Аўгсбургская ліга

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Аўгсбургская ліга, таксама Аўгсбургскі альянс, заключана 9 ліпеня 1686 года як абарончы саюз паміж імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі Леапольдам I, каралём Іспаніі Карлам II, каралём Швецыі Карлам XI, курфюрстам Баварыі Максіміліянам II Эмануэлем і некаторымі іншымі манархамі. Пасля далучэння ў 1689 годзе да саюза Англіі, атрымаў назву Вялікі альянс (англ.: Grand Alliance).

Гісторыя альянсу[правіць | правіць зыходнік]

Першапачаткова Аўгсбургская ліга была разлічана на тры гады і ставіла мэтай стварэнне магутнага саюзнага войска для адбіцця тэрытарыяльных дамаганняў французскага караля Людовіка XIV на Курпфальц — вобласці левага берага Рэйна. «Кароль-Сонца», стаўшы наймацнейшым манархам Еўропы, з 1679 года прытрымліваўся дактрыны названай politique des Réunions, палітыкі далучэння да дзяржавы ўсіх сумежных тэрыторый, якія калі-небудзь былі пад валадарствам Францыі.

Ініцыятарам стварэння Аўгсбургскай лігі быў габсбургскі імператар Леапольд I, які з прычыны небяспекі нападу туркаў на ўсходнюю граніцу імперыі быў вымушаны адцягнуць туды большую частка сваіх узброеных сіл. Саюз мусіў быў паставіць заслон французскай экспансіі на захадзе імперыі. Бакі, якія заключылі дагавор, абавязаліся прытрымлівацца ўмоваў Вестфальскага міру, Неймегенскіх мірных пагадненняў і заключанага 15 жніўня 1684 года паміж Францыяй і імперыяй Рэгенсбургскага перамір'я. У Рэгенсбургу нароўні з мірным дагаворам было таксама абумоўлена, што тэрыторыі і гарады, анексаваныя Францыяй, застаюцца ў яе распараджэнні тэрмінам на 20 гадоў.

Саюз дапаўняў раней заключаны паміж Леапольдам I і брандэнбургскім Вялікім курфюрстам Фрыдрыхам Вільгельмам пакт аб узаемнай дапамозе ад 22 сакавіка 1686 года.

У 1689 годзе ліга была пашырана за кошт уваходжання ў яе члены Англіі (7 [17] мая 1689 года) і Нідэрландаў — у асабістай уніі Вільгельма Аранскага, пасля чаго была названа «Вялікім венскім альянсам». Вільгельм, як тагачасны кіраўнік Нідэрландаў ужо меў негатыўны досвед, звязаны з французамі, акрамя таго, у якасці англійскага караля Вільгельма III, ён таксама цярпеў ад французскай канфрантацыі ў дачыненні да сваіх паўночнаамерыканскіх калоній.

Неабходнасць стварэння Аўгсбургскай лігі стала зразумелай, калі Людовік XIV, не прымаючы да ўвагі артыкул шлюбнага дагавора сваёй ятроўкі Лізелоты Пфальцкай, у якім яна адмаўлялася ад спадчыны па лініі сваіх продкаў, пасля смерці бяздзетнага пфальцкага курфюрста Карла II выказаў свае прэтэнзіі на спадчыну Пфальца. Гэта прывяло ў 1688 годзе да дзевяцігадовай вайны (званай таксама вайной за Пфальцкую спадчыну). Разам з Рэйсвейкскім мірам 1697 года гэты інцыдэнт быў вычарпаны.