Аўрыга (вознік)

Аўрыга (лац.: auriga) — у антычнасці вознік калясніц, які не сядзеў фурманам наперадзе, а стаяў ззаду гаспадара, на ніжняй прыступцы; назва паганятага калясніцы ў цырку на ўсенародных відовішчах. Спачатку аўрыгамі ў Рыме былі толькі рабы, адпушчанікі і замежнікі; пазней удзел у гонках калясніц прымалі знатныя людзі дзяржавы.
Аўрыгі адрозніваліся колерам адзення (белым, чырвоным, зялёным, сінім), падвязкамі на нагах і шлемамі. Гледачы па іх колерах утваралі партыі, якія нярэдка ад саперніцтва і спрэчак пераходзілі да бойкі. У такой бойцы пры Юстыніяне аднойчы загінула ў Канстанцінопалі да 40 тыс. чалавек. Атрымлівалі ўзнагароду ад суддзяў ці ад сваіх гаспадароў. Ім прысвячаліся надпісы, часам узводзіліся статуі.
Аўрыгі мелі сваю багіню-заступніцу Эпону.

На старажытнарымскім барэльефе, які захоўваецца ў Ватыкане, адзін з іх прадстаўлены з пальмавай галіной у правай руцэ, у кароткім адзенні, перацягнутым на ўсю шырыню грудзі да пояса некалькімі паралельнымі рамянямі, каб лейцы, што перакідаюцца за спіну, пры нацягванні не рэзалі яму бакі і спіну. На выпадак небяспекі, калі аўрыга не мог утрымліваць усім цяжарам свайго цела разгарачаных коней, у яго меўся востры нож за поясам, якім ён мог пераразаць рамяні лейцаў.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- А. Плюшар. Энциклопедический лексикон, том 1. — Типография А. Плюшара; С.-П., 1835 — с. 84 (Аврига).
- Аврига // Энциклопедический словарь, составленный русскими учеными и литераторами. СПб., 1861.