Аўтаматызаваная сістэма кіравання

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Аўтаматызаваная сістэма кіравання (скарочана АСК) — комплекс апаратных і праграмных сродкаў, а таксама персаналу, прызначаны для кіравання рознымі працэсамі ў рамках тэхналагічнага працэсу, вытворчасці, прадпрыемства. АСК прымяняюцца ў розных галінах прамысловасці, энергетыцы, транспарце і інш. Тэрмін «аўтаматызаваная», у адрозненне ад тэрміна «аўтаматычная», падкрэслівае захаванне за чалавекам-аператарам некаторых функцый, альбо найбольш агульнага характару, альбо тых, якія не паддаюцца аўтаматызацыі. АСК з сістэмай падтрымкі прыняцця рашэнняў (СППР) з’яўляюцца асноўным інструментам павышэння абгрунтаванасці кіраўніцкіх рашэнняў.

Найважнейшая задача АСК — павышэнне эфектыўнасці кіравання аб’ектам на аснове росту прадукцыйнасці працы і ўдасканалення метадаў планавання працэсу кіравання. Адрозніваюць аўтаматызаваныя сістэмы кіравання аб’ектамі (тэхналагічнымі працэсамі — АСКТП, прадпрыемствам — АСКП, галіной — ААСК) і функцыянальныя аўтаматызаваныя сістэмы, напрыклад, праектаванне планавых разлікаў, матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і г. д.