым 1863 года быў зняволены ў сутарэннях старажытнага замка ў Троках, але сябры дапамаглі яму, зладзіўшы ўцёкі. Гэтак ці іначай, але ён стаў прадстаўніком віленскага паўстанцкага цэнтру за мяжой, бо меў там шырокія сувязі. Яму былі давераны так званыя «літоўскія сумы» — замежныя фінансавыя сродкі паўстанцаў, на якія мелася закупляцца зброя і амуніцыя. 11 лістапада 1863 года перадаў свае абавязкі Баляславу Длускаму-Ябланоўскаму. Распаўсюджваў інфармацыю аб развіцці паўстання на Літве (Беларусі) і Жамойці. Длускі-Ябланоўскі, даючы справаздачу аб атрыманні справаў, у сувязі з нараканнямі з Радзімы аб дрэнна наладжнай працы ў замежжы і арганізацыяй дапамогі паўстанню і закупке зброі, адкідваў усё абвінавачванні ад Банольдзі, паважаючы «шчырасць яго высілкаў». Стэля — псеўданім Банольдзі, таксама ў лістах яго згадваюць, як «італьянец», або «агент за мяжою».
Эміграцыя[правіць | правіць зыходнік]
Пасля паразы паўстання Банольдзі займаўся фатаграфіяй у Парыжы, але па-ранейшаму заставаўся верным сваім перакананням. Падчас Парыжскай камуны 1871 года, ён служыў капітанам у злучэннях В. Урублеўскага. Сканаў ад ран.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- Спіс паўстанцаў 1863—64 гг. . Архівавана з першакрыніцы 10 мая 2012. Праверана 4 чэрвеня 2017.
- Уладзімір Арлоў. Галерэя Кліо - Банольдзі Джузэпэ Ахіла Эльміра / Перадача на Радыё Свабода